Духоўная культура славянскіх народаў, іх мастацтва, літаратуры, у сукупнасці сваёй — гэта дзівосны свет дабра, праўды і справядлівасці, спагады і міласэрнасці, гасціннасці і зычлівасці. Цяжка пераацаніць заслугі славянства ў развіцці сусветнай цывілізацыі, уклад славянскіх народаў у скарбніцу сусветнай культуры, навукі, мастацтва. Чалавецтва з удзячнасцю цаніла і цэніць гэтыя заслугі, гэты ўклад, сведчаннем чаго — незлічонае мноства знакаў удзячнасці, павагі і шанавання. Няма патрэбы ў гэтым кароткім слове спасылацца на іх, называць вялікія імёны тых, хто сваёй творчасцю, сваёй самаахвярнай духоўнай дзейнасцю так прыкметна падвысіў неба над галавой чалавецтва. Так, многа імён нагадаць я тут не змагу, але адно імя ўспомніць і назваць павінен, паколькі сённяшняе свята праходзіць на беларускай зямлі і ў юбілейны год таго, каму гэта імя належыць,— у юбілейны год найвялікшага сына гэтай зямлі і сына славянства. Імя гэта — Францыск Скарына, 500-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Значэнне і роля Скарыны як асветніка і вучонага-гуманіста, заснавальніка кнігадрукавання на Беларусі і на землях усходніх славян наогул — з цягам часу вырысоўваюцца ўсё больш яскрава і паўстаюць у вачах нашчадкаў усё больш значнымі. Ягоны жыццёвы і творчы подзвіг належыць да ліку самых маштабных здзяйсненняў у сферы агульналюдской культуры, да самых высокіх праяў інтэлектуальнай моцы і стваральнай энергіі чалавека і ў гэтым сэнсе можа быць па справядлівасці прыроўнены да таго подзвігу, якім абяссмерцілі сябе першанастаўнікі славянскай асветы, славутыя сыны балгарскага народа, браты Кірыла і Мяфодзій, даўшы славянству і многім іншым народам свету цудадзейнае кірылічнае пісьмо.
Цяжка пераацаніць ролю славянскіх народаў у барацьбе за мір і сацыяльны прагрэс, у супрацьстаянні сілам зла і цемрашальства. Успомнім Грунвальд, успомнім трагічнае поле Косава і пераможнае поле Кулікова. Успомнім гады другой сусветнай вайны, у якой на плечы славян выпаў асноўны цяжар перамогі над фашызмам і самыя вялікія ахвяры ў якой панеслі славянскія народы: рускія, беларусы, украінцы, палякі, югаславы і ўсе астатнія. І пра гэта ўдзячнае чалавецтва помніць да сённяшняга дня таксама.
Ці заўсёды на вялікім гістарычным шляху мы, славянскія народы, былі мудрымі братамі — жылі душа ў душу, ішлі плячо да пляча, узаемна разумеючы адзін аднаго і адзін другому дапамагаючы? На вялікі жаль, было і не так, было па-рознаму. Але не самі нашы народы былі вінаватыя ў гэтым, а той гістарычны час, які нараджаў нямудрых правадыроў, неразумных лідэраў... А ці дастаткова мудрасці ў нашых узаемаадносінах сёння? Ці з дастатковай павагай і шчырасцю мы адзін да другога ставімся? Ці дастаткова мы ўзаемна клапатлівыя? Як бы хацелася сказаць: так, вядома! На вялікі жаль, і тут прыходзіцца рабіць сумныя агаворкі. Як, напрыклад, можа мірыцца ўвесь славянскі свет, што ў яго на вачах сыходзілі з жыцця мовы такіх вялікіх славянскіх народаў, як украінскі і беларускі, каціліся да поўнага заняпаду іх непаўторна-самабытныя нацыянальныя культуры? Кажу пра сапраўды вялікія славянскія народы, ну а лёс мовы і культуры сербаў-лужычан або кашубаў? Хіба ўсе дужэйшыя, большыя, упэўненыя ў сваім заўтрашнім дні пабрацімы могуць сказаць, што прынялі іх лёс блізка да сэрца?
Ці дастаткова — хочацца прадоўжыць пытанні — клапоцімся мы, каб скарбы духоўнай творчасці славянскіх народаў рабіліся вядомымі ўсяму вялікаму свету? А перш за ўсё, ці дастаткова мы, славянскія народы, ведаем адзін аднаго, сённяшні стан культуры, асветы, мастацтва, галоўныя клопаты, якімі кожны з нас жыве? Ці дастаткова мы дзелімся між сабой духоўнымі багаццямі? Ці не дапускаем ва ўзаемаадносінах нячуласці і несправядлівасці, прытрымліваючыся старых догмаў і міфаў? І ці не даём часам свабоду пачуццям, якія не робяць нам гонару, пачуццям нацыянальнага эгаізму, замест таго, каб кіравацца інтарэсамі, агульнымі для ўсіх нас — народаў-братоў, народаў-суседзяў?..
Як я разумею, гэтыя, перш за ўсё, клопаты і мэты меліся на ўвазе, калі гады чатыры назад у асяроддзі рускай інтэлігенцыі — літаратараў, мастакоў, навукоўцаў — нарадзілася ідэя, па-першае, штогадова праводзіць Свята славянскага пісьменства і славянскіх культур, а па-другое, стварыць адпаведны міжнародны фонд у якасці арганізацыйнага цэнтра, які будзе аб'ядноўваць і падтрымліваць намаганні ўсіх, хто шчыра жадае, каб месца і значэнне вялікай, міралюбівай і гуманнай культуры славянства на планеце яшчэ больш узрастала, каб векавечнае славянскае слова разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, несучы мільёнам людзей праўду і святло.
Славянскае слова! Якое невымернае шчасце — валодаць ім і адначасова служыць яму! Якая радасць і асалода слухаць яго — слухаць і пераконвацца, што яно — табе роднае, што яно адгукаецца ў самых патаемных глыбінях тваёй душы, калі нават трохі і адрозніваецца ад таго, што ты ўпершыню пачуў з вуснаў маці! Менавіта пра гэта і мой даўні, прывезены колісь з Балгарыі верш, якім я і хацеў бы закончыць свой невялікі святочны роздум:
АД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СМЕРЦІ РАТУЕ ВЕРНАСЦЬ РОДНАМУ СЛОВУ
Прамова на адкрыцці Свята славянскага пісьменства і культуры. 24 мая 1990 г.
Вялікая падзея ў духоўным жыцці беларускага народа, сведкамі і ўдзельнікамі якой мы з'яўляемся, мае сваю дакладную назву: Свята славянскага пісьменства і культуры. Мы называем гэту падзею святам, хаця сёння ў Беларусі гаварыць «народ святкуе» — не вельмі выпадае, бо не ўвязваецца з клопатамі і настроямі, якія ў нашых сэрцах ужо даўно пераважаюць. Шчыра кажучы, не можа народ безаглядна святкаваць, на ўсю шырыню душы весяліцца, калі над яго лёсам навісла страшная, чорная бяда, — такая бяда, паследкі якой ніхто і прадбачыць не бярэцца. Таму і ўдзел у Свяце шаноўных і дарагіх гасцей з многіх славянскіх краін наш народ успрымае не толькі як знак павагі да яго культуры, яго духоўных набыткаў, але і як сведчанне сардэчнай спагады і нераўнадушнасці братоў-славян да яго лёсу. На маё разуменне, гэта, апрача ўсяго іншага, яшчэ і падтрымка нам у бядзе, а таксама падтрымка ў нашым змаганні супраць духоўнага Чарнобыля, супраць заняпаду нашай роднай мовы і культуры.
Зрэшты, аказанне такой падтрымкі тым, хто ў ёй мае патрэбу, заўсёды было маральным абавязкам, няпісаным законам цывілізаваных грамадстваў, і перш за ўсё — абавязкам інтэлігенцыі. Успомнім тое, што сёння асабліва прыемна ўспомніць. Адразу ж пасля заканчэння грамадзянскай вайны, калі Савецкая Беларусь рабіла першыя крокі свайго дзяржаўнага станаўлення і праблемы адраджэння нацыянальнай культуры, развіцця беларускай асветы і навукі былі праблемамі першаступеннай значнасці, да нас, у край апустошаны, зруйнаваны гадамі ліхалецця, прыехалі сотні вядомых рускіх вучоных, каб дапамагчы нашаму нацыянальнаму адраджэнню. І хачу падкрэсліць: многія з іх сталі патрыётамі нашай культуры, хутка авалодалі беларускай мовай, чыталі на ёй лекцыі і вялі ўсю навуковую і педагагічную працу.
Беларускі народ заўсёды са шчырай удзячнасцю прымаў і прымае дзеі і словы братняй падтрымкі, увагі і павагі і ў сваю чаргу рупіцца аб тым, каб не застацца ў даўгу. У нас прыкметна нарастае цікавасць да духоўных скарбаў іншых славянскіх народаў, да іх вопыту ў галіне асветы і культурнага будаўніцтва і, вядома ж, да іх мастацтва і твораў іх прыгожага, ці, як у нас гаварылі раней, краснага пісьменства.
Што дае знаёмства з гісторыяй і культурай іншых славянскіх краін? Вельмі многа! Хіба, напрыклад, не цікавы для нас гістарычны вопыт Балгарыі? Амаль пяцьсот гадоў над гэтым таленавітым жыццястойкім народам панавалі чужынцы-заваёўнікі. Што ўратавала Балгарыю, балгарскі народ як этнас ад канчатковай гібелі, ад смерці? Слова! Роднае балгарскае слова! Слова ярма не прыняло! Слова жывіла дух. Будзіла сілы. Слова вуснае — у паданнях і легендах, у казках і прыказках, у непаўторных і несмяротных народных песнях, і слова пісанае — у тых тысячах рукапісных фаліянтаў, што ствараліся і захоўваліся ў манастырах і цэрквах! Вуснамі вялікіх балгарскіх асветнікаў — а яны былі пераважна і святарамі — сцвярджалася: усе мовы на зямлі роўныя ад Бога, ад прыроды, і кожную з іх трэба берагчы! Роднае слова гучала ў балгарскіх цэрквах усе пяцьсот гадоў няволі! А што ўратавала ад асіміляцыі, ад нацыянальнай смерці колькасна немнагалікі славенскі народ, які каля тысячы гадоў знаходзіўся пад уладай чужынцаў? І зноў жа Слова! Гэта ж можна сказаць і пра славакаў, і пра чэхаў, і пра сербаў, і пра многія іншыя народы. Вось толькі адзін з урокаў, якія дае нам знаёмства і культурнае супрацоўніцтва з братнімі славянскімі народамі.
Свята ў гонар Слова, якое пачало праводзіцца ў нашай краіне, несумненна дасць багаты плён. Яно дапаможа ўскалыхнуць патрыятычныя пачуцці людзей, абудзіць жывую цікавасць да сваёй гісторыі, да каранёў і вытокаў духоўнасці свайго народа, да тых глыбокіх нацыянальных традыцый і звычаяў, якія, на вялікі жаль, занядбаны і адрадзіць якія — наш супольны святы абавязак. У гэтым сэнсе мы, беларусы, страцілі надзвычай шмат, хаця і шмат змаглі ўсё-такі захаваць — на шчасце для сябе і на радасць для чалавецтва. Разам з намі шмат са сваёй духоўнай культуры страцілі і этнічныя групы, якія здаўна жывуць на Беларусі. Віны беларускага народа ў гэтым няма — трацілі разам. Трацілі не толькі мову, традыцыі, звычаі, скарбы мастацтва, сацыяльнага і гаспадарчага вопыту, багацці душы і памяці народнай, — трацілі пад прэсам нялюдскай бюракратычнай сістэмы і самае каштоўнае, што ёсць у людзей: пачуццё братняй еднасці, братняй узаемапавагі і братняй любові.
Вось чаму сёння найпершы абавязак дзеячаў асветы, навукі, культуры — працаваць не пакладаючы рук на ідэю яднання народаў і нацый, на ўзаемаразуменне і давер. Адраджэнне і ўзвышэнне любой нацыянальнай культуры, мовы, нацыянальнай і гістарычнай самасвядомасці ні ў якой меры не павінны азначаць паслабленне духоўных сувязей паміж народамі, паслабленне нашай роднасці, нашага адзінства. Наадварот, і толькі наадварот! Нельга не думаць пры гэтым пра ролю інтэлігенцыі сёння. Калі на яе вачах ідзе разрыў духоўнай повязі паміж людзьмі розных нацый, адбываюцца акты вандалізму, разбураюцца і зносяцца помнікі героям вызвалення ад фашызму, калі знішчаюцца сімвалы такою высокай цаной здабытай свабоды, сімвалы нашай духоўнай еднасці, калі набываюць сілу працэсы адчужанасці і азлобленасці, — калі, паўтараю, усё гэта адбываецца на вачах інтэлігенцыі,— хіба яна можа маўчаць? Калі б такое маўчанне апанавала ёю, то гэта было б самае горшае, што магло з ёю здарыцца, да чаго можна дайсці ў трагічным разладзе з уласным сумленнем. Будзем, аднак, спадзявацца, што верныя гуманным запаветам вялікіх папярэднікаў, такіх, як геніяльныя стваральнікі нашага пісьма Кірыла і Мяфодзій, як наш нацыянальны геній Францыск Скарына, чый вобраз гэтак сонечна азарае нашу сённяшнюю ўрачыстасць, — сучасныя дзеячы асветы і культуры апраўдаюць сваё высокае прызванне, праявяць волю да барацьбы за яднанне пад сцягам міру, разумнай згоды і чалавекалюбства. Што такое жаданне ў інтэлігенцыі славянскага свету ёсць, сведчыць і гэта Свята.
І ЎСЮДЫ — КРЫК БОЛЮ, КРЫК РОСПАЧЫ
Выступленне на першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР дванаццатага склікання 28 чэрвеня 1990 г.
Паважаныя таварышы! З групай народных дэпутатаў я ездзіў у Хойніцкі раён. Пабывалі ва ўсіх зонах, у тым ліку і ў зоне адсялення, і ў зоне адчужэння, і нават там, на беразе Прыпяці, адкуль добра відаць карпусы Чарнобыльскай АЭС. Ніколі, з гадоў вайны, не было ў мяне такіх цяжкіх уражанняў, як тыя, з якімі я вярнуўся заўчора з Палесся. Пустыя, мёртвыя вёскі, пустыя, без вокнаў хаты, начыста абрабаваныя марадзёрамі, бязлюдныя, адзічэлыя палеткі, лугі, сядзібы. Ніколі не было ў мяне і такіх цяжкіх сустрэч з людзьмі. Што ні сустрэча — балючы крык, крык роспачы, крык «Ратуйце!». Слухаць проста не было сілы, ён раздзіраў сэрца. Крык цяжарных жанчын, якіх ахоплівае жах за дзяцей, што народзяцца, крык маці, у якіх на руках па трое-чацвёра малых, якім ні разу за ўсе гады пасля катастрофы не далі пуцёўку ў санаторый для лячэння. Плач, слёзы з першай хвіліны размовы: «Памажыце, людзі дарагія. Жыць жа хочацца, хоць дзяцей выратуйце».
Паважаныя дэпутаты! Выснова можа быць толькі адна: перасяленне, і неадкладнае. Проста не верыцца, што толькі ў кастрычніку з Масквы нам дадуць навуковую канцэпцыю, пры якім узроўні радыяцыі перасяляць, дзе правесці мяжу зоны адсялення. Значыць, самі мы вызначыць не можам. Кажуць, патрэбна дэталёвае вывучэнне сітуацыі. А колькі яно будзе цягнуцца, гэта вывучэнне? У дзяржаўнай саюзна-рэспубліканскай праграме, якую мы атрымалі, сказана: няма поўнай і дэталізаванай інфармацыі аб забруджанні тэрыторыі рыдыенуклідамі. А інфармацыя такая...
Зайшлі мы на ферме ў кароўнік, замералі фон. Лічбы на дазіметры 25-30. Замералі нарыхтаваны корм — 50 з гакам. Выйшлі з фермы, замералі ў двух метрах ад варот, там, дзе вадасцёк — з даху, у траве, лічбы — 1170-1460. Значыць, амаль у сто разоў больш дапушчальнай дозы. Вось я і пытаюся, якімі ж паказчыкамі кіравацца? Тымі нейкімі сярэднімі, афіцыйна аб'яўленымі па гэтай тэрыторыі, ці канкрэтнымі, рэальнымі?
З гэтай трыбуны было выказана шмат слушных прапаноў наконт перасялення. Не буду паўтараць сказанае, вылучу толькі два моманты, пра што асабліва гаварылі людзі. Перасяляць трэба вёскамі, вуліцамі, калектывамі. Ва ўсякім разе так, каб побач былі блізкія, свае людзі. І другое: у першую чаргу перасяляць трэба сем'і з дзецьмі, паколькі на дзяцей радыяцыя дзейнічае ў шмат разоў мацней.
Далей, трэба неадкладна спыніць на забруджанай тэрыторыі ўсялякае будаўніцтва і вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта тут гаварыў літаральна кожны дэпутат. Ідзе нейкае недаравальнае злачыннае ашуканства. На першым плане не людзі, а вытворчасць. Хто ў гэтым зацікаўлены? Дзеля гаспадарчых планаў мы не ратуем людзей. Простыя людзі, механізатары, даяркі, кажуць: «Труцім сябе, бо ядзім тое, што маем. Але за што мы труцім людзей там, куды наша прадукцыя пасылаецца?» Для іх, простых людзей, гэта яшчэ і маральныя пакуты, іх сумленне не можа змірыцца з тым, што іх нехта робіць, па сутнасці, саўдзельнікамі злачынства. І, вядома, на час да перасялення, паколькі яго за месяц-два не правядзеш, трэба забяспечыць людзей чыстымі прадуктамі, вітаміннай гароднінай, садавінай і медыкаментамі.
Што яшчэ трэба сёння? Трэба гаварыць на ўвесь голас праўду, што Беларусь у вялікай бядзе і што гэта бяда датычыць усяго насельніцтва, да апошняга чалавека. Трэба сказаць, што на пэўны час, можа на некалькі гадоў, нам будзе вельмі цяжка, цяжэй, чым было дагэтуль. Цяжэй, бо, па-першае, на адну пятую скарачаюцца сельгасугоддзі. Па-другое, вялікія грошы патрэбны на выратаванне людзей. Колькі б сродкаў ні даў урад СССР, як бы ні дапамагалі добрыя людзі з усяго свету, перш за ўсё мы павінны разлічваць на свае сілы, на свае магчымасці. Значыць, давядзецца тэрмінова перагледзець гаспадарчыя планы, у прыватнасці планы будаўніцтва.
Прычына таго, чаму на сёння ўсё-такі мала зроблена па ліквідацыі паследкаў Чарнобыля, хоць, здаецца, і стараліся рабіць нешта, усё там жа, у тармазным дзеянні механізма нашай грамадскай сістэмы. Вось паважаны міністр аховы здароўя сказаў: «Запланавалі чатыры дзіцячыя санаторыі і, на жаль, ніводнага не пабудавалі». А чаму? Хто вінаваты? А ці ёсць у нас інфармацыя, колькі пабудавалі за гэтыя гады шыкоўных будынкаў, кожны на многа мільёнаў коштам, для раённых і гарадскіх камітэтаў партыі, для раённых і гарадскіх выканкомаў, для іншых дзяржаўных устаноў? Давайце пачнём з гэтага: перададзім пад бальніцы і санаторыі гмахі, якія занялі пад кабінеты нашы партыйныя апараты. Хто ж дасць прыклад, калі не самыя свядомыя, самыя ідэйныя сярод камуністаў? Аўтарытэт партыйнай арганізацыі залежыць не ад таго, у якім будынку засядае камітэт, а ад таго, і толькі ад таго, што добрае ён робіць для людзей.
Трэба ж, каб людзі ўбачылі і паверылі, што да іх гора павярнулася тварам уся рэспубліка. Трэба па тэлебачанні, па радыё, у друку, з усіх трыбун сказаць народу, сказаць самім сабе, чаго ж мы вартыя як людзі, як нацыя, як дзяржава, калі мы ведаем, што ў небяспецы жыццё кожнага пятага, што пагібель можа напаткаць усіх нашых нашчадкаў, і мы церпім. Мы мірымся з тым, што бачым, пра што ведаем. Больш таго, перасяленцы, як ужо пра гэта гаварылі і іншыя таварышы, вяртаюцца назад пакрыўджаныя, абражаныя нячуласцю і чэрствасцю. Людзі шукаюць паратунку, а на іх глядзяць як на рабочую сілу, і толькі. Як бы яны прыехалі па вярбоўцы, нават пачынаецца своеасаблівы гандаль: маладых возьмем, старых — не. Тыя, хто ўсё жыццё сумленна працаваў і жыў нялёгка, сёння нікому зусім не патрэбны. І гэта ў нас, у Беларусі, жыхароў якой адвеку паважалі за спагаду і міласэрнасць. Проста сорамна думаць пра гэта. Сорамна, што так бязладна, так бяздарна мы страцілі чатыры гады і працягваем траціць дарагі час.
Шкада, што наша сесія не пачала работу з гэтага пытання, што мы не паставілі яго першым. Але сёння ўжо справа не ў маіх ці кагосьці асабістых эмоцыях. Мы гаворым пра канкрэтную дзяржаўную праграму, якую павінны прыняць. Я заклікаю вас, паважаныя калегі, праявіць вялікую прынцыповасць і сёння, і заўтра. Кажу, і заўтра, бо мне вельмі трывожна, што праграму мы прымем, абавяжам урад да дзеяння, а ці будзе яно, гэта самае дзеянне? Пэўнасці ў гэтым няма. І вы ведаеце чаму. Калі б панеслі пакаранне, хаця б маральнае пакаранне, вінаватыя, тады б, можа, іначай ставіліся да ўсёй чарнобыльскай праблемы, да сваіх абавязкаў тыя, хто надзелены ўладай сёння. Але па даўняй завядзёнцы ў нас ніхто ні за што не адказвае. Дакладней, ніхто не баіцца, што панясе пакаранне, нават паніжэннем на пасадзе. Так што трэба, відаць, пачынаць з гэтага. Ці ёсць у нас законнасць? І калі ёсць, дык для каш яна?
І апошняе. Калі ў хаце цяжка хворы, там не пяюць, не скачуць, не весяляцца. Прашу зразумець правільна. Гаворка не аб тым, каб нагнятаць цяжкі настрой, пачуццё роспачы. Але, думаю, трэба ў тэатрах, у філармоніях, па тэлебачанні, на радыё і гэтак далей адмяніць усе ўвесяліцельныя праграмы, хаця б на год. А далей час пакажа. Наогул трэба істотна змяніць увесь стыль жыцця: сам характар нашага мыслення, накірунак нашых жыццёвых клопатаў. Як гэта было, старэйшыя помняць, у гады вайны. У нашай агульнай хаце гора, пра гэта трэба помніць кожную хвіліну. Значыць, ніякага дурнога аптымістычнага пафасу, да якога мы прывыклі. Ён недарэчы, не да месца, ды і шкодзіць справе. Трэба перайсці на дзелавы, рабочы лад усюды і скрозь. Як я разумею, гэта і будзе сапраўды чалавечы стыль, стыль натуральнага чалавечага жыцця, да якога нам даўно пара вярнуцца. Дзякую за ўвагу.
ДЗЯРЖАЎНЫ СУВЕРЭНІТЭТ — ЦІ ЗОНА СВАБОДНАГА ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ?
Выступленне на II сесіі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання 26 ліпеня 1990 г.
Шаноўныя калегі дэпутаты!
Паводле ўсіх слоўнікаў, якія ёсць на свеце, суверэнітэт азначае «незалежнасць дзяржавы ад іншых дзяржаў у яе ўнутраных справах і міжнародных адносінах». Суверэнны — значыць незалежны, самастойны. Суверэнны ўрад — урад, які ажыццяўляе вярхоўную ўладу, — безагаворачна вярхоўную! Ці такім будзе ўрад, які мы тут, на сесіі, назначаем? Ці такою будзе беларуская дзяржава, суверэнітэт якой мы збіраемся абвясціць?