Міхась Андрасюк
ФІРМА
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Андрасюк, Фірма, — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне Белавежа, 2000. — 89 с.
Рэдактар: Яновіч Сакрат
Copyright © 2014 by Kamunikat.org
Фірма
Адважныя мяняюць аблічча свету. І калі ўжо той свет папрыгажэе крышку, калі накіруецца ў пажаданы бок, тады, ідучы на спатканне новым заклікам, менш адважныя прымушаны перайначыць сябе. Рэвалюцыя... Гэта ж яна нябачным дотыкам чарадзейнай палачкі прачку ператварае ў князёўну, пастушка ў афіцэра, а фурману ўручае міністэрскія лейчыны. А потым адступае, пакідаючы поле бою ўсім апошнім. Жвавым, гнуткім, прагным поспехаў. Трэба, аднак, помніць, што час апусташэлага поля не трывае наогул доўга. Вокамгненна пераходзяць з рук у рукі фабрыкі, мяняюцца шыльды з назвамі магазінаў, мяняюцца на гэтых шыльдах і прозвішчы ўласнікаў. Калі не мы, тады хто? — пытаюць адважныя. І гэта добрае пытанне. Хто не са мною, той супраць мяне, — заклікае прыватная ўласнасць. І гэта таксама слушны заклік.
Думка схапіць свой лёс у свае рукі нарадзілася ў Толікавай галаве даўно, мабыць, з канцом васьмідзесятых гадоў. З гэтай ідэяй з’ездзіў у Нямеччыну, працаваў там ці не працаваў — хто ж можа ведаць. Вярнуўся голы. Маркі і долары, маляваныя ў мроях і ў пісьмах, не даехалі дамоў. “Абабралі”, — раскінуў рукі на сустрэчу з жонкай, а яна і паверыла. Плакала потым адну ноч і другую, праклінаючы невядомых зладзеяў, а раніцай падымалася а шостай і, як раней, маршыравала на фабрыку.
І аказалася — колькі ж праўды было ў матчыных словах! Ці раз яна паўтарала: “Вучыся, сынок, старайся. З хаты пацягнуць, з кішэні пацягнуць, а з галавы — ніколі”. І вось засталося з нямецкага падарожжа тое якраз, што ў галаве: думка пра ўласны бізнес. Аднак з думкамі бывае не так, як з людзьмі. Чалавек нараджаецца месяцаў дзевяць, а вось думка, асабліва калі няма для яе спецыяльных, фінансавых акушэраў, можа праляжаць у бясконцасці там, дзе яе пачалі. І калі не надта табе пашанцавала, калі ні бацька твой, ні цесць не ўчапіліся раней за бяздонную дзяржаўную касу, прадбачваецца табе даўно правераны шлях да вялікай уласнасці: першы мільён даводзіцца змахляваць.
Толікава жонка не прыйшла на свет у міністэрскай сям’і, аднак, дзякаваць Богу, пазбірала па сваіх вясковых продках тое, што трэба: ашчаднасць і працавітасць. Можна здагадацца, што якраз з яе кашалька бярэ сваё радаслоўе той магічны, здольны давесці да фартуны, мільён.
Вядома, не быў гэта той самы мільён, пра які пісаў у сваіх інструкцыях пан Рокфелер, хаця за адзінкай ішло як трэба шэсць нулёў. Аднак, тыя ж нулі пісаліся не ў Вашынгтоне, не ў Парыжы, а — у Варшаве. А гэта вялікая розніца! Песімісты гавораць нават, што польская валюта з пачатку дзевяностых гадоў не перавышала ў вартасці паперу, на якой яе друкавалі, трэба ж аднак помніць, што песімісты прыбытковымі справамі не займаюцца. Спажываюць наогул тое, што створаць рукі і розум аптымістаў. А Толік глядзеў на свет аптымістычна. Абцяжараную шасцёркай малалетніх нулёў адзінку паспяхова ператварыў у чорны дыпламат, калькулятар, пяро. Вярнуўся ў ласку шлюбны касцюм, а вось назва фірмы атрымалася цалкам дарма. У бяссонную ноч, з балбатні ўсякіх “міксаў”, “рыксаў”, “дэксаў”, з мораку амаль, яснай бліскавіцай успыхнула “EXPO-Anatol” і так ужо засталося. У свядомасці і дакументах. З націскам на першае “а” ў слове “Анатоль”.
Сядзібу фірма прыдбала пры вуліцы Баторыя, на трэцім паверсе, у непрыкметным блёку, значыць там, дзе яе ўласнік выпаўняў свае штодзённыя, жыццёвыя функцыі. Час ад часу, асабліва ў пачатку месяца здараюцца дні, калі можна напаткаць яе і ў іншым месцы. Найчасцей у кавярні “Верас”.
Значыць, так: з асобай галоўнага героя мы ўжо больш-менш пазнаёміліся. Тое-сёе можам прадбачваць, пра што-небудзь здагадвацца. Сама добрая пара сказаць пару слоў і пра ягоную жонку, але ж апроч таго, што прыйшла яна на свет дзесьці там, на Гайнаўшчыне, у сялянскай сям’і — нічога больш не ведаем. А ў гісторыі фірмы і гэтая постаць мае сваё, неблагое значэнне.
Толікава жонка правароніла карысны момант, калі ўся акаляючая нас рэчаіснасць перастаўлялася на іншы пуць. Такія памылкі не выпраўляюцца. Не схапіць добрага моманту — гэта не тое ж, што прапусціць нейкі цягнік ці аўтобус. Адчакаеш гадзіну-дзве і ўсё-такі паедзеш, куды табе трэба. Спазніўшыся на добры час, да канца жыцця ўжо будзеш маршыраваць — заўжды пешкі і заўжды супраць ветру. З Толікавай жонкай атрымалася няйначай. Як ахвяра ўласнай разгубленасці, шлыпае яна штодзённа на чужую фабрыку, намагаецца, растрачвае прыгажосць і здароўе, а першага дня месяца, за ўсе тыя пакуты, прыносіць дамоў шэсцьсот новых залатовак.
Фірма “EXPO-Anatol”, якая ў іншыя дні бестурботна каўкае час, расклаўшыся на паліцах між раманамі і дэтэктывамі, сёння, бы маладая дзяўчына ў чаканні першай, патаемнай сустрэчы, з самай раніцы рыхтуецца да выхаду. Наводзіць парадкі ў паперах, складае пісьмовыя прылады, ачышчае пячаткі, а пад поўдзень раскошна ўладкоўваецца ў чорныя абдымкі дыпламата. Пачуўшы знаёмыя жончыны крокі і знаёмае бразганне ключамі, падымаецца з тапчана і ён, галоўны дырэктар фірмы. Ва ўмовах ранняга капіталізму кожная датацыя, хай сабе і невялікая, ставіць на ногі. Так кажуць спрактыкаваныя і няма падставы ім не верыць.
Кавярня “Верас” перажывае цяжкія дні. Рыначны капіталізм рассеяў па горадзе шмат такіх гешэфтаў — маленькіх, утульных, з дыскрэтнай музыкай, з культурнай абслугай. Без рызыкі сустрэчы з гаманлівым, набрынялым танным віном, пралетарыятам, заглядаюць сюды новыя эліты — эканамічныя, палітычныя, а нават і культурныя. Пад глыток “больса”, пад порцыю арыентальнага вінегрэту працягваюцца распачатыя ў фірмовых ці самаўрадавых кабінетах дыскусіі. Бізнес, біржа, аблігацыя, hossa i bessa — такія, памазаныя таямнічасцю словы перакідваюцца з вуха ў вуха, з вуснаў у вусны. Перакідваюцца шэптам, хаця той-сёй, асабліва малады, пачынаючая акула, крадковымі позіркамі правярае, ці таямнічыя словы выклікаюць пажаданае ўражанне на твары прыгожай пані барменкі.
Пажылыя донжуаны, тыя, хто ад жыцця чаго-небудзь дабіўся, гэту пустую фінансавую лексіку заступаюць больш канкрэтнай збруяй. Залатыя персцені, цяжкія, бліскучыя ланцугі, якія нібы выпадкова высоўваюцца з пад расшпіленай кашулі. Эх, барацьба ты, жаноча-мужчынская, спрадвечная! Чым даўжэй чалавек у гэтай вайне, тым больш каштоўная кожная адна, нават абы-якая здабыча. І малаважнае, якою цаною.
У малым горадзе колькасць такіх утульных закавулкаў наогул несуразмерная да лічбы патэнцыяльных кліентаў, вось і ўсе тыя “Верасы”, “Цюльпаны”, “Андрамеды” вядуць цяжкое, беспардоннае змаганне за чалавечыя душы.
Даручыўшы паліто вымаляванай пані гардэробшчыцы, Толік Рубель мацней сціснуў каштоўны дыпламат і паплыў у абдымкі чырванавата-цьмянага святла. У навугольніку, за частаколам лакіраванай сасніны, схаваўшыся ад позіркаў выпадковых кліентаў, чакаў ужо старшыня суполкі “Фрэйс” пан Ігар Бараба, у прыватнасці, муж кіяскёркі Ірыны Барабы, бацька тройкі дзетак і адначасова — Толікаў сябар.
— Вітаю пана дырэктара.
— Маё шанаванне пану старшыні.
Гэты цырыманіял, прыпраўлены дозай жартоўнай канфі-дэнцыяльнасці, больш адрасаваўся нешматлікай публіцы, крышку і членам персаналу, ды таксама — не запярэчыш — быў дарункам уласным вушам, уласнай фанабэрыі. Прыемна , калі нехта звяртаецца да цябе поўным пашаны “пан дырэктар”, нават калі гэта не ананімны твой падначалены, а здаўна вядомы, сардэчны Ігар.
Сцвярджэнне, быццам бы Толік і Ігар спажылі супольна бочку солі — было б далёкае ад праўды, аднак, працуючы месяцы два на мясцовай фабрыцы, перагрузілі не адну кучу смаліны. А трэба ж помніць, што супольна нажытыя мазалі на далонях часта ператвараюцца ў моцныя вузлы сяброўства. І калі Толік, заахвочаны расказамі пра бізнесы, якія на працягу года перавозяць чалавека з блёкавай кватэры ў палац з басейнам, бразнуў фабрычнымі дзвярыма ды падаўся шукаць лепшы хлеб, сяброўства загадала яму, Ігару, зрабіць такі ж крок. Дом з басейнам аказаўся ілюзіяй, аднак рыба каўкнула прынаду. І вось гэта прынада і Толіка, і Ігара давяла да самастойнасці.
Першая выйшла на свет фірма “EXPO-Anatol”. Яна не выйшла без прычыны, абы толькі паглядзець на залатое сонейка ды падрамантаваць невясёлыя статыстыкі беспрацоўных. Яна з’явілася з канкрэтнай мэтай: на сто працэнтаў забяспечыць бульбаю суседнюю дзяржаву, дзе з за праліўных дажджоў увачох амаль прападала дабро.
Чулі ў гэтай дзяржаве пра Толікаву фірму ці не чулі — цяжка сказаць. Праўдападобна чулі, бо калі аказалася, што фінансавыя магчымасці фірмы — а гэта абазначае пенсіі цесця, цешчы і жончыну зарплату — няздольныя напоўніць бульбай дзесяць мільёнаў бэбахаў, тады вось кіраўнік успомненай дзяржавы выдаў дэкрэт: забаранялася ісці праліўным дажджам, прынамсі, да Вялікадня. Метэаралогія не падпарадкавалася зямным загадам. Дажджы памацнелі, потым ператварыліся ў град і снег, аж белым пухам прыкрыліся некранутыя бульбянішчы. Фірма “EXPO” зіму якасьці пратрымала. Падмацаваная кабанчыкам з вёскі, дацягнула да Вялікадня, чаго не скажаш пра карміцеля гэтага ж парсюка. Цесць расстаўся са светам у Вялікі пост і быў гэта беспамылковы знак, што датацыі для фірмы паменшацца на працэнтаў, прынамсі, трыццаць тры.
У такіх выпадках песімісты апускаюць рукі, пакідаюць усё на волю лёсу. Аптымісты шукаюць нейкі асэнсаваны выхад і — здараецца — вышэйшая сіла, правільна ацаніўшы і адвагу, і добрыя намеры, працягвае дапаможную далонь.
У Толікавым выпадку нечаканая сіла не спусцілася з высокіх парогаў, можна сказаць — па паходжанні была гэта зусім зямная моц. На трэці дзень Вялікадня нарадзілася фірма “Фрэйс” і, пачынаючы з серады, каб не мантачыць часу, шукала салідных, адказных кааператараў.
Узяўшы пад увагу ўсе ранейшыя сувязі, невялікую прастору мястэчка, а нават і тыя супольна нажытыя мазалі, не магло здарыцца так, каб на шляху ў лепшую будучыню гэтыя дзве фірмы размінуліся.
“Сродкі, якія фірма «EXPO-Anatol» атрымала сёння ў рамках рэпрэзентацыйнага фонду, гэта не фінансы, а слёзы”, — падумаў галоўны дырэктар, заглядаючы ва ўручанае афіцыянткай меню. Пры такіх умовах дарма спадзявацца на лёгкасць думкі, на фантазію, на нестандартны план дзеяння, словам — на ўсё тое, што з’яўляецца эсенцыяй кожнай справы. Падобная дылема адбывалася і ў душы старшыні суполкі “Фрэйс”. Так, прынамсі, можна здагадвацца, бо, прагледзеўшы багатае меню, абодва прадпрыемцы затрымаліся згодна на чорнай каве, пяцідзесяці грамах самай таннай, жытняй гарэлкі і закусцы — так паспалітай, што не варта пра яе нават згадваць.
— Значыць, калі добра разумею, фірма разрастаецца? — Ці новы, карычневы пінжак старшыні Барабы быў прычынай такому сцвярджэнню, ці проста дырэктару Рубелю хацелася, асабліва ў прысутнасці маладой, чарнявай афіцыянткі бліснуць магічным словам “фірма” — гэта ўжо яго прыватная таямніца.
— А разрастаецца, разрастаецца. Не забываючы, што ўсё-такі трэба падтрымоўваць і радзімую вытворчасць, — старшыня Бараба пстрыкнуў у шкляначку з айчыннай жытняй, апраўдваючы прысутнасць мала элегантнага напою ў сваіх далонях. — Варочаць мільёнамі і не адракацца ад свайго. Вось яно, маё крэда. Праўда, пані Аня?