На вуліцы церушыў дождж. Вецер, забягаючы з паўднёвага ўсходу штурхануў у плечы. Нецярпліва, бесцырымонна. І вецер той, і самота кастрычніцкага адвячорка, і мігценне неонавай рэкламы, перамешанае з араматам кітайскай кухні, накіравалі мяне да пана Зэнака. Наогул стараюся абмінаць такія экзатычныя раскошы, лічу іх непатрэбнай выдумкай ды стратай часу, аднак у гэты кастрычніцкі, сумны вечар атрымалася іначай. Я сядзеў у беларускай частцы кітайскага рэстарана, запіваў арыентальныя вустрыцы польскім півам, а санлівасць — дашчэнту тутэйшая, сачылася з ліхтароў. У галаве таўклася дзіўная думка, што я забыў сказаць нешта важнае дзяўчыне. І думка тая набліжалася, падкрадвалася да высокіх дзвярэй свядомасці, здавалася — яшчэ крок і пераступіць нябачныя парогі, і аб’явіцца зразумелым зместам. А дзіўная сіла затрымлівала яе, загортвала ў чорнае палатно, адкідала назад, у бязмежныя прасторы забыцця. Перамагаючы санлівасць, я павалокся на той другі паверх. У шчыліне між дзвярыма і падлогай жаўцела святло. Значыць — не спіць яшчэ, чытае — падумалася і адразу зрабілася неяк жвавей, весялей. Ідучы насустрач жоўтай шчыліне, мая рука застукала ў дзверы, і калі ніхто не адказаў, націснула клямку. Дзверы падаліся. Дзяўчына, напалову седзячы, напалову лежачы, вачыма круглымі, як пяцізлатовыя манеты, углядалася ў дзверы. Недачытаная кніжка выслізнулася са скамянелых рук і, з’ехаўшы па коўдры, шлёпнулася на падлогу.
— Ввв-ы мм-му-ззейнік, — ні то спыталі, ні то сцвердзілі яе пабялелыя вусны.
— У нейкім сэнсе так, — адказала мая санлівасць.
Вы прыйшлі, каб мяне... каб мяне... каб... — шукала адпаведнае слова, але такое слова не прыходзіла ў яе галаву. Скурчылася, учапілася за мяжу святла і ценю, як разгубленая ластаўка, калі з за вясёлай неасцярожнасці трапіць у незнаёмую клетку. Натапырыўшы пёркі, сачыла за кожным маім жэстам. — Не падыходзьце, — працягнула далоні, стараючыся затрымаць мяне на парозе. Не было ў гэтым ніякай цяжкасці. Я і не думаў набліжацца да яе, а ўсе сілы, фізічныя і інтэлектуальныя, аддаваў адной справе: успомніць прычыну, якая прывяла мяне ў гэтае месца.
— Гавораць, няма сэнсу змагацца супроць музейніка. Можа і няма. А я і так буду змагацца. Буду бараніцца. Жывую мяне не возьмеце! Я буду крычаць. Я ўжо крычу! Ратунку-ууу!
Пранізлівы крык пакаціўся калідорамі і, паўтараючыся глухім рэхам, слабеў, патухаў, аж дашчэнту пабіты бетоннымі кулакамі, прысеў у цёмных закавулках. Закрычала яшчэ раз і яшчэ, а вынік атрымоўваўся такі, як і раней: голас заглыбляўся ў калідоры, у сцены, у морак і знікаў, не знаходзячы ні падтрымкі, ні водгаласу. Дзяўчына забілася глыбей пад коўдру, так што глядзелі цяпер на мяне адно вялізныя, знерухамелыя вочы. Яе настрой раптоўна змяніўся. З беспардоннай, амаль адчайнай ваяўнічасці засталася адно пакорлівая, слухмяная абыякавасць. А можа здагадалася, што ўсякі крык на дапамогу і так задушаць, суцішаць тоўстыя абдымкі муроў? Непазбежнасць, няўхільнасць лёсу звалілася на яе з усіх бакоў. Цела напаўнялася цяжкім свінцом слухмянасці, і толькі вочы стараліся злавіць тую хвіліну, калі наканаванае ўсім жанчынам пачынае ператварацца ў відавочны факт.
— Хай ужо будзе, што мае быць... Але запамятайце: я была супроць. А кніжку, калі ласка, дайце сюды. Схаваю пад падушку. Брыдка ўсё ж, каб валялася на падлозе.
Я ступіў крок наперад, падняў з падлогі тое, што прасіла дзяўчына.
„Дама... Дамаві... Сам чорт не разбярэцца, што цяпер пішуць маладыя. Вадалейства”, — падумаў я і ў гэты момант успомнілася ўсё тое, што я раней забыў сказаць. Раптоўнае асвятленне зняло з маёй душы дзіўны, неназваны цяжар. Той цяжар, які не дазваляў мне ні вярнуцца дамоў, ні пасядзець у пана Зэнака. Цяжар, які прывёў мяне сюды, на другі паверх, у пакойчык незнаёмкі.
— Калі будзеце карыстацца туалетам, не забудзьце закруціць кран. Наш старшыня заўжды аб гэтым напамінае. А то, ведаеце, усяляк бывае з маладымі. А цяпер чытайце на здароўе, — я падаў дзяўчыне кніжку і выйшаў.
Кароткая гісторыя Партыі кучаравых
Зачацце
Паважаныя партыі, партыі, якія маюць амбіцыю валодаць светам або, прынамсі, ладным гэтага свету кавалкам, пасяляюцца наогул у манументальных, грандыёзных гмахах, найлепей у цэнтральным пункце горада, ля галоўнай вуліцы. Спаглядаючы з за высокіх, прыцямнелых вокнаў на шматлюдныя тратуары, партыйныя людзі наладжваюць штодзённы, зрокавы кантакт са сваімі выбаршчыкамі. З крокаў — шпаркіх або няскорых, з жэстаў, з позіркаў ловяць патрэбы, адгадваюць спадзяванні, ацэньваюць удачы і няўдачы звычайнага чалавека. За таўшчэзнымі мурамі прымаюцца пастановы, якія вядуць ананімны натоўп у найлепшым напрамку. А потым партыйныя людзі апускаюцца ніжэй, у маленькія піўныя, у залежнасці ад светапогляду — або да пана Зэнка, або пана Валодзі, дзе за куфлем піва разважаюць аб сродках і кааліцыянтах, заўжды неабходных для развіцця прынятай пастановы.
Каб зэканоміць на лішняй хадзе між кабінетамі, дзе нараджаюцца слушныя ідэі, і піўнымі, дзе тыя ж ідэі з папяровага быту пераўтвараюцца ў цалкам рэальнае існаванне, Партыя кучаравых пасялілася там, дзе ў цёплы, бязветраны чэрвеньскі вечар упершыню пабачыла свой свет. Месца называецца “Бар у Алеся” і яно добра вядомае тым, хто мае жаданне заглянуць сюды, як і тым, хто шырокім колам стараецца абмінуць гэты храм нестандартнага спажывання часу.
Значыць, Партыя кучаравых нарадзілася. А зачацце адбылося цалкам звычайна, і калі нехта спадзяецца паслухаць тут пра палавыя зносіны, пра дамска-мужчынскія гульні, словам — пра ўсё тое, што супярэчыць агульна прынятым хрысціянскім каштоўнасцям, той адыдзе з нічым. Людзі падымаюцца з праху традыцыйным, усім зразумелым спосабам, а вось партыі вылупліваюцца на свет іначай.
Сядзелі мы “У Алеся” — Тадзік Навіцкі, Валя Курапатка і я. Чэрвеньскі адвячорак, цёплы і бязветраны, наліваў нам у парожнія куфлі шаўкавістую радасць жыцця, перамешаную з задуменнасцю над яго непаўторнасцю і нядоўгатрываласцю. І нам захацелася зрабіць штосьці добрае і вялікае, што будзе між людзьмі нават тады, калі чэрвеньскі вечар пераўвасобіцца ў кастрычніцкую слоту, набрынялую холадам і парывістым ветрам.
Словам — хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.
Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.
А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.
— Адзінка свет не перайначыць, — Тадзік ікнуў у парожні куфаль.
— Адзінка — абсалютны нуль, — праўду, прыдбаную ў школьныя гады, падкінула Курапатка.
Гэтыя праўды, добра ўсім вядомыя, як і вядомы факт, што канчаткова яны абанкруціліся і выратаваць свет не ў сіле. Новы час патрабуе новыя ідэі, і я, паглыбіўшыся ў ёмістыя кішэні мазгавое матэрыі, стараўся тыя ж ідэі адшукаць, ахвяраваць іх свету і сябрам. Аднак новае нараджаецца памаленьку і не бязбольна.
Даводзілася клікаць на дапамогу Алесеву барменку — раз, другі і трэці — аж мазгі, сяк-так прылашчаныя і памякчэлыя, прамовілі чалавечым голасам:
— Трэба нам заснаваць партыю.
— Нам трэба незалежная партыя, — удакладніла думку Валя.
— Не правая і не левая, — рассудзіў Тадзік.
— Нам трэба партыя кучаравых, — сказаў я, паглядаючы на залатыя кудзеркі Алесевай памочніцы. — Хаця б вось такіх.
На ружовай сурвэце паспелі мы яшчэ напісаць кароткую аб’яўку: “Сёння пачала дзейнічаць Партыя кучаравых. Сядзіба — тут. Чакаем спонсараў, членаў і сімпатыкаў. Подпіс. Тэлефон”. Сурвэту павесілі ў добра відочным месцы і з за недахопу фінансавых сродкаў падаліся ў рээміграцыю. Сказаўшы больш зразумела — пайшлі дамоў.
Прэсавыя водгукі
З белай раніцы пазваніў тэлефон. У пошуках крыніцы нахабнага галасу мая рука, няўпэўненая і дрыготкая, скінула на падлогу будзільнік, акуляры, бутэльку з пад мінеральнай вады, напаткала эбанітавую трубку і, вяртаючыся навакольным шляхам, абмінаючы коўдру, падушку ды нагавіцы, якія невядома чаму апынуліся на маёй галаве, данесла гэтую ж трубку да вуха. Трубка азвалася голасам Майсеевай скрыпачкі.