Калі ў гэты момант патрэскаліся ўсе шыбы ў рэдакцыйных вокнах, не трэба адразу думаць пра ўздзеянне незямных ці замагільных сіл. Чалавечыя магчымасці таксама ж бываюць нязведанымі і неабдымнымі.
— Але, хай сабе думаюць! О, не! Будзем змагацца, — трэснуў Нязгула яшчэ раз у газету, і ў гэты раз пасыпаліся ў далёкай рэдакцыі жырандолі, а самы вялікі аскепак прадзіравіў галаву рэдактара, адказнага за палітычную старонку.
З-за ўсяго гэтага наступныя весткі пра Партыю кучаравых паявіліся ў перайначанай, моцна заблытанай форме.
Думаю, можна дараваць няшчаснаму рэдактару. Кожны ж ведае, што з дзіравай галавы думкі ўцякаюць, не паспеўшы дацягнуццца да сталага, разважлівага ўзросту. Але гутарка тут не пра ананімнага рэдактара, а пра пана Нязгулу. Пойдзем следам за ягонымі крокамі.
Ступаючы на местачковы базар у святочную раніцу, пан Нязгула адчуваў агіду да самога сябе. Ягоная душа, згвалтаваная навакольнай грубай мітуснёю, пахлёбваючы і сёрбаючы носам, паслухмяна плялася за рэштай цела. Душа — самы разумны з чалавечых органаў, пэўна, і здагадалася, што змаганню за слушныя ідэі не абысціся без духоўных ахвяр і не перамагчы без дапамогі чыста фізічных рэквізітаў, такіх як вінтоўкі, танкі ці бамбавозы.
Перасоўваючыся ад ларка да ларка, ад століка да століка, пан Нязгула пільна ўзіраўся ў хаатычна раскінутыя копкі таннай, пакамечанай бялізны, там-сям запускаў далонь у горбы швэдраў, стараючыся вымацаць прыемную, сталёвую гладзь танкавага дула, уздуты, цяжарны жывот бамбавоза, ці — у найгоршым выпадку — драўляны прыклад калашнікава. Аднак рука, заглыбляючыся ў гурбы трантаў, раз-пораз вярталася з нічым, а прадаўцы на канфідэнцыяльна пастаўленае пытанне адказвалі: няма, не было, не будзе!..
А людзі ж кажуць: на базары, у рускіх, усё ёсць...
Значыць — змова. Значыць — змовіліся. Спазніўся. Усё даўно ў сербскіх руках!..
За базарнай агародкай азвалася скрыпка, гармонік падмацаваў мелодыю і, перамяшаўшы яе з вострым, крынічным голасам салісткі, кінуў у натоўп. З дапамогай гродзенскай капэлы левыя дэмакраты распачалі якраз выбарчую кампанію. Гэты неспадзяваны ўдар з левай канчаткова ашаламіў пана Нязгулу. Быў апошняй кропляй, кропляй, якая перапоўніла чару горычы. Яму стала ўсё адно.
Са шпаркасцю, якой і сам у сабе не падазраваў, падхапіў пан Нязгула з-пад плоту анямелую ад нечаканасці румынку і кінуўся ў ашалелы, дзікі танец. З румынскага заполку пасыпаліся на тратуар мізэрныя медзякі і, пабразгваючы, падскокваючы ў рытм музыкі, паразбягаліся па ўсіх напрамках.
Імпартнае віно
— Віном маркі “Рызлінг” тут частуюць? — спытаўся моцны, басісты голас. Бас належыў лысаму асобеню, які бесцырымонна вырваў нас з одуму над таямніцамі палітычный будучыні.
— У святочныя дні. І толькі — заслужаных, — адказаў Толік. Ён апошнім часам выконваў функцыю назіральніка незалежнай прэсы і з гэтай крыніцы чэрпаў інфармацыю пра планы, праграмы і актуальныя хады нашай партыі.
— Прабачце, не паспеў адрэкамендавацца, — лысы працягнуў руку і па чарзе знаёміўся з кожным з нас. — Прозвішча — Чатыры Забойствы. Імя — Сем Згвалтаванняў. У тым ліку — два калектыўныя. Пра дробныя крадзяжы няма, бадай, патрэбы ўспамінаць. Дык як будзе з гэтым “Рызлінгам”? — і, не чакаючы запрашэння, заняў парожняе месца і, усміхаючыся, перакананы ў дастатковасці сваіх заслуг, паглядаў нам у вочы.
— Сёння будзённы панядзелак і...
— Каму будзённы, а каму і не, — лысун перабіў Тадзіка. — Два годзікі адбубніў я ў Беластоку, ля вуліцы... як яго там.. Каперніка, о! Уяўляеце сабе? Два гады без віна, без жанчыны. А сёння ўжо на свабодзе, першы дзень. За добрыя паводзіны. Трэба ж лепшае свята?
Гаварыў ён зусім лагічна і пераканаўча, як сапраўдны палітык. Я нават падумаў, ці не спатрэбіўся б ён нам, у прапагандзе, такі асобень, ды яго прычоска не надта сыходзілася з назвай нашай партыі...
— Можна было б зрабіць маленькае выключэнне. Фінансы на такія нечаканыя выдаткі мы ж прадбачылі, — азвалася Валя Курапатка. Як генеральная касірша, яна найлепей ведала нашы фінансавыя магчымасці.
— Ну, што ж... Хай будзе, — згадзіўся Тадзік. — Каляндар ёсць каляндар. Бываюць дзяржаўныя дні незалежнасці, чаму не быць і асабістаму дню свабоды?
Не чакаючы далейшых разважанняў пра будзённыя і святочныя дні, Валя падхапілася з месца і пабегла ў буфет.
— З імпарту ёсць толькі італьянскі “Чачасан”. Можа быць?..
— Ага, — даў згоду чалавек, які на працягу двух апошніх гадоў не сустракаўся ні з віном, ні з жанчынай. — І, калі ласка, сядайце сюды, бліжэй.
Валя прысела і працягнула яму руку:
— А чаму вы так афіцыйна ўсё “вы” і “вы”? Я — проста Валя.
— Чатыры Забойствы Сем Згвалтаванняў, — госць паўторна назваў свае прозвішча і імя.
— Э там, адразу — сем! — не паверыла Курапатка.
— Клянуся памяццю роднай маткі, якую сам, гэтымі вось рукамі прыкончыў у свавольныя гады маладосці! Не шэсць, не восем, а менавіта — сем. Пакуль што, — падміргнуў, заглядаючы нашаму скарбніку ў вочы.
— Хвалько, — засмяялася яна, але ў яе вачах зайгралі іскрынкі, якія часам гавораць больш, чым жанчына сама хоча сказаць. — Кажаш, гэтымі рукамі? — узяла інструмент злачынства ў свае далоні і пачала яго ўважліва разглядаць.
Мы тым часам паглыбіліся ў службовыя справы. Выбарчая кампанія ступала вялікімі крокамі, а нашы кандыдаты ўсё яшчэ заставаліся ў цяні як левых, так і правых канкурэнтаў. Хаця прагнозы не былі кепскія, а нават даходзілі да нас вельмі аптымістычныя весткі, лепей аднак хукаць на халоднае, чым потым франціць апечанымі пальцамі.
— Ой, я такая радая, — голас касіршы спыніў разважанні аб выбарчай стратэгіі. — Ці вы ведаеце? Ведаеце вы? — ад нечаканасці яна ўскочыла на ногі і з гэтай, вертыкальнай пазіцыі апавясціла нам радасную навіну: — Ён хоча ўступіць у нашу партыю!