— Не знаю. Я цяпер усяго баюся. Кошка з ляжанкі скочыла — дык я чуць не самлела. А цябе не чула, як ты спускаўся, лесвіца ж наша скрыпіць. Умееш, як кот, нячутна.
— Умею. Умею. Усё ўмею.
— А з выгляду — прастачок. А ты — артыст!
— Жыццё ўсяму навучыць. Накармі мяне.
— Я табе сала насмажу.
— Ого! Шчодрая ты.
— А хіба такому госцю шкада?
Хрысціна ўскочыла на лаўку, занавесіла акно саматканай дзяругай, хоць акно гэтае выходзіла ў двор, на хляўчук. Спадабалася яе асцярожнасць.
— Ладна. Не высвятляю, які я госць.
— А я табе скажу — які. Пра якога думаюць: хутчэй бы ён, чарцяка, выбраўся.
— У шчырасці табе не адмовіш.
— А што мне — дзяцей з табой хрысціць?
— Не заракайся, можа, станеш кумой.
— Ты ж нежанаты.
— А хіба гэта доўга, маючы жанілку?
У гэты момант, мабыць, пачуўшы іх галасы, увайшоў гаспадар. Выглядаў ён нейкім ажно счарнелым — такім, што жартаваць пры ім, ды яшчэ з жонкай яго, знікла ўсялякая ахвота.
Прысядаючы да кухоннага стала, сказаў сур'ёзна і сурова:
— Не бойцеся. Зараз я пакіну вас. Сала смажыць не трэба, сырое з'ем,— і да Чурсіка: — Выведзеш мяне на Даўгінаўскі.
І тады — во, нечаканасць! — гаварлівая і, здавалася, незалежная Хрысціна раптам упала перад ім на калені.
— Стасік, родненькі, пашкадуй ты нас, не губі, у нас дзіця малое. Мы табе зрабілі ўсё, што маглі. Невядома, чым гэта скончыцца для нас. Усё бяры. Але яго не вядзі. Гэта ж на верную смерць вядзеш.
У адчыненых дзвярах з'явілася Надзька і здзіўлена, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела на маці: што адбываецца тут? адкуль з'явіўся дзядзька Стась у іх кажуху? Казка, дый годзе!
— Устань! — узлаваўся Шабовіч.—Наладзіла спектакль перад дзіцем! Што ты растлумачыш ёй? — і малой: — Мамка не пускае татку ў карты гуляць.
— Не ідзі, татачка,— прыціснулася дзяўчынка да бацькавай нагі.
— Чорт з вамі! — падняўся Шабовіч з табурэта і да Чурсіка — загадна: — Шынель дасі і фуражку.
— Не дам! — скрыгатнуў зубамі паліцэйскі, дзіўна ён змяніўся ў адзін міг, як быццам раптам адчуў сваю сілу.
— Табе дарагі так гэты шынель? — сціснуўшы кулакі, Шабовіч ступіў да паліцая.— Не можаш расстацца?
Хрысціна стала між імі.
— Стасічак! Дык пазнаюць жа па шынялі — чый ён. Пазнаюць. Я табе братава паліто дам. І капялюш. Будзеш што пан.
— Чорт з вамі,— ужо лагодна сказаў Шабовіч.— Давай тваё паліто.
Хрысціна кінулася ў спальню, малая за ёй.