У наш гатэль засяліліся замежныя каманды. Фінскія спартоўцы кожны дзень скардзіліся, што вакол іх зашмат людзей. Яны думалі, што кіруючы пэрсанал адразу кінецца вызваляць калідоры дзеля фінаў, але калі гэтага не рабілі для зорак сусьветнай велічыні і нават для дыктатараў, тады чаго яны хочуць? Чэская зборная атруцілася, праляжалі хакеісты суткі ў больніцы пад кропельніцамі, хацелі пісаць скаргу на гатэль, але дактары адразу зьлілі інфармацыю, што чэхам варта было б проста нармалёва закусваць.
Менск напоўніўся рознымі мовамі, што было абсалютна дзіўна для гэтага адпаліраванага гораду.
Хакей для беларусаў ня проста гульня, гэта таксама і спосаб адмыць грошы, і адначасова заляцаньне чыноўнікаў да прэзыдэнта. Усе былі зьдзіўленыя, што чэмпіянат ніхто не байкатаваў, усе краіны і каманды прыехалі, і наконт гэтага першыя дні ўлада праз навіны завастрала ўвагу… І вось прайшло літаральна некалькі дзён, а ўжо машыны з расейскімі нумарамі падрапаны цьвікамі, падкладзены цыдулкі пад дворнікі з праклёнамі… А чаму? Вядома чаму! Расейцы ад самага пачатку павялі сябе як быдла і заваёўнікі, хадзілі са сваім трыкалёрам, крычалі “крым наш”, “белорусскій язык нахуй!”, “смерть Белоруссіі” і іншае. Правялі на дзень перамогі несанкцыяваны фашыстоўскі парад расейскіх нацыяналістаў, ішлі строем па цэнтральным прашпэкце – акурат грэбаны ss…
У адным зь менскіх двароў незнаёмец падпаліў адразу пяць прыпаркаваных машын. Па камэрах, якія былі ў двары, магчыма разглядзець толькі цені і кінуты пад адну з машын кактэйль Молатава…
Вось што мінакі кажуць: – Па горадзе сапраўды шастаюць людзі з расейскімі рублямі і абураюцца прадавачкам, што іх рублі тут не прымаюцца ў крамах… Дзяўчаты разьятрана дыхаюць парай. Яны не разумеюць слова “ўваход”. “Нам тут чё – ещё и переводчик нужен?” І, вядома, украінскі фактар. Сам бачыў беларускіх фанатаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты расейскім аўтамабілям пад куплет адной зь песьняў “Ляпісаў”, якая сталася гімнам змаганьня ўкраінскіх фанатаў супраць сэпаратыстаў.
А талісман чэмпіянату? Гэты няўдака зубр у хакейнай форме і на каньках, гэты дурны вобраз, якога ў народзе назвалі Валераю. А што, гучыць – волат Валера. Як толькі зь яго ні кпілі, але хлопец, ці хлопцы, якія працавалі ўнутры гэтай лялькі на гульнях, прыводзілі ў экстаз абсалютную большасьць. Валера катаўся ў мужыкоў на каленях. Валера рабіў сэлфі разам з прыгажунькамі. Скокаў у натоўп, падаў і катаўся ў праходах… Валера заслужыў быць адначасова і сымбалем і сумам чэмпіянату, бо такую недарэчнасьць немагчыма ўспрымаць адназначна.
У горадзе назіраліся незвычайныя рэчы: міліцыянэры ўсьміхаліся, ніхто нікога не затрымліваў увечары, можна было адчуваць свабоду перасоўваньня і жыцьця. Было такое ўражаньне, што ты сам шпацыруеш па прашпэкце замежнага горада, што гэта ты кудысьці зьехаў на хакей, а не хакей прыехаў да цябе!
Шмат хто пачаў вельмі добра зарабляць на жытле. Некаторыя кватэры здаваліся па тысячы эўра за суткі, некаторыя пакоі здавалі па трыста… Беларусы апантана стараліся хоць крыху, але падзарабіць, і амаль у кожным двары Менску магчыма было назіраць джыпы з расейскімі нумарамі, якія коламі заяжджалі на газоны, на дзіцячыя пляцоўкі, машыны, якія былі запаркаваныя так, што гэта адразу рэзала вока. І вось такая двухбаковасьць: тыя, хто не здае свае кватэры й пакоі замежнікам, абураюцца неахайнай паркоўцы, а тыя, хто здае, моўчкі трываюць: анягож, беларусу не абвыкаць – трываць.
Адна з гатэльных супрацоўніц так разышлася падчас чэмпіянату, што зьнікла з дому на тры тыдні. Бацькі званілі кіраўніцтву гатэля і прасілі, каб на іх дачку хоць хтосьці паўплываў, бо, як кажуць, “панеслася пізда па купінках”. Дзяўчына і без чэмпіянату злоўжывала алькаголем, а цяпер яна кожную раніцу прачыналася ў іншых ложках. Інтэрнацыянальнае братэрства прывяло дзяўчо да таго, што яна здолела сабраць цэлую калекцыю заўзятарскіх шарфоў і тры хакейныя формы: фінскую, латвійскую і расейскую. Кіраўніцтва паабяцала штосьці зрабіць, бо шкада чалавека, і пачало сачыць за тым, каб тая хаця б прыходзіла на працу без спазьненьня і алькагольных пароў і сыходзіла ў час, але гэта прывяло толькі да таго, што яе давялося звольніць, бо яна ня толькі не жадала выконваць свае працоўныя абавязкі, але сварылася, мацюкалася і нават пахмялялася, нахабнічаючы з кожным днём.
А гэтыя “цэнтры гасьцепрыімства” ў Менску!? Цуд! Сумесь Кафкі, Даўлатава і Венечкі Ерафеева, шалёная сумесь!
А гэтыя сутычкі беларускіх і расейскіх фанатаў на Нямізе? Сьценка на сьценку!
Шмат пра што можна яшчэ ўспомніць, але ў мяне ня так шмат часу, бо чакае праца і кашуля мая гатовая. У горадзе кожны месяц цяпер адчыняецца па гатэлі, горад быццам рыхтуецца апантана выйсьці на міжнародны ўзровень па колькасьці турыстаў, і вось у мэтро паўсюль беларуская лацінка, і турыстычныя стэнды пасьля хакею нікуды не падзеліся, відавочна, шмат турыстаў зьехала, але вунь у маім двары цяпер ёсьць магчымасьць часта бачыць маладую сямейную пару афрыканцаў, вось я ў краме ў чарзе і перада мною японцы, вось я еду на ровары і мяне абганяе нейкі ямайскі хлопец на сваім стрыт-байку…
Я плянаваў пасьля хакею звольніцца з працы, але пакуль што не магу, няма куды ісьці, а мне патрэбны пастаянны заробак, каб часопіс трымаўся, каб плаціць за здымную кватэру, каб мець магчымасьць зьяжджаць кудысьці і пісаць… Менск нарэшце аброс гатэлямі рознай якасьці і велічыні, увесь пэрсанал, як фарэль на нерасьце, скокае то туды, то сюды, кожны хоча ўладкавацца ў новым гатэлі на больш якаснай і грашовай працы, а я, бы той вулкан, нікуды не сыходжу, але ўжо пачынаю капціць і калі-небудзь выбухну.
Смачны чытацкі сняданак
Адна знаёмая дзяўчына, атрымаўшы гуманітарную адукацыю, доўга шукала працу. І ад безвыходнасці стала круп’е ў новаадкрытым казіно. Яе замалёўкі пра побыт і норавы гэтай установы так уразілі мяне, што я неаднойчы прасіла зрабіць з іх мастацкі твор – настолькі нечаканы і безумоўна новы матэрыял уяўлялі з сябе яе аповеды пра нябачны спод ігральнай індустрыі. Тым больш што дзяўчына мела трапнае вока назіральніка і чорны гумар чалавека, вымушанага працаваць па начах.
Як даўняму аматару вытворчых раманаў Артура Хэйлі «Аэрапорт», «Атэль» і інш., мне вельмі хацелася, каб нешта падобнае з’явілася і ў беларускай літаратуры. Тым больш што для большасці з нас таямніцы бізнесу – усё яшчэ таямніцы. І якое ж было маё здзіўленне, калі я ўзяла ў рукі параўнальна невялікую, густоўна выдадзеную кнігу «Кантынентальны сняданак» Сяргея Календы. Гэты зборнік прозы аказаўся самым што ні ёсць тыповым вытворчым раманам пра атэль, цікавым не менш, чым вядомы хэйлеўскі твор!
Некалькі гадоў таму я ўжо пісала ў «Звяздзе» пра Сяргея Календу, адзначаючы яго першую кнігу як лепшы дэбют года. З той пары прайшло зусім мала часу, а гэты аўтар паспеў выдаць не толькі некалькі ўласных кніг, але і пару-тройку літаратурных альманахаў. Шчыра кажучы, падазрона стаўлюся да падобнай пісьменніцкай пладавітасці, бо даўно лічу, што сучасная проза пакутуе менавіта праз недапрацоўку цяперашніх літаратараў, якія хапаюцца за выратавальную саломінку ўспамінаў і аўтарэфлексій.
Але кніга Календы «Кантынентальны сняданак» прымусіла мяне памяняць свой погляд на літаратурныя суадносіны колькасці і якасці. Артур Хэйлі ж выдаткоўваў на напісанне сваіх раманаў роўна паўтара года, што ніякім чынам не адбілася на яго папулярнасці, нягледзячы на ўсе шпількі крытыкаў адносна такой працаздольнасці.
Такое ўражанне, што наш малады аўтар таксама ўзяў на ўзбраенне творчы метад канадскага пісьменніка – выяўляць «крызіс сярэдняга характару, які выкліканы неспакоем, скокамі настрою, і выкарыстоўваць яго ў паралельных лініях». Але паколькі ўсё напісана на арыгінальным беларускім матэрыяле, дзе пазнаецца – нягледзячы на папярэджанне аўтара пра выпадковасць любых супадзенняў – літаральна ўсё і ўсе, чытаць кнігу надзвычай цікава. Нягледзячы на тое, што ў творы не згадваецца ні назва атэля, ні імёны вядомых пастаяльцаў, асабіста я разумела і выдатна ўяўляла ўсе падзеі, апісаныя ў «Кантынентальным сняданку», кнізе, якую аўтар прысвяціў ўсім: «хто выдаткоўвае сваё жыццё на карысць іншых людзей, хто гатуе для чужынцаў, хто мые й прасуе чужыя брудныя анучы, хто засцілае чужыя ложкі, хто пыласосіць і мые пакоі для незнаёмцаў, хто стрыжэ ім валасы, хто робіць ім масаж, хто пільнуе людзей у басейнах і фітнэс-залях, каб ніхто не надарваўся, усім, хто робіць жыццё ў незнаёмай краіне цікавым і ўтульным».
Гісторыі пра жыццё гатэля вядуцца ад імя парцье, але, чытаючы тэкст, не перастаеш лавіць сябе на думцы, што аўтар рэальна сам паспрабаваў усе тыя прафесіі, пра якія ён з такой ашаламляльнай падрабязнасцю піша. Усе – ад усемагутнага дырэктара да затурканай прыбірачкі.
«…падмятаць падлогу пасля вячэраў, прыбіраць посуд; выціраць пыл, які на дзевяноста адсоткаў складзены з адлушчанай скуры пастаяльца; пыласосіць паўсюль выпаўшыя валасы з галавы, з лабка, з-пад пахі; адмываць рукамыйнік пасля дэпіляцыі, галення, падстрыгання пазногцяў; адшкрабаць адусюль кроплі тлушчу, зубной пасты, крыві, мачы; з люстэрка выціраць плямкі з-пад выціснутых прышчоў з твараў і спінаў; мыць вокны пасля дажджу звонку, знутры – выціраць тлустыя адбіткі пальцаў…»
Нават цяжка сказаць, што больш уражвае ў кнізе: засяроджанае, амаль навуковае разуменне чалавечай псіхалогіі, жывая гутарковая нязмушаная ўмоўнасцямі мова, ці вось гэтыя нетыповыя для сучасных пісьменнікаў веды аб працы людзей, якіх мы звычайна проста не заўважаем.
Чыста тэарэтычна можна ўявіць, што кожны можа прымераць на сябе ролю маркетолага ці ахоўніка буйнога дарагога атэля… А вось паказаць працу пакаёўкі так, што навекі вечныя чытач адчуе і зразумее ўвесь псіхалагічны цяжар гэтага занятку – гэта трэба мець пільны погляд і шчымлівую любоў да «бедных людзей», якіх Календа паказвае ў лепшых традыцыях Дастаеўскага і Чэхава.
Цікавым падаецца і той момант, што, нягледзячы на тое, што кніга пісалася хутка, структура яе вельмі пругкая, трывалая, з выразным пралогам і эпілогам. Разам з тым асобныя раздзелы чытаць абсалютна самастойна, як апавяданні. Трагікамічныя сітуацыі, у якія трапляюць героі Календы, здзіўляюць тым, наколькі моцна выяўляюць нацыянальны беларускі характар, які яскрава высвечваецца праз параўнанне з паводзінамі замежных гасцей. І хоць Календзе можна зрабіць закід і ў адсутнасці еўрапейскай паліткарэктнасці, талерантнасці, якой мы звычайна так ганарымся, і ў тым, што мова яго поўная вульгарызмаў і ў тым, што тэксты яго іншым разам засяроджаны на горшых чалавечых заганах, але яго любоў да простага чалавека, іронія да сённяшніх гламурна-глабальных каштоўнасцяў і глыбокае разуменне душы беларускай робіць кнігу «Кантынентальны сняданак» адной з самых яскравых і запамінальных кніг пра сучаснасць.