— Каб праз хвiлiну вас тут не было!
Мiлiцыянты сышлi, а я пад пiльнымi позiркамi пасажыраў павалок утрупянелага настаўнiка ў электрычку. На дашчанай лаўцы я ўздыхнуў з палёгкаю. Людзей было мала, i Кiм Тодаравiч мог цiхамiрна храпцi, адзiн на цэлыя тры месцы. Толькi чым блiжэй да Мiнска, тым пасажыраў больш, ты ж ведаеш. І вось у Заслаўi Кiм Жэрдка ўжо спаў седзячы, прыцiснуты маiм плечуком да сцяны, каб не павалiўся на кабет, што злосна касавурылiся на нас. А ў Зялёным адбылося "ўваскрашэнне з мёртвых". Імгненнае цудадзейства. Кiм лыпнуў вачыма, здрыгануўся i ажыў. Лепш бы ён спаў, лепш бы ён нарабiў сабе ў порткi, чым пачаў заляцацца да румяных таўстух, што кпiлi з яго i мяне.
— А праўда, вы мастак? Гы-гы!
Жывёлiны. Раскормленыя, непадмытыя скацiны. Я не буду казаць, чым патыхала ад Кiма Тодаравiча, але ад iстотаў у спаднiцах цягнула ржавым селядцом. Калi б Кiм Жэрдка курыў, я б выйшаў з iм у тамбур. Але ён не курыў. "Лепш выпiць сто грамаў, чым каўтаць дым". Сентэнцыя, пастулат, якога, дарэчы, прытрымлiваўся яшчэ адзiн выкладчык з нашай мастацкай вучэльнi, Уладзiмiр Бароўка. І што? Згарэў! Самым натуральным чынам згарэў у майстэрнi. Адчышчаў ацэтонам уфэнданую ў алейную фарбу калашыну. А быў ужо вечар, i прапала электрычнасць, i Бароўка пасвяцiў сабе запалкаю. Цi адчысцiлася калашына? Паходня! Крык! Не паспелi ўратаваць. Судмедэкспертыза пацвердзiла развагi плеткароў. Бароўка быў нецвярозы. Вось табе i лепей сто грамаў.
Лепш бы яны курылi, тады б я прапанаваў Кiму Тодаравiчу цыгарэту. Натуральна выглядала б. Толькi i я тады не курыў, я чырванеў ад брыдкасцi гэтых бесперспектыўных заляцанняў аж да Мiнск-Пасажырскага. З вакзала мы пайшлi ў гастраном i набылi дзве пляшкi "Вермуту". Не змог я нiчога зрабiць. Калi такiм вермутам аблiць нагавiцы, дык нiякi ацэтон не возьме. З чаго яго рабiлi? З нафты? А чаму не. Штучную чорную iкру рабiлi з нафты. І елi людзi, i я еў... Пластмасай крыху аддае, але, калi пасыпаць буйной соллю, можна i заглынуць, як той вермут. Заплюшчваеш вочы i, не адрываючыся, улiваеш у сябе бутэльку цалкам. Не дай Бог спынiшся, другi раз не зможаш да рота данесцi — фантан пусцiш, выверне. Так i вывернула Кiма Тодаравiча Жэрдку. Ну i бываюць жа прозвiшчы! Жэрдка! Ну, якое ён мае дачыненне да жэрдкi? У iм жа росту ўсяго якiх паўтара метра з хвосцiкам.
Не пайшло! Кiм выцер насоўкай рот i з сумам паглядзеў на цёмную лужыну, якую ўсмоктваў пясок прывакзальнага двара. А ў мяне зайшло. І толькi час ад часу спрабавала выйсцi, пакуль, спатыкаючыся, мы брылi да дома Кiма Тодаравiча.
— Якая ў мяне жонка? Камень, не чалавек. Мы аднойчы кiламетраў трыццаць прайшлi. Яна калi разулася, дык у чаравiках поўна крывi было, i не паскардзiлася нават.
Жонка Кiма Жэрдкi — шэрая сухая жанчына з пляскатым выцвiлым тварыкам адчынiла кватэру.
— Ізноў!
На яе канстатацыю факта я замест прывiтальных сказануў развiтальныя словы.
А вось дамоў я пайсцi не змог. Куды ў такiм выглядзе пойдзеш? Мацi шкада! Месяц дома не быў, а тут з'явiўся i ледзь стаiш. І смурод з рота верне.
— Якi ты зялёны! — у iнтэрнацкiм пакоi мяне сустрэў Паненка.
— Я тут пасплю.
— Спi, вунь ложак Карповiча вольны.
А пасярод ночы я прахапiўся. Са сцяны на мяне сыпалася шкло ад пабiтых шклянак i пляшак. Ігар Дручко гуляў. Ён вучыўся на афармiцельскiм аддзяленнi, iм ужо выставiлi адзнакi за практыку, таму Дручко з чыстым сумленнем мог пусцiцца ў загул. Ён i пусцiўся: набраў пiва, гарэлкi i шампанскага, напаiў Генадзя Чэха, Валодзю Паненку i напiўся сам. Мяне не дабудзiлiся. Як пiць-гуляць, дык не змаглi раскатурхаць, а як бутэлькi аб сцяну лупiць — Адам, уставай. Дручко — барадаты дзяцюк, быў старэйшы за мяне гадоў на дзесяць, i ягоная творчая бiяграфiя складалася не толькi з чаканак i малюнкаў. У школе гэты бык займаўся боксам i нават заняў другое месца ў Гомельскай вобласцi. Колькi ж трэба натаўчы ў чалавечы нос?! А пасля кiнуў бокс, пачаў чаканкi дзяўбцi, паступiў у маскоўскую мастацкую вучэльню, але там чамусьцi ўспомнiў папярэдняе захапленне i раскрышыў выкладчыцкую пашчэнку. Пасля турмы Дручко не змог аднавiцца ў Маскве, а ў Мiнску яго пашкадавалi. Калi папраўдзе, чалавек ён добры, але як залье за каўнер — магiла, чорныя вочы. Дручко станавiўся на галаву, каб злосцi набрацца, а потым крышыў усё, да чаго дацягвалiся яго кулакi. З засыпанага шклом ложка я ўскочыў, але сварыцца не стаў. Хай лепш бутэлькi разбiваюцца аб сцены, чым аб маю хворую галаву. Паненка неяк угаварыў Дручко легчы спаць, у яго быў талент угаворваць, асаблiва дзяўчат. А мне з Чэхам давялося прыбiраць пакой. Чэх не захацеў класцiся, i мы па пустым праспекце пашыбавалi ў мастацкую вучэльню.
Вахцёрка ўставiла пратэз верхнiх зубоў i, не адчыняючы дзвярэй, прашамкала нам нецэнзурнасцi ў зашклёныя твары. На праспекце запрашальна разявiлiся дзверы цырульнi. Чэх прапанаваў, а я хiтнуў нячэсанай тры днi галавою.
— Маладыя людзi, i цi можна так не глядзець на сваю галаву.
Чэх не расчэсваў i не мыў доўгiя, у сасулькi, валасы, мусiць, месяц. З iм такое здаралася. Бзiк? А можа, сiлу волi i моц духу выпрабоўваў? Ён быў чалавек замкнёны ў сабе. Яго справа. А вось гiпсавая пасмяротная маска Пушкiна i гiпсавая прыжыццёвая маска Генадзя Чэха, што вiселi каля ягонага ложка, мяне раздражнялi, бо на абодвух тварах чырвонай фарбаю былi намаляваныя прышчы. Брыдота несусветная, асаблiва гiдка было глядзець на прышчаватага Пушкiна.
Псаваць гiпсы ў мастацкай вучэльнi было справай гонару. Колькi iх, мёртвых галоў, стаяла на палiцах у кладоўцы, якую ахоўваў адстаўны вайсковец у мышыным халаце — Тырдан. Прозвiшча такое. Ён выдаваў iх пад роспiс старасты групы. І бедныя старасты расплачвалiся з Тырданам за адбiтыя насы i вушы, за размаляваныя вочы i вусны. Венеры, Сакраты, Давiды, Вальтэры, Гатамелаты, гудонаўскiя торсы без скуры, галовы лупавокiх коней... Гiпс — сiмвал мастацкай вучэльнi. Мёртвы акадэмiчны матэрыял! Ад яго зыходзiць эфiрны халадок смерцi. Што можа быць больш антыэстэтычнае за гiпсавую галоўку Неферцiцi? Хiба што толькi маска Апалона.
А былi ж, былi аматары маляваць гiпс. Не, не шары i пiрамiды з торамi, а менавiта галовы i торсы. Іх натхняў мастак-спартсмен Луцэўскi, загарэлы, караткастрыжаны, жорсткi. Ён патрабаваў на праглядзе ставiць двойкi ўсiм, хто не любiў маляваць гiпсы, а потым ехаў на ровары займацца каратэ, прынцыповы чалавек. Толькi ў нашай групе ён не выкладаў, i мы не любiлi гiпсавага раба Мiкеланджэла. У знак пратэсту я чырвонай фарбаю пакрыў рабскi чэлес i машонку. Луцэўскi вiшчаў.
— Знайсцi i выгнаць, выключыць без права аднаўлення!
Як жа, знойдзеш... А каб хацелi, маглi б i знайсцi. Малюю блакiтныя вочы гiпсавым галовам, i гiпс — жывы. Быў жа такi вершык, змешчаны на старонках "Маладосцi" пад маiм набычаным фотаздымкам. У маладосцi я чамусьцi, калi хацеў зрабiць сур'ёзны выгляд, набычваўся, як набычваўся i ў цырульнях.
З-пад iлба я глядзеў, як абстрыглi маю i Чэхаву галовы "пад нуль". Пагладжваючы i пачэсваючы нязвыкла круглыя галовы, мы вярнулiся ў вучэльню.
За практыку i я, i Генадзь атрымалi пяцёркi. Хоць пра эцюды лепш не згадваць, звычайная брудна-зялёная алейная фуза на маленькiх кардонках i палотнах. Кусты, дрэвы, хаты, царква, каза, конь... Не пiшыце светлыя нябёсы. Гляньце, каза ўсё ж святлейшая за аблокi. П'яненькi Кiм Тодаравiч тыцкаў канцом алоўка ў бок недаравальна белага казляняцi, таму на большасцi эцюдаў неба атрымалася свiнцовае, а дробная i буйная рагатая жывёла — гiпсавая.
Іншыя эцюды мы прывезлi з Раўбiчаў пасля трэцяга курса. Замест Кiма Жэрдкi нам прызначылi ў выкладчыкi Галiну Гласаву — мастачку-маржа. Ранiцамi, да заняткаў, Гласава ў любое надвор'е бегла на рэчку i апускала сваё неабдымнае цела ў хвалi Свiслачы. Яе сувязi ў спартыўным свеце i дазволiлi нашай групе пасялiцца ў Раўбiчах, у двухпавярховым акуратным гатэлi, вокны якога пазiралi на высозныя лыжныя трамплiны i на шыкоўны, пад чырвонай дахавiцаю, другi гатэль — для абраных. Гласава, вядома, — абраная, жыла пад яркай дахавiцаю, а мы, неабраныя, пад руберойдным пляскатым дахам. Праўда, абедалi мы разам у рэстаране, ва ўтульнай зале з камiнам i дубовымi сталамi. Мурзатыя афiцыянткi нас не любiлi, але трывалi, як не самае вялiкае зло на свеце. Мастакi — не трактарысты, якiя часам завiтвалi пасмактаць пiва ў рэстаране для абраных. За сталы трактарыстаў не садзiлi, яны, стоячы ў фае, смакталi сваё пiва з рыльца i незадаволена паглядалi на нас. А мне было з найвышэйшай трамплiнавай прыступкi напляваць на хабёльскую незадаволенасць раўбiцкiх пралетарыяў. Я iх не хацеў бачыць i рабiў выгляд, што не бачу i не чую народных жартаў.
— Любка, а цi праўда, што мастакi ўчора каля рэчкi тваю голую дупу малявалi?
— Ты ў мяне пiва папросiш. Сцыкунамi сваiмi апахмелiшся заўтра...
Каля рэчкi мы малявалi, але зусiм не аголеную афiцыянтку Любу, мы пiсалi партрэт асветленага сонцам бадзягi па мянушцы Кiлiм. Ён прыбiўся да нашай групы ў Мiнску. Жыў Кiлiм без пашпарта. На якiя грошы? Нiхто не ведаў. Пасялiўся ў iнтэрнаце. Дзяўчаты яго шкадавалi, а ён iх бiў. Свеце Цыпко, якая папрасiла яго на вулiцы, каля дваццатага гастранома, вярнуць пазыку, Кiлiм надзеў на галаву сметнiцу, поўную недакуркаў i пляўкоў. Такi быў Кiлiм. А з хлопцамi ён не канфлiктаваў з-за слабага здароўя. Кiлiмава мацi пiсала з Берасця ў мiнскiя вайсковыя камiсарыяты, каб сына забралi ў салдаты, а камiсары не маглi знайсцi Кiлiма. Хто ж здагадаецца, што прызыўнiк працуе натуршчыкам у Раўбiчах i сумленна па тры гадзiны ў дзень сядзiць каля рэчкi? Увесь астатнi час Кiлiм лавiў рыбу i прыставаў да нашых дзяўчат.
Яму адмовiлi ўсе, акрамя Марыны Шурман. Пра iх палавы кантакт нiхто б i не ведаў, каб не пiльнасць Агафончыка, якi, выйшаўшы на вечаровую прабежку, вымушаны быў спынiцца на мосце праз чыстую, нават ракi вялiся, рачулку без назову. Марына Шурман упiралася рукамi ў парэнчы i вохала, яе аголеныя ногi былi шырока разведзеныя, а на белых клубах цямнелi загарэлыя лапы Кiлiма. Агафончык схапiў каханка за кашулю на спiне i адарваў яго ад Марыны. Тая апусцiлася на каленi i заплакала.
— Мы... Яна сама ўгаварыла... Я з гэтай малпай не хацеў!