— Мне ўкралі гадзіннік і я дамагаюся, каб вы гэты гадзіннік зараз жа знайшлі! — запатрабаваў пан Марцін Ціхапук, выклікаючы бязмежнае здзіўленне на твары вусатага сяржанта. Сяржант, не зусім давяраючы сваім вушам, паклікаў другога сяржанта і цяпер яны, удвая большымі сіламі, стараліся зразумець, чаму гэты незнаёмы чалавек парушае іхні, гарантаваны сяржанцкай канстытуцыяй, час сузірання і задумы. Памылкі, аказваецца, не было. У чалавека фактычна спёрлі гадзіннік і ён дамагаецца, каб дзяржаўная паліцыя зрабіла сваю чорную работу.
Калі б гаворка ішла пра “Форд”, “Мерседэс” ці нейкую іншую машыну, тады кожны паліцэйскі ведаў бы, як выканаць сваю прафесійную місію. “З-за невыяўлення...” справа ідзе пад сукно, і ўсё ў найлепшым парадку. “Мерседэс” не жонка, якую ўкрадзе невядома хто, дзе і калі, а цераз тыдзень звоняць вам з гатэля “Грант” і пытаюць: “Высокая бландзінка ў зялёнай сукенцы — ці не ваша ўласнасць?”
Быў на нашай вуліцы пан Сарока. Адны госці ад’язджалі, іншыя займалі іхняе месца. Словам, чалавек ён быў гасцінны. І вось, аднойчы гасцяваў у пана Сарокі добры сябрук. Тыдзень гасцяваў, аж ноччу сеў у машыну і паехаў, забыўшыся высадзіць з багажніка чароўную гаспадыню. Пан Сарока праплакаў адзін дзень, і другі, а на трэці дзень папрасіў у госці панну Анелю, і яшчэ тры дні яны плакалі ўдваіх, аж шостага дня вярнулася законная гаспадыня і на тры галасы заплакалі ад шчасця. А потым, уцякаючы ад маламестачковага каўтуна, пераехалі ў Беласток, дзе ўтраіх шчасліва жывуць. А ці доўга — час пакажа.
А “Мерседэсы” не вяртаюцца. Шукаць “Мерседэс” — тое ж, што шукаць легендарны келіх Граал. Лішняя турбота.
А з гадзіннікамі цалкам іншая справа, не на колах яны і — хто ведае — мо калісьці, у будучыні, пры нечаканай ды спрыяльнай нагодзе, выявіцца хранометр фірмы “Патэк”, прыдаючы паліцыі бляск і славу.
Вуліца Добрай Надзеі
Генезіс
Ёсць у гарадах вуліцы ахвяраваныя Дзяржынскім і Антыдзяржынскім, імператарам і камісарам, магнатам і пралетарыям. Ёсць вуліцы мучанікаў гісторыі і яе блазнаў.
Лёс такіх вуліц на добрае і благое сплятаецца з ідэалагічнымі шляхамі вашай дзяржавы. Бо дзяржавам здараецца звярнуць направа або налева, рухацца наперад або назад, а вуліцы абавязаны загадзя прадбачыць усе нечаканыя эвалюцыі і рэвалюцыі ды паспяхова справіцца з актуальнымі патрабаваннямі гісторыі.
Наша вуліца жыве сваім жыццём. Ні ідэалагічныя хістанні, ні палітычныя катаклізмы не прымушаюць яе мяняць імя ці пераапранацца ў чужыя транты. Вуліца Добрай Надзеі — так было, так ёсць і будзе.
Калі ў хаатычнай вандроўцы цераз свет і жыццё давядзецца вам зачапіцца і за наш парог, не здзіўляйцеся, адкуль такая арыгінальная, амаль паэтычная назва. Паэтаў у нас шмат, можна нават сказаць, што мы проста не людзі, а чыстая, жывая паэзія. Значыць — не здзіўляйцеся. Пытайце. І калі лёс паставіць на вашай сцежцы цётку Варвару, усім праваднікам правадніка, значыць — вы шчаслівыя людзі. Вышэйшая сіла пасяліла цётку Варвару на самым пачатку нашай вуліцы, загадала вартаваць, прынамсі, восем гадзін у дзень, з падбародкам на штыкецінах брамачкі, ды ніколі не кіравацца прынцыпам “мая хата з краю”. Нават калі б тая хата была і сапраўды самай крайняй.
Людзі ў горадзе нічога наогул пра сябе не ведаюць. Спытайце вось першага сустрэчнага чалавека, кудою дабрацца на базар, на вакзал ці ў другое любое месца і чалавек гэты, зусім выпадковы і чужы, набок адставіць прыватныя клопаты, дэталёва растлумачыць усе магчымыя падыходы, а мабыць, калі адыдзеце, адчакае хвіліну, наглядаючы над правільным развіццём вашага маршруту.
А спытайце: Як пажывае Косця, наймалодшы Пракопаў сын? Як шанцуе Юрачку Басэвічу? А Дзянісавіч Славік, ён як сябе паводзіць? Пакінуў, у рэшце рэшт, тую шлюбную Аньцю ды перабраўся да якое-небудзь са шматлікіх сваіх палюбоўніц?
Спытаеце, а чужы чалавек паглядзіць на вас, бы на незямное дзіва і нічога не скажа, або — што таксама ж праўдападобнае — якімсьці брыдкім словам, нецэнзурным зусім, апраўдаецца за сваю некампетэнтнасць у міжчалавечых справах. Мала пра сябе ведаюць жыхары горада!..
Вось і прыдумаў Усявышні цётку Варвару, каб дашчэнту не парваліся сувязі між людзьмі. Пад беленькай хустачкай памяшчаецца архіў куды больш камплектны за інфармацыйныя рэсурсы мясцовых органаў і — што таксама важнае — даступны як у будзённыя, так і выхадныя дні. Мабыць, стрэнеце на сваёй сцежцы белую хустачку і вочы выцвілыя ў пагодны блакіт, аплеценыя сетачкай шматгадовай павуціны. Не мінайце абыякава гэтых вачэй. Адкрыйце ім сваю душу, раскажыце бяду сваю, а яны — як кажа паэт — і бяду ўракуць, і душу злагодзяць.
— Заўтра будзе лепей, — суцешыць цётка Варвара. — Вось нават і Славік палюбоўніцу кінуў, час у хаце бавіць. А Юрачка не п’е месяцаў тры. Карпаваму Мікалаю сын нарадзіўся. Чатыры дочкі, а цяпер, вось, бачыце — сын. Вялікая справа — надзея.
І так гэта з надзеі на лепшую будучыню нарадзілася наша вуліца. І з пагоні за прыгажэйшым жыццём, і са спадзяванняў на белы хлеб у белых далонях, і з пачутых у дзяцінстве казак пра мужыка, які, царом стаўшы, валодаў светам доўга ды справядліва.
Наша вуліца дзякуючы надзеі ўсё яшчэ разрастаецца і павялічваецца , а чарговыя ўцекачы з прыпушчанскай Безнадзеі якраз тут знаходзяць сваю прыстань.
Бежанства
Калі першага сустрэчнага чалавека папытаеце, з чаго пачынаецца дом, абавязкова пачуеце такі вось адказ: дом пачынаецца з фундаменту.
Не давайце веры стандартным адказам і — здавалася б — безумоўным праўдам. Не з фундаменту пачынаецца дом. Кожны, каму давялося паставіць цэглу на цэглу, ведае, што дом пачынаецца з прыбіральні ці — сказаўшы вельмі дакладна — з нужніка. Яма ў голым полі, як-небудзь агароджаная неабгабляванымі дошкамі, з дзіркай у форме бубновай падушкі або чырвеннага сэрца высока ў дзвярах беспамылкова вызначае месца, дзе новыя людзі рыхтуюць новае жыллё.
Падсілкавацца, вядома, можна абы-дзе: трава, стары плед, лішняя на першы погляд дошка — цалкам прыстойна выконваюць функцыю кухоннай мэблі, а дзівосная сіла натуры жоўтае сала, загорнутае ў пажоўклую штодзёнку “Gazeta Współczesna”, пераўтварае ў вэнджаныя паляндвіцы. А вось апошняя фаза стрававальных працэсаў адбываецца ў інтымнай ізаляцыі, у цішыні, у самоце.
Цяпер ужо самі ведаеце, чаму з нужніка пачынаецца новы дом.
Летам 1980 года пачалі мы пераязджаць у горад. Невыпадкова кажу “пачалі пераязджаць”. У слове “пераехалі” бачу нейкае распачатае і закончанае дзеянне. Працэс нашага бежанства быў значна даўжэйшы і куды больш складаны. Гэта толькі перасяліцца з вуліцы на вуліцу — простая справа. Загрузіць чалавек мэблю і іншыя мэтлахі, і што яму — сеў ды паехаў. У нас быў свой, пакаленнямі нажыты баласт: кароўка, кабылка і іншыя яшчэ, як потым даведаюся, двух- і чатырохногія браты. І не мужыцкая справа — адным махам разрэзваць гордзіеў вузел.
У ліпені, зараз пасля святых Пятра і Паўла, прычалілі мы да берага. Бераг называўся вуліца Добрай Надзеі і значна кантраставаў з тым, што я да гэтай пары бачыў. Домікі як домікі ды брук такі ж самы, усё-такі шпацыравалі гэтым брукам не малодшыя, чатырохногія браты, а дзякуючы нястрымнай эвалюцыі зусім ужо вертыкальна замацаваныя за зямную аснову браты старэйшыя — мяшчане.
Я сказаў — “шпацыравалі”, бо не адразу зразумеў, што людзі ў горадзе не валэндаюцца туды і назад без парадку і прычыны. Яны збіраюцца ў толькі ім зразумелы строй, у цывільны стралковы ланцуг, ды ідуць на штодзённую вайну за бохан белага хлеба, за малыя і вялікія гонары, і за прывілею адпачынку пасля васьмігадзіннай барацьбы.
Як разведка высоўваюцца радавыя слесары, сталяры, вадзіцелі. Спяшаюць трушком, каўкаючы пространь, быццам бы наспех глыталі сваё ранішняе снеданне. З большай саноўнасцю пасоўваецца наперад сярэдняе начальства, стараючыся магчыма найдаўжэй удастоіць вуліцу сваёй тут прысутнасцю. Шмат таго начальства: кіраўнікі, інструктары, інспектары. У падношаных партфелях валакуць адказнасць за даручаны сабе кавалак сусвету. Пра самае высокае начальства гаварыць не буду: калі не прымаць пад увагу дырэктара Кукулку, можна сказаць, што сапраўднага начальства на нашай вуліцы і няма.
Хто яго ведае? Мо высока пастаўленыя людзі, знаёмыя з яшчэ вышэйшай сілай, здагадваюцца, што адно добрая надзея — не найлепшы пропуск у будучыню, і на ўсякі выпадак інвестуюць свой капітал у іншыя вуліцы. У вуліцы, якія вартуюць якраз справядлівыя анёлы.
Не валэндаюцца людзі ў горадзе без парадку і прычыны. Здараецца, аднак, што ў наваколлі першага або дзесятага дня месяца некаторыя асобені з гарадскога роду паводзяць сябе так, быццам наведала іх гвалтоўнае жаданне вярнуцца да найранейшых вытокаў. Такія індывіды дастаюць з сябе гукі, падобныя на мяўканне і кваканне; бывае, што прымаюць пляската-гарызантальную выпраўку, стараючыся магчыма найшчыльней прытуліцца да ігнараванай у звычайныя дні зямелькі-матулі. У такіх выпадках прыбягаюць да іх, адзіныя тут, прадстаўнікі папярэдняй, менш дасканалай формы нашага існавання, усякія Шарыкі і Бурыкі, каб з дапамогай фізіялагічнага сакрэту пазначыць нехарактэрны дадзенаму месцу прадмет.
Раней бачыў я падобныя выпадкі і на вёсцы, не мелі яны, аднак, ніякага дачынення да канкрэтнага дня месяца, а ішлі ўпоруч з важнейшымі рэлігійнымі святамі, часам ступалі ўслед за бычкамі і кабанчыкамі, паспяхова адпраўленымі ў бойню.