А праз тыдзень, зусiм выпадкова, я даведаўся, што кiнуў сабаку ў прыбiральню вясковы вар'ят Юрачка, клышаногi пераростак, з якiм нават малыя дзецi не хацелi гуляць. Юрачка хадзiў па Латыголi ў вялiкай картовай кепцы i ўсмiхаўся ўсiм сустрэчным, агаляючы ружовыя, нiбыта пластмасавыя дзясны. Крыўдаваць на такога грэх. Хоць я, вядома, азлiўся.
Васемнаццаць гадоў — такi ўзрост, калi ледзь не ўсе праявы жыцця выклiкаюць у душы гiдкасць. Юнацтва скончылася, цынiзм i максiмалiзм адышлi ў мiнулае, а iм на змену прыйшло непрыманне iснага, i ўсё навокал зрабiлася агiдным. Нават каханне стала iншым, бiялагiчным. З платанiчных, мройных, летуценных адносiн яно трансфармавалася ў матэрыялiстычнае вывучэнне i даследаванне аб'екта. Такiм аб'ектам стала для мяне Жанна Шук — высокая, паўнацелая, белая дзяўчына. Яна была белая ўся i паўсюль, нават смочкi на поўных грудзях былi ружовыя, светлыя, амаль белыя. Мы бралi эцюднiкi, кардонкi ды iшлi нiбыта пiсаць краявiды. Мы нават разыходзiлiся ад школьнага цэментавага ганка ў розныя бакi, а потым сустракалiся дзе-небудзь на ўзлеску цi каля рэчкi. Мы шукалi зацiшнае месца, кiдалi ў траву мастакоўскi рыштунак i, цалуючыся, распраналi адно аднаго. Мы не ведалi нават самых простых рэчаў. Кожнае наблiжэнне, дотык, ласка знiтоўвалiся з пераадольваннямi сораму, скутасцi, уяўных маральных нормаў. Пацалункi... Бясконцыя, ненатольныя, балючыя... Яна ўкусiла мяне за ключыцу. Тыдзень я саромеўся распрануцца перад хлопцамi.
Гадзiнамi мы ляжалi распранутыя побач... Пакуль не пачынаўся дождж цi не цямнела, цi не надыходзiў час палуднаваць... Мы разглядалi адно аднаго так, нiбыта адкрывалi таямнiцу сусвету. І ў той дзень мы распранулiся i ляжалi ў жыце, i я выпадкова патрапiў у яе. Яна раскiнула рукi, выгнулася ўсiм сваiм доўгiм целам насустрач майму целу i закрычала. Крык разляцеўся на ўсё поле i пад самае белае неба. А я спалохаўся i здзiвiўся, убачыўшы, якое ў яе ружовае паднябенне. Такое ж ружовае, як дзясны вар'ята Юрачкi, што хацеў утапiць у прыбiральнi сабаку.
— Нехта крычыць?! Пайшлi паглядзiм!
— Ай, пэўна ж, дзеўка з хлопцам забаўляюцца...
Увушшу яшчэ стаяў крык, i праз яго выплылi галасы вясковых жанчын. Мы апранулiся, стоячы на каленях, саромеючыся ўстаць i сустрэць позiркi чужых, варожых нам людзей.
Жанна не кахала мяне, яна кахала Алеся Ласевiча. З iм яна гуляла па вёсцы Латыголь доўгiмi цёплымi вечарамi. Яны трымалi адно аднаго за руку, гэтак, як некалi i я трымаў за руку Вольгу Пакроўскую. Жанна, як i Вольга мне, расказала Алесю пра ўсё, што здарылася на жытнёвым полi. Алесь прыйшоў у школу, я чытаў, лежачы на ложку, i ён папрасiў пайсцi на вулiцу i пагаварыць... Мы стаялi каля прыбiральнi.
— Я кахаю яе, i яна мяне кахае. Нашто ты нам перашкаджаеш? Паабяцай, што гэтага болей не будзе! Тады я першы раз у жыццi паабяцаў, што гэтага больш не будзе, i зразумеў, як лёгка паабяцаць, i ўсе застаюцца задаволеныя. Мне даводзiлася шмат разоў абяцаць, што гэтага цi таго больш не паўторыцца. А яно паўтаралася, множылася, i я перастаў сур'ёзна ставiцца да сваiх i чужых абяцанняў. Ну, чаму я павiнен адмаўляць сабе i Жанне ў зямной любовi? Чаму дваiм трэба слухаць аднаго? I мы не слухалi. І я не папракаў Жанну за тое, што яна ўсё расказала Алесю. І ўпэўнены, што яна не папракне мяне за тое, што я ўсё расказваю табе. І не трэба казаць пра мараль. Варта гаварыць пра пачуццi, пра гiдкасць, якая ў васемнаццаць гадоў так востра адчуваецца.
Мне было агiдна стаяць у перадпакоi мiнскай кватэры Кiма Тодаравiча Жэрдкi. Ягоны доўгатэрмiновы запой пачаўся яшчэ ў Латыголi. Кiм Тодаравiч пiў з дырэктарам школы, дзе мы жылi. Пiлi яны чарнiла, таннае пойла. Язык не паварочваецца сказаць — вiно! Набiралi ў крамцы па дзесяць — дванаццаць пляшак, зачынялiся ў дырэктарскiх апартаментах i жлукцiлi бурачковую бурду да пасiнення твараў. Дырэктар — лысы бiцюг з вялiзным, што звiсаў праз пас, жыватом i азызлым, колеру свежага мяса тварам, увечары заходзiў да нас i казаў толькi адно слова. Забярыце! Я не хадзiў забiраць Кiма Тодаравiча. Яго валаклi па школьных калiдорах Генадзь Чэх i Валодзя Паненка, бо iх часам запрашалi на папойкi, а астатнiм не прапаноўвалi. Вось хлопцы i адпрацоўвалi. Дырэктар тым часам iшоў дамоў. Унурыўшы галаву, з якой звiсалi доўгiя белыя пасмы, якiмi, калi быў цвярозы, ён спрабаваў прыхаваць лысiну. Дырэктар цяжкiм крокам сунуўся па вулiцы i ў гэты момант рабiўся надзiва падобны да майго роднага дзядзькi, бацькавага брата Юзiка, якi таксама быў дырэктарам вясковай школы i выкладаў фiзiку.
На пахаваннi сваёй мацi, маёй бабы Бронi, дзядзька Юзiк, расчырванелы i размяклы ад гарэлкi, курыў каля незачыненай хаты.
— А мне што? Маё жыццё яснае. Грыбы, ягады, рэчка. Набяром харчоў паболей i на рэчку. Паляжу на сонцы, апаласнуся, паем смачна. Што мне трэба! А нiчога не трэба! А бацька ваш усё нечага дамагаецца, некуды лезе, нешта ўсё давесцi хоча... Каму? Вось ты мастак, правiльна, i думаеш, што будзеш маляваць што захочаш. Хвiгу! Вось глядзi. Цукерка. А на абгортцы напiсана "50 год БССР". Што партыя скажа, тое i будзеш маляваць. Яны там пасядзяць у кабiнетах, прыдумаюць, i табе толькi застанецца заданне выконваць. А не захочаш, нагою пад сраку. Галодных мастакоў хапае.
У нечым дзядзька Юзiк меў рацыю. Бо дырэктар школы ў Латыголi за тое, што мы месяц у яго жылi, запатрабаваў зрабiць пано. З нейкага часопiса, накшталт "Палiтiнфарматар i агiтатар", ён выскуб малюнак: тры постацi, два мужчыны i адна жанчына, якая аддалена нагадвала мiкеланджэлаўскую Сiбiлу. Камунiстычная тройца трымала ў руках сiмвалы прагрэсу. Сiбiла ўздымала макет спадарожнiка, на якiм сабакi лёталi ў космас. Адзiн мужчына трымаў цыркуль, чамусьцi вялiкi, нiбыта збiраўся крэслiць крэйдавыя кругi на школьнай дошцы, а другi трымаў транспарцiр, таксама вялiкi, школьны. Лепшай рэчы не прыдумаеш. І градусы ёсць. Шкада, што не тыя, якiя так любiлi дырэктар з Кiмам Тодаравiчам. Праз гэтае кандовае пано я ледзь не атрымаў па мардасах.
Ёсць дурная завядзёнка ў беларускай вясковай моладзi — бiць-таўчы нетутэйшых. І робяць вяскоўцы сваю непрыгожую справу ў апошнi вечар перад ад'ездам чужынцаў. Хлопцы нашыя былi вучаныя, таму i падманулi вясковых даўбакоў. Сказалi, што з'едуць першага, а аўтобус прыйшоў на тры днi раней. Усе пагрузiлiся, i бывай, гасцiнная вёска Латыголь. А я з Кiмам Жэрдкам застаўся, каб скончыць агiтацыйнае пано. Скончылi i пакостам пакрылi, каб блiшчэла, як начальства любiць. Прымацавалi да сцяны. Бляск, здалёк вiдаць! У дырэктара ўзняўся настрой, i ён павёў Жэрдку ў апартаменты, а мне сказаў, што я павiнен быць цвярозы, каб затарабанiць свайго выкладчыка ў Мiнск.
— Мяне б не давёз. Ува мне шэсць пудоў жывой вагi! А ваш Кiм, камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi, драбната, кiлаграмаў пяцьдзесят. Ты яго да самай сталiцы данесцi зможаш. Але не сумуй. Дам я вам каня, каб ранiцай да чыгункi падкiнуў.
Каня ён даў, не падмануў.
Але да ранiцы трэба было ноч перажыць. Мае рэчы паехалi ў Мiнск, i мне зусiм не было чаго рабiць, я бадзяўся па апусцелай i гулкай, як бочка, школе. У незачыненым пiянерскiм пакоi знайшлася цэлая падшыўка часопiса "Беларусь". На адной з каляровых крэйдаваных уставак я ўбачыў рэпрадукцыю Кiма Тодаравiча. "За родную зямлю" — так узнёсла называўся жывапiсны твор. І мне зрабiлася ясна, чаму так любiў паўтараць Кiм Жэрдка: вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Конь белы, здаровы, асветлены вечаровым, а можа i ранiшнiм, карацей, нiзкiм сонцам. Скакун быў яўна ў сваяцкiх адносiнах з канём 1456 года нараджэння. Праўда, замест Нiколы да Таленцiна на iм сядзеў будзёнавец у вастрадзюбай шапцы, азоранай пяцiканцовым чырвоным знакам. А-а. Вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Мелася на ўвазе — перамалёўвайце з твораў Паола Учэла. Ясна. Выдатна. Недарма прагартаў стос часопiсаў. Я мог бы, пад настрой, зрабiць яшчэ некалькi адкрыццяў, каб не грукат у шыбу.
— Выходзьце!
У думках я яшчэ згадваў бiтву пад Сан-Рамана. Конi. Вершнiкi. Дзiды. Сцягi. Мячы. Сякеры. Іржанне. Ляскат. Труп у ракурсе...
На ганку мяне чакалi. Матацыклы. Ланцугi. Боты. Дзецюкi. Нахабства. Лаянка. Здзiўленне. Запытальныя позiркi. Загад.
— Клiч астатнiх!
— А я адзiн.
— Як адзiн?
У школьныя дзверы ўскочыў дробненькi падшыванец з пысаю ўслужлiвага пацука.
— Нiкога!
— А дзе ўсе?
— У Мiнску.
Бойкi не адбылося, бiць аднаго вясковыя бэйбусы не захацелi. Яны запрасiлi мяне выпiць. І я ўлiў, увагнаў у сябе тры стограмовiкi сiвой самагонкi. Закусвалi салам, шырокiм, на чатыры пальцы, i цыбуляю, якую тыцкалi ў насыпаную на газецiне соль.
Як мне ранiцай было кепска! Жах! I яшчэ сонца. Бязлiтасная гарачыня. І конь, якi не iшоў, а валокся. Мёртвы ад п'янства Кiм Тодаравiч ляжаў у саломе на возе. А мы з фурманом iшлi побач. Я малiў Бога, каб фурман перастаў гаварыць, i без ягонай балбатнi галава пухла. На станцыi я збегаў па квiткi, i мы разам з фурманом завалаклi раскiслае цела выкладчыка ў вагон.
— Да Маладзечна працверазее! — абнадзеiў мяне фурман на развiтанне, i дарма.
Не ачомаўся камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi да Маладзечна, дзе давялося ляснуць яго па шчацэ, каб хоць з вагона выпаўз. Дзе там! Вывалак я яго на перон i паставiў каля плота. А сам пабег па квiткi. Прыбягаю назад, а ён ляжыць на зямлi, скруцiўся, як кот, у клубок, спiць, а над iм два мiлiцыянты спрачаюцца, каму з iх весцi п'янага ў выцвярэзнiк. Яны, мусiць, крышачку ўзрадавалiся, калi я падышоў i пачаў прасiць не чапаць майго выкладчыка. Каму ахвота з п'яным валэндацца.