Глянуўшы на расчырванелыя шчокі, на агонь, які неўтаймавальным полымем бушаваў у Валіных вачах, можна было адразу дадумацца, што наш госць займеў у ёй адданую, верную заступніцу.
— Вы хіба не разумееце... Наша партыя, гэта ж Партыя кучаравых...
— Пра што вы? Пра гэта во? — паказаў лысун на свой пабліскваючы чэрап і выскаліўся бессаромна. — Дзе лысы, а дзе і кучаравы. Статут не ўдакладняе.
— Статут мо і добра ведаеце. Аднак нам і бліжэй пазнаёміцца трэба, праверыць сябе... Палітыка — вялікая справа. Словам — усё ў свой час.
— Дакладна так. Трэба праверыць сябе і пазнаёміцца бліжэй, — Валя са здзіўляючай рашучасцю падтрымала прапанову. — Бяру гэты цяжар на сябе. А заўтра будзем працягваць размову.
Прыхапіўшы няпоўную бутэльку італьянскага віна, Валя і лысы кандыдат у Партыю кучаравых паплылі ў цёплы фіялет лета.
Так і стаіць мне ў вачах наша касірша: з лысым франтам пад ручкі, з пляшкай італьянскага віна ў далоні, а ўсё на фоне шаўкавістай летняй ночы...
Усякія пазнейшыя працэдуры, усе публікацыі ды росшукі не далі станоўчага выніку. Нават лепшыя празорцы, да якіх у той канчатковай роспачы звярнуліся мы па дапамогу, таксама развялі рукамі.
Партыя кучаравых адышла ў гісторыю. Забылі яе сябры і непрыяцелі, і толькі пан Нязгула, які ў падбеластоцкай псіхушцы паспеў перакваліфікавацца з адваката ў польнага гетмана, час ад часу пасылае нам інфармацыю пра дасягненні ў барацьбе з варварскай сербшчынай. З апошняга пісьма ведаем, што ён стрымлівае якраз вялікія варожыя сілы дзесьці пад Дубінамі. Стрымлівае мячом ды агнём і, дзякуючы ягонай адвазе, Гайнаўка спіць спакойна.
Смутная гісторыя з гадзіннікам фірмы “Патэк”
Пан Марцін Ціхапук меў у сваім жыцці адно вялікае хобі: ён ніколі не займаўся палітыкай. Шанаваў усіх, каму пашанцавала змагацца за агульнае дабро, аднолькавай ласкай абдорваў як права-, так і леваручных і мо толькі прэзідэнтаў любіў крыху мацней за іншых, менш выдатных змагароў. Аднак з поўнай адказнасцю за слова можна сказаць, што была гэтая любоў зусім платанічная. Ні суседзі, ні спецыяльныя службы ў сваіх рапартах адным нават словам не згадваюць пра блізкія адносіны між панам Марцінам і палітыкамі любой арыентацыі. Нат цётка Варвара, прагуляўшыся па шырокіх прасцягах сваёй памяці, вярнулася з пустымі рукамі. — Абсалютная tabula rasa! — сказала.
Бар “Стакротка”, які ў нашым горадзе выконвае функцыю палітычнай трыбуны, усякае чуў і шмат бачыў. Тут мужчыны пасылаюць на сметнік свае зношаныя партыі, ствараюць новыя, сшываюць урадавыя кааліцыі, каб пад раніцу распароць усё, з вялікімі цяжкасцямі сшытае, і адступіцца ў апазіцыйныя траншэі. Тут каментуецца кожны няўдалы ход нашых міністраў, а наяўныя афёры, як і іхнія бацькі, атрымоўваюць належнае сабе імя. Калі б той ці іншы міністр пачуў закіды, якія ў яго адрас кіруе бар “Стакротка”, зараз жа схадзіў бы ў адпаведны магазін, дзе прадаецца доўгая і кароткая зброя і сказаў бы: “Дайце мне пісталет, мой гонар — патаптаны!”
А калі б яму не захацелі прадаць пісталет, напрыклад, з за слабога псіхічнага здароўя, папрасіў бы гэты пісталет у свайго сакратара або найлепшага калегі. Мо паспеў бы яшчэ напісаць развітальны ліст, падтрымаць у цяжкую хвіліну маладую ўдаву і малалетніх дзетак-сірот, а потым ба-бах! і — на суд гісторыі. Усе людзі гонару — а ў нас толькі такія ідуць у палітыку — заўжды пускаюць сабе кулю ў лоб, калі над іхняй рэпутацыяй збіраюцца чорныя хмарыны.
Пан Марцін Ціхапук ніколі не сказаў ніводнага слова, якое завяло б нейкага палітыка ў магазін з пісталетамі. А гэта ўжо не абы-якая заслуга.
Бар “Стакротка” — адзінае ў свеце месца, дзе партрэты пана Пілсудскага і пана Леніна, і іншых яшчэ, усім вядомых паноў, глядзяць адзін на другога і не махаюць кулакамі ды зубамі не скрыгочуць, а толькі па-сяброўску ўсміхаюцца. Адзін аднаму і кліентам.
Калі вам падабаецца пан Ленін, можаце прысесці так, каб добрыя вочы правадыра Кастрычніцкай глядзелі на ваша аблічча. Калі вы аматар пана Пілсудскага — сядайце і спажывайце сваё піва разам з панам Камендантам.
А пан Марцін перш за ўсё паважае шчыры позірк пана Лукашэнкі і гэта ягонае неаспрэчнае права.
У кожнага госця, які наведвае бар “Стакротка”, свае — сімпатыі і антыпатыі, і толькі мухі, якім не пашанцавала ўтапіцца ў жоўтым бяздонні, з аднолькавай пашанай кладуць чорныя пункты на ўсіх, без выключэння, партрэтах. Вусы Пілсудскага, барада Леніна, замаскіраваная лысіна Лукашэнкі — ганарацца гэтымі пунктамі-кропкамі, як генералы пасля пераможнай вайны бліскучымі медалямі, а радавыя салдаты — свежымі, яшчэ ружовымі шрамамі. Сурова абыходзіцца свет са сваімі ўлюбёнцамі: людзі ім пляскаюць і б’юць паклоны, а іншыя зямныя кватаранты — робяць, што каму падабаецца.
Чаму нявінныя праявы мушынай творчасці прыняў пан Марцін у абразу — яго салодкая таямніца. Вядома адно — глядзець на такую разбэшчанасць ён не змог: чалавек вось стараецца, бярэ ў пазыку валасы з за левага або правага вуха, прыхарошвае гэтай пазыкай сярэдзіну галавы, а потым абы-якая муха псуе вынік ягонай працы!
— Пане Юрка, — вуснамі Марціна Ціхапука прамовіў жаль, перамешаны з грамадзянскім пачуццём абавязку, з сорамам за некультурнасць мушынага роду, са злосцю і хто ведае з чым яшчэ.
— Пане Юрка...
Тым часам побач прылаўка сфарміравалася чарга з трох асобеняў, невялікая, але і дастаткова доўгая, каб даць пану Марціну час для абдумвання нецікавай сітуацыі. Папярэдняя ўлада на тое і вынайшла бясконцыя чэргі, каб гарачым галовам быў час і месца астынуць і задумацца. І калі ўжо астылі распаленыя мазгавешкі, дык першае, што прыдумалі — памяняць чаргатворчую ўладу. Адным словам — вынік з’еў прычыну.
Адумаўся і пан Марцін. Яму прыпомніўся вядомы з літаратуры выпадак, калі неасцярожны сказ — “А мухі абасралі пана імператара” — прывёў зусім непалітычнага чалавека ў рады наскрозь палітычных вязняў.
— Я слухаю вас, — Юрка Басэвіч, законны ўласнік гэтага інтарэсу, справіўся з чаргой з трох асоб і аддаваў свой час і сваю асобу ва ўладанне пана Марціна. А пан Марцін — падумайце толькі! — мог сказаць: “Я пратэстую супраць таго, каб мухі сралі на лысіну майго прэзідэнта!” Мог ён таксама і гукнуць: “Гэта скандал! Я аддам вас пад суд!” Такое вось мог сказаць пан Марцін. Але ён прамовіў: “«Дайліды» з сокам, як заўжды”.
Сказаў ён гэта з лёгкасцю чалавека, які, моцна спакушаемы, астаткамі волі перамог нячыстую сілу.
А піва ўсё-такі не пайшло. Нячыстая сіла, бы той пажар у тарфяніку, лакалізаваны, здаецца, і апанаваны, а тут раптам выпаўзае з пад зямлі і пякучым дымам дзярэ за вочы, душыць лёгкія, забівае дыханне. Запэцканая лысіна пана прэзідэнта гэтаксама прыцягвае позірк, як дзяўчына ў кароткай спаднічцы, калі яна сядзе побач і закіне нагу за нагу. І дарма розум асцерагае: “Не глядзі!”
Адзін мяснік з нашай вуліцы так калісьці заваражыўся лыткамі сваёй маладзенькай памочніцы, што ненаўмысна адрэзаў сабе ўсе пяць пальцаў левай рукі і прапусціў іх праз машынку, якая запіхала кілбаснае мяса ў папяровую кішку; сваю памылку ён прыкмеціў толькі тады, калі прыйшлося зашнураваць чаравікі. Бедны пан Зязюля басанож падаўся шукаць свае, гэтаксама ж бедныя, пальцы. Хадзіў ад крамкі да крамкі і ўсё яму адказвалі: не бачылі, не чулі, не было.
Пан Ціхапук яшчэ раз глянуў у яснае аблічча пана Лукашэнкі і падумаў: “Мах або промах!” З такой думкай японскія камікадзэ ўрэзваліся ў самыя высозныя хмарачосы Нью-Йорка, а пан Марцін, папляваўшы ў насоўку, наблізіўся да ўлюбёнага партрэта. Працягнуў руку высока-высока, аж з пад рукава паказаўся самы прыгожы і самы пажаданы ў свеце гадзіннік фірмы “Патэк”. І бачылі ўсе, хто хацеў гэта бачыць, як перад вачыма пана прэзідэнта кружыць рука, узброеная ў насоўку ды прыхарошаная гадзіннікам, і як ад гэтага кружэння святлее і так ужо, сам па сабе, светлы твар. І тры пары вачэй, якія належалі мясцовым жулікам, прыліплі да гэтай рукі, і да насоўкі, а ўжо наймацней — да гадзінніка.
— Каторая гадзіна? — спытаў незнаёмы голас, калі пан Марцін павярнуў з вуліцы Першай Брыгады на вуліцу Першай Арміі. Гэтая першаармейская вуліца перажывала якраз доўгі і цяжкі заняпад — яе асвятляюць толькі ў выхадныя дні. Калі ў звычайны, будзённы вечар, на вуліцы Першай Арміі гжэчна спытаюць вас: “Каторая гадзіна?” — не хітрыце, што вы слаба бачыце або — што гадзіннік застаўся якраз дома, і не клічце на дапамогу выпадковых прахожых. Усё тут мае свой парадак: Богу — боскае, кесару — кесарава, а жулікам — ваш гадзіннік.
А потым можаце ісці ў паліцыю.