У кабiнеце бiялогii давялося выслухаць малапрыемныя папрокi за спазненне. Сытая, круглатварая настаўнiца падкацiлася да мяне на сваiх кароткiх крываватых нагах з таўсценнымi лыткамi. Не ведаю, хто, мусiць, муж, разразаў ёй халявы на ботах, каб хоць неяк налезлi на круглыя лыткi.
— Адам, няўжо нельга выйсцi з дому на дзесяць хвiлiн раней? Няўжо трэба сто разоў паўтараць, што спазняцца на ўрокi — гэта хамства i непавага да ўсiх нас?
Хiба я змог бы задушыць гэтую сытую цётку са складчатай шыяй?
— Сядай i ведай, што ў наступны раз... — Не змагу я задушыць... — ...пойдзеш да дырэктара! — ... яе, i нiхто не зможа, гэтую гаспадыню бiялагiчнага кабiнета, дзе ў шклянках скурчылiся заспiртаваныя гадзюкi i вужы, а на палiцах распасцерлi пыльныя крылы шклавокiя пудзiлы качак i соваў, дзе ў кутку шчэрыцца штучны шкiлет, а на сценах выставiлi вантробы бясскурыя людзi. Якi непрыемны гук нараджае пастукванне ўказкi па вялiзным жоўтым муляжы кветкi, што ўзвышаецца на стале маёй нялюбай настаўнiцы паталогii.
Круп-круп-круп-круп-тр-руп... "Разгаворчы-кi!" Яна дужая, жорсткая, зможа схапiць мяне за горла, прыцiснуць да свайго пукатага жывата i задавiць. Ёй варта толькi захацець. А я нiчога зрабiць не змагу. Трэба купiць нож! I калi яна паспрабуе... Але спачатку... Навучыцца, пераадолець сполах, стаць мужным, стаць мужчынам i ваяром...
Па шчырасцi, я нiколi не думаў, што табе захочацца слухаць пра чыста мужчынскiя справы, пра забойствы i вайну, пра Шэкспiрава "Быць цi не быць?", якое для мужчыны гучыць iнакш... Забiваць альбо не забiваць? А для жанчыны... Нараджаць цi не нараджаць? Пытанне!
Асаблiва жорстка мужчынскае пытанне паўстала для мяне ўвосень на трэцiм курсе вучэльнi, калi пачалi цягаць у вайсковы камiсарыят, калi замест адной настаўнiцы паталогii на мяне вызверылася савецкае грамадства са сваiм усеагульным вайсковым абавязкам. Як я ўзненавiдзеў усiх праспiртаваных палкоўнiкаў Івановых, Пятровых, Мухiных з iх аўтаматамi, кулямётамi, ордэнамi i пяцiрогiмi зоркамi, у якiх паблiсквала залатая свастыка, складзеная з сярпа i малатка. Што можа быць больш мярзотным за шматок паперы, на якiм напiсана: ты абавязаны з'явiцца ў вайсковы камiсарыят, а калi не з'явiшся, дык пойдзеш пад суд?! Павер мне, нiчога ў свеце не выклiкае такой гiдлiвасцi, як позва ў войска. І таму мужчыны iх выкiдаюць, рвуць, не прызнаюцца, што бачылi. І таму другiя мужчыны грукаюць па начах у дзверы i бяруць подпiс, што ўручылi гэты гнюсны шматок паперы з рук у рукi. А назаўтра ранiцай даводзiцца плесцiся да прапаршчыкаў, лейтэнантаў i капiтанаў, гадзiнамi стаяць у калiдорных чэргах, тлумачыць, што ёсць iншы закон, якi дазваляе студэнтам i навучэнцам атрымаць дыпломы...
— Прэч на хрэн, мастак сраны!
Так здараецца ў лепшым выпадку, а ў горшым — даводзiцца лазiць уночы па чужых i малазнаёмых вулiцах, шукаць адрасы, грукаць у дзверы, палохаць людзей, каб соннаму мужчыну ўсунуць у рукi позву. "У войску няма хворых! Ёсць жывыя i мёртвыя!" Мусiць, таму я нi разу ў жыццi не занёс у камiсарыят даведку з лякарнi. Я iнтуiтыўна прыняў асноўны пастулат войска — жывы альбо мёртвы. І не трэба мець вялiкага розуму, каб зрабiць наступны крок. Супраць войска i грамадства можа супрацьстаць таксама войска, толькi з iншымi ўяўленнямi пра грамадскi лад. Супраць чырванасцяжнага iнтэрнацыянальнага савецкага павiнна паўстаць нацыянальнае згуртаванне.
Небяспечныя высновы я зрабiў у цёплым сонечным парку "Рыўера" на ўзбярэжжы Чорнага мора. Сядзеў на лаўцы, маляваў пальму з валасянiстым камлём i раптам падумаў: у Раi растуць пальмы, i добра б было вярнуць на зямлю Рай. Я зачапiўся не за слова "рай", а за слова "вярнуць"... Што вярнуць? Расейскую царскую iмперыю? Турму народаў? Не! Вярнуць маленькую Народную Рэспублiку. Так! Аднавiць, ажывiць, рэанiмаваць, адрадзiць БНР — Беларускую Народную Рэспублiку. Тсс-с-с. Цiха. Нiкому нi слова, нi паўслова. Данясуць. Закладуць. Прададуць. А тады арыштуюць, засудзяць, пасадзяць. Тады — турма, катоўнi, смерць. І замест Раю атрымаеш пекла. І замест Каўказа будзе Сiбiр, а замест пальмы — елка, у лепшым варыянце.
Страх — вызначальнае пачуццё ў паводзiнах беларуса. Страх за сябе, за родных, за блiзкiх i за чужых. Татальная ўсебеларуская баязлiвасць. Як пазбыцца перапуду, страхаў, пярэпалахаў? Не ведаю, як рабiлi iншыя, ведаю, як рабiў сам. Пайшоў у краму i ў аддзеле канцылярскiх тавараў набыў танюткi, у дванаццаць аркушаў, сшытак для арыфметыкi. Схаваўся ў цёмны куток парку "Рыўера" i пачаў пiсаць план уласнага жыцця. Наiўна? Рамантычна? Па-юнацку прымiтыўна? Можа, i так, толькi планы мае рэалiзавалiся, цi, як гавораць неадукаваныя палiтыкi, увасобiлiся ў жыццё. І адбылося тое раней, чым я думаў. А самае крыўднае — не прадугледжаная мной змена парадкавых нумароў асобных пунктаў.
Да прыкладу, у маiм сшытку абвяшчэнне незалежнасцi iшло самым апошнiм, а перад iм стаяла стварэнне войска i агульнай для беларусаў рэлiгii, цi лепей сказаць, светапогляду, якi сфармуецца мастацтвам, лiтаратураю, фiласофiяй. На ўсе свае планы я даваў пяцьдзесят гадоў жыцця. І ўсё ўсур'ёз, патаемна, цiха. Да маiх накiдаў можна было б паставiць эпiграф: "Усё вартае робiцца цiха, цi хоць бы iмкнецца рабiцца патаемна". Якая абуральная памылка! Цяпер бачу памылку ў сваёй нянавiсцi да святла. Гэта забойства робiцца ў цемрадзi, у страху, пад крыламi таямнiцы i невыказнасцi. Забойства, на якое я свядома пайшоў, калi вучыўся ў пятым класе зусiм сярэдняй мiкрараённай школы.
Я вяртаўся пасля заняткаў, перапоўнены жаданнем набыць нож. Ён павiнен быць вялiкi, з касцяным брунатным тронкам, з шырокiм люстранiстым лязом, з войстраю дзюбаю i глыбокiм крывасцёкам. Ягоная сталёвая прахалода павiнна захоўвацца ў чорных скураных похвах, прашытых з аднаго боку белай тоўстай нiткаю. Такi паляўнiчы нож я бачыў у сваяка Болеся. Той пакручваў халодную зброю перад маiм тварам i казаў, што з такiм нажом можна i мядзведзю горла перарэзаць. Наконт мядзведзя Болесь хлусiў, бо такiм нажом, калi i перарэзаць мядзведжую шыю, дык толькi ў тым выпадку, калi жывёлiна будзе цiха ляжаць на кастрыцы з прастрэленай скронню.
Іншая справа — Болесеў штых-нож, зроблены ў Нямеччыне. Вузкi, доўгi, як шчупак, цёмны, востры штых захоўваўся ў пограбе, пад падлогаю, i даставаўся толькi, каб зарэзаць парася. Болесь рэзаў парасят лепш за ўсiх на свеце, а потым пiў з алюмiнiевай конаўкi насоленую цёплую кроў i гучна смяяўся, скалячы акрываўленыя рэдкiя жоўтыя зубы. "Бр-р-р!" — трос галавою Болесь i сплёўваў ружовую цягучую слiну на ранiшнi блакiтны сняжок. Пра нямецкi штых-нож можна адно толькi марыць. Можна ўкрасцi, але такi ўчынак здаваўся мне задробным i гнюсным. Лепш ужо збiраць пустыя пляшкi ў парках i на могiлках, здаваць iх, хаваць грошы, а потым прыдбаць у якога майстра з трактарнага завода нож. Цi яшчэ лепш падысцi да турмы i дамовiцца праз плот з зэкамi, яны за iндыйскую гарбату давалi добрыя нажы з яркiмi, шматколернымi наборнымi тронкамi.
Мае летуценнi спынiў пiльны позiрк кацiных вачэй. Кат, кiт, кот, кут... Ён чорна-брунатны, кудлаты, з вострымi вушкамi i танклявым пацучыным хвастом сядзеў у кутку каля трубы смеццеправода i фосфарнымi вачыма паглядаў на мяне. Заб'ю. Я ўзняўся на лiфце дадому, шпурнуў ранец з падручнiкамi на падлогу ў перадпакоi, не здымаючы чаравiкаў, пабег праз залю ды бацькоўскую спачывальню на гаўбец, дзе ў белай тумбачцы мацi захоўвала скруткi вяровак, на якiх сушыла бялiзну. Рукi паабдзярэ сваiмi зубамi i кiпцюрамi. Давялося шукаць скураныя бацькавы пальчаткi, чорныя з металёвымi кнопачнымi зашпiлькамi. Уцячэ! Убачыць мяне з вяроўкаю, у пальчатках, усё зразумее, адчуе, шусне памiж ног, i толькi яго бачылi.
Катлеты ляжалi на панiве, заплаўленыя ў блакiтнаваты мутны тлушч. Я вырваў самую большую катлету i, зацiснуўшы ў пальчатцы, адчуў, якое слiзкае ў яе цела. Каб толькi нiхто не ўбачыў! Каб толькi нiхто не ўгледзеў! Я баяўся, апускаючыся ў лiфце. Кот сядзеў на месцы i пастукваў па бруднай падлозе кончыкам тонкага хваста. "Кыцы-кыцы-кыцы!" Я выцягнуў насустрач кацiнаму чорнаму носу руку з халодным камяком катлеты. "Мяўр-р-р". Жывёлiна ўзнялася i затанчыла на прамых нагах.
— Якая смачная катлета, мама гатавала, купляла мяса, пракручвала праз мясарэзку разам з белым хлебам, ляпiла, смажыла.
Кот пракаўтнуў вялiкi кавалак i зазiрнуў мне ў вочы, глыбока, да самай душы, на сподзе якой каламутна ўздымалася чарната. Ён натапырыўся, поўсць на спiне ўзнялася, хвост апусцiўся, лапы сагнулiся. І ў гэтае iмгненне мая рука схапiла ката за каршэнь i ўзняла ў паветра спаралюшаваную жывёлу. Жаласнае тонкае мяўканне зазвiнела на ўвесь пад'езд. Давялося засоўваць ката ў запазуху, пад сiнюю балонневую куртку i трушком, азiраючыся па баках, бегчы ў сутарэннi. Жывёлiна тузалася, драпалася, выдзiралася з балонневай задушлiвай пасткi, яе цела выкручвалася, уздрыгвала, бiлася, але я абедзвюма рукамi прыцiскаў ката да грудзей, як прыцiскаюць найкаштоўнейшую, найдаражэйшую, найлюбiмейшую рэч.
У сутарэннях смярдзела пракiслымi сiкунамi, капустаю i саладжавай леташняй бульбаю. Я стаiўся каля ўжо зачыненых дзвярэй, услухоўваючыся ў пыльную цямрэчу. А цi няма тут каго? А цi не заспеюць мяне цiкаўныя вочы за злым заняткам? У тоўстых, абматаных шклаватаю трубах глухавата булькатала вада. Кот, адчуўшы маю няўпэўненасць, паспрабаваў выдрацца, ягоная лапа з выпушчанымi кiпцямi высунулася з-пад курткi i апусцiлася на маю шыю. Мне перакрывiла твар сутарга болю, мае рукi выцягнулi драпежную жывёлiну на паветра, бразнулi аб зямлю i прыцiснулi да падлогi. Мярзотнай, кудлатай змяёю круцiўся ў паветры кацiны хвост, ён звiваўся ў самыя неверагодныя петлi, а мая правая рука ўжо выцягвала бялюткую вяроўку.
Што можа быць сiмвалам чысцiнi? Вядома, насычаная ветрам i холадам бялютка-галубовая прасцiна. І я нiколi не разумеў, чаму самагубцы выбiраюць у крамах менавiта вяроўкi, на якiх жанчыны сушаць кашулi, наўлечкi ды прасцiны. У мастацкай вучэльнi быў вельмi папулярны матыў з бялiзнаю. Асаблiва ўдалая кампазiцыя атрымалася ў Ігара Кашкура: навальнiца ў мiкрараёне, чорнае неба, крылы прасцiнаў, скручаныя жаночыя постацi, што, утаймоўваючы бялiзну, скiдаюць яе ў эмалiраваныя мiсы. Мяне, па шчырасцi, белыя сцягi баязлiўцаў "рукi ўгору" не натхнялi, бо цiкавiлi iншыя штандары: у краязнаўчым музеi я перамаляваў сабе ў нататнiк трохкутны сцяг з пагоняю, пад якiм змагалiся за незалежнасць касiнеры Кастуся Калiноўскага. Юначы экстрэмiзм? Цалкам магчыма. Хто з нас задумваўся, пад якiм сiмвалам выходзiць на бой? Дарэчы, чорны квадрат з белым чэрапам i перакрыжаванымi пад iм косткамi таксама вабiў мяне. Анархiзм, iндывiдуал-анархiзм цi, лепш сказаць, эгаанархiзм прыцягваў сваiмi набыткамi ў галiне мастацтва. Я зачытваўся Альбэрам Камю, мяне натхнялi палотны авангардыстаў 10-х гадоў, усе гэтыя хлопцы "душа наросхрыст" з "Бубновых вальтоў" дый "Сiнiх коннiкаў". А вось нацыянальнае ў мастацтве, як тады казалi, нацыянальнае па форме i сацыялiстычнае па зместу, выклiкала пратэст. Я люта не прымаў саламяных конiкаў, кашулi-вышыванкi i розныя андаракi. Да неафалькларыстаў, што, займеўшы вышэйшую гуманiтарную адукацыю, падраблялiся пад народных майстроў-самавукаў, я ставiўся не лепш, чым да неанацыстаў. Ёсць у iх нешта агульнае, роднаснае, блiзкае, i не толькi прыставачка "неа", а корань "нац". Іх яшчэ яднае разумовая абмежаванасць дый творчая няздатнасць. Драбната! А вось намеры — захапiць увесь свет — не меншыя. За гэтыя глабальныя намеры мяне i ад камунiстаў адвярнула. Сацыялiсты з iх недасяжнай выспаю Утопiя падабалiся больш, але, прачытаўшы ўважлiва Томаса Мора, зразумеў: ягоная мадэль больш нагадвае канцэнтрацыйны лагер, чым свабоднае грамадства дзеля свабодных iндывiдуалаў. З блытанiнаю "iзмаў" у галаве i планам на ўсё астатняе жыццё ў кiшэнi я патрапiў на дзень нараджэння Сiмачкi Кудлача.
Сiмачка — чалавек iнтэлiгентны немаведама ў якiм калене, любiў свае днi нараджэння, як чорт балота. Было ў iм эгаiстычнае, анарха-iндывiдуальнае. Мы палiлi свечкi, пiлi сухое кiслае вiно, ад якога ўвесь час мяне насiла ў прыбiральню, закусвалi смажанай качкаю i танчылi з дзяўчатамi. Напiлiся моцна. Дзяўчаткi, а iх было трое, чамусьцi абвясцiлi, што яны полькi i адпаведна маюць перавагу над намi, беларусiкамi. Пра велiч Польшчы я i дома мог наслухацца. Не ведаю, чаму, але ў бацькi ёсць сентымент да заходнеславянскага народу. Можа таму, што ён нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, можа таму, што недалёка ад ягонае вёскi жыў першы чалавек Польшчы — Адам Мiцкевiч, а хутчэй, з-за таго, што ўсе мы любiм сваё дзяцiнства, там i снег мякчэйшы i хлеб смачны. З бацькам ясна. А тут? I я драўляным языком пачаў брахаць на пшэкаў i Пшэцыю. Згадаў i лагеры для беларусаў, i закрыццё беларускiх школак, i турмы, i Беластоцкi край, якi тэрмiнова трэба адваяваць, вярнуць, забраць, а ўсiх палякаў выгнаць к чортавай матары, як з Беласточчыны, так i з Беларусi наогул. Пра тое, што ў сваяках маю сякiх-такiх палячкоў, вядома, не згадваў. Дзеўкi смяялiся... "Ну што ты можаш зрабiць адзiн?" Вось на гэты момант i высветлiлася: я не самотны. На мой бок стаў iмянiннiк. Сiмачка Кудлач пашырыў кола нацыяналiстычнай амбiтнасцi — прапанаваў вярнуць спрадвечна беларускiя землi i гарады: Вiленскi край i Вiльню, Друскенiкi, Дзвiнск, Краславу, Смаленск, Старадуб, Бранск...
Ён спынiўся недзе пад Курскам, бо жаданне схадзiць да ветру было мацнейшае за ўяўныя заваёвы. На той момант наша кампанiя, пакiнуўшы кватэру, шпацыравала па начным праспекце ў раёне дзяржаўнага цырка. Мы ўсе забеглi пад белую балюстраду, упрыгожаную вялiзнымi вазамi, i цiшыня скверыка напоўнiлася плюскатаннем перапрацаванага вiна. Я касавурыўся на пшэчачак, што сядзелi на траве, як тры вялiзныя чорныя курыцы, з-за гэтага вiдовiшча працэс вызвалення зацягнуўся. Узбуджанасць. Спадзяюся, ты зразумееш. Дзяўчатак, самазваных шляхцянак, мы развялi па дамах, а самi дамовiлiся сустрэцца праз тры днi, каб на цвярозую галаву абмеркаваць нацыяналiстычныя парывы.
Сустрэлiся. Сумна згадваць, але без алкаголю размова не ляпiлася, сыпалася, крышылася на драбнюткiя аскепкi...
— Добра было б разам з'ездзiць у Вiльню.
— Даўно не быў у Мiрскiм замку, пэўна, яго канчаткова засралi галубы.
Каб не любоў да кнiжак, перакананы, з нашых намераў выйшаў бы пшык. Сiмачка палез на антрэсолi i выцягнуў з-пад газетаў томiк Янкi Купалы, выдадзены ў 20-я гады. Мяккiя знакi, слова "Мiнск" i трагiчна-смяшлiвыя сцэны "Тутэйшыя" леглi ў падмурак нашага гуртка з двух чалавек. Купалаўскiя чытаннi мы пачалi ладзiць штотыднёва. І праз якi месяц надумалi пашырыць кола чытачоў забароненых твораў на аднаго чалавека. Сякеру бяруць пад лаваю. Я запрасiў да Сiмачкi ў госцi Алеся Ласевiча. Сагiтаваць чалавека зусiм не проста, асаблiва на нешта антыдзяржаўнае. Ён баiцца, ты баiшся. Страх накладаецца i ўзрастае не ў арыфметычнай прагрэсii, дзе два на два чатыры, а павялiчваецца ў разоў дзесяць-дванаццаць. Кнiжку Купалы Ласевiч узяў, i гэта была першая перамога беларускага арганiзаванага нацыяналiзму ў кватэры Кудлачоў. Далей пайшло лягчэй.
Мы радавалiся: нiхто нiкому нiкога не заклаў. А наш купалаўскi гурток пачало моцна заносiць улева, да тэрарызму. Тэрор — вельмi прывабная рэч, як свежанiна. Рэжце гiтлерцаў паганых, каб не ўскрэслi век яны! Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, не давайце чужынцамi быць! Але ад тэарэтычнай да рэальнай агрэсii, дзякуй Богу, досыць вялiкая адлегласць. Скажу адразу, каб ты не хвалявалася. Мы так i не дайшлi да падкладання выбуховых прыбораў у дзiцячыя садкi цi школы. Нашыя пошукi ў галiне гвалту спынiлiся значна раней чым у нацыяналiстаў Ірландыi цi баскаў. Асабiста мяне да развагаў пра тэрор вельмi падштурхнуў адзiн малюнак, зроблены на белых дзвярах грамадскай прыбiральнi ў Палацы мастацтва. Нейкi габрэй накрэмзаў чорнай шарыкавай ручкаю шасцiканцовую зорку Давiда i напiсаў: "Мы есть". Не разважаючы, не раздумваючы дый не аналiзуючы сiтуацыi, я дастаў аловак i зрабiў работу над памылкамi. Пад габрэйскай зоркаю ўзнiк iншы надпiс — "Мы ёсць", за якiм чарнеў тлусты клiчнiк. У маiм варыянце надпiс праiснаваў гады са тры, а можа, i болей. Так цi iнакш, а першы крок я зрабiў, хай несвядомы, але ж зрабiў.
Зрэшты, цi бываюць першыя крокi ў дзiцяцi свядомыя i лягчэйшыя? Хутчэй, не. Клэп-клэп-клэп. І пайшоў, пайшоў, упаў, узняўся. Усмешка бяззубая. І далей, далей. Клэп-клэп. Вось так, прыкладна, пачаў i я. Значна пазней я ўбачыў сапраўднага тэрарыста, лацiнаамерыканца Карлiса, якi расказаў пра Чылi.
Карлiс быў у свае пятнаццаць гадоў перакананым камунiстам, хаваючыся ў сутарэннях, чытаў Ленiна i Маркса, а калi да ўлады прыйшоў Пiначэт — удзельнiчаў у страйку. Бедная працоўная сям'я, вера ў лепшую будучыню, Чэгевара. Карлiс панёс бомбу ў аўтобусны парк i падклаў яе ў машыну штрэйкбрэхера, як рабiлi кнiжныя i кiношныя рэвалюцыянеры. Загiнула чатыры чалавекi. Карлiс уцёк у Еўропу. З Францыi яго прагналi за ўдзел у нейкiх там чылiйскiх "чырвоных брыгадах". У Мiнску Карлiс скончыў медыцынскi iнстытут i працаваў... кiм бы ты думала? Гiнеколагам! Вось бывае.
Пры першым знаёмстве Карлiс, з якога Гена Цацкевiч маляваў партрэт, абазваў мяне Пiначэтам. Цi не смешна? Ну, якi я Пiначэт! Усё вайсковае я з дзяцiнства недалюблiваў. Я хацеў быць блазнам, а не генералам. А тут раптам бэнц — i Пiначэт. І за што? Назваў Фiдэля Кастра тэрарыстам. Дык яно ж так i ёсць, для ўсяго свету. Ну ды Бог з iмi. З Карлiсам я памiрыўся, i ён запрасiў на свята ў чылiйскае таварыства. Нiколi не думаў, што ў Мiнску так многа знойдзецца лацiнаамерыканцаў. Іх набегла поўная студэнцкая сталоўка. Жанчыны ў понча, а вось мужчыны, чамусьцi, былi апранутыя па-еўрапейску, iм зусiм не пасавалi гэтыя апранахi. Ім да твару былi б чорныя капелюшы, паходнi i мачада. На вялiзных пано я i маляваў на замову Карлiса лацiнаамерыканскiя твары i кулакi з паходнямi.