— Мы яшчэ не выходзілі ў эфір.
— А я прывёз апошнія зводкі Саўінфармбюро. Толькі прамокла мая торба. Зводкі — ладна, я іх запомніў. Вось гэтага багацця шкада,— дастаў з вайсковай сумкі мокрую кнігу: — «Каралева Марго». Чытаў хто? Эх вы, прафесары! Высушу — дам пачытаць. Спаць пяць начэй не будзеце. Хто мне дакладваў, што ў Каменцы ўсяго пяць паліцэйскіх? Атрох! Заўтра зрабі вылазку туды. Што людзі будуць гаварыць пра сённяшнюю падзею? Каго мы адаслалі туды,— кіўнуў угору,— ворагаў ці дурняў? Шкада, калі на нашу кулю наскочыў дурны сынок добрай маці.
Золатаў засек і гэта ў сваёй памяці: паліцэйскіх пашкадаваў. Неяк у размове раскулачаных шкадаваў: маўляў, у тых, каго везлі ў Сібір, дзеці ў вагонах мерзлі. Вось такі добры дзядзька камандзір атрада — усіх шкадуе.
«Слаба цябе гартавалі, Аляксей Іванавіч, у бальшавіцкім горане,— падумаў Золатаў.— Слаба».
Толькі сябе лічыў ён чалавекам ва ўсіх адносінах загартаваным — фізічна і маральна.
Ці не вынікам загартоўкі такой было і тое, што не дурань выпіць, Золатаў ніколі не выпіваў перад тым, як выходзіць на сувязь з Цэнтрам, быццам начальства магло ўнюхаць радыёхвалі. Не ён жа ключом працаваў — радыст, у таго павінна быць цвёрдая рука, каб не змяніўся почырк, што там, у Маскве, магло насцярожыць. З некаторымі тайнамі разведкі ён па сутнасці пазнаёміўся толькі перад адлётам, тыдні два іх вучылі, не больш. Але пра тое, што радыст павінен быць у адным, спакойным і цвярозым, стане, каб почырк не паламаўся,—пра гэтую, вядомую дапытліваму школьніку тайну ведаў даўно. Іншай, не менш адказнай, работай прыйшлося яму займацца ў органах; у яго рабоце рацыі пакуль што не прымяняліся. Ён меў справу з пісьмовымі данясеннямі.
Ман толькі аднойчы, і то як бы між іншым, у гутарцы, спытаў, што ён перадае ў Маскву. А тут, калі ішлі ад разведчыкаў да камандзірскай зямлянкі, спытаў, бадай, з камандзірскай патрабавальнасцю:
— Што данясеш сёння?
— Пра становішча ў Мінску.
— Пра Кавалёва не перадазайце.
— Чаму?
— Праверыць трэба. Нічога не ведаем, адны чуткі, адна баба сказала, а кінем на чалавека цень. Паставім кляймо... Хто адмые на мёртвым?
«Ах, добранькі, ах, добранькі».
І без гэтага папярэджання ён не перадаў бы пра Кавалёва, не таму, што спадзяваўся на больш дакладную інфармацыю, а таму, што хацеў расцягнуць Дзядзюлевы навіны надаўжэй, каб даць тым, што сядзяць у маскоўскіх кабінетах, зразумець: не спіць ён тут у шапку, наладзіў разведку так, што ўвесь час атрымоўвае свежыя дадзеныя. Няхай адчэпяцца з Мінскам. Каму так хочацца паслаць яго на верную смерць? Ёсць зайздроснікі. Хіба яму трэба было ляцець у тыл, а тым больш лезці ў фашысцкае логавішча!
«Добранькі — цень кінуць баішся. Бойся, каб яна не ўпала на цябе».
І з'явілася ў начальніка асобага аддзела нядобрае, зларадаснае нейкае пачуццё да чалавека, які гадзін колькі назад ратаваў яго ад смерці. Тут жа склаўся ў галаве новы тэкст радыёграмы. Менавіта з Кавалёва трэба пачаць — фігура, сакратар гаркома! Трэба ўдарыць, як кажуць, козырам. Уявіў, як начальнікі прымуць гэтае паведамленне. Яго непасрэдны начальнік палкоўнік Акцябрскі, які спрабаваў не адпусціць яго, узрадуецца, пахваліць. Начальнік разведупраўлення генерал Кротаў, як заўсёды, усумніцца і загадае камандзірам іншых атрадаў праверыць; двух сваіх дублёраў ён ведае. Няхай правераць! Калі чалавек «пакаштаваў кашы» фашысцкай і больш месяца жывы, то можна без праверкі не сумнявацца, што выдае ён сваіх, не ўсіх, безумоўна, адразу, тактыка падследных вядомая, ва ўсіх іх адна псіхалогія, калі пяткі падсмажваюць ці іголкі пад ногці заганяюць: цыркаюць патроху — абы следчы расшчапіў абцугі ў дадзены момант.
— Дзядзюля не падумаў. Што пачуў ад першай сувязной, тое і выдаў на-гара. Так нельга!
«Бач ты, які дабрадзей!»
— Да чаго ты заклікаеш, Аляксей Іванавіч? Не разумею. Каб нам з табой цямнілі, праўды не казалі? Між іншым, я не думаю, што Дзядзюля так усё і вылажыў. Растапырвай кішэню шырэй. Гэтага хітругана і кулака я наскрозь бачу. Як ён за лыжкі з табой таргаваўся! Не сорамна табе лыжкі прадаваць сваім?
— За патроны — не сорамна.
— Адзінае апраўданне.
Між тым Аляксей Іванавіч падумаў:
«Цімоху няма чаго цямніць перада мной. А вось табе дарэмна ён усё вылажыў. Баліць у яго душа за людзей, таму і выгаварыўся. Шчыра Цімох гаварыў, даверліва».
— Пра Кавалёва не перадавайце,— яшчэ раз папрасіў Ман.— Пакуль што. Я, між іншым, таксама ведаю гэтага чалавека.
— Вось як! Усіх ты ведаеш.
— У вобласці ж працаваў.
— Добра, не перадам.
Аднак перадаў з поўнай упэўненасцю, што Кавалёў ведае сваіх, таму, маўляў, і арыштаваў гэтулькі. Не падумаў нават пра законы канспірацыі. Добра ведаў іншае — як умее следчы апарат рабіць ланцуговую рэакцыю: кожны наступны будзе выдаваць новых і новых: Кавалёў — Падковіна, Падковін — Молатава...
Вярнуўся з радыёрубкі вясёлы, радасна ўзбуджаны.
— Камандзір, выстаўляй увесь свой запас! Есць прычына выпіць!