Нягледзячы на велізарнае значэнне навелістыкі По, прызнанай пры жыцці пісьменніка, ён дасягнуў несувымерна больш вялікіх адкрыццяў як паэт. Зямное жыццё паэта абарвалася, калі геніяльнасць ягоных вершаў толькі пачала адкрывацца сучаснікам.
Свае погляды на канцэпцыю паэтычнай творчасці ў цэлым По выразіў на старонках шэрагу бліскучых тэарэтычных працаў, што сталіся маніфестамі амерыканскага рамантызму. Да іх належаць перадусім «Філасофія кампазіцыі» (1846) з аўтакаментаром да легендарнага верша «Крумкач» і «Паэтычны прынцып» (1848-1849), які ўяўляе сабой найбольш разгорнуты аналіз прыроды паэтычнага мастацтва. Знаходзячыся ў цеснай сувязі з эстэтыкай еўрапейскага рамантызму («Літаратурная біяграфія» С. Т. Колрыджа, «Абарона паэзіі» П. Б. Шэлі, працы нямецкіх рамантыкаў), По выказвае шэраг новых ідэяў, актуальнасць якіх была ўсвядомленая толькі пакаленнем сімвалістаў (Ш. Бадлер, П. Валеры, В. Брусаў, К. Бальмонт).
Перш за ўсё найвышэйшай і адзінай мэтай Паэзіі По называе Прыгажосць: «Толькі ў сузіранні прыўкраснага мы здольныя адчуць узвышанае задавальненне ці ўзрушэнне душы, якое мы называем паэтычным пачуццём і якое вельмі лёгка адрозніць ад ісціны, што прыносіць задавальненне розуму, ці ад жарсці, што хвалюе сэрца» [1]. Варта адзначыць, што пад словам «праўда» ў сваім артыкуле По разумее перадусім разумовыя догмы, дзеля дасягнення якіх «мы мусім быць халоднымі, спакойнымі, бязжарснымі. Адным словам, мы мусім быць у тым стане, які як мага больш процілеглы паэтычнаму». Такім чынам, выказванне По не супярэчыць рамантычнаму тэзісу пра тоеснасць красы і праўды (Дж. Кітс), але ўдакладняе яго з пазіцыяў амерыканскае рэчаіснасці, якая звязвае панятак праўды з догмамі маралі. Раздзяляючы «свет розуму» (the world of mind) на тры складнікі — чысты інтэлект (Pure Intellect), густ (Taste) і маральнае пачуццё (Moral Sense), По змяшчае густ пасярэдзіне: «розум мае дачыненне да ісціны, <...> густ паведамляе нам пра прыгожае, а маральнасць клапоціцца пра абавязак».
Як рамантык По не зводзіць уяўленне пра Прыгажосць да прыгожых формаў, што выключае саму магчымасць суаднясення ягонае паэзіі з фармалісцкімі тэндэнцыямі ў сімвалізме або эстэтызме. «Як лілея адбіваецца ў возеры, а вочы Амарыліс — у люстэрку, так і вуснае ці пісьмовае ўзнаўленне гэтых формаў, гукаў, колераў, пахаў і адчуванняў падвойвае крыніцу асалоды. Аднак, — дадае По, — такое паўтарэнне не ёсць яшчэ паэзіяй».
«Той, хто проста спявае, хай сабе з палкай захопленасцю ці жывой праўдападобнасцю ўзнаўлення, пра вобразы, гукі, водары і пачуцці, дасягальныя для яго, як і любога іншага чалавека, не даказвае свайго права на боскае званне. У далечыні ўсё яшчэ засталося нешта, чаго ён не здолеў дасягнуць». Гэтым «чымсьці» По называе скіраванасць да вечнасці. Гэта «імкненне матылька да зораў. Гэта не проста спасціжэнне прыгажосці наўкола нас, гэта і адчайная спроба дасягнуць прыгажосці вышняй». Асноўнай якасцю сапраўднага паэтычнага пачуцця, прысутнасць якога можна заўважыць не толькі ў слоўнай творчасці, але і ў разнастайных іншых мастацтвах — жывапісе, скульптуры, архітэктуры, танцы, музыцы, садова-паркавым мастацтве, — По лічыць любоў даўзвышана прыўкрасных з'яваў: «Жаданне спасцігнуць незямную прыгажосць, гэтае жаданне душаў адмысловага складу, і дало свету ўсё тое, што ён мог адразу і зразумець, і назваць паэтычным».
Канцэпцыя паэтычнага і прыўкраснага ў По прапануе ў якасці ідэальнай тэмы верша тугу па страчанай каханай, чыё з'яўленне толькі на імгненне асвятляе жыццё паэта радасцю далучэння да вечнасці.
Разважаючы пра форму верша, По прапануе правілы арганізацыі паэтычнага тэксту, абумоўленыя неабходнасцю выклікаць у чытача цэласнае ўражанне ад верша. У сувязі з гэтым ідэальны верш не павінен быць занадта доўгім, каб не парушаць адзінства ўражання, але ў той самы час ён не мусіць быць і занадта кароткім, бо не паспее выклікаць глыбокага і трывалага перажывання. Ілюструючы свае развагі, По разглядае «Страчаны рай» Дж. Мілтана як «шэраг невялікіх вершаў». Апроч таго, По падвяргае далікатнаму і вытанчанаму аналізу верш «Блукалец» Г. Лангфэла, у якім адзначае сілу выразнасці, лёгкасць тону і натуральнасць, творы Дж. Г. Байрана, А. Тэнісана і інш.
Адзінства ўражання ў паэзіі По дасягаецца з дапамогаю сугестыўных і сінестэтычных прыёмаў стварэння музычна-жывапіснай тканіны верша. Пры гэтым тропа-сінтаксічныя (сімвалы, інверсіі, паўторы) і гукавыя (асанансы, алітэрацыі) сродкі выразнасці, паводле По, мусяць не толькі апісаць з'яву, але і паказаць працэс руху, абуджэння, нарастання і дасягнення памежнай, часам гратэскавай ступені праяўлення якасці. По захапляе чытача, прымушае яго перажыць напружанне думак і пачуццяў і даводзіць да стану на мяжы быцця і небыцця, рацыянальнага і ірацыянальнага.
У артыкуле «Ліст да Б.» (Letter to B-) По адзначае: «На маю думку, верш адрозніваецца ад навуковага твора тым, што яго непасрэднаю мэтай з'яўляецца асалода, ад рамана — тым, што тут прыносяць асалоду няпэўныя месцы замест пэўных, і толькі пры гэтай умове твор можа лічыцца вершам, бо ў рамане прысутнічаюць бачныя вобразы, што выклікаюць ясныя пачуцці, вершы ж выклікаюць пачуцці няясныя і абавязкова маюць патрэбу ў музыцы, бо ўспрыняцце гарманічных гукаў ёсць самым няясным з усіх нашых адчуванняў. Музыка ў спалучэнні з прыемнай думкай — гэта і ёсць паэзія, музыка без думкі — гэта проста музыка, а думка без музыкі — гэта проза менавіта праз сваю канкрэтнасць».
Музычнасць паэзіі По нараджаюць не асобныя рытмічныя, метрычныя прыёмы, але і плынь гукаў. Паводле По, музыка нараджае паэзію. Музыка і паэзія аб'ядноўваюцца ў песні. Гэта тлумачыць абмежаванасць пастаянных рыфмаў і іх паўтаральнасць — паэт нібы дае варыяцыі адной тэмы, дасягаючы гэтага з дапамогай паўтораў, паралельных канструкцыяў, аднолькавых рыфмаў. Паэзію По яднае з музыкай і іншая якасць: пры ўсёй сваёй «няпэўнасці» музыка ёсць самым дакладным і ўпарадкаваным відам мастацтва. Аднак музыка ў ягоных вершах нясе сэнсавую нагрузку, ніколі не робячыся самамэтай.
Каб уцягнуць чытача ў творчы працэс, неабходнае эмацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне верша. У словах, вобразах, кампазіцыі, дынаміцы гукавых спалучэнняў, руху рытму ўтрымліваецца не толькі тое, што выражана іх значэннем, але і яшчэ нешта — намёк на нявыказанае, магчымасць асацыяцыі, эмацыйных і сэнсавых абертонаў, якія не паддаюцца лагічнай расшыфроўцы.
По належыць некалькі зборнікаў вершаў: «“Тамерлан" і іншыя вершы бостанца» (1827), «“Аль-Арааф", “Тамерлан" і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «“Крумкач" і іншыя вершы» (1840).
Паэзія По абапіраецца на цэласную сістэму сімвалаў на ўсіх узроўнях паэтычнага тэксту — ад тэмы, кампазіцыі, вобразнага ладу да гукапісу.
Сімвалы як рухомая тоеснасць паміж ідэальным і літаральным значэннем вобраза вызначаюцца полісеміяй і сугестыяй, але ў лірыцы По, якая мудрагеліста яднае ўяўнае і бачнае аблічча рэчаў, сімвалы падлягаюць умоўнай класіфікацыі паводле формы ўвасаблення сімвалічнага сэнсу ў канкрэтным вобразе.
Так, закляты замак або Калізей у аднайменных вершах По сімвалізуюць смерць Прыгажосці і Розуму, асуджанасць прыгожага ў ашалелым свеце бездухоўнасці, жоўты альбатрос з «Краіны феяў» — «сімвал музыкі сфераў», кволай і безабароннай прыгажосці свету. Уласцівасці сімвала ў вершах По маюць нават няясныя адчуванні (да прыкладу, узрушэнне героя ў «Стансах»). З пазіцыі рамантычнага двухсвецця, суадносінаў рэальнага і ідэальнага тлумачыць По сімвалічны сэнс мары («Мары»), цішыні («Цішыня»).
У вершы «Духі мёртвых» (1827) узнікае вобраз-сімвал вечнасці, што адлюстроўвае далучанасць чалавечага духу да «таямніцы таямніцаў»:
У ранніх вершах По назіраецца аднаразовая змена памеру разам са зменай агульнай танальнасці думкі. Твор падзяляецца на дзве часткі, сугучныя адна адной, як варыяцыі аднае тэмы. Так пабудаваныя вершы «Сон у сне», «Да ракі», «Да Хэлен», «Шчаслівы дзень». Гэты прынцып развіты ў «Горадзе ў моры», «Краіне сноў» і дасягае найвышэйшага ўвасаблення ў позніх вершах — «Улялюм», «Званы».
Верш «Званы» быў надрукаваны пасля смерці паэта — 27 кастрычніка 1849 года ў нью-ёркскім часопісе Union Magazine. У 1848 годзе По наведаў М.-Л. Ш'ю і паскардзіўся на тое, што кепска пачуваецца, сказаўшы, што нават гук званоў яго раздражняе. Тады Марыя-Луіза ўзяла аркуш і, пераймаючы почырк По, вывела загаловак: «The Bells. By E. A. Poe», а потым і першы радок: «The Bells. The little silver bells». Паэт хутка скончыў страфу. Марыя-Луіза прапанавала яму пачатак другой страфы: «The heavy iron bells», якую По неадкладна працягнуў. Спачатку ў верш увайшло 18 радкоў, у канчатковым варыянце іх 113. Тэма верша пераклікаецца з апавяданнямі «Чорт на званіцы», «Маска Чырвонае Смерці».
У першай частцы апісваецца нараджэнне чалавека і ягонае дзяцінства, стан шчаслівага сну, і срэбныя званочкі гавораць аб прадчуванні духоўнага нараджэння. Няцотная колькасць аднаскладовых словаў, якія ўвесь час паўтараюцца (tinkle, time, bells) і яднаюць гук і сэнс (bells / foretells / wells / cells / swells / dwells / impels / tells / compels / yells / knells; twinkle / oversprinkle; time / rhyme).
У другой частцы гучыць гімн «залатому веку» чалавечага жыцця. Карціна дынамічная, спеў званоў разлятаецца феерверкам. Гэта дасягаецца за кошт змены колькасці стопаў у радку, алітэрацыі санорных і звонкіх зычных пры мінімуме глухіх выбухных, паўтору слова bells 10 разоў запар, што скіроўвае думкі й пачуцці да стану экстатычнага шчасця.
Калі ў першых дзвюх частках сімвалы-гукі ствараюцца з дапамогаю асанансаў вузкага (і) і адкрытых (о, а) галосных гукаў, то ў трэцяй і чацвертай частках прадчуванне і надыход катастрофы перадае алітэрацыя санорных зычных (г).
Эмблемай і квінтэсенцыяй паэзіі По ёсць легендарны верш «Крумкач». Загадкавы вобраз чорнай птушкі, што сядзіць на белым мармуровым бюсце Палады, не падлягае вычарпальнаму вытлумачэнню, нягледзячы на велізарную колькасць каментароў і перш за ўсё — падрабязнае тлумачэнне задумы і яе ўвасаблення самім аўтарам. У 1846 годзе ў працы «Філасофія кампазіцыі» ён піша, што «ў стварэнні гэтага твора не ўдзельнічалі ні выпадковасць, ні інтуіцыя, што праца крок за крокам рухалася да завяршэння з усёй дакладнасцю і жорсткай паслядоўнасцю — як рашэнне матэматычнай задачы».
У вершы «Крумкач» узнікае трагічнае напружанне ад сутыкнення розуму героя, які асэнсоўвае немагчымасць сустрэчы з каханаю па той бок зямнога быцця, і душою, што прагне гэтай сустрэчы. Тэма неадольнай мяжы паміж жыццём і смерцю, часам і вечнасцю, надзеяй і сумневам, верай і адчайным скепсісам выказаная ў двайным дыялогу — унутраным (героя і ягонай свядомасці) і вонкавым (героя і птушкі). Выгрымка, якую дае цвярозы розум, і іранічнае стаўленне да «дурной» птушкі, што паўтарае адно і тое ж слова, змяняюцца пачуццём трывогі, адчаю, бязмежным болем безнадзейнасці. «Я вырашыў унесці варыяцыі і такім чынам значна пашырыць уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў». Нарастанне трывогі адбываецца дзякуючы на першы погляд выпадковаму, а насамрэч заканамернаму перасячэнню логікі ўнутранага маналога героя, які тужыць па прыўкраснай Лінор, з асэнсаваным адказам крумкача. У выніку слова nevermore набывае супрацьлеглы сэнс і пачынае абазначаць пакуту няпэўнага існавання на мяжы надзеі й безнадзейнасці.
Самабытнасць і супярэчлівасць несмяротных твораў Эдгара По шмат у чым абумовіў дзіўны сплаў амерыканскай і еўрапейскай культураў у перыяд фармавання нацыянальнай літаратуры ЗША. З імем Э. По звязанае станаўленне амерыканскага рамантызму, які адлюстраваў працэс набыцця нацыянальнай самасвядомасці (рух натывізму) пасля перамогі ў вайне за незалежнасць ад Брытаніі. У спалучэнні жанравых формаў еўрапейскага рамантызму і культурна-гістарычных рэаліяў амерыканскага жыцця нараджаўся новы мацярык на мапе сусветнай літаратуры: «галандскія» навелы Вашынгтона Ірвінга, гістарычныя раманы Фенімора Купера, псіхалагічная проза Натаніэла Готарна, «марскі» раман Генры Мэлвіла.
Аднак менавіта з По пачалася сусветная слава амерыканскай літаратуры, якая не толькі пераадолела стадыю вучнёўства і зраўнялася з літаратурай еўрапейскай, але і змагла яе апярэдзіць. Эдгар По сваімі мастацкімі здзяйсненнямі ў паэзіі і навелістыцы здолеў выйсці за межы актуальных задачаў нацыянальнай літаратуры і пракласці дарогу новым кірункам і жанравым формам у развіцці еўрапейскай і сусветнай літаратуры.
Нарынэ Шахназаран
Апавяданні
Марэла
З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце — у марах, шчасце — у здагадках.
Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, — моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем — ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна — магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі — давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.
[1] Тут і далей эсэ «Паэтычны прынцып» і «Філасофія кампазіцыі» цытуюцца ў перакладзе Ганны Янкута.