Адамкнуўшы іх, прапусціў, першага Паўла. У цемнаватым калідорчыку справа стаяла высакаватая скрынка (мусіць, з-пад тэлевізара), у ёй быў скіданы абутак, вышэй трымалася вешалка, яшчэ вышэй вісеў лічыльнік, на якім ляжала парудзелая разліковая кніжка. Столь і сцены зверху былі белыя, як і грубка злева, ніжняя палова сцен была пафарбавана маслянай сіняй фарбаю. Праход за грубкаю быў завешаны шэраю шырмаю, якая і прыцемнівала калідорчык.
— Заўважыў? — усміхнуўся Сліж.
Павел, першы раз усё тут бачачы, не ведаў, пра што пытаецца гаспадар. Сліж уключыў святло, міргнуў на лічыльнік, дыск у якім не круціўся.
Павел паківаў галавою ад здзіўлення.
— Нада, браце...— усміхнуўся Сліж.— Знаеш, тэлевізар, плітка очань накручваюць...— І калі Павел скінуў туфлі, запрасіў у залу.
Гэты пакой, невялікі, светлы, быў шыкоўна абстаўлены. Стаялі ля даўжэйшай Сцяпы дзве кніжныя секцыі, ля акна стол, ля яго тумбачка з тэлевізарам, адразу, злева, канапа. Мэбля была пад адзін — чырвона-карычневы — колер. Шырокае акно было завешана беласнежным дэдэронам.
— Ды ты стаў кніжнікам! — здзівіўся Павел, падыходзячы да кніжнай шафы.
Там ляжала і стаяла кніжак з дзесяць, не болей, а так стаялі пакладзеныя адна ў адну, мелкія і глыбокія талеркі, кубкі для кавы, чаркі і графіны для віна, стаялі малесенечкія пляшкі гарэлкі і каньяку.
— Культура! — паціснуў плячыма Сліж.— Цяпер у горадзе ўсе культурныя людзі кнігі купляюць.
— Дык гэта мода ці культура? — усміхнуўся Павел.
— А гэта не адно і тое ж?
— Не.
— Я не разбіраюся, браце,— сказаў Сліж.— Я не філосаф і нават не філолаг. але я ведаю, што цяпер інтэлігентныя людзі купляюць, і я гэта купіў. Бачыў, колькі кніг у Алеся Трахімавіча?
— Бачыў,— сказаў Павел.
— І я зафурую гэту шафу кнігамі, а для пасуды сервант куплю,— прамовіў Сліж, і Павел паверыў: так і будзе.— Іду ў нагу з часам...
— Пакажы самае галоўнае сваё...— Павел настараўся перамяніць гутарку на іншае.
— Ці не грашовую кніжку?
— Ды не. Дачку.
— А, ты вось пра што...— той прачыніў дзверы ў спальню, і Павел убачыў два драўляныя ложкі, дыван на падлозе і на сцяне, калыску, у якой спала дзяўчынка.— Паглядзі і не спяшайся надта мець іх, калі ажэнішся. Паспееш. А то, браце, яны, гэтыя дзеці, мяшаюць убачыць усе прэлесці жызні... На цяперашні свой розум, то другое буду яшчэ не скора старацца. Нада, браце, спачатку пажыць дзеля сябе...
Павел ступіў у спальню і ўбачыў у калысцы поўненькую, цёмнавалосую дзяўчынку, якая спала і смачна цмокала ружовымі губкамі.
— Ну, як? — спытаў Сліж.
— І крошкі ў цябе падабрала...
— Трэба ўмець!
— Някепска ты зажыў, гляджу,— сказаў Павел, выйшаўшы са спальні і садзячыся на канапу.
— Кішэні сваіх і яе старых добра патрос,— сказаў Сліж,— вось і выкалаціў... А сам збіраю грошы на «Жыгулі», жыць не буду, калі не куплю. Другія маюць, раскатваюцца, а чаму я не магу ў сваёй машыне праехацца? Што я — горшы за другіх? Цяпер, браце, пажыць добра можна, толькі трэба не драмаць... Але хопіць насуха балбатаць, пасядзі крыху тут, а я прыгатую тое-сёе, тады лаўчэй будзе язык варочацца.
— Дзякую, не трэба,— шчыра папрасіў Павел,— усе гэтыя дні толькі і ведаю, што ў госці хаджу... Так і да бяды нядоўга...
— Не бойся,— усміхнуўся Сліж.— У цябе такі характар, такая воля, што зладзіш з сабою... А я... Ды і магу...— і ён жартам паляпаў на сваім поўным жываце.— Ды калі дармавой яшчэ...— і задаволена засмяяўся.— Так сказаць, пры прыемнай кампаніі, пры добрай закусцы ды за чужы кошт можна піць бясконца... Так што...
— Не-не,— сказаў Павел, амаль падхапіўся з канапы.— Калі ты так, то я пайду дадому.
— Ну ладна, Павел Мікалаевіч, хай будзе па-твойму,— махнуў рукою Сліж, сеў ля стала,— Тады квасу зараз пап'ём ці кавы... Маладзец, што ўмееш адмаўляцца, здароўе і аўтарыцет беражэш... А я прасцей жыву... Як якая гулянка ў вёсцы ці лазня — мяне клічуць... І я — не ганарлівы надта — не адмаўляюся... А ты, можа, браце, і добра зрабіў, што вярнуўся сюды. Праз год-два Рагатка на пенсію пойдзе, то ты і ўзбярэшся на яго месца. І начальнікам будзеш, і пры школе абжывешся пакрысе...
— Спачатку трэба самому навучыцца працаваць,— сказаў Павел,— а тады ўжо марыць пра пасады і другіх вучыць.