Убачыўшы яго, яна заўсміхалася, паставіла ля парога сумку, падышла, пацалавала ў шчокі, нават усхліпнула:
— Як вы змяніліся, дзіця маё! Папаўнелі, пахарашэлі, дзякуй богу!
Выцерла хустачкай, выцягнутай з рукава, слёзы, зусім не саромеючыся, пазірала добра, замілавана, і ад яе гэтага пяшчотнага мацярынскага пагляду было вельмі добра на душы. Была яна простая вясковая, малапісьменная жанчына, працавала тэхнічкай у школе, мела добрую душу, чулае сэрца, і ў вёсцы людзі (настаўнікі надта) вельмі яе паважалі.
— Вы маладзенькі, а мы во з Алесем Трахімавічам старэем, ледзь ногі цягаем,— пяшчотна сказала гаспадыня, прысаджваючыся ля іх,— яму ўжо і сёлета пара на пенсію ісці, а мне на тую восень...
— Я яшчэ дык бадзёры, ніякі не стары,— пажартаваў Алесь Трахімавіч.— З столькімі маладымі працую, на дзяўчат нашых заглядаюся, то які я стары? Не, я яшчэ не стары...
— Маладзёнак ты яшчэ ў нас, кавалер! — пажартавала і цёця Галя.— Дзяўчаты ў школе то і праўда падабраліся ладныя, але не для цябе... Вы мне, бабе цікаўнай, прабачце, Павел Мікалаевіч, адзін прыехалі ці з Ларысай Іванаўнай?
— Адзін, цёця Галя. Яна прыедзе пазней.
— Надта добрая яна дзяўчына. І сабою ладная, і характар залаты мае. Толькі вось сёлета маркотная была...
Павел зразумеў, што хацела сказаць гаспадыня, усміхнуўся. Усміхнулася і яна, яшчэ як засаромелася, што крышку ўмешваецца ў іхняе сяброўства. І, каб не было гэтай няёмкасці, перавяла гутарку:
— А я да сваёй дачкі ў госці ездзіла. Аж у Ленінград. Пагасцявала тыдзень, во і вярнулася. Трэба паглядзець, што тут робіцца, як тут стары гаспадарыў, падладзіць у хляве ды на гародзе ды на паслязаўтра збірацца на работу ў школу.
— Выпіце за сустрэчу,— сказаў Алесь Трахімавіч,— мне гэтаксама з радасці хочацца лізнуць яшчэ, але я баюся. А вы пакаштуйце яшчэ.
— З Паўлам Мікалаевічам — з радасцю,— згадзілася цёця Галя, якая амаль не брала пітва ў рот, хіба толькі мачыла вусны ў святы ды тады, калі прыязджалі дамоў дзеці.— За тое, што вы вярнуліся, і. за тое, каб хутка паскакаць на вашым вяселлі...
Павел выпіў, прыкусіў. Крыху расказаў гаспадыні пра сваю службу і пастараўся перавесці гутарку на іншае, каб яна расказала пра Ленінград ды пра дачку. І тая з ахвотаю пачала апавядаць, як яна даехала, як шукала гарадскую даччыну кватэру, як гасцявала, куды хадзіла і што бачыла, не магла пахваліцца сваімі «міленькімі і надта разумненькімі» ўнукамі.
Расказаўшы шмат, пасля пачала частаваць мужа і Паўла, ленінградскімі прысмакамі, і Павел, бачачы ласку і павагу, затрымаўся ў гасцінных гаспадароў надоўга.
4...
Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна (так, па імені і па бацьку, называлі яны адна адну толькі ў школе — пры настаўніках і дзецях, а дома клікалі адна адну па-свойску — Таня і Іра) жылі на кватэры ў адзінокай старой жанчыны, кульгавай Зосі. Гаспадыніны дзеці, два сыны і дачка, загінулі ў вайну — пастралялі фашысты. У яе, калі ўцякала з дзятвой у лес, гэтаксама стралялі, паранілі, але яна засталася жыць, хоць і сышла крывёю. Выжыла, а дзяцей страціла, мужа з вайны не дачакалася, атрымала толькі пахавальную. Так — адзінокаю — і жыла, працавала, старэла.
Каб было весялей, штогод брала кватарантаў, адпускала ім чысты пакой. Сёлета зноў будуць жыць у яе яны, Таня і Іра.
Хоць ёй трымаць іх, дзяўчат, было, можа, і не зусім выгадна ці добра. Бо сюды вечарамі прыходзілі не толькі сяброўкі, але завальваліся і тутэйшыя хлопцы. У вёсцы іх жыло, праўда, мала, але суботаю аднекуль з'язджаліся, хадзілі гуртам па вуліцы, шукалі, дзе можна павесяліцца. Вось і дападалі сюды, прыходзілі з транзістарамі, з магнітафонамі, круцілі іх, «пускалі» за вечар мо па тысячы песень на самых розных мовах. І Зося ўсё слухала; калі ў яе не раз пыталіся, што, можа, не трэба так шумець, пускаць у хату хлопцаў, то яна адказвала, каб «шумелі на здароўе», пакуль гады маладыя, весяліліся.
Іра і маладая, але не вельмі любіла такія вечары, не любіла гучнай музыкі, шуму, гоману, як і хлопцаў, многія з якіх надта не далікатнічалі, былі смелыя, лезлі сляпіцаю, і па ёй магло б усяго гэтага не быць, тым больш што яна яшчэ вучылася завочна і ёй патрэбен быў час для вучобы, але ўсё гэта вельмі любіла Таня.
Яна, нарадзіўшыся ў горадзе, любіла шум машын, вялікія людскія кампаніі, весялосць, таму не магла тут, у вёсцы, жыць у цішыні, быць адной. Яна здзіўлялася, чаму так хоча быць сам-насам і ў спакоі Іра, чаму неяк хаваецца ад людзей, такая сціплая, маўклівая, крыху скрытнаватая.
Таня была старэйшая за яе мала, на чатыры гады, але мела зусім іншы характар і звычкі — была смелая з людзьмі, з хлопцамі гэтаксама, любіла, каб яны да яе заляцаліся, віліся, як пчолы ля кветак, але не магла пі з кім падоўгу сябраваць, хацела ўсё нечага новага і лепшага. Іра, мусіць, бачачы ўсё гэта, адчуваючы, што яна маладзейшая, меней чаго бачыла, бо амаль нікуды не выязджала са сваёй вёскі ды з Мілане«, вучылася яшчэ толькі на трэцім курсе завочна,— не толькі, прыглядалася да Тані, але і слухалася, часамі нават старалася быць падобнай у адзенні. І толькі. Бо, маючы зусім іншы — вельмі спакойны характар і сарамлівасць, у звычках не магла быць падобнай.
Цяпер Таня і Іра былі дома, сядзелі ў сваім пакоі, дзе стаяла шафа з гаспадыніным і іх адзеннем, канапа, дзе яны спалі. Каб не сумаваць доўгімі зімовымі вечарамі, яны з Ірай злажыліся і купілі невялікі тэлевізар, што і стаяў на стале.
Яшчэ нядаўна Таня і Іра былі на школьным гародзе, разам з тэхнічкамі, з Вольгай Піліпаўнай, якая пасля надышла, выбіралі гуркі ды памідоры, зносілі іх у школьную сталоўку.
— Нешта сумнавата,— пазяхнула Таня, распраміла рукі, паднімаючы ўперад невысокія грудзі,— Давай мо, мая мілая, паедзем нанач у горад, сходзім у кіно, пазнаёмімся з добрымі хлопцамі.
— Ай, не хочацца нікуды ехаць гарачынёю,— адказала Іра.
— Баішся свайго Жэні? — спытала Таня.— Думаеш, што пакрыўдзіцца?
— Ведае ж, што я буду сёння дома...— нарэшце адказала Іра, адказала спакойна, нават неяк млява.
Такая — спакойная — была яна кожны дзень, ці гаворыць што, сядзіць ці бяжыць, яна надта не захвалюецца, не варухнецца, не выкажа сваіх эмоцый. Спакойная і, здаецца, абыякавая, халодная да ўсяго, паабяцала тутэйшаму заляцанніку, што нікуды не паедзе, будзе чакаць яго вечарам, то не варта прасіць яе перадумаць: нікуды яна напраўду ўжо не наедзе. Але Тані захацелася ўсё ж крыху калі не пазлаваць яе, то разварушыць, вывесці з гэтага халаднаватага спакою.
— І што ты знайшла ў ім, гэтым Жэню? — грэбліва спытала яна.— Маленечкі, разведзены. Што — табе другіх хлопцаў, лепшых, няма?
— А дзе яны надта ёсць? — спакойна спытала тая, седзячы побач на канапе і, здаецца, дрэмлючы.