Назаўтра Васілец пайшоў у суседнюю вёску, Вішнёўку, на пошту і заказаў тэлефонную размову з Ларысай. Але пагаварыць не ўдалося: з Ларысіных родных мясцін перадалі, што яе ўжо няма — паехала на працу.
«Ну і добра! — радаваўся ён.— Значыць, на днях ужо ўбачымся!»
Выйшаў з цёплага двухпавярховага цаглянага будынка — у ім акрамя пошты былі сельсавет, кантора тутэйшага саўгаса — і падаўся дадому. Толькі пачаў абыходзіць абгароджаны высокі помнік, як убачыў: насустрач яму з блізкага магазіна выйшаў Сліж.
Той спачатку, здаецца, пазіраў на свае новыя, шэрыя, з рудымі замкамі і жоўтымі скуранымі латкамі джынсы, на жоўтыя туфлі, пасля падняў галаву, прыжмурыўся ад сонца, якое хоць і нізка, над лесам, вісела, але ярка сляпіла цёплымі праменнямі. Усміхнуўся, ад чаго яго шчокі яшчэ пашырэлі, амаль схавалі вушы, махнуў рукою па русявых, зачасаных набок валасах, што прыкрывалі нізкі лоб, хутчэй пайшоў насустрач.
Падышоў, падаў гладкую, белаватую руку са шлюбным пярсцёнкам, зноў заўсміхаўся, ад чаго папрыгажэў на даволі сімпатычным твары.
— Ну, віншую, таварыш дэмабілізаваны! — трос Паўлаву руку, задзіраў уверх галаву, пазіраючы ў твар: быў зусім невысокі, Васільцу на плячо.
— Дзякую,— усміхаўся і Павел: быў і рады сустрэчы, бо ўсё я? Сліж калега па рабоце, і пацешваўся, што той па-ранейшаму чамусьці вельмі змякчае зычныя цвёрдыя гукі — прамовіў не «віншую», а «віншюю».
— Ці не выцягнуўся ты яшчэ вышэй? — пазайздросціў Сліж.
— Не так выцягнуўся, як распраміўся ў арміі...— пажартаваў Павел,— А ты, Уладзімір Пятровіч, за гэты год «падрос» ушыркі...
— Не гаварі...— жартоўна махнуў рукою Сліж і, ведаючы, што з яго гутаркі не раз пацешваюцца, пастараўся не змякчаць зычных.— Сам не ведаю, чаму паўнею... Хіба, можа, бегаць трэба? Але ж лянуюся.
— А я бегаў, і шмат...
— Ты служака, усюды патрапіш...— як пажартаваў Сліж.— Але вярнуўся во, прыехаў сюды, да Зубка, да дзяўчат зайшоў, а да мяне не зазірнуў...
— Адкуль ты?..
— Вёска...— не даў дагаварыць Паўлу Сліж.— Усе ўсё ведаюць. Ніна мая працуе тут у магазіне, то прыходзілі з Міланек бабы нешта купляць і расказвалі... Але дачка мая адна ў хаце, можа, прачнулася ўжо, то будзе плакаць. Хадзем, зірнеш на яе. Красуня!
— Можа, другім разам? — спытаў Павел, ведаючы, што Сліж захоча і пачаставаць.
— Да мяне дык і не хочаш зайсці...— пакрыўджана адказаў той.— Мы яе з табою аднагодкі, маладыя, то нам і трэба дружыць, трымацца адзін аднаго. Дачку вось паглядзіш, на кватэру зірнеш. Летась, як толькі ты пайшоў служыць, то яе і далі мне ад саўгаса. Мілае дзела — свая хата. Цяпер я, убачыўшы гэта, нізашто, здаецца, не жыў бы на прыватнай кватэры... Сам сабе гаспадар, браце...
Васілец усміхпуўся: маўляў, хадзем, калі ты так загаварыў!
«Сліж хоча сябраваць са мною,— падумаў,— але надта не заступіцца, калі трапіш у бяду. Наракае за нешта на цябе начальства — не заступіцца. Змаўчыць. Пасля толькі — адзін на адлін — паспачувае. Але і на вінаватага надта нічога не скажа — паасцерагаецца. Тым больш калі гэтым вінаватым будзе нейкі важны чалавек. Сліж і Вяртун нейкія падобныя: абодва не гавораць чалавеку праўды ў вочы. Але Вяртун усё скажа, калі вып'е, а Сліж і тады змоўчыць, затоіцца. Не хоча, каб усе ведалі яго сапраўдныя думкі. Ён як рыбіна — ля рук, але ніяк не зловіш, выслізгвае і выслізгвае... Праўда, са мною калі-нікалі бывае і шчыры, нібы ўсё вучыць мяне, як трэба жыць... Мусіць, думае: больш ведае за мяне ўсяго ў жыцці...»
Дом, у якім цяпер жыў Сліж, быў недалёка ад канторы, амаль насупраць яе. Пасярэдзіне стаяў толькі невялікі саўгасны складзік, які з часам, канечне, прыбяруць, і замест яго будзе плошча. Сліж і Павел пайшлі да канторы, ля складзіка павярнулі паправа і падаліся да двухпавярховага дома, ля якога яшчэ ляжалі груды бітай цэглы, аполкі, скрынкі з растворам, кавалкі шыферу, грудка абмытай дажджом і ўцвярдзелай вапны.
— Выгляд дома, браце, знешне харёш,— сказаў Сліж,— але ўнутры многа недаробак. А гэта во нашы хлеўчыкі.
Насупраць дома, зусім недалёка, пад адной страхой бачыліся невысокія хлеўчыкі, праёмы між дзвярэй якіх былі закладзены паколатымі дровамі ў некалькі акладняў, відаць былі дзве высунутыя загарадкі, у якіх рыліся свінні.
— Хлеў зусім не вясковы,— расказваў Сліж.— Малы зусім. Дзве машыны дроў толькі ўлазіць. Карову, свіней, сена, бульбу няма дзе дзець. Вось і пачалі самі падбудоўваць.
— І ты гаспадарку завёў? — усміхнуўся Васілец.
— Дзяржу парася, курэй, браце. Самі ядзім — тое-сёе застаецца, дык не выліваць жa яго. Бульба свая, мукі яна ў магазіне дастане, глядзі, і падкарміў. Мяско сваё, яечкі. Чым блага, браце? І капейка зберажэцца.
— Практычны ты.
— Жэнішся, будзеш жыць у вёсцы, то і ты завядзеш,— сказаў Сліж,— усе мы, калі нежанатыя, пасміхаемся з настаўнікаў, якія маюць гаспадарку, але ўсе і самі заводзім яе пасля... Гаспадарка, браце, нада, капейку беражэ. А капейка нам, маладым, таксама нада. Ды нам, браце, усё нада, і чым паболей. Рагатку ці Зубку цяпер усяго хапае, але яны ўжо таго, што мы, не з'ядуць, не зносяць, а мы, браце, добрае яшчэ здароўе маем, то нам трэба і пажыць усмак. Цяпер можна добра жыць, толькі трэба крыху круціць галавою... Грэбці пад сябе, так сказаць...
— Так можна і блізарукім стаць,— сказаў Павел.
— Я матэматык, люблю лічыць, а не...— ён усміхнуўся, памахаў ля скроні рукою.— Пайшлі ў хату. На першым паверсе, во тут, жыве Святлана Міхайлаўна, а мая кватэра на другім. Вунь тыя сінія вокны.
Яны прайшлі зялёны выганчык, утаптаны ток ля дома і зайшлі ў цэментаваны пад'езд, дзе стаялі дзіцячыя веласіпеды, ляжалі ночвы, у якіх малыя нанеслі пяску ды каменьчыкаў. Тут было чацвёра ненумараваных дзвярэй; лесвіца на другі паверх была нядаўна вымытая, жоўценькая; акно на другім паверсе было з разбітымі шыбамі, і праз дзіркі накруціла з двара пяску.
— Не разбярэмся, каму зашкліць...— сказаў Сліж, дастаў з кішэні ключ і пачаў адмыкаць крайнія злева дзверы, якія былі зачынены аж на два замкі.