— Шукаць трэба, мая мілая.
— Што ў парку ці ў кіно знаходзяцца, гэта не хлопцы...
— Нічога ты не разумееш,— адказала Таня,— і думаеш ты пра ўсё гэта надта па-вясковаму.
Яна паднялася з канапы, падышла да люстэрка, што вісела ля шафы, паглядзелася. Парадавалася, што яна такая танклявая і прыгожая. Яна любіць пастаяць ля люстэрка, прыхарашыцца, выгледзець кожную мясцінку на твары, разгладзіць кожную маршчынку, палюбавацца сабою, агледзець на сабе адзенне, намераць і прымеркаваць запар некалькі сукенак, выбраць самую ладную. А Іра вось і палавіну таго часу не стаіць ля люстэрка. І не таму, што не такая прыгожая ці не сабрала столькі ўбораў, а таму, што вельмі поўная і саромеецца гэтага, не мае вялікай ахвоты вышыкоўвацца.
— Слухай, як табе Васілец? — нечакана навал для самой сябе запытала Таня, разгладжваючы бровы і выбіраючы, якую яшчэ вырваць валасінку, каб бровы былі яшчэ прыгажэйшыя.
— Нічога сабе,— адказала Іра,— хлопец як хлопец. Усе гавораць яшчэ, што ён вельмі добры настаўнік.
— Настаўнік — гэта мяне не цікавіць, гэта хай цікавіць Рагатку і Вертуна,— сказала Таня.— Мяне, мая мілая, цікавіць ён як хлопец.
— Сама ж бачыш...
Сама яна, Таня, бачыла тое-сёе напраўду, але не мела пра яго, Васільца, пэўнай думкі. Усё ж мала разам папрацавалі, месяцы са два. Ды неяк неўзлюбіла гэты год праз Ларысу...
У школе яна і Ларыса былі з маладых настаўніц, незамужніх дзяўчат, дзве сілы, якія не ўступалі адна адной, мелі, здаецца, розныя погляды на жыццё. Спярша хацела верхаводзіць ва ўсім яна, Таня, вучыць, як трэба паводзіць сябе на рабоце, з хлопцамі, як уладзіць сваё будучае жыццё — за каго выйсці замуж і як адносіцца да мужа. Спачатку ёй удавалася ўсіх угаварыць згаджацца з ёю, а пасля нечакана супраць яе выступіла Ларыса...
Ад непрыязнасці да смелай Ларысы са сваёй думкай, якая зусім не супадала з яе, спачатку Таня з непрыязнасцю сустрэла і Васільца. Здалёк, калі ішла па гародзе, бачыла яго, высокага, вясёлага. Калі падышла бліжэй і не заўважыла на яго сімпатычным твары ніякай пагарды, гонару здольнага маладога настаўніка (усе, а надта Алесь Трахімавіч, гаварылі, што Васілец здольны), а ўбачыла сарамлівую ўсмешку, цікаўны шчыры позірк, яна адразу ж змянілася. Забылася пра сваю непрыязнасць і ўсміхнулася. А пасля ўжо, калі ішлі са школы разам дахаты, калі ён яшчэ прыходзіў увечары да іх, адчула, што ён напраўду здольны, разумны, але не стараецца гэтага паказаць, нават хавае, а паказвае сваю дасціпнасць, прастату і шчырасць. І гэта прываблівае, бо гэтая шчырасць не зусім нясмелая, патайная, як у іншых, а толькі ў меру сціплая, за ёю відаць вялікія і самыя нечаканыя па сваёй дабраце парывы.
— Дык ён табе спадабаўся? — спытала Таня і адышла ад люстэрка, села ля Ірыны, якая ўжо ледзь не драмала.
— Ну,— тая напраўду плюснула соннымі вачыма, абудзілася.— Хлопец як хлопец. Ларыса расказвала, што ён надта добры.
— Калі ласка, не ўспамінай ты мне яе! — зморшчылася Таня.— Хопіць таго, што яна мне летась нямала нерваў папсавала.
— А ты ёй мала? — нечакана ажывілася Іра.— Ты ёй яшчэ больш папсавала, старалася ўсяк укалоць, высмеяць яе думкі.
— Я ведала, што і ты так думаеш, як яна,— зласнавата сказала Таня.
Ірына прамаўчала.
— Хоць магла б мяне падтрымаць...
Іра зноў змаўчала, не захацела, як часта і дасюль, гаварыць супраць, пачынаць спрэчку.
— Канечне, з усіх тутэйшых ёй някепскі хлопец трапіўся,— прамовіла Таня, а пасля, каб зачапіць Ларысу, дабавіла, адчуваючы, што гэтыя яе словы Іра можа ціха перадаць той,— Праўда, нічога такога на ім няма...
— Але вось жа зацікавілася...— зноў нечакана ўсміхнулася Іра.— Наўмысна нагаворваеш, а на самай справе на душы іншае...
— Ты насміхаешся? — незалюбіла Таня.
Тая спакойна і ціха заўсміхалася яшчэ і нічога болей не сказала, але ўвесь яе выгляд наказваў, што яна думала, была супраць, што Таня мела шмат хлопцаў і можа вельмі легкадумна паводзілася з імі, часам і палохала іх сваёй смеласцю і дасяжнасцю, несур'ёзнымі — найчасцей наўмысна несур'ёзнымі — размовамі пра каханне як пра нешта зусім не вечнае.
— Няма чаго, мая мілая, пасміхоўвацца,— сказала Таня,— яшчэ паглядзім, хто з нас будзе смяяцца апошні. Бо і Жэня твой — не ўдача...
— Я не смяюся,— адказала Іра, націраючы рукамі заплюшчаныя вочы.
Танін настрой мігам сапсаваўся: яна была вельмі ўражлівая, настраёвая, любіла найболей прыемныя гутаркі, кампліменты, заляцанні мужчын — тады была задаволеная, шчаслівая, вясёлая, гарэзная, а вось усякія непрыемнасці хутка і лёгка псавалі настрой, маркоцілі, і яна шукала тады спагады. Таму, можа, так і любіла, каб ля яе было шмат хлопцаў, любіла, каб не яна, а іншыя падладжваліся да яе вясёлага характару.
Іра і Ларыса, з-за якіх мігам сапсаваўся цяпер настрой, былі другія. Іра не так цягнулася да кампаніі, не была ўражлівая, не вельмі любіла кампліменты і легкадумныя прызнанні; яшчэ падабалася Тані, бо маўчала і думала пра ўсё сама сабе, а вось Ларыса часцей за ўсіх збівала з панталыку, бо была сур'ёзная, прадбачлівая, вытрыманая. Гаварыла ўсё, што думала, асуджала востра і бязлітасна.
І яшчэ было адно, што рабіла вялікі гонар Ларысе, а яе, Таню, не раз сароміла. Гэта тое, што Ларыса заўсёды мела сваю думку і берагла яе, яна ж, Таня, здавалася на першы погляд, гэтаксама мела сваю думку, але не заўсёды жыла так, як думала, часта адчувала, што ёй у душы вельмі падабаліся Ларысіны думкі, паводзіны, хоць гэтага яна старалася нікому не паказаць. І дзеля гэтага яна не раз гаварыла не тое, што думала, а тое, што было б супраць Ларысы...
«Ладна, мы яшчэ пазмагаемся з гэтай Ларысай,— падумала яна цяпер, вельмі хочучы гэтай жаночай барацьбы,— і яшчэ невядома, хто каму саступіць...»
І яна адчула, што цяпер будзе спрачацца з той не толькі на словах, стараючыся паказаць, што больш усяго ведае, стараючыся мець пры сабе больш прыхільнікаў, а цяпер ужо гэтая спрэчка будзе вельмі канкрэтная. З-за Васільца...