Наколькi штодзённая газета дыялектычная, настолькi кнiга метафiзiчная.
* * *
Добрыя кнiгi робяцца з кнiг, а кепскiя — з газет, з часопiсаў, з тэлевiзii i Iнтэрнета.
* * *
Самыя супярэчлiвыя кнiгi — зборнiкi афарызмаў.
* * *
Людзi непасрэдныя могуць быць разважлiвымi ў меру сваёй здатнасцi, i аўтары невялiкiх кнiжак — таксама. Гаварыў Вавенарг, пэўна, працягваючы думку Эклезiяста. Не складай шмат кнiжак. А таму, запiсваючы i складаючы развагi ў кнiжку, кампанаваць твор варта як мага шчыльней.
* * *
Энцыклапедыi — могiльнiкi iнфармацыi. Чытаеш i спатыкаешся аб даты смерцяў i нараджэнняў.
* * *
У букiнiстычных крамах гуртуюцца недачытаныя кнiгi.
* * *
Як чалавек нараджае чалавека, як дрэва спараджае дрэва, так i з кнiгi выходзiць кнiга.
* * *
Ёсць два стаўленнi да кнiгi: прачытаў i перадаў другому, прачытаў i выкiнуў. Мне падабаецца трэцi варыянт: прачытаў i перачытаў.
* * *
Зазвычай пiсьменнiк i чытач залiчваюцца ў асноўныя творцы кнiгi. Калi зiрнуць крышку шырэй, дык у сутворцы трапяць i мастакi, i рэдактары, i друкары, i гандляры, а яшчэ — чытачовы знаёмыя, вучнi i сябры — усе, з кiм будзе падзеленая думка наконт прачытанага. Калi ж рассунуць часавыя параметры, дык вакол кнiгi ўзнiкнуць постацi крытыкаў i перакладчыкаў, а за iмi, сярод натоўпу спажыўцоў, можна разгледзець i чытача-лiтаратара. Таго, хто не толькi прачытае тэкст i выкажацца наконт ягоных вартасцей, але i выбера найлепшае i перапiша наноў дзеля наступнiка. Таму не памылюся, назваўшы асноўным творцам кнiгi чытача-лiтаратара, якi здатны надрукаваць i распаўсюдзiць уласны твор дзеля вядомых i невядомых сяброў.
* * *
Памiж чытачом i кнiгаю заўсёды ўплiшчваюцца гандляры з калекцыянерамi.
* * *
Энцыклапедыя i газета — дзве скрайнасцi. Але, калi ўважлiва паглядзець, заўважаеш: энцыклапедыя на дзевяноста працэнтаў складзеная са старой газетнай iнфармацыi, а ў газеце дзевяноста працэнтаў iнфармацыi ўзятыя з энцыклапедыi i прададзеныя за навiны.
* * *
Кнiгу перачытваюць, газету праглядаюць.
* * *
Пiсьменнiк — толькi той, хто кожную кнiжку ператворыць у запiсную.
* * *
Мiнулае заўсёды бруднае, як дэтэктыўны раман, а будучыня збольшага падманная, як фантастычная аповесць.
* * *
Iснуюць кнiгi як формы раскошы. Сталеючы, я ўсё больш аддаю перавагу такiм выданням.
* * *