Папраўдзе кажучы, я імкнуўся быць вонкава спакойным, хаваючы такім чынам збянтэжанасць, што ахапіла мяне.
— Гандляр садавіной навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne [40].
— Гандляр садавіной? Ну, ты мяне здзіўляеш! Не ведаю я ніякага гандляра садавіной.
— Ну, той, з кім ты сутыкнуўся, калі мы зварочвалі на гэтую вуліцу, хвілін пятнаццаць таму.
Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С. на тую, дзе цяпер стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.
Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да charlatanerie [41].
— Я зараз растлумачу, — сказаў ён. — I каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновім ход тваіх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre [42] з тым самым гандляром. Асноўныя звёны ланцуга — Шантыі, Арыён, д-р Нікалс*, Эпікур, стэрэатамія, каменне ў бруку, гандляр садавіной.
Няма, відаць, такіх людзей, якія б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралі ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, які прывёў іх да той ці іншай высновы. Занятак гэты часта вельмі цікавы, і той, хто сутыкаецца з ім упершыню, дзівіцца неабмежаванай адлегласці і неадпаведнасці паміж зыходным пунктам і канчатковай высновай. Вялікім, відаць, было і маё здзіўленне, калі я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, і не мог не пагадзіцца, што ўсё гэта — праўда.
Ён жа працягваў:
— Перад тым як звярнуць з вуліцы С., я добра памятаю, мы гаварылі пра коней. На гэтай тэме і перарвалася нашая размова. Калі мы пераходзілі на гэтую вуліцу, гандляр, які прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпіхнуў цябе на кучу камянёў, паскіданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслізнуўся, крыху расцягнуў звязку на костачцы, відаць, раззлаваўся, ва ўсякім разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азірнуўся на груду камянёў і моўчкі пакрочыў далей. Я не вельмі стараўся сачыць за тваімі дзеяннямі, але назіральнасць зрабілася апошнім часам неад'емнай часткай маёй натуры.
Ты працягваў ісці з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобіны і расколіны ў бруку (такім чынам я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камяні), пакуль мы не дайшлі да завулка, што носіць імя Ламарціна* і які забрукавалі ў якасці эксперымента «ўнакладку», шчыльна падладзіўшы пліткі заклёпкамі. Твой твар павесялеў, і па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова «стэрэатамія» — тэрмін, вельмі штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавіць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыі Эпікура. Мы не так даўно абмяркоўвалі гэтую тэму — я заўважыў, як надзіва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмі выразныя здагадкі высакароднага грэка пацвердзіліся пазней касмагоніяй у дачыненні да нябесных туманнасцяў, — а таму я падумаў, што ты абавязкова падымеш вочы, каб зірнуць на вялікую туманнасць у сузор'і Арыёна, і спадзяваўся, што менавіта так і атрымаецца. Ты сапраўды зірнуў угору, тым самым упэўніўшы мяне, што я правільна іду па тваім следзе. Але ў вельмі адмоўным водгуку на выступ Шантыі ва ўчорашняй Musе́e нейкі з'едлівы крытык, вельмі нетактоўна намякаючы на тое, што шавец, які стаў на катурны, змяніў і прозвішча, прыпомніў адзін радок на лацінскай мове, да якога мы часта звярталіся ў размовах. Я маю на ўвазе гэты: Perdidit antiquum litera prima sonum [43].
Я неяк казаў табе, што радок быў напісаны адносна Арыёна, бо некалі ён пісаўся як Урыён. Мы яшчэ тады пажартавалі наконт гэтага, і я ведаў, што ўсё засталося ў тваёй памяці. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкі пра Арыёна і Шантыі. Тое, што менавіта так і здарылася, пацвердзіла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыі сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты ішоў згорбіўшыся, а тут — выпрастаўся на ўвесь рост. Такім чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мізэрную фігуру Шантыі. У той самы момант я перабіў твае думкі, зазначыўшы, што гэты Шантыі і праўда недаростак і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».
Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалі вечаровы выпуск «Судовай газеты», і нашую ўвагу прыцягнулі наступныя радкі:
«Незвычайнае забойства.
Сёння а трэцяй гадзіне ночы жыхароў квартала Сэн-Рош абудзілі ад сну немыя крыкі, што чуліся, відаць, з пятага паверха дому на вуліцы Морг, у якім, як было вядома, жылі толькі мадам Л'Эспанэ і яе дачка мадэмуазэль Каміла Л'Эспанэ. Пасля некаторай затрымкі, якая тлумачылася спробай зайсці ў дом звычайным чынам, дзверы пад'езда адчынілі ломам, і туды зайшлі восем ці дзесяць чалавек суседзяў і разам з імі два жандары. Да таго часу крыкі ўжо сціхлі, але калі згаданая група адолела першы пралёт лесвіцы, то пачула, як недзе, відаць, на верхніх паверхах, грубымі галасамі сварацца не менш за два чалавекі. Пакуль дабеглі да другой лесвічнай пляцоўкі, гэтыя галасы ўжо сціхлі і ўсюды панавала цішыня. Людзі падзяліліся на групы і пачалі прачэсваць пакой за пакоем. Калі яны апынуліся ў вялікай спальні на пятым паверсе ў задняй частцы будынка (дзверы, замкнёныя на ключ з сярэдзіны, таксама выламалі), дык сталі сведкамі відовішча, якое вельмі напалохала і здзівіла прысутных.
Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку — усюды валялася паламаная мэбля. У пакоі стаяў толькі адзін ложак, і з яго сцягнулі і параскідалі па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да каміна прыліплі дзве-тры тоўстыя акрываўленыя пасмы вырваных, відаць, з коранем сівых валасоў. На падлозе знайшлі чатыры напалеандоры, адну завушніцу з тапазам, тры срэбныя сталовыя, тры чайныя мельхіёравыя лыжкі і два мяшэчкі з залатымі манетамі амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былі выцягнутыя, у іх, відаць, корпаліся, але многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) была знойдзеная невялічкая жалезная скрынка. Яна была адамкнёная і ў дзверках яшчэ тырчэў ключ. Унутры нічога не было, акрамя некалькіх старых лістоў і іншых нязначных папераў.
Ад мадам Л'Эспанэ не засталося ніякіх слядоў, але калі ў каміне заўважылі незвычайна вялікую колькасць сажы, то праверылі дымаход і — які жах! — выцягнулі адтуль за галаву труп дачкі: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкі праход, і даволі далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлілася ў час агляду, скура ў многіх месцах была паздзіраная — несумненна, вынік таго, што яе гвалтоўна запіхвалі ў комін. На твары шмат глыбокіх драпін, на шыі сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў, падобна да таго, што дзяўчыну душылі.
Пасля таго як старанна абшукалі ўсе куткі і нічога больш не знайшлі, усе пайшлі ўніз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылі труп старэйшай жанчыны — рана на шыі была настолькі глыбокая, што калі труп паспрабавалі падняць, адразу адвалілася галава. I цела, і галава страшэнна знявечаныя, асабліва цела, якое было ўжо амаль не падобнае да чалавечага.
Як нам вядома, для разгадкі гэтай жудаснай гісторыі не знойдзена пакуль што ніводнага ключа».
На другі дзень газета паведаміла новыя падрабязнасці:
«Трагедыя на вуліцы Морг. У сувязі з гэтай неверагоднай і жудаснай афёрай (слова «афёра» не набыло ў Францыі такога фрывольнага сэнсу) дапытаныя многія асобы, але так нічога і не высветлілася.
Ніжэй падаюцца найбольш істотныя сведчанні:
Палін Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнія тры гады, прала іх бялізну. Старая пані з дачкой жылі, відаць, дружна, любілі адна адну. Плацілі вельмі добра. Наконт таго, за што яны жылі, на якія сродкі, нічога сказаць не можа. Лічаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылі, што грошы ў яе былі. Сведка нікога чужога ў доме не сустракала — і калі прыходзіла па бялізну, і калі вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугі яны не трымалі. Як ёй вядома, мэбля была толькі на пятым паверсе.
П'ер Маро, уладальнік тытунёвай крамы, сведчыць, што цягам чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь і табаку невялікімі порцыямі. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалі дом, дзе былі знойдзеныя іх трупы, больш за шэсць гадоў. Раней там жыў ювелір, які здаваў пакоі на верхніх паверхах розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант ставіцца да яе маёмасці, таму сама пераехала ў дом і адмаўляла ўсім, хто хацеў зняць той ці іншы пакой. Старая пані здзяцінела. Цягам усіх гэтых гадоў сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылі надзвычай адасоблена і, паводле чутак, былі пры грашах. Чуў, суседзі гаварылі, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой, але ён гэтаму не верыў. Ніколі не бачыў каб хто-небудзь заходзіў у дом, акрамя самой гаспадыні і дачкі, разы два быў прыбіральшчык, восем-дзесяць візітаў зрабіў доктар.
Прыкладна тое самае засведчылі і іншыя асобы, якія жывуць па суседстве. Яны не маглі назваць нікога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, ці былі ў нябожчыц сувязі з навакольным светам. Аканіцы на фасадзе адчыняліся рэдка, а тыя, што з двара, былі зачыненыя заўсёды, за выняткам аднаго вялікага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны — не вельмі стары.
Ізідор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклікалі каля трох гадзін ночы. Калі падышоў да дому, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якія спрабавалі зайсці ўсярэдзіну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыхом, а не ломам. Зрабіць гэта было няцяжка, бо дзверы двухстворкавыя і не замкнёныя на засаўку ні зверху, ні знізу. Крыкі чуліся ўвесь час, пакуль адчынялі дзверы, — а потым раптам сціхлі. Відаць, крычалі (цяжка сказаць, адзін чалавек або некалькі) у перадсмяротнай агоніі — моцна і працягла, а не адрывіста. Наверх сведка падымаўся ў ліку першых. Апынуўшыся на першай лесвічнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна і са злосцю сварацца — адзін хрыплым, а другі — больш пранізлівым, вельмі дзіўным голасам. Змог разабраць некалькі словаў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы sacrе́ і diable [44].
Пранізлівым голасам гаварыў чужаземец. Сведка не мог разабраць, быў гэта мужчынскі ці жаночы голас. Што гаварылі — не зразумеў, але лічыць, што мова была гішпанская. Выгляд пакоя і трупаў, згодна з апісаннем сведкі, не адрозніваецца ад апісання, дадзенага ва ўчорашняй газеце.
Анры Дзюваль, сусед, па прафесіі срэбранік, сведчыць, што ў ліку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведаміў Мюзэ. Як толькі яны зайшлі ў пад'езд, то адразу ж зачынілі за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, які сабраўся вельмі хутка, нягледзячы на позні час. На думку сведкі, пранізлівы голас належаў італьянцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, ці мужчына. Магла быць і жанчына. Сведка італьянскай мовы не ведае. Словаў не разабраў, але па інтанацыі лічыць, што гаварыў італьянец. Мадам Л'Эспанэ і яе дачку ведаў. Часта гутарыў з імі. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў не ім.
Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказанні. Французскай мовай ён не валодае, таму допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзіў каля дому, калі адтуль пачуліся крыкі. Крычалі цягам некалькіх хвілін, відаць, дзесяці. Крыкі былі доўгія і моцныя — жудасныя і невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымі сведчаннямі па ўсіх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў мужчыну, да таго ж французу. Словаў не разабраў. Гаварылі вельмі гучна і хутка — з перапынкамі, відаць, са страхам і злосцю. Голас быў рэзкі, хутчэй рэзкі, чым пранізлівы. Не, пранізлівым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў sacrе́ і diable і адзін раз сказаў mon Dieu [45].
Жуль Міньё, банкір, фірмы «Міньё і сыны», вуліца Дэлярэн. Ён — Міньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў іх рахунак увесну 18.. года, восем гадоў таму. Часта рабіла ўнёскі — невялікімі сумамі. Чэкі ніколі не выпісвала, але за тры дні да смерці асабіста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацілі золатам, іх даставіў на дом банкаўскі службовец.
[40] I такіх, як ён (лац.).
[41] Ашуканства (фр.).
[42] Сустрэча (фр.).
[43] Страціла былое гучанне першая літара* (лац.).
[44] «Ліха на яго» і «д'ябал» (фр.).
[45] «Божа мой» (фр.).