Ладненькі, зь дзявочымі вейкамі й зялёнымі вочкамі, зь ірванаю фрызураю й прамэліраваным чубчыкам, з зарослаю шчаціньнем пыскаю, Антошка ствараў цуды… Стрыг ён звычайна, але як сябе паводзіў з жанчынамі й дзяўчынамі!.. Увесь пругкі, усьміхаецца, гнецца, жартуе, страляе вочкамі… Жанчыны блыталіся, адчувалі сябе каля яго спачатку тупымі нязграбнымі каровамі, але пасьля колькіх камплімэнтаў раставалі, і трымцелі, і былі гатовыя на што заўгодна.
Кожная новая кліентка, няважна, з вуліцы альбо з гатэлю, тэрмінова шукала новай сустрэчы з гэтым Апалёнам, з гэтым апранутым Давідам. Антон, у сваю чаргу, любіў казаць, што пісьменна памытая галава й зроблены масаж – гэта ўжо палова посьпеху ў абслугоўваньні.
Жанчыны яго песьцілі, яны пакідалі цэлыя заробкі яму на гарбату, пакідалі свае сэрцы… Хапалі яго за рукі, абдымалі, а самыя нахабныя цалавалі, спрабуючы адразу патрапіць у ягоныя чырвоныя вусны… Антон толькі пасьпяваў выкручвацца альбо закрываць рот, каб яны не траплялі туды сваімі языкамі…
Год працы Антошкі – гэта год шаленства, год паху жаночых выдзяленьняў, год нястрымнага юру, жарсьці, сьлёз, сьмяшкоў і намёкаў.
Сярод усёй гэтай жаночай публікі да яго заходзіла колькі мужчын, паводзілі яны сябе афіцыйна й часта стрымана, але па іх позірку адміністратары й калегі Антона заўважалі, што ўнутры гэтыя мужчыны спапялюшаныя каханьнем, аднабаковым, моцным, нястрымным, схаваным каханьнем да мужчыны, каханьнем несьвядомым і міжвольным.
Антошка не асабліва каб зьвяртаў увагу на ўвесь гэты вэрхал вакол сябе, ён рана пайшоў на пэнсію з танцаў – сьпіна, але ў свой час пасьпеў добра наскакацца на падтанцоўках у розных беларускіх сьпявачак, якія езьдзілі са сваімі “турнэ” па вёсках краіны… Антон сьпярша ня ведаў, куды падацца, але адразу знайшоў сябе ў цырульніцкім мастацтве… Ён стрыг, і грошы пакункамі траплялі ў яго кішэні й заплечнік, які ён набыў у аддзеле “ўсё для жанчын” на Нямізе… Ён зь дзяцінства любіў рэчы, уласьцівыя ня толькі ягонаму полу, таму ніколі ня бачыў розьніцы між тым, каб ябаць кагосьці самому альбо каб яго.
“Ён радаваўся жыцьцю, ён танчыў і стрыг” – так, напэўна, напішуць на ягоным надмагільным камені. Ён сапраўды не замарочваецца жыцьцём, салодка пасьміхаецца адбеленымі зубкамі й рассоўвае па кішэньках даляры, эўра, расейскія й беларускія рознакаляровыя паперкі… Жыцьцё атрымалася, easy money…
Адна з жанчынаў, якая, як і ўсе, пакуль стрыглася й масажавалася, атрымлівала асалоду ад блізкасьці гэтага гнуткага мужчыны, узбуджалася і была больш нахабнаю, чым астатнія, патрабавала, так бы мовіць, звыш простага бытавога абслугоўваньня – як толькі Антошка станавіўся перад ёю, каб стрыгчы яе валасы сьпераду, яна хуценька кранала яго прамежнасьць, намацвала пэніс альбо яйцы й лашчылася… Так, вядома, доўга не магло працягвацца, праз колькі стрыжак Антошка здаўся, і ў падсобным памяшканьні гэтая кліентка смактала яму з глыбокім вуркатаньнем і стогнам, а Антошка, прымружыўшы вочы, мацаў яе грудзі й успамінаў Артура, і праз колькі хвілін, павялічыўшы хуткасьць рухаў, спусьціў ёй у рот.
Антошка трахаў амаль усіх прыстойных жанчын, калі ў вольныя ад абавязкаў у спа-цэнтры часы працаваў прыватна на даму. Ягоны каханак Артур не зайздросьціць Антону, яны разам жывуць ужо восем год, і, каб ня гэтыя, як ён лічыў, дзіцячыя гульні Антошкі, жахам было б толькі, калі б той здрадзіў яму з мужчынам.
Артур – каханьне ўсяго жыцьця Антона. Яны пазнаёміліся выпадкова, калі Артур прынёс выкананую замову – чаравікі са скуры кракадзіла для адной зь беларускіх сьпявачак… Антон тады разьмінаўся перад падтанцоўкай. Яны амаль адразу закахаліся адзін у аднаго і ў той жа вечар пераспалі… Праз тыдзень Артур перавёз усе свае рэчы да Антона. Усё ў іх лёгка й проста, як мае быць. Але розьніца ў тым, што Артур – гей, і таму да Антонавых кліентак ставіцца абыякава, але Антошка – бісэксуал, і да сваіх кліентак ставіцца крыху па-іншаму.
Артур – вельмі пасьпяховы майстра. Абутак, які ён робіць на замову, карыстаецца папулярнасьцю за дызайн, якасьць і ручную працу… Сам ён мужны, крыху азызлы і ня надта каб прыгожы, але па-вар’яцку цікавы, асабліва калі глядзіць на вас сваімі вачыма з-пад ілба – у жанчын адразу падскоквае ціск, а мужчыны часта бянтэжацца, бо ня ведаюць, як сябе паводзіць перад такім позіркам. Калі Антошку жанчыны любяць самі проста так, інтуітыўна й, так бы мовіць, па закліку полу, то Артура кахаюць за мужнасьць і незвычайную аўру, за ягоны мужчынскі пах, за адчай, за позірк, за джэнтльмэнскасьць, але той, у сваю чаргу, ужо восем год жыве з адным Антонам і за гэты час толькі выпадкова, п’яны, пацалаваўся з хлопцам у гей-клюбе і лічыць гэта здрадаю.
Цыганка
Чорныя вочы, чорныя бровы, цёмная скура, тоўстыя вусны, пазногці, даўжэйшыя за кіпцюры драпежніка, звычайна з “фрэнч”-пакрыцьцём. У яе вялікі мажны азадак, тонкая талія й начасаныя выбеленыя пэргідрытам доўгія валасы, якія штодня яна гадзінамі ўкладвае з фэнам на брашынг… Цыганка стала дырэктаркай спа-цэнтру выпадкова, яна ўсё жыцьцё толькі й шукала выхаду да прыватнага бізнэсу. І так сталася, што яе кліенткаю, якую яна стрыгла, аказалася адна жанчына з канцэнтраваным пахам поту. Гэтая потная жанчына атрымала вельмі буйную пасаду ў парлямэнце краіны, памяняўшы фартух паварыхі на чамадан чыноўніка, і цыганка Раміна Гайдараўна атрымала ўласны салён, фітнэс, басэйн і масажню, але ненадоўга, хапіла аднаго году.
Гатэль, як толькі адчыніўся пасьля “рэканструкцыі” (раней на ягоным месцы быў таксама гатэль, гістарычная каштоўнасьць, але адной ноччу за будаўнічым плотам усё раптоўна зьнікла й “рэканструявалася” ў новы гатэль), пасьпяхова здаваўся ў арэнду, так зьявіліся прыватнае казыно, рэстарацыя й начны клюб, цыганка выкупіла сабе на год салён з зонаю спа й апантана кінулася ў бойку зь цяпер ужо ўласным пэрсаналам. Яна пачала кіраваць, валадарыць і зрабілася сапраўдным дыктатарам.
Калі Раміна Гайдараўна раніцою толькі прыходзіла на працу, усе навокал – адміністратар, стылісты, асыстэнты, манікюрысты, мэнэджар Юлія Цімафееўна, бухгальтар Люся, масажысты Ганна і Лера, інструктары па фітнэсе – пачыналі адчуваць сябе блага, быццам бы раптоўна захварэлі. Цыганка была сапраўднай хваробаю, чымсьці кшталту непрыемнага й маруднага герпэсу на вуснах, ад якога вельмі цяжка пазбавіцца, а калі пачынаеш яго калупаць альбо грызьці, ён цячэ, распаўсюджваецца й становіцца горш. Менавіта паводле гэтага прынцыпу цыганка кіравала спа-цэнтрам: спачатку патрабавала да сябе татальнай увагі – яе мылі, сушылі фэнам, потым падкручвалі брашынгам, потым начэсвалі валасы, потым пакрывалі лакам пазногці на руках і нагах, наносілі крэм супраць старэньня, рабілі масаж плячэй, і ўжо пасьля абеду пачынала працу – гістэрыла, звальняла, псыхавала, потым лаялася на супрацоўнікаў, бо гаўняна яе прычасалі, а потым скардзілася, што за дзень мала грошай прынесьлі ў касу (вядома, а як жа пасьпець, калі ўвесь працоўны час яна засяроджвала ўвагу на сябе, адкуль у касе зьявяцца грошы?). Некалькі разоў на тыдзень Раміна Гайдараўна шалёна насілася па цырульні, пакуючы цырульніцкі рыштунак, і зьяжджала стрыгчы нейкага Мясковіча ды сваю дурную, цяпер ужо сяброўку, потную чыноўніцу, якой кожны месяц даплочвала за ліцэнзію й за “крышу”, але спа-цэнтар існаваў ня толькі дзеля яе. У цыганкі была маленькая дачка, чарнавокая соска з паганымі паводзінамі, пагардлівым позіркам і зьнявагай да ўсіх, акрамя сваёй парцалянавай маці. Твар цыганскай дачкі, яе аблічча прысутнічалі паўсюль: вось яна, шчарбата ўсьміхаючыся, паглядае на вас з буклетаў, флаераў і візытовак, вось яна з кучаравымі валасамі глядзіць на вас з расьцяжкі на сьцяне, вось яе імя ў назве салёна (праз год кіраўніцтва гатэлю яго прыбрала), вось яна сядзіць у зоне чаканьня кліентаў, вось яна, блядзь, калупаецца ў носе… “Паглядзіце на маю прыгажуньку! Ай ты мая цукерачка, ай ты мая жопачка! Ай на нэ, цыганэ, ай на нэ!” Потым, калі цыганка нарэшце спыняла свае мілаваньні, яна азіралася на супрацоўнікаў і чакала ад іх такога ж бязглуздага замілаваньня сваёй цукерачкай, і ўсе пачыналі енчыць, ціўкаць і замілоўвацца: “Ай на нэ, ай на нэ! Якая паненка тут па спа ходзіць!” А цыганская дачка толькі апускала вочкі й чырванела, і пасьміхалася, а праз хвіліну ўжо сядзела ў фатэлі мамкі й сваім тоненькім прыгожанькім роцікам спрабавала кіраваць і патрабаваць.
Гэтыя няшчасныя паўтары цыганкі, гэтая сямейка пратрымалася роўна год, і потым жанчына й недарослае дзяўчо зьніклі, а гатэль забраў сабе спа-цэнтар і ўжо нікому не прадаваў, прэзыдэнту сеткі гатэляў Ніндзю дужа спадабалася наведваць салён і масажню, а тымі рэчамі, якія яму падабаліся, ён абавязкова завалодваў.
Цыганы зьніклі раптоўна, як і зьявіліся, але з помпаю: выкрылі клептаманію бухгальтара Люсі, выгналі ўвесь стары пэрсанал, а некаторых супрацоўнікаў звольнілі паводле артыкулу, каб не выёбваліся, скралі грошы, затрымалі заробкі на два месяцы й так іх і не аддалі… І толькі аднаму чалавеку, які сутыкнуўся з Рамінай Гайдараўнай і яе дачкой, за ўвесь гэты год было на ўсё абыякава – цырульніцы Марыне, бо яна была баптысткай і ўсё прабачала, і зь ёй цыганка амаль не кантактавала. Тую проста скасабочвала ад адной толькі шчырай і добрай усьмешкі Марыны, якая, да ўсяго, была яшчэ цяжарнаю і ўяўляла сабою адну вялікую й пільную ўвагу да свайго здароўя, да свайго цела, сочачы, ці добра праходзіць цяжарнасць, чытаючы Біблію і вяжучы ваўняныя шкарпэткі, утульна ўладкаваўшыся ў куточку. Калі Антон часта вар’яцеў і мацюкаўся на цыганку, якую звычайна прычэсваў Віталь, Марына проста сядзела на залі й вязала, за што праз колькі дзён былі абвешчаны новыя законы: забарона сядзець бяз працы, забарона на чытаньне на залі, забарона на вязаньне, прагляд тэлевізара, карыстаньне мабільным тэлефонам й забарона на размовы паміж сабой… Толькі праца, суворая праца. Дазволеныя адно забаўлялкі з цыганскай разбэшчанай дачкой, якой толькі споўнілася восем. Маці на працягу трох год рабіла ёй меліраваньне, а цяпер лячыла дачцэ валасы ампуламі й таніравала іх у натуральны карычневы колер. Дачка бегала па спа-цэнтры з алейнымі валасамі, пэцкала сабе вусны чырвонай памадаю і вельмі ўдала капіявала манеры маці…
Дачка ведала, што хутка, калі стане дарослай, яна будзе ня толькі падобнай да маці, але нават звышпадобнай. Бо гэта гістарычны факт: аднойчы Чарлі Чаплін заняў другое месца ў конкурсе двайнікоў Чарлі Чапліна.
Бухгальтар
У гатэлі ўтрымліваецца буйны штат бухгальтараў, кожны зь якіх адказвае за пэўную зону: рэстарацыя, клюб, нумары па паверхах, спа, казыно й чорт яго яшчэ ведае, якія “чорныя” і “белыя” касы й бухгальтарскія кнігі вядуць гэтыя людзі, з раніцы да ночы аточаныя паперкамі й лічбамі, сумуючы ў сваіх запыленых кабінэтах, прапахлых таннаю кавай і бруднай бялізнай.
Часта, каб ня ўводзіць у спакусу, па-над імі ставяць такі ж па колькасьці чальцоў штат начальнікаў, а то і большы… І аднойчы Люсю, якая вяла фінансавыя справы па рэстарацыі, празь нейкія хібы ў разьліках панізілі з пасады галоўнага бухгальтара да штатнага, і яна мусіла з самага высокага, сёмага паверха, дзе месьціліся кабінэты алімпійцаўначальнікаў, перасесьці ў невялікі пакой на першым паверсе ў спа-цэнтры.
Люся гэтаму ня надта была радая, тым болей што яе кабінэт суседнічаў з распранальняй, то-бок кліентаў гэтых процьма – гоман, гармідар, ахоўнікі, якія вечна знаходзіліся побач з прывабнымі адміністратаркамі спа й рэстарацыі. Але з часам Люся абвыкла і нават пасябравала з мужным, напампаваным стэроідамі й пратэінамі ахоўнікам Віктарам. Выдатнае сяброўства ў іх было: часта ў ейным кабінэце яны абдымаліся, альбо Віктар дамаўляўся на нумар і ставіў свой традыцыйны кошт за гадзіну сэксу, але са зніжкаю на пяцьдзясят адсоткаў. Віктар быў вялікі, увесь пукаты, рабрысты, паўсюль тырчэлі цягліцы, якія часта самі па сабе выпадкова напружваліся, а яшчэ ён любіў напружваць свае ягадзіцы. Бывае, забудзецца на ўсё й стаіць на пасту, ахоўвае й сьціскае, а потым паслабляе сраку, сьціскае, паслабляе дзьве накачаныя паловачкі. Віктар рана зрабіўся напаўсівым, што пасавала яму яшчэ болей, то-бок надавала яму павагі, але звычайна ўсіх кліентак ён трахаў па-хуткаму, як маратонец, пакуль не адчуваў, што адпрацаваў сто эўра, й канчаў ім то на жывот, то на сьпіну, таму сівізна не азначала нясьпешнасьці і досьведу, яна была ў яго хутчэй рудымэнтам.
Люся спачатку захапілася новымі прыгодамі першага паверху: сэкс падчас працы, пасьля працы й ноччу, у ейнай галаве пераблыталася, дзе там у гэтых жарсьцях быў муж, дзе Віктар, а дзе яе сьненьні… Невядома, да чаго дайшло б, каб ня тры падзеі: арышт за сутэнэрства Піліпа Андросавіча, галоўнага ахоўніка, прапанова Віктару ад старога школьнага сябра сьпяваць на бэк-вакале ў беларускім гурце і плёткі пра нейкага супрацоўніка, які крадзе грошы з кішэняў і торбаў кліентаў рэстарацыі й спа-цэнтру ў распранальні. І вядома, пасьля галоўнага ахоўніка пачалі катаваць гардэробшчыц.
Ларыса Іванаўна няспынна плакала, калі яе выводзілі з гатэлю, Ганна Анатольеўна была белаю, як той сьнег на ходніку… Абедзьве пэнсіянэркі засталіся бяз працы, камэры, гэтыя змрочныя цыклопы ў кутох, так і не далі празрыстых адказаў, распранальня знутры не праглядаецца, грошы зьнікалі на абедзьвюх дзённых зьменах гэтых старых жанчын, усю адказнасьць за каштоўнасьці панеслі яны. Прасьцей было пагнаць бабуль, адна з якіх мела навуковую ступень па біялёгіі, а другая трыццацігадовы стаж працы галоўным вахцёрам у Опэрным Тэатры.
Пакрысе праблемы зьніклі. Віктара не было колькі тыдняў – ён запісваў альбом са сваім музычным гуртом, альбом называўся “Толькі ты” і меў адразу дзесяць музычных трэкаў пра каханьне… Некаторыя сталыя пастаялкі й супрацоўніцы гатэлю былі не ў гуморы без традыцыйнага сэксу, Люся сумавала па прыгодах, бо на алімпе, на сёмым паверсе, сёмым небе, як-ніяк хаця б галоўны дырэктар гатэлю час ад часу ўшчыкваў яе за азадак, і гэта надавала ёй рахманасьці, да таго ж раней у яе было меней папяровай працы.
Крадзяжы ў распранальні праз два тыдні аднавіліся, але ніхто пра гэта ня ведаў, акрамя Юліі Цімафееўны. Ёй па сакрэце сказала адна з кліентак, што ёй падаецца, нібыта ў яе час ад часу зьнікаюць грошы з партманэ альбо з кішэні паліто, але яна ня можа даць пэўны адказ, ці сапраўды так, бо часта носіць з сабою стос грошай, бывае да сарака тысяч даляраў, па справах патрэбна, і не ўпэўненая, што сто альбо дзьвесьце даляраў зьніклі… Мэнэджар спа-цэнтру ўсё зразумела, яна ўцяміла, што бабулькі тут былі ні пры чым, тут хтосьці працаваў прафэсійна, чыста.
Праз два дні ў кліенткі зьніклі чатырыста тысяч беларускіх рублёў, чатырма паперкамі… Распранальню часова зачынілі й пачалі разважаць, дзе, хто і як, па камэрах глядзелі, там было бачна, што ў распранальні нікога не было больш за дзьве гадзіны, толькі новая гардэробшчыца Валянціна Мікалаеўна выходзіла ў прыбіральню, але ўсё зачыняла… Абшукалі гардэробшчыцу, тая на гэта моцна пакрыўдзілася, маўляў, трыццаць гадоў на заводзе адпрацавала, цаліну падымала, а цяпер яе на старасьці гадоў зладзейкаю называюць! Высноваў з Валянцінай Мікалаеўнай не зрабілі. Абшукалі прыбіральню – таксама нічога.
І тут раптам Люсі спатрэбілася выйсьці са свайго пакоя, каб падняцца наверх і падпісаць колькі паперак. Выходзіць яна, дзьверы замыкае, а да яе Раміна Гайдараўна й Юлія Цімафееўна з ахоўнікам Сашам падскочылі і патрабуюць адчыніць дзьверы кабінэта, ён адзіны суседнічае з распранальняй, хто яго ведае… І ўсе ўчатырох уціснуліся ў пакой, які іх ледзь змясьціў.
Люська зрабіла выгляд бязьвіннай ахвяркі, але ў ейным кашальку знайшлі тыя чатыры бэжавыя паперкі, на якіх быў намаляваны замак Радзівілаў у Нясьвіжы, кліентка загадзя выпісала ўсе нумары ейных купюр, і яны супалі…
– Доўбні мы ўсе! – жалілася Юлія Цімафееўна, – забыліся на тое, што суседні пакой бухгальтара знутры злучаны з распранальняй асобнымі дзьвярыма, бо першапачаткова кабінэт мусіў быць камораю гардэробшчыкаў…