— А ў чым прычына такога масавага правалу?
Для Золатава такое пытанне мела істотнае значэнне: адказ на яго мог бы растлумачыць і апраўдаць правал яго людзей. Спасылка на Дзядзюлю дало б яму апраўданне перад начальствам, якое ледзьве не адкрытым тэкстам патрабавала, каб ён асабіста наведаў Мінск і высветліў становішча. Лёгка ім там, седзячы ў Маскве, камандаваць! А тут такі хітры ліс, які адусюль «цягае курэй», не адважваецца прабірацца ў горад; Дзядзюля самакрытычна прызнаўся ў гэтым на самым пачатку размовы.
Над такім пытаннем камандзір зноў сур'ёзна задумаўся.
— Каб я, браце, ведаў прычыну, то, можа, ратаваў бы многіх нашых людзей. Арышты працягваюцца і цяпер. А чуткі і думкі — яны самыя розныя. Тыдзень назад была ў мяне тут адна маладзічка. Перадала і такое, што адзін з арыштаваных кіраўнікоў падполля,— Кавалёў,— правакатар, выдае сваіх. Ды гарадскія кіраўнікі яе, сувязной нашай, лічаць, што гэта правакацыя эсдэ, каб дэмаралізаваць падпольшчыкаў. Масавыя арышты зусім не азначаюць, што нехта выдае. Змена чалавекам кватэры — ужо падстава для арышту. І я згодзен са сваімі хлопцамі. Не веру, што Іван правакатар. Асабіста ведаю гэтага чалавека, праўда, па даваеннай рабоце. Ён быў сакратаром райкома, блізкага ад Мінска. Гэта сапраўдны бальшавік!
Дзядзюля не верыць, што Кавалёва маглі зламаць фашысты. А ён, Золатаў, адразу паверыў, бо ведаў, як лёгка «расколваліся» такія «бальшавікі» на допытах у іх, а ён шчыра быў перакананы, што асабіста яго допыты былі гуманныя, ва ўсялякім разе з фашысцкімі іх не параўнаць.
Адным словам, інфармацыя пра Кавалёва яго амаль узрадавала. Гэта якраз тое, што трэба, што апраўдвае яго ў вачах начальства,— не хаваецца ён у атрадзе, а дзейнічае асцярожна, прадбачліва, неразумна лезці ў пастку зверу, калі ён так ашчэрыўся, абкружыўся правакатарамі. Многа значылі і прозвішчы Караткевіча, Нікіфарава, іншых, гэта пацвярджэнне грунтоўнасці інфармацыі, можа здарыцца, што ён першы назаве гэтых людзей, добра было б, каб пра іх і Панамарэнка не ведаў, пра дзейнасць якога Лаўрэнцій Паўлавіч адазваўся на інструктажы скептычна, хоць тут жа агаварыўся, што, маўляў, гэта тычыцца разведкі ў Мінску, у іншых гарадах, а не баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў. Карцела спытаць, ці перадаў Дзядзюля гэтыя «мінскія чуткі» ў ЦШПР [1]. Але тут жа сцяміў, што можа ў данясенні на Дзядзюлю не спасылацца, лепш сачыніць яго так, каб там, у Цэнтры, лічылі, што звесткі з Мінска прынёс чалавек яго групы. Праўда, такім чынам можна напрасіцца на яшчэ больш складанае заданне, напрыклад, на ўстанаўленне сувязі з тымі кіраўнікамі падполля, якія ўцалелі, але, як кажуць, рызыка — справа высакародная. Там зноў можа выручыць Дзядзюля. З гэтым чалавекам варта мець добрыя адносіны, дарэмна ігнараваў яго і нават як бы трохі баяўся — за яго ўедлівую саркастычнасць. Пахваліць яго трэба. Але ўмела, хітра, бо Дзядзюля з тых «іронікаў», калі «пераборам» у іх праслаўленні можна сапсаваць усю гульню.
Золатаў вельмі ўзрадаваўся, калі за абедам, з чаркай, Дзядзюля ўсё ж «клюнуў» на тост аб яго народнай мудрасці, аб яго палкаводскіх якасцях.
— Такія людзі, як вы, Цімох Пятровіч, узначальвалі народныя рэвалюцыі. Як Разін. Як Пугачоў.
Не адбіўся сарказмам, сказаў сур'ёзна, што Разіна ён любіць, а Пугачова не вельмі: хаваючыся тут, у Беларусі, на яго радзіме — у Ветцы, Ямелька нюхаўся з польскай шляхтай.
У найлепшым настроі вяртаўся Золатаў у свой атрад. Атрымаў больш, чым спадзяваўся. Ёсць што перадаць Цэнтру. Ёсць чым апраўдаць сваё прабыванне ў атрадзе, а не ў Мінску.
А Ман чамусьці быў задумлівы, хоць гаварлівасцю ён ніколі не вызначаўся. Але заўсёды быў інтэлігентна ўважлівы да субяседніка. Пра што яны там шапталіся? Не маглі змовіцца падкінуць яму інфармацыю-ману? Не, не падобна. Золатаў ведаў сваю слабасць, якая абумоўлена спецыфікай прафесіі: нікому не давяраць — ні арыштаванаму, ні начальніку, ні сябру, ні жонцы, да ўсяго ставіцца з падазронасцю. Але тут не той выпадак і не тыя людзі. Ён часам радаваўся, што сярод партызан «хвароба» яго прытупілася — не верыць Ману, хоць ён і Манюк, Кіпеню, Брагінскаму нельга, тут яны, жывучы ў адной зямлянцы, выконваючы адну задачу, парадніліся што браты. Праўда, нярэдка ён дакараў сябе за аслабленне пільнасці, за даверлівасць. Такое ён не мае права дазваляць сабе, тут — тым больш. Трымаць вуха трэба востра: ворагі маглі пралезці і ў партызанскія атрады.
Пасля першых, даволі моцных маразоў і снегападаў, калі, здавалася, трывала лягла зіма, наступіла адліга, вярнулася цёплая восень. Снег сагнала. Часта ішлі дажджы. Зямля раскісла. Ехалі чацвёра — два маладыя партызаны, ахова камандзіра, яны заўсёды суправаджалі яго ў атрад Дзядзюлі. Між іншым, нават гэта выклікала ў Золатава падазронасць: чаму на баявыя заданні Ман-Манюк едзе з любымі іншымі партызанамі, а да Дзядзюлі толькі з гэтымі юнакамі, не самымі вопытнымі байцамі. Пашкадаваў, што не мог узяць свайго чалавека, але чалавек яго, Іваноў, па сутнасці адзіны, якому ён верыў, хварэў — фурункулы ўскочылі на такім месцы, што ён не мог сесці ў сядло.
Ад талага снегу і дажджоў распухлі раўчукі, па-вясноваму разлілася рэчка. Туды ехалі — праехалі па грэблі, па мосце. Нікога не сустрэлі, ва ўсялякім разе ён, Золатаў, нікога не ўбачыў, калі не лічыць адзінокай постаці, жаночай, на краі далёкай, за добрую вярсту, вёскі. Але Ман сказаў тады:
— Назад гэтай дарогай не паедзем. Але дзе пераправіцца?
Доўга шукалі яе, пераправу. Ехалі ўздоўж рэчкі. Тут берагі яе былі крутыя, і вада не выйшла з іх. На полі коні грузлі па калені і знясілелі: дваццаць вёрст туды, палавіну дарогі назад.
Перапраўляцца пачалі там, дзе ад рэчкі падыходзіла палявая дарога, на тым баку яна вяла ў лес. Рэчка ў гэтым месцы разлілася і ўстрашала шырынёй. Але Ман ведаў, што там, дзе брод,— мелка і дно цвёрдае. Аднак мелка не было, коні адчувалі глыбіню і баяліся, прыйшлося гучна нокаць. Хлопцы ўзнялі ногі на холы коней, Золатаў чарпнуў халявамі ваду. Конь збочыў з дарогі, як знесла яго вадой, і ён з натугай выбіраўся на абрыў. І тут свіснула куля. Адна. Другая. Конь заржаў, споўз у раку. Золатаў вырваў ногі са страмёнаў і вываліўся ў рэчку. Хуткая плынь панесла яго грувасткае цела. Але, магчыма, гэта ратавала яго, бо зноў прагучалі недалёкія стрэлы, і рака праглынула забітага каня.
Плаваў Золатаў нядрэнна, ныраючы, праплыў паўсотню крокаў, схапіўся за паваленую альху, па ёй выбраўся на абрыў, прапоўз колькі крокаў, нюхаючы зямлю,— галаву ўзняць баяўся; куляючыся, скаціўся ў лагчыну, дзе таксама стаяла вада. Але ўгледзеў, што ад куль закрыўся. Абмацаў сябе. Фуражку знесла. Добра, што пісталет ацалеў, хоць кабура была расшпілена. Дзе ж яго баявыя таварышы? Пакінулі аднаго? Пакінулі, сволачы! Хто стане падстаўляць сябе пад кулі? Узаемавыручка ў баі — прыгожыя словы. Ніхто нікога не выручае, кожны думае пра сваю шкуру. Кроў ударыла ў галаву, сэрца распухла да таго, што, здавалася, разарве грудную клетку. Пацямнела ў вачах. Свінцова-шэрае асенняе неба стала жоўтым.
Дзе яны, ворагі? На тым ці на гэтым беразе? Колькі іх? Калі ўгледзелі яго, адным пісталетам не адбіцца. Што ж застаецца? Пусціць кулю сабе ў скроню? Ці ў сэрца? Дзе менш баліць? Ад якой раны хутчэй наступіць смерць? Заскуголіў ад страху, роспачы, безвыходнасці. Так недарэчна скончыць сваё жыццё! Якую радыёграму дасць у Цэнтр Ман? Падлюга Ман! Здраднік! Фашыст! Недарэмна ўзяў сабе нямецкае прозвішча. Безумоўна, пастараецца ачарніць яго, мёртвага. Як? Як прадставіць яго смерць? Ці стане хоць сумлення перадаць, што загінуў выпадкова — напароўся на засаду?
І раптам збоку фыркнуў конь. Золатаў ажно ўскрыкнуў ад нечаканасці і прыставіў пісталет да грудзей, загадаўшы сабе: «Жывым не здавацца!» Але — о, цуд! — да яго ехалі па лагчыне Ман і баец, адзін.
— Вось ён! — радасна ўсклікнуў хлопец.
Ман саскочыў з сядла.
— Сербануў вады? Ажно пасінеў, нябога. Ехаць можаш? Сядай на майго каня. Скачы па лагчыне. На ўзлессі пад дубамі цябе будзе чакаць Андрэй. А мы з Іванам затрымаем іх. Яны пакуль што на тым баку. На конях. Але па ўсім відаць, намераны перапраўляцца. Вынюхваюць, ці няма атрада ў засадзе, ці не былі мы прыманкай. Няхай кінуцца ў пагоню.
Ман памог Золатаву ўзлезці ў сядло. І тады ён сапраўды зноў адчуў сябе на кані. Страсянуў страх, набыў моц. Прыгнуўся да грывы, дзіка гікнуў каню ў вуха, ударыў абцасамі ў бакі і прымусіў яго з ходу памчаць ускач.
Праз хвіліну ззаду затрашчалі аўтаматы. Аўтаматамі ўзброены Ман і баец Іван Хіла, па іх стралялі з вінтовак. Калі выскачыў з лагчыны на ўзгорак, над галавой неяк аслабела дзынкнула куля. Але і яна спалохала. Якія там дубы? Дзе той Андрэй?
Конь вынес яго да арэшніку, за ім — асіннік, а далей — ельнік. Толькі там, каля ельніку, спешыўся, бо на кані праз гусцеж не прабрацца — выкалеш вочы. Але, ведучы каня ў повадзе, ён усё далей і далей углыбляўся ў лес. Страляніна на лузе сціхла. Але над галавой стракаталі сарокі і таксама палохалі: чаму так трывожна? І чаму ляцяць не ўперад, а назад? Ці не ідуць паліцэйскія па яго слядах?
Баяўся нават разуцца, каб выліць ваду з ботаў.
Лес за дзесятак кіламетраў ад лагера Золатаў не знаў, ды ў такую пагоду, без сонца, і мясцовы чалавек можа пайсці ў лесе не ў той бок. І ён доўга блукаў, выбіраўся на ўзлесак і, як толькі адкрывалася поле ды яшчэ з недалёкімі хатамі вёскі, тут жа спяшаўся ўглыбіцца назад у пушчу, хоць, разумеў, што і там можна наскочыць на ворагаў. Вунь як яно бывае: ехалі спакойна ў далечыні ад вёскі і — на табе. Адкуль чорт прынёс іх, паліцаяў? Падпільнаваць не маглі — назад ехалі зусім па іншай дарозе. Ман умее прадбачыць, але тут і ён спатыкнуўся. Чым там кончылася ў яго? Двое на добры дзесятак. Навошта трэба было ўлазіць у такі бой? Захацеў паказаць свой гераізм?
У думках набліжаўся да таго, каб віну за сваю бяду зваліць на таго ж Мана. А бяда яго заключалася толькі ў тым, што ад мокрага адзення дубянеў. Спрабаваў бегчы побач з канём, але мокрыя анучы націралі ногі.
Урэшце яму пашанцавала: выбіўся на знаёмую просеку. Тут ужо не шкадаваў каня і праз чвэрць гадзіны прымчаў у лагер.
Камісар і начальнік штаба вельмі ўстрывожыліся за камандзіра. Паднялі атрад па трывозе: камандзір у бядзе?
[1] Цэнтральны штаб партызанскага руху.