* * *
Сніў, што разам з Танкам пераносіў з месца на месца вялікія, пазвязваныя кіпы пісьмаў — жаль i спачуванне вельмі многіх у сувязі з яго, Максімавай, смерцю...
У сне такое не бачыцца дзіўным: як быццам усё так i трэба, нармальна.
* * *
Выступаць у інстытуце, перад студэнтамі, мы прыйшлі з гасцініцы невялікай групай адразу пасля снедання. А тут нас, «пакуль што» — адразу да самавара, з пытаннямі: «Вам чаю? Ці кавы?» Адмаўляемся шчыра ды ветліва, a мілавідная, не вельмі ўжо маладая жанчына, што гаспадарыла каля стала ў дырэктарскім кабінеце, з усмешкай сталай прастаты сказала:
— Мама мая гаварыла: не дай Бог галодных карміць.
I тут падтэкст народнай мудрасці.
* * *
Над трэцім томам Багдановіча.
Ён, Багдановіч, i Талстой,— падабенства грамадскай дзейнасці: у старога па барацьбе з «мірным» голадам, a ў маладога з ваенным, бежанскім ліхалеццем. I там, i тут гэтая дзейнасць, з усёй сваёй суровай, шэрай прозай, дадае воблікам любімых літаратараў чалавечай i нісьменніцкай абаяльнасці.
«Непаэтычная» галковасць маладога, хворага Максіма. I выдатнае валоданне рускай літаратурнай мовай. Я не пярэчу самому сабе, таму ранейшаму запісу, дзе гавару, што яго руская мова менш натуральная ў слове мастацкім. Як i Шаўчэнкава — у прозе. У валоданні культурай рускай мовы — адукацыя, a ў мове роднай у яго самавуцтва, а на радзіме з ёю — самы толькі працэс станаўлення, сіламі самавукаў або патрыётаў з рускай адукацыяй.
...«Образы Галиции в художественной литературе», з аповесці Франко «Великий шум»:
Згадалася, што ў апавяданне «Марыля» песню пра пляценне вянка мне напяяла мама, а то, хутчэй, песенніца-сястра. I як падобна:
I гора такое падобнае:
I наша:
Захацелася праверыць, як справіўся з гэтым Сэнюх:
Тут ужо толькі пераклад. Хоць, напэўна ж, у народным вясельным штосьці блізкае ёсць i ў палякаў.
...Як гэта мала ў яго, Багдановіча,— тры тамы,— i як многа, калі чытаць, нават вяртаючыся да знаёмага!..
...Тое, што ў нас друкуецца ўпершыню, што друкавалася ў рускай перыёдыцы пад псеўданімамі.
Я нібы толькі ніто даведаўся — ён жа юрыст, i таму судовыя справаздачы. А праз дзелавую, строгую сухасць юрыста ў замалёўцы «В гостях у детей» прабіваецца паэт i добры, высакародны юнак:
«Дом чист и просторен, комнаты большие, светлые, потолки высокие; на стены из гладко оструганных сосновых бревен, не заклеянных опротивевшими обоями, просто приятно поглядеть».
«Я не знаю, есть ли на русском языке слово «обуютить», но оно бы мне очень пригодилось. Надежда Ивановна обуютила, насколько возможно было, детей».
A дзеці, убачыўшы ў «кладовой» мяхі з рознымі крупамі, мноства мяхоў, здзіўляліся: «Неужели мы все это съедим?»
Гэтыя сцены сасновыя, гэтае «обуютить» (у Даля толькі «уютничать») i здзіўленне малых, у большасці нездараўчаных, каланістаў — з роднай душы, якую мы любім.
...Яшчэ да яго выступленняў у «Голосе» —«В с. (еле) Крест»:
«День выдался ясный, погожий, и с тем большей охотой начал я per pedes Apostolorum отмеривать путь по широкому пригородному шоссе. По обеим сторонам — трава, в ней протоптаны тропинки, в два ряда тянутся старые березы — в их тени идти не трудно и не скучно».
Тут ужо проста хораша бачыцца ён, наш цудоўны Максім Адамавіч — з яго лацінскімі «слядамі апосталаў»,— хораша i журботна, за няпоўны год да адыходу...
* * *
Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе», нямала добрага сказаўшы пра мяне, у адным месцы як быццам пасмейваецца:
«Аўтар зрабіў вялікую паслугу чытачу: ён можа ўжо не чытаць тых кніг, якія прачытаў Брыль,— у кароткіх, часам трапных азначэннях ён раскрывав іхнюю сутнасць, i такім чынам як бы адпадае патрэба чытаць тыя кнігі зноў. Ты ўжо прачытаў ix вачыма Брыля».