Вось цяпер, як рыпнулі дзверы, яго пачуў і ўбачыў крышку глухаваты Алесь Трахімавіч, добра ўсміхнуўся, абапёрся аб вялікую кніжную шафу і цяжка, чырванеючы ў поўным твары, падняўся. За гэты год ён, як відаць было, невысокі, плячысты, яшчэ больш папаўнеў, стаў зусім тоўсты і, мусіць, цяжкі на хаду. Бо ішоў Паўлу насустрач надта нязграбна, мучачыся ад сваёй лішняй паўнаты.
— Добры дзень вам! — прывітаўся Павел.
— Добры дзень, даражэнькі! — падышоў Алесь Трахімавіч, усміхаючыся, падаў цяжкую руку, а пасля прыхіліўся, прыткнуўся сваёю добра выгаленаю шчакою і няўмела, па-мужчынску стрымана пацалаваў у шчаку.— Са зваротам, дарагі!
— Дзякую,— сказаў Павел, убачыў, што хоць гаспадар і добра выгалены ды падстрыжаны, у адпрасаваных хатніх штанах, але яму нялёгка ўжо так глядзець сябе, бо пагоршылася за гэты год яго слабое здароўе: стаіць во і ледзь не хістаецца на нагах.
— Адразу хачу запытаць,— адхіліўся, зірнуў яму ў вочы Алесь Трахімавіч, як абсеў на прыгнутых нагах і яшчэ больш папаўнеў,— будзеце ў нас працаваць ці не?
— Тут...— з усмешкаю адказаў Павел, добра разумеючы гаспадарова запытанне.
Алесь Трахімавіч узрадаваўся яшчэ больш, але ўжо не прыхіліўся, а шчасліва паляпаў па плячы, добра назіраў і, здаецца, свяціўся ад радасці на старым маршчыністым твары. І цяпер ён, Алесь Трахімавіч, шырокі ў шчоках, з таўставатым носам, з невысокім ілбом, вышэй якога пасярод галавы пад рэдзенькімі сівавата-чорнымі валасамі свіцілася вялікая лысіна, дык вось цяпер Алесь Трахімавіч, надта не надзелены мужчынскаю красою, папрыгажэў. Папрыгажэў ад радасці і сваёй дабрыні.
— Ну, во і добра, што яшчэ разам панастаўнічаем...— радаваўся ён.— А то, прызнаюся, я ўжо і засумаваў без вас, без нашых гутарак. А без вас я во састарэўся...— ён жартаваў і хацеў неяк калі не схаваць сваю нездаровую паўнату, то хоць паказаць, што гэта для яго не страшна. Другія старыя, як чуў Павел, не раз толькі і вялі размовы пра свае хваробы, але Алесь Трахімавіч, які б ні быў хворы, ніколі не стараўся пра гэта гаварыць, усяк бадзёрыўся сам і падвясельваў другіх.
— Гуляеце з унукамі? — спытаў Павел.
— Пакуль не ў школу, дык пагуляю,— адказаў той, прысеў на блізкае крэсла, як рыба, хапіў паветра, прыплюшчваючы вочы, пасля з задышкаю яшчэ прамовіў: — І мне весялей з імі, і сыну з нявесткаю падмога, могуць абое на работу хадзіць... Вы, хлопцы,— загаварыў да светлавалосых, адзін над адзін, унукаў,— можаце ісці на двор і пабегаць, а я пасяджу тут з дзядзем.
Дзеці падняліся, але адразу не пабеглі з хаты: сабралі свае цацкі, знеслі іх у скрынку, што стаяла за шафаю, паправілі, выцягнулі і распрамілі ходнікі — тады падаліся ўжо на двор.
— Садзіка ні тут, ні ў іх, у Вішнёўцы, і цяпер яшчэ няма, дык сын прывозіць дзяцей на лета мне. Восенню ўжо нявестка, відаць, не пойдзе на работу, будзе з імі...— сказаў Алесь Трахімавіч.— Пісалі ў газету, дык з раёна далі адказ, што будуць ставіць сад у наступнай пяцігодцы. З імі, дзецьмі, то не малы клопат, вялікі рух трэба, а гэта цяжка мне...— І ён не дагаварыў усяго, махнуў рукою.— Але як сяджу ціха, без руху, то яшчэ горш. Таму вот і на пенсію ісці не хачу, на якую, каб захацеў надта, мог бы сёлета і пайсці. А па-другое, неяк цяжка і падумаць — як гэта буду жыць без школы... Здаецца, без мяне і вучыць будуць горш...— ён добразычліва ўсміхнуўся.— Але вы, мілы, пасядзіце ці паглядзіце кніжкі, а я патупаю крыху...
— Не трэба нічога для мяне,— папрасіў Павел, добра ведаючы вялікую гасціннасць гаспадара, які, не пачаставаўшы, не выпусціць ніколі з хаты.
— Чаму гэта не трэба? Трэба, дарагі, і надта трэба,— ён падняўся, заплюшчыў вочы ад болю ў спіне.— Гэта ж такая радасць, што вы вярнуліся, што мы зноў будзем разам. А для мяне вы вялікі госць...
Ён няўклюдна, паволі ступаючы поўнымі нагамі, патупаў у сенцы, а Павел падышоў да кніг. Іх у гаспадара было вельмі многа — дзве шафы. Адна была напакавана беларускай прозай і паэзіяй, другая — рускай і замежнай. Сярод іх былі і старыя кнігі, і вельмі рэдкія многія зборы твораў, і вядомыя серыі, самыя свежыя навінкі. Многія гавораць, што ні адзін настаўнік у раёне не мае такой вялікай і добра падабранай бібліятэкі.
Зайшоў у хату Алесь Трахімавіч, прынёс талерачку нарэзанай паляндвіцы, каўбасы, міску свежых, аблітых смятанаю памідораў.
— Знайшлі што вартае свайму густу? — спытаў ён з гонарам, усміхнуўся.
— Яшчэ колькі! — пазайздросціў гэтулькім добрым кніжкам Павел.
— Чыталі? — паставіўшы пасуду на стол, Алесь Трахімавіч падышоў да шафы і дастаў тонкую шараватую кнігу,— Вельмі добрая замежная пісьменніца.
— Не, не чытаў,— адказаў Павел.
— Аўтар вядомы цяпер, здольны,— сказаў Алесь Трахімавіч, гартаючы кнігу,— калі не пашы вучні, дык вясковая моладзь магла прачытаць. Возьме ды запытае пра што-небудзь у нас, літаратараў... Ім няёмка адказаць, што часу не было прачытаць ці не знайшоў кнігі... Яны датуль будуць паважаць настаўніка, пакуль ён ведае больш за іх...
Павел засаромеўся, заліўся чырванню.
— Даю толькі намёк...— зразумеўшы яго збянтэжанне, усміхнуўся Алесь Трахімавіч,— Трэба ў любых умовах старацца ведаць найболей... Тым больш настаўніку. І нам, літаратарам, трэба не толькі знаць класіку ды навінкі, але і фізіку, і хімію, і матэматыку, хоць за сярэднюю школу. Тады дзеці ўбачаць, што мы многа ведаем, можам ім ва ўсім памагчы, і будуць верыць нам, паважаць...
— Усё зразумеў...— жартаўліва, але ўсё яшчэ з сорамам усміхнуўся Павел.
Алесь Трахімавіч спачувальна ляпнуў яго па плячы, падаўся ў кухню, вынес перад сабою невялікі лёгкі стол, паставіў яго паблізу кніжных шаф, прыгатаваў закусь, а тады з шафкі дастаў пляшку дарагога віна.
— Хоць слабенькага, але вып'ем за тое, што вы добра адслужылі, зноў да нас вярнуліся,— прамовіў ён, калі яны селі абапал стала, сарваў рукою фальговую завёртку і штопарам выкруціў руды корак.— Малайчына, што прыехалі зноў да нас. Вы патрэбны тут, бо толькі ў вашы рукі я хачу «перадаць» мову і літаратуру. Дык за вас!
— За сустрэчу і за ваша здароўе! — сказаў Павел, паднімаючы поўную чарку і стараючыся ні кропелькі з яе не разліць на чысты настольнік.— І за тое, каб яшчэ доўга лінгвістыка была ў вашых руках!
— О! — махнуў гаспадар жартоўна рукою.— Скасілася ўжо мая каса...
Усміхнуліся і выпілі па невялікай чарцы, пачалі закусваць.
— Добра, што мы настаўнікі мовы і літаратуры...— еў і гаварыў Алесь Трахімавіч, поўны твар якога не па-маладому заружовіўся рэдкімі дробненькімі навыкамі.— Некаторыя матэматыкі нам спачуваюць, што мы штогод вывучаем адзін і той жа твор, а яны, маўляў, хоць таксама вывучаюць адно правіла, але могуць рашаць многія, у тым ліку і свае, настаўнікам прыдуманыя, задачы... Кажуць, вам няма такой творчасці: пісьменнікі напісалі, а вы толькі «жуйце»... Жуём, але колькі штогод знаходзіш у тым жа творы новага, свежага, раней схаванага для цябе, і з якой радасцю ўсё гэта адкрываеш дзецям... Вось калі вядзеш урок і свецяцца ў цябе вочы ад радасці, тады і ў дзяцей свецяцца вочы, ёсць радасць ад мастацтва, ім добра, і яны тады любяць літаратуру, бачаць за ёю жыццё... Не здолееш зацікавіць, паказаць — тады твор для дзяцей застаецца толькі творам... Таму, як добра, што мы настаўнікі-літаратары...— Ён, прыкметна ахмялелы ад адной чаркі, азірнуўся на дзверы: у пакой зайшла яго жонка, цёця Галя, невысокая, у меру паўнаватая, рухавая, некалі вельмі прыгожая жанчына з дробным тварам, апранутая цяпер у святочную рудаватую сукенку, новыя туфлі і новую жаўтаватую хустку — вясковыя жанчыны так апранаюцца толькі тады, калі ад'язджаюцца «ў людзі», далёка ад дому. Павел падумаў, што некуды ездзіла і цёця Галя.