СПАКОЙНА, РАЗВАЖЛІВА, ПА-ЛЮДСКУ
«Звязда» за 7 кастрычніка 1989г.
Здаецца, што наша грамадства, калі браць агулам, сёння ўжо зусім ясна разумее: нацыянальнае пытанне ў шматнацыянальнай краіне — у выніку адступлення ад дэмакратычных пазіцый — аказалася ў запушчаным стане, у практычным ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі выявіліся згубныя дэфармацыі, узніклі вельмі складаныя праблемы, якія трэба неадкладна вырашаць. Гэту відочную рэальнасць прызнала кіраўніцтва краіны і партыі, па-дзяржаўнаму цвяроза ацаніла сітуацыю і намеціла канкрэтныя шляхі выпраўлення становішча — маю на ўвазе толькі што прынятую на Пленуме ЦК КПСС «Платформу».
Па звычцы, якая ўкаранілася ў нас за дзесяцігоддзі, мы ўжо гатовы пафасна аб'явіць і ў газетах і па радыё пра ўсенародную ўхвалу высокага партыйнага дакумента. А варта было б, мабыць, устрымацца ад такіх звыклых дэкламацыі Бо ці па ўсіх пунктах «Платформы» гэтая ўхвала сапраўды ўсенародная? Ну, возьмем, напрыклад, пытанне аб мове — адно з самых важных у сферы нацыянальнай палітыкі. У «Платформе» ЦК КПСС гаворыцца, што кожная рэспубліка мае права надаць мове нацыянальнасці, якая дала назву рэспубліцы, статус дзяржаўнай. І вядома ж, няма агаворкі: за выняткам БССР. І што ж? Мы можам сказаць, што гэту пазіцыю ў Беларусі падзяляюць усе дзесяць мільёнаў яе жыхароў? На жаль, на жаль!.. Пацікаўцеся, колькі ідзе ў рэдакцыі рэспубліканскіх газет пісем, у якіх людзі пратэстуюць супраць таго, каб мова беларускага народа на зямлі гэтага народа мела статус дзяржаўнай. Прычым з вялікім абурэннем пратэстуюць. Ды і людзі, як правіла, не абы-якія, а — высокаадукаваныя, дасведчаныя, палітычна актыўныя. «Незачем нам белорусский язык в роли государственного! Незачем! И не нужно этого делать. У нас должен быть один государственный язык на всю страну — русский!» Вось так: адзін і — «никаких гвоздей»! Таму і кажу: пачакаем з «усенароднай ухвалаю». Пакуль гучаць такія ваяўнічыя пратэсты — пачакаем.
Паколькі ў большасці сваёй гэтыя адукаваныя і нават дзяржаўныя таварышы ўвогуле дэкларацыйна «за» адраджэнне беларускай мовы і культуры, за тое, каб родная мова ў Беларусі жыла і развівалася,— я хачу ім задаць элементарна простае пытанне, якое патрабуе канкрэтнага, а не дэкларацыйнага адказу: «А што трэба рабіць, шаноўныя, каб беларуская мова ў Беларусі заняла належнае становішча, каб яна, як вы ёй таго жадаеце, жыла і развівалася?» Што — канкрэтна? Вы — задумаліся? Не думайце. Бо калі адхіліць галоўнае, то што вы ні параіце, якія прапановы ні зробіце — усё гэта ў лепшым выпадку можа быць толькі пабочным, дапаможным падвор'ем, эфектыўным і дзейсным толькі тады, калі будзе галоўнае, а іменна — калі наша мова ў нашай рэспубліцы будзе дзяржаўнай, будзе функцыяніраваць ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, будзе мовай справаводства, мовай усёй сістэмы адукацыі і выхавання — ад дзіцячага сада да універсітэта, мовай на вытворчасці і ў сферы абслугі і г. д. А толькі дэкларацыямі, ці іначай — вашымі малітвамі, мова не адродзіцца, жыць і развівацца не будзе.
Калі гаварыць да канца шчыра, многія таварышы ўсё яшчэ працягваюць своеасаблівую гульню ў жмуркі — у надзеі, што ісціну нікому злавіць не ўдасца, што абманнымі воклічамі (чытай — лозунгамі) можна бясконца збіваць людзей з панталыку. Здавалася б: давайце публічна, адкрыта і без хітрыкаў паставім усе кропкі над «і». Давайце для пачатку паўторым ісціны, якія шукаць (лавіць) не трэба, бо яны сцверджаны гісторыяй і прызнаны ўсім светам.
Паўторым звышсцісла і катэхізісна — у пытаннях і адказах. «Ці ёсць беларускі народ, беларуская нацыя? — Ну, што за пытанне! Вядома, ёсць. Прычым у вялікай сям'і славян народ — далёка не з меншых: як-ніяк, а дзесяцімільённы». — «Ці ёсць у гэтага народа свая нацыянальная мова? — А як жа! Ды яшчэ якая прыгожая і мілагучная! А як дасканала вусна і пісьмова (за тысячу гадоў кніжнасці) распрацавана!» — «А ці ёсць у яго свая нацыянальная культуpa? — Вядома! Багатая і самабытная прычым. І матэрыяльная, і духоўная. Пагляньце адно на фальклор: у сарака аб'ёмістых тамах выйшаў збор беларускай народнай творчасці, не кажучы пра сотні іншых выданняў». — «А ці праўда, што іменна культура (у самым шырокім разуменні слова) вызначае аблічча нацыі?— Толькі так! А што ж яшчэ, калі не культура? Нацыянальнае дойлідства, разнастайная мастацкая творчасць, народныя рамёствы, традыцыі і звычаі, а перш-наперш — мова». — «А чаму мова паперадзе ўсяго? — Таму што мова — першаэлемент нацыянальнай культуры, яна — аснова асноў усёй культурнай творчасці народа, яна — відочна або нябачна — ёсць ва ўсім, што мы называем культурай, яна па сутнасці фарміруе нацыянальную культуру, і нарэшце — яна арганізоўвае наогул усю жыццядзейнасць народа». — «Дык што будзе з народам, з нацыяй, калі адамрэ яго мова і, значыць, згіне яго культура? — Будзе тое, што ўжо шмат разоў было ў гісторыі чалавецтва: народа як асобнага этнасу не стане, ён сыдзе з гістарычнай арэны ў небыццё. Назаўсёды, на векі вечныя. Адамрэ мова — памрэ і народ. Нездарма ж кажуць: мова — душа народа. Народ — датуль народ, пакуль яго душа жывая».
Вось такія азбучныя, бо зусім зразумелыя, ісціны, якія сёй-той чамусьці хоча ўскладніць і заблытаць. І пытанне сёння павінна ставіцца толькі так: хочам ці не хочам мы, беларусы, захаваць сябе як нацыю? Хочам ці не хочам мы існаваць далей у гісторыі як самастойны, са сваім непаўторным абліччам, народ? Калі хочам — а напэўна ж хочам! — тады давайце, калі ласка, пачнём з галоўнага: з выратавання нашай роднай мовы.
Сёння трэба ўсім разам — усім, хто цвёрда ўсвядоміў неабходнасць адраджэння мовы і культуры беларускага народа, — брацца за канкрэтную работу, якая прывядзе да жаданых вынікаў.
У рэспубліцы створана масавае культурна-асветніцкае Таварыства беларускай мовы, якое аб'яднае тысячы жыхароў Беларусі, нераўнадушных да лёсу роднага слова і поўных жадання паклапаціцца пра яго. Створана таксама дзяржаўная праграма «Родная мова» (яна яшчэ дапрацоўваецца), якая ахоплівае многія аспекты і напрамкі дзейнасці па захаванню і развіццю беларускай мовы. Але самае галоўнае ў шэрагу гэтых, я сказаў бы, вялікіх пачынанняў — стварэнне Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статуса беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі.
Рабочая група гэтай камісіі ўжо закончыла складанне законапраекта «Аб мовах у Беларускай ССР», які, спадзяёмся, у самы блізкі час будзе прадстаўлены шырокай грамадскасці на абмеркаванне. Хацелася б падкрэсліць, што падрыхтоўку гэтага законапраекта да яго разгляду на сесіі Вярхоўнага Савета рэспублікі трэба правесці без прамаруджання, бо апошняе сёння тоіць у сабе палітычную небяспеку. Людзі стаміліся чакаць усякіх наабяцаных перамен на лепшае, і чаканне перамен у становішчы роднай мовы — не выключэнне. Калі вельмі доўга разварушвацца — незадаволенасць будзе ад гэтага нарастаць, асабліва сярод моладзі, якая, на хвалі абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, усё больш і больш пераймаецца клопатамі аб роднай мове. Яна хоча бачыць, што ад слоў мы сапраўды пераходзім да справы і што, такім чынам, высокаму кіраўніцтву можна верыць.
Праект закона аб мовах у Беларускай ССР, пэўна ж, ляжа нарэшце на стол вярхоўнага органа дзяржаўнай улады, але ўжо сёння можна гаварыць аб тым, што яго шлях да ператварэння ў Закон будзе нялёгкі. Па той прычыне, па-першае, што сярод нас ёсць нямала адкрытых, так бы мовіць, прынцыповых нядобразычліўцаў беларускай мовы, ваяўнічых прыхільнікаў і праваднікоў тэорыі «зліцця нацый»; а па-другое, таму, што ў нас яшчэ моцна трымаюцца пэўныя міфы і страхі, пераадолець якія вельмі цяжка, бо імі ахоплены і апавіты досыць шырокія пласты насельніцтва.
Адзін з такіх міфаў — праклятая спадчына з далёкіх часоў сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, калі працоўнага беларуса не лічылі за чалавека, а яго мову абражалі як толькі маглі — аж да таго, што абзывалі сабачай. Да гэтага часу ў многіх беларусаў жыве перакананне, што іх родная мова — горшая за іншыя. Нядаўна слухаў па радыё, як адна жанчына, вясковая паходжаннем, а цяпер гараджанка, тлумачыла, чаму яна не аддала свайго першакласніка ў беларускую школу: «А што ж яго туды аддаваць... У дзярэўню прыедзеш — дык там гэты беларускі язык... а тут хай ужо мой рабёнак вучыцца, як і ўсе, на рускім...» І тысячы, тысячы бацькоў разважаюць вось гэтак. У іх няма магчымасці пераканацца, што іх родная мова — не горшая за іншыя. Калі б была не горшая, дык бы гучала на роднай зямлі ўсюды і скрозь — і на працы, і на вуліцы, і ў магазінах, і ў канцылярыі, і ў школах, — як, скажам, літоўская ў Літве, або польская ў Польшчы, або балгарская ў Балгарыі... І начальства гаварыла б на ёй... А так...
Другі пашыраны сярод нашага добрага, працавітага народа міф — сучасны па паходжанні і мае выразную сацыяльную падаснову. «Што вы там усхадзіліся з гэтай беларускай мовай?! — з абурэннем пішуць нам, у сакратарыят ТБМ, некаторыя жыхары.— Магазіны пустыя, скора есці не будзе чаго, а вы там у Таварыства беларускай мовы гуляеце! Рабіць вам няма чаго, ці што?..» Вось такі, значыць, погляд на стан рэчаў: трэба дбаць пра напаўненне магазінаў, а не пра беларускую мову. У падтэксце: пры поўных прылаўках можна і зусім без мовы абысціся, «на мігі» пагаварыць і дамовіцца, як глуханямыя.
Нялёгка растлумачыць наіўным людзям, што магазіны і будуць у нас пустыя аж да таго часу, пакуль мы не пачуемся людзьмі — гаспадарамі свайго жыцця і лёсу, гаспадарамі гэтай зямлі, на якой росцім хлеб і ўсё, што да хлеба. Але сапраўдны гаспадар — гэта культурны гаспадар. Абавязкова! Гэта наогул культурны чалавек, з высокай нацыянальнай і гістарычнай самасвядомасцю. Бо ён жа гаспадар не толькі зямлі, палеткаў і лясоў, заводаў і шахтаў — ён яшчэ і гаспадар збудаваных яго прапрадзедамі храмаў, напісаных за тысячу гадоў кніг, складзеных і данесеных з пакалення ў пакаленне цудоўных песень і казак, і, канечне ж, — мовы, мовы! Ён гаспадар і валадар роднага, прарослага і ўзгадаванага на яго зямлі слова, без якога культура, як мы ўжо ведаем, наогул не складваецца, не ўтвараецца.
Вось цяпер і звяжам усё адным лагічным ланцужком. Каб па-гаспадарску, ашчадна і мудра распараджацца зямлёй і яе багаццямі, плённа і з добрымі, светлымі надзеямі працаваць на ёй — трэба быць культурным чалавекам, а гэта значыць — свядомым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, той спадчыны, пра якую Купала напісаў: «Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю». Культуру і эканоміку адрываць адну ад другой нельга. Там, дзе такі адрыў ёсць,— там недамагаюць, чэзнуць і эканоміка, і культура, і чым гэты адрыў большы — тым большы агульны заняпад.
Каб быць сапраўдным гаспадаром, які забяспечыць магазіны прадуктамі і таварамі, чалавек павінен адчуваць і ведаць, што вось гэта зямля — яго адзіная, на нейкую іншую ён разлічваць не павінен, шчасце яго і яго дзяцей можа быць збудавана толькі тут, і гэту зямлю — дагледжаную, утульную, прыдатную для жыцця і радасці — ён перадасць нашчадкам сваім у спадчыну. Перадасць разам з усім, што робіць яе ўтульнай і прывабнай, — з плёнам сваёй працы і творчасці, са сваімі духоўнымі скарбамі, з паэзіяй і музыкай, і зноў жа — з мовай! Без мовы, без культуры да яго не прыйдзе ўсведамленне сваёй годнасці як чалавека і гаспадара, адказнага за лёс Бацькаўшчыны, за яе заўтрашні дзень.
Міфічнымі з'яўляюцца і тыя страхі, якія ахопліваюць многіх нашых добрых грамадзян пры гаворцы аб тым, што беларускай мове трэба надаць статус дзяржаўнай і што дзеці беларусаў абавязкова павінны на гэтай мове вучыцца (а калі хто хоча і з небеларусаў — то калі ласка!). «Толькі без прымусу! — спяшаюцца запратэставаць нашы добрыя грамадзяне. — Толькі па выбару, па жаданню!» Ну, добра, без прымусу, ці іначай — па добрай волі, — так, як я хачу. Як мне дыктуе маё ўласнае сумленне. Па добрай волі, слухаючыся свайго сумлення, адмаўляюся ад роднай мовы. А гэта значыць — і ад сваёй культуры, ад усяго таго, што вызначае аблічча народа. А ўрэшце гэта значыць — і ад самога народа, бо: няма мовы — няма народа. Мова і народ — сінонімы. Адмаўляцца ад сваёй мовы і культуры — значыць хацець, каб гэта культура загінула, адмерла. Каб загінула ўсё, чым твае дзяды-прадзеды даражылі. Хіба гэта добрая воля? Выбачайце, але гэта — злая, нядобрая воля... Жадаць пагібелі культуры свайго народа — добрая воля? Аддаць святыні сваёй зямлі на вынішчэнне — добрая воля? Здрадзіць памяці продкаў, запаветам дзядоў і прадзедаў — добрая воля? Няўжо да такой ступені мы заблудзіліся ў трох соснах?
Шаноўныя грамадзяне, якія выступаюць супраць дзяржаўнага статуса беларускай мовы, у лепшым выпадку патрабуюць, каб гэты статус быў нададзены ў нас і рускай мове, каб ураўняць, маўляў, абедзве мовы ў правах, каб нікому не было крыўдна... Але ж у нас ужо гэта было, было! Дзесяткі гадоў абвяшчалася бадай ці не штодзённа, што ў нас і беларуская і руская мовы маюць аднолькавыя правы. Я ўсё жыццё чую гэтыя высокатрыбунныя дэкларацыі. І што ж у выніку? Да чаго дааднолькаваліся? Да чаго датрыбунілі? Якое месца займае ў Беларусі адна мова і якое — другая? Ужо хіба што ў сабакі вачэй пазычыўшы, можна гаварыць сёння пра іх раўнапраўнае становішча ў грамадстве!.. Дык што: пакінем усё, як было і ёсць, без ніякіх перамен? А перамен не будзе, калі ў нас і руская мова атрымае статус дзяржаўнай. Усё застанецца па-ранейшаму — гэта і дзіцяці зразумела. І чаго тады варты ўсе нашы заклікі-настаўленні, што беларускую мову трэба берагчы, шанаваць і развіваць, што беларускі народ мае права на сваю нацыянальную культуру і г. д. і да т. п. А нічога не варты! Словы на вецер! І не больш!..
Наконт занепакоенасці некаторых нашых грамадзян тым, што з пераменай статуса беларускай мовы над іх воляй нібыта будзе ўчынены прымус, я хацеў бы сказаць: супакойцеся, калі ласка. Вашы трывогі і страхі дарэмныя, для іх няма падстаў. Ніхто не збіраецца прымушаць тых, што не валодаюць беларускай мовай (ніколі не ведалі яе або забыліся), каб яны заўтра ж пачалі гаварыць па-беларуску. Гаварыце, як вам падабаецца, як умееце, як лічыце патрэбным — і на рабоце, і на вуліцы, і дома. А з цягам часу навучыцеся, авалодаеце — не Бог ведае якая цяжэзная справа. Важна, каб вы прыхільна (па-інтэрнацыяналісцку!) ставіліся да гэтай мовы і да тых, хто ёю даражыць і пра яе клапоціцца. Важна, каб у вас паявілася жаданне далучыцца да яе — хоць бы, напачатку, у такой меры, каб разумець. Важна, каб вы ўсвядомілі, што засвоіць мову народа, сярод якога жывеш, — гэта не толькі справа абавязку і гонару, гэта будзе для вас каштоўны духоўны набытак — з ёю пабагацееце на цэлую нацыянальную культуру!
Што да прымусу, дык пакуль што ў нас у рэспубліцы ён іншы раз мае месца ў адносінах да тых, хто хацеў бы гаварыць па-беларуску. Або гэта прымус ускосны — маральны націск у форме нетактоўнай заўвагі, кпіны, іранічнай ухмылкі, або і зусім непасрэдны, адкрыты. Помню, як на сумесным пасяджэнні дзвюх пастаянных камісій Вярхоўнага Савета БССР маё выступленне на беларускай мове было перапынена гучным камандзірскім вокрыкам: «Почему вы не говорите на общепонятном языке? Вы не уважайте аудиторию!» Збянтэжаны, я адказаў, што гавару на мове народа, чыё імя ў назве дзяржавы, вярхоўную ўладу якой мы тут прадстаўляем... «Ну, а вот я вашей речи не понимаю, так что же — я тут неравноправный?»— дадаў таварыш. І, аднак жа, супакоіўся. І слухаў маю беларускую мову да канца.
Вось і падумаем: у зале — грамада людзей, усе разумеюць, адзін — не разумее, і хоць толькі адзін, а падымае крык. Чаму? Ды, відаць, таму, што прызнае дэмакратыю толькі для сябе. А калі б на добры лад, па-людску, то павінен быў бы сказаць сабе: «Ну, все, сегодня же берусь за изучение белорусского языка, а то — неудобно, совестно как-то, да и теряю много, будучи жителем Белоруссии... Возьмусь, и хоть немножко овладею! Ведь не сложно: язык-то близкий, родственный, славянский...» Вось гэта і быў бы інтэрнацыяналізм, калі гаварыць высокім стылем. А калі прасцей — гэта былі б паводзіны выхаванага, культурнага чалавека.
Я ўжо неаднойчы гаварыў і паўтару яшчэ раз: тых сіл і часу, якія сёй-той траціць на пратэст супроць павышэння статуса беларускай мовы, было б болей чым дастаткова, каб гэтаю моваю авалодаць. Але таварыш праяўляе «прынцыповасць»: маўляў, не жадаю ў прынцыпе! Маю права не жадаць. Больш таго — баставаць буду, калі што якое!.. Ну, так, лепш буду баставаць, давяду край да разрухі, да хаосу, да холаду і голаду, але не пайду на тое, каб вывучыць колькі сот слоў з мовы народа, сярод якога дзесяткі гадоў жыву і які нічым мяне не пакрыўдзіў... На вялікі жаль, ёсць і такія «прынцыпы», і такая логіка. Адкуль гэта? Ад бескультур'я? Ад фанабэрыі? Ці ад таго і другога разам?
Сярод галасоў, якія сёння гучаць у дыскусіях па пытаннях мовы, ёсць і галасы трывогі, як бы наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай не адбілася шкодна на рускай. Некаторыя з гэтых галасоў настолькі эмацыянальныя, што можна падумаць: гэта рускія школы зведзены ў гарадах і сёлах Беларусі на нішто, гэта рускай мовы не пачуеш ні ў адной дзяржаўнай установе рэспублікі, гэта на рускай мове выходзіць за год усяго дзесяць працэнтаў ад агульнага тыражу надрукаваных у Беларусі кніг...
Яшчэ і яшчэ раз хочацца сказаць — выразна і на ўвесь голас: у Беларусі аўтарытэту і статусу рускай мовы нішто не пагражае. Немагчыма ўявіць беларуса, які захоча адмовіцца ад вывучэння рускай мовы, ад магчымасці карыстацца ёю — чытаць, гаварыць, ды і само жыццё яму не дазволіць гэтага — неабходнасць кантактавацца з людзьмі розных нацый. Немагчыма ўявіць беларуса, які згодзіцца адмежаваць, адгарадзіць сябе ад рускай Кнігі, ад вялікай рускай Культуры; беларуса, які, адарваўшыся ад рускай мовы, тым самым пойдзе на адрыў ад сусветнай Кнігі, ад сусветнай духоўнай Культуры. Думаць іначай — значыць, кепска думаць пра беларускі народ, які заслугоўвае большага даверу. Даказваць гэта, лічу, няма патрэбы, гэта засведчана ўсёй яго гісторыяй. Таму скажам так: праблем з рускай мовай у Беларусі няма і не прадбачыцца. І дададзім: праблем можа не быць і з вяртаннем ва ўсе сферы жыцця беларускай мовы, калі ва ўсіх нас хопіць мудрасці падысці да гэтай справы спакойна, разважліва, па-людску. Калі мы не захочам стварыць іх — небяспечныя для нашага мірнага разнамоўнага дому праблемы — наўмысна.
НАШ ШЛЯХ, НАШ ГРУНТ
Выступленне на XII сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання, 25 кастрычніка 1989 г.
Паважаныя таварышы дэпутаты!
Учора па першаму пытанню парадку дня я не ўзяў слова, каб лішні раз не выходзіць на трыбуну, але ў мяне есць адна прапанова, якая, мне здаецца, вартая ўвагі. Сёння мы ўжо ўсе разумеем, якая вялікая трагедыя здарылася на нашай зямлі. Трагедыя нечуваная, небывалая ў гісторыі чалавецтва. Трагедыя для ўсяго народа, для ўсёй нацыі, якая адаб'ецца не толькі на жыцці ўсіх нас, цяперашніх пакаленняў беларусаў, але і на лёсе многіх наступных пакаленняў. Мы нават не можам сказаць, калі і як мы, наша зямля, з гэтай бяды, з гэтага няшчасця выйдзем.
Дык вось, на маю думку, дзень 26 красавіка трэба аб'явіць Нацыянальным днём скрухі, ці днём смутку, ці, можа, яшчэ як іначай назваць — больш дакладна, больш адпаведна таму, якім зместам мы яго напоўнім. Мне ўяўляецца, што ў гэты дзень па ўсёй Беларусі будуць праходзіць мітынгі, сходы, маніфестацыі, дзе мы будзем падводзіць вынікі работы па ліквідацыі слядоў аварыі, будзем гаварыць зноў і зноў, чаму гэта трагедыя здарылася і што трэба рабіць, як жыць, каб яна ніколі больш не паўтарылася. Гэтаму ж павінны быць прысвечаны і ўсе ўрокі ў школе, і лекцыі ў інстытутах і універсітэтах. Дзецям і моладзі будзем гаварыць аб тым, як трэба шанаваць жыццё на зямлі, як трэба ставіцца да прыроды, да культуры... Адпаведныя перадачы, з журботнай музыкай, будуць цэлы дзень весціся па радыё і тэлебачанні. Калі хочаце, і ў цэрквах, і ў касцёлах у гэты дзень будуць гучаць адпаведныя казанні, спраўляцца малітвы... Адным словам, я прасіў бы ўсіх падумаць над гэтай прапановай — увядзенне такога дня ў рэспубліцы не перашкодзіць выкананню прынятай сёння праграмы па ліквідацыі вынікаў таго, што мы называем Чарнобылем.