— Не трэба так жартаваць, Сяргей Валянцінавіч. Па-першае, я не палкоўнік...
— Па-першае, вы палкоўнік, Пятро Пятровіч. Няхай Керанскі сваімі загадамі падцірае пэўнае месца... Ніхто вас не пазбаўляў звання. А па-другое, па-другое... знаеце, пра што я думаю? Калі бальшавікі створаць сваю армію... рэвалюцыйную... яны мусяць вярнуцца да званняў... Можа, гэта будуць іншыя званні, але будуць! Не можа быць арміі без камандзіраў, якіх неяк трэба называць,— Багуновіч весела азірнуўся.— Не выдавайце мяне Сцяпанаву. І Міры. Але я вам прызнаюся: сёння мне раптам захацелася стаць савецкім палкоўнікам... хоць ваенная кар'ера, як вы ведаеце, мяне не вабіць.
Пастушэнка расчуліўся, ажно ў вачах заблішчалі слёзы: сорак гадоў чалавек праслужыў у арміі.
— Дарагі мой! Зайздрошчу я вам... Аптымізму вашаму. Дай бог, дай бог стаць вам і палкоўнікам... І генералам... А я за вас хваляваўся, знаеце... Усё-такі гэта...
— Авантурна?
— Я інакш хацеў сказаць: рызыкоўна... Пад выглядам салдата...
— Рызыка была, безумоўна. Адзін з іх афіцэраў сказаў па-французску: «Гэты тып — бальшавіцкі шпіён».
— Што я вам казаў! Ах, галубчык!
— Але на іх трэба было глянуць не салдацкім вокам. Перад намі новая дывізія. Гэта мог убачыць толькі я. Так немцы выконваюць умовы перамір'я.
— Сяргей Валянцінавіч! Вы верылі, што яны будуць іх выконваць? Вораг наш без чэсці і сумлення.
— У Берліне сапраўды паўставалі рабочыя. Але рэвалюцыйнасць гэтых салдат убачыла толькі наша бальшавічка... Міра. Я не ўбачыў. Мы глядзелі рознымі вачамі... І я прызнаюся толькі вам: мне зрабілася страшна. Я не баязлівец. Але...
— Я разумею вас.
— Калі мы не заключым мір, будзе катастрофа. Мы страцім рэшткі нашай арміі. Папоўнім армію палонных. Ад гэтага мне стала страшна. Але, дзякуй богу, мы з вамі ніколі не панікавалі. Будзем дзейнічаць! Першае... тэлеграма штабу фронту аб тым, што супраць нас — новая часць.
Пастушэнка сеў да стала і пачаў пісаць.
— Другое... разведка! Арганізуем разведку. Не будзем святымі, калі праціўнік плюе на ўмовы перамір'я. Глыбокая разведка, Пятро Пятровіч! Мне толькі што сказаў Рудкоўскі... сынкі аднаго кулака пераходзяць лінію фронту... сёння перагналі туды коней... Злавіць! Выпытаць усё, што можна. Пад страхам смерці за шпіянаж. Нарэшце, чаму на той бок не могуць схадзіць нашы людзі? У кагось, напэўна, ёсць сваякі ў мястэчку ці яшчэ далей ў сёлах, у нямецкім тыле. Рудкоўскі паможа знайсці такога чалавека. Адным словам, разведка па ўсіх ваенных правілах! Нам жа лягчей, мы на сваёй зямлі. Укамплектаваць узвод разведкі лепшымі салдатамі і падпарадкаваць начальніку штаба палка. Вам, Пятро Пятровіч. Сачыняйце загад.
Багуновіч хадзіў па прасторным пакоі ад акна да дзвярэй, абыходзячы доўгі стол, за якім сядзеў начштаба, і гаварыў гучна, выразна, кароткімі фразамі — як дыктаваў загад. Стары палкоўнік пазіраў на яго ўлюбёна, бадай захоплена сыпаў на паперу не літары — іерогліфы — стэнаграфічныя знакі. Кажушок яго споўз з плячэй на крэсла. На плячах палінялага фрэнча выразна выдзяляліся прамавугольнікі ад былых пагонаў. Багуновічу гэтыя плямы кінуліся ў вочы, ён спыніўся за спіной у Пастушэнкі і са стоенай усмешкай падумаў: які гвалт узнялі б камітэт і Міра, каб ён прызнаўся, што пашкадаваў палкоўніцкіх пагонаў!
Абышоў стол, сеў з другога боку, памачыў пяро ў чарніліцу, пачаў пісаць. Пісаў павольна, почырк у яго быў каліграфічны, папоўскі, як жартаваў некалі стары Багуновіч. Працягнуў лісток Пастушэнку. Той прачытаў уголас:
— «Петраград. Смольны. Леніну. Армія галадае. Распадаецца. Самадэмабілізуецца. Асобныя ўчасткі фронту аголены, нікім не ахоўваюцца. Стрымаць наступленне немцаў, калі яно пачнецца, немагчыма. Салдаты 136-га Кастрамскога палка чакаюць міру. Салдаты патрабуюць міру. Камандзір палка Багуновіч».
Пастушэнка здзіўлена паглядзеў на яго.
— Гэта можна?
— У рэвалюцыі ўсё можна, дарагі Пятро Пятровіч. Усе і кожны мае любое права.
— Вы думаеце, Ленін не знае пра становішча на фронце?
— Не сумняваюся, што знае. Пра гэта ўжо паўмесяца гавораць на з'ездзе па дэмабілізацыі арміі. Але лішняя тэлеграма з фронту не пашкодзіць... спадзяюся, паможа Леніну... Ён жа за мір. А ёсць праціўнікі міру...
— Вы рашучы чалавек, Сяргей Валянцінавіч.
— Не, я не быў рашучым. А трэба быць. Трэба, Пятро Пятровіч. Нам даверана жыццё людзей. Зараз мы з вамі выдамо яшчэ адзін загад. Але тут нам не абысціся без камітэта. Дзе Сцяпанаў?
— Яму нездаровіцца. Ён прылёг. Знаеце, такія хворыя пры такім атмасферным пераломе... Вунь як разгулялася пагодка!
Пастушэнка апраўдваў старшыню палкавога камітэта, што той ляжаў сярод дня. Крануў Багуновіча сваім клопатам. Увогуле Сяргею падабалася ўзаемная павага гэтых двух зусім розных людзей — двараніна і рабочага. Дэмакрат, ліберал, Багуновіч некалі, як і бацька яго, захапляўся ідэяй прымірэння класаў шляхам асветы і евангельскага ўдасканалення прыроды людзей. У вайну зразумеў, што гэта прыгожая утопія, але ідэалы маладосці пакінулі свой след: ён стараўся ўбачыць у кожным чалавеку добрае і радаваўся чалавечай дабрыні.
Абараняць Сцяпанава не трэба: усе ведаюць, што ён хворы на сухоты. Хто іншы даўно быў бы ў тылавым шпіталі, а гэты фанатычны бальшавік не пакідае фронту.
Для Багуновіча Сцяпанаў такая ж легенда, як і Пастушэнка, толькі хіба з той розніцай, што з Пятром Пятровічам, нягледзячы на яго званні і ўзрост, ён даўно адчувае сябе роўным і паводзіць па-свойску, а Сцяпанава быццам баіцца, адчувае ў нечым, магчыма, самым галоўным, перавагу рабочага над сабой. Баіцца ён, напрыклад, сцяпанаўскай маўклівасці, панурасці, хоць яе не цяжка вытлумачыць — хворы чалавек. Невытлумачальнай, загадкавай бывае яго рэдкая, нечаканая, часам беспрычынная ўзбуджанасць — весялосць ці гнеўная раздражнёнасць.
Філат Прохаравіч Сцяпанаў у шостым годзе быў асуджаны да дзесяці гадоў катаргі. У шаснаццатым вызваліўся і сам, добраахвотна, папрасіўся на фронт. На трэцім годзе вайны царызм падшкрабаў рэшткі рэзерву, і людзей часта «галілі ў салдаты» нават без медыцынскіх камісій, добраахвотнікі ж, пры наяўнасці многіх тысяч дэзерціраў, былі дзівам, за іх хапаліся абедзвюма рукамі. Царскія служкі, мабыць, думалі, што былы палітвязень перавыхаваўся і гатовы праліць кроў за цара і айчыну. Ніхто, безумоўна, не падазраваў, што на фронт Сцяпанаў найшоў са згоды партыйнага цэнтра, які праводзіў ленінскую тактыку пранікнення ў салдацкія масы.