Але… Загадаў – зрабілі. На наступны вечар у гатэль завезьлі дзьве скрыні па дваццаць бутэлек шампанскага, якое каштавала аднаго жыцьця сумленнага беларуса. Але што зь ім далей рабіць, ніхто ня ведаў. Пастаяльнікі адмаўляліся яго піць, наведнікі з вуліцы – тым болей, за месяц звычайна магло прадацца толькі паўбутэлькі, і кліенты рашуча адмаўляліся плаціць за цэлую. Знаходзіліся тыя, хто прыходзіў п’яны, прыводзіў з сабою баб, выпендрываўся, замаўляў “Крыстал”, а потым, выпіўшы, усчынаў сварку, маўляў, гэта было чарніла, а не шампанскае, лайно, несапраўдная марка, ён ведае гэта дакладна! Апошнія часта сыходзілі, пакідаючы афіцыянтаў тры месяцы сядзець без афіцыйнага заробку.
Праблема дайшла да Ніндзі, яму праз чатыры месяцы паскардзіўся галоўны бармэн Юра, зь якім той часта гутарыў, калі піў сваё любімае лёгкае віно, віно для дзядулі – як яго між сабой называлі супрацоўнікі.
Наш дзед паразважаў і абвясьціў такую навіну, гледзячы на трыццаць пяць бутэлек перад сабою: – Кожны, хто працуе ў гатэлі, – брамнік, пакаёўка, маркетоляг, адміністратар, бармэн, афіцыянт, кожны, хто здолее прадаць адну і болей бутэлек шампанскага “Крыстал” каму заўгодна, атрымае пятнаццаць адсоткаў ад кошту кожнай прададзенай бутэлькі да свайго месячнага заробку!
І для кліентаў перасталі існаваць усе напоі, акрамя шампанскага “Крыстал”, пакаёўкі шукалі па паверхах патэнцыйных пакупнікоў, брамнік пытаўся пра каштоўны напой у мінакоў, афіцыянткі гатовыя былі прадаваць яго аголенымі, абліваць ім грудзі альбо заліваць у пупкі, абы толькі… Але ўсе гэтыя памкненьні, заахвочваньні й рэклямаваньні не спрацоўвалі, кліентаў так проста ня возьмеш…
Адзіны пэрсанаж, які сьцяміў, як трэба гандляваць, быў бармэн Вова, які празь месяц набудзе сабе новую Аўдзі А4.
Вова быў высокі й хударлявы малады чалавек, насіў фрызуру кшталту глямурнага іракезу з ірванымі доўгімі пасмачкамі ззаду, вельмі любіў начныя дыскатэкі й новыя знаёмствы і марыў мець шмат грошай. Вова, калі, напрыклад, бачыў, што наведнік рэстарацыі маскаль і да ўсяго яшчэ й нахабны, а гэтак большасьць маскалёў пазнаецца адразу, дык вось, калі ён бачыў, што той маскаль зь дзяўчынаю, што ён выпендрываецца, што ён упершыню ў Менску, увесь апрануты ў рознакаляровае дарагое брыдоцьце, – Вова не вагаючыся прыносіў нават без замовы “Крыстал”, з прамоваю, што гэта найлепшае пітво ў Беларусі, і калі яны сапраўды хочуць адчуць сябе тут па-панску, гэта самае тое.
У Вовы сапраўды быў талент знаходзіць патрэбныя моманты і талент адчуваць інтуітыўна, хто будзе піць і плаціць, а хто не.
Потым Вова прадаваў “Крыстал” замест вады, разьліваў яго замест апэрытываў і нават п’яным туркам аглаблёвую ён падліваў знакамітым шампанскім.
Тыдзень – і ўсе трыццаць пяць бутэлек зьніклі ў пэўным кірунку.
Праз другі тыдзень – на картку бармэну Вове, як і было абяцана, былі залічаныя адсоткі…
Вова адзін зрабіў рэвалюцыю. Ён паказаў, што ў Менску таксама могуць прадавацца такія напоі, і празь месяц у супэрмаркетах, у вітрынах пад шклом зьявілася шампанскае “Крыстал” па 1000$ за бутэльку, а па тэлевізары была запушчаная рэклямная кампанія: “Ня будзь скнарам, набудзь сваёй жанчыне штосьці вартае яе!”
Жыгала
Віктар усё жыцьцё працаваў над сабою. Ён шалёна прасаваў сваё цела з чатырнаццаці год, як толькі ўсьвядоміў, што “біцуха” ў яго правісае, а трыцэпс не праглядаецца. Віця ганяў жалеза суткамі навылёт у трэнажорцы, якая месьцілася ў падвале ягонага дома. Трэнажорку вясной залівала, але хлопцы займаліся нават па калена ў вадзе. Віктар любіў “браць на ногі” дыскі па сорак кіляграм, пакуль на трэнажоры не сканчалася месца для “бліноў” і ўвесь гэты мэталічны пірог, усе гэтыя напластаваньні цягаў да адурэньня, потым браў бліны “на сьпіну” для станавай трэніроўкі, пераладжваў наноў трэнажорныя ўстаноўкі, рохкаючы, гмыкаючы, напружваючыся да сініх вэнаў на ілбе, цягаў, цягаў, ганяў па жылах рэшткі тлушчу, скачваў мяса ў камень, ірваў на сабе мэтал… Пакуль ужо сябра не падстрахоўваў і ледзь прытомнага не выносіў яго з-пад трэнажора ў распранальню. Невялічкі адпачынак, і потым ішла грудная клетка, потым трапецыя, шліфоўка біцэпса і, на самы канец, – скокі праз скакалку, бег на бегавой дарожцы, душ, парылка й дадому… І так раніцою, і так яшчэ вечарам, і так кожны дзень, і так кожны сэзон.
Жыцьцё Віктара неслася вельмі хутка, як па тры заходы з гантэлямі на кожную цягліцу. Жыцьцё Віктара праносілася празь яго гэтак жа хутка, як расьлі цягліцы ў яго на лытках. Жыцьцё пухла, выпячвала вэны, і калі б Віктар паспрабаваў апісаць яго, ён бы коратка сказаў: “Маё жыцьцё дзіка напружанае і нагадвае суцэльнае змаганьне з кожнай клеткай тлушчу”.
Ён больш нічым не цікавіўся, жанчыны яго не асабліва вабілі, на іх не хапала моцы, але зарабляць грошы даводзілася, бо трэба было купляць пратэінавыя парашкі й спартовыя прылады, таму ён з васямнаццаці год пачаў працаваць ахоўнікам. Гэта была адзіная прафэсія, на якой ён не напружваўся: стаіш, голаў уверх, грудзі наросхрыст, пыса тупая, вочы злосныя – фэйс-кантроль.
Віктара заўважылі мясцовыя ахоўнікі ў начным клюбе і ўзялі з сабою на новае месца працы – у гатэль.
Заробку паболела, працы паменела. Віктар дзяжурыў па начох у цэнтральным фае, а там было ціха, у адрозненьне ад начнога клюба… Віктар хутка пачаў сумаваць на працы, чаго зь ім раней ніколі не адбывалася. Ён заўважыў, што ў галаве штосьці варушыцца, у вушах штосьці шуміць, але ўсе непатрэбныя гукі гнаў ад сябе, каб не перашкаджалі працаваць на працы й трэніравацца.
Адзін зімовы вечар зьмяніў яго жыцьцё. Позна ноччу адна з пастаялак гатэлю вярталася п’янаю з банкету і калі брала на рэцэпцыі ключ ад нумару, прыкмеціла Віктара: – Малады чалавек, я бяру вас з сабою! – прамовіла жанчына й ганарліва пайшла да ліфта.
Віктару ня трэба было казаць двойчы, ён зразумеў, што ёй патрэбная нейкая дапамога, але наколькі ён быў зьдзіўлены, калі жанчына завяла яго ў нумар, распранулася сама і распранула яго, потым, пасмактаўшы яму чэлес, узялася за гэтую напружаную цягліцу й павяла да ложка, прамаўляючы камплімэнты яго прэсу й біцэпсам. У ложку яна аддалася, і, калі ўсё скончылася, Віктар атрымаў 600$.
Жыцьцё Віктара рэзка зьмянілася, фінансавае становішча палепшылася, галоўны ахоўнік Піліп Андросавіч цяпер прыгандлёўваў ня толькі прастытуткамі, але й асабістым жыгала, а Віктар, у сваю чаргу, па правілах маркетынгу, зрабіў 50 % зьніжкі на свае тарыфы для супрацоўніц і па вечарох часта трахаў бухгальтарку Люсю й афіцыянтку Кацю, а таксама адну з пакаёвак, якая любіла сядзець на ім зьверху й крычаць пра блядзтва й маладосьць, а Віктар заплюшчваў вочы і маліўся, каб яна хутчэй скончыла. Віктар быў майстрам сваёй справы, ён быў сапраўдны артыст прафэсіі, ён піліўся па пяць разоў на ноч, і кожны раз парознаму, у розных пазыцыях і з розным імпэтам. І ніхто да гэтага часу ня ведае, што пасьля кар’еры, якая так рэзка пайшла ўгару, у Віктара паменшала жаданьня выціскаць усе сокі з трэнажорных апаратаў, і ён захацеў сьпяваць песенькі, здымацца ў кліпах. І ў яго былі ўсе шанцы на тое, каб пачаць запісваць уласныя альбомы – грошай ужо назьбіраў, пэніс яго не падводзіў, целам ён быў прыгожы, мазгі, як і трэба, адсутнічалі, і ўжо сьвяціліся на гарызонце сьвятыя дваццаць чатыры гады, калі ўзрост дазваляе ўсё і нават болей.
Хаўскіпінг
Самая няўдзячная праца ў гатэлі – гэта праца пакаёвак. Пакаёўкі – адзіныя, хто сапраўды бачыць чалавека такім, які ён ёсьць насамрэч. Кажуць, каб зразумець узровень культуры чалавека, трэба паглядзець, як ён сьнедае альбо абедае на самоце. Менавіта калі чалавек застаецца сам-насам, ён раскрываецца як асоба. Мне прыгадваецца знаёмы, які нават пры мне ня еў, а жэр, як сьвіньня, раскідваў паўсюль ежу, пэцкаўся, рыгаў, а калі неабходна было, нават гучна й смачна выпускаў газы.
Пакаёўкі – самыя пакутныя з пэрсаналу. Часта гэтым жанчынам здраджваюць нэрвы, і яны ў лепшым выпадку звальняюцца, у горшым, баючыся застацца бяз працы, – знаходзяць супакой у алькаголі.
Ну а як тут не зап’еш, калі пасьля чарговага пастаянца неабходна:
Прыбіраць шафу, у якую ён усю ноч сцаў, альбо адціраць у нумары тэлефон ад лайна, альбо здымаць брудныя майткі са сьвяцільнікаў; адціраць хімічнымі сумесямі ваніты з канапаў; мяняць на ложку прасьціну, сапрэлую, сьмярдзючую прасьціну, а часам яшчэ са сьлядамі месячных, тут ужо ня йдзе гаворка пра тое, што пакаёўкі вымушаныя адскрабаць з-пад сталоў ня толькі прылепленыя жуйкі, але й высахлыя соплі, доўгія зялёна-белыя соплі, месцамі зь цьвёрдымі казяўкамі; падмятаць падлогу пасьля вячэраў, прыбіраць посуд, выціраць пыл, які на дзевяноста адсоткаў складзены з адлушчанай скуры пастаяльца; пыласосіць паўсюль выпалыя валасы з галавы, з лабка, з-пад пахі; адмываць рукамыйнік пасьля дэпіляцыі, галеньня, падстрыганьня пазногцяў; адшкрабаць адусюль кроплі тлушчу, зубной пасты, крыві, мачы; зь люстэркаў выціраць плямкі ад выціснутых прышчоў з твараў і сьпінаў; мыць вокны пасьля дажджу звонку, знутры – выціраць тлустыя адбіткі пальцаў…
Праца пакаёвак – гэта цяжкі невыносны абсурд падціраньня лайна за іншай чалавечай істотай, таму нядзіўна, што пакаёўкі пачынаюць піць на працы. Пакаёўкі ня могуць, як, напрыклад, афіцыянты, бармэны, альбо бэлбоі, атрымліваць звыш заробка чаявыя ці падзарабляць якім іншым чынам. У пакаёвак стандартны аклад, самы малы з усіх у гатэлі, і гэта, па-шчырасьці, – несправядліва.
Пакаёўкі адзіныя засталіся ў сучасным сьвеце, пасьля нацыстаў і скіноў, хто ненавідзіць людзей паводле нацыянальнасьцяў, бо даўно ўжо вызначылі, што самыя бязглуздыя, нахабныя й брудныя з пастаяльцаў – гэта туркі, рускія, ліванцы, катарцы і італійцы. Пасьля іх нумары трэба адмываць гадзінамі. А самыя чысьценькія нацыянальнасьці, якія ня толькі культурныя, але й па-вар’яцку акуратныя, пэдантычныя, – гэта англічане, канадцы, немцы, палякі й літоўцы… І адзіныя, хто паводле іхнага рэйтынгу часта не трапляе ні ў адну катэгорыю і захрасае недзе паміж, гэта – украінцы й шатляндцы. Украінцам пакаёўкі не прабачаюць застольляў, а шатляндцам не прабачылі аднога чэмпіянату па футболе, калі тыя, прыехаўшы на двое сутак падтрымаць родную краіну, адурэўшы ад такіх нізкіх коштаў на алькаголь, потым два тыдні запар пілі й разбэшчвалі беларусак, а тое, што яны пакінулі пасьля ў нумарох, цяпер сталася адным вялікім мітам, легендаю, чуткамі, сарванымі нэрвамі й рэкамі сьлёз пакаёвак.
Аднойчы адна з пакаёвак, Валя, выявіла для сябе, што калі пастаялец гатэлю высяляецца з нумара, то між яго ад’ездам і разьлікам часта застаюцца колькі гадзін, калі міні-бар у нумары яшчэ не аднавілі і ўсе гэтыя плястыкавыя і шкляныя бутэлечкі яшчэ залічаныя за пастаяльцам. Валя даўно ўжо вырашыла, што людзі, пасьля якіх яна, пакутная, прыбірае, пакідаючы дома недагледжаных дзяцей і мужа, вінныя ёй хаця б колькі грамаў якаснага алькаголю. Так Валя ўдала выпіла за чужы кошт тройчы за два тыдні, і ёй спадабалася.
Адным сонечным днём Валя выявіла ў нумары літровую пляшку ўіскі “Рэд Лэйбл”, выдатны ўіскі, годны – традыцыі, рэцэптура, смак, гонар, прывабны гарбатны колер, пах.
Увечары мужчына роў на ўвесь першы паверх, скардзячыся Хасану, начному мэнэджару, які толькі што заступіў на працу й яшчэ ня цалкам разумеў, у чым справа, спрабуючы разьляпіць вочы пасьля дзённага сну.