Салдат адагрэўся і павесялеў. Адказваў ахвотна, мнагаслоўна, але, жадаючы памагчы, таксама ўжываў такую моўную мешаніну, такую тарабаршчыну, што ніводзін венгерскі ці славацкі прафесар мовы не дайшоў бы да сэнсу. Ігар разумеў гэта і смяяўся. Смех зняў у палоннага страх, і ён хапаў камісара за рукі і рысаваў штосьці на яго далонях.
— Паваражыць хоча, ці што?
— А ў іх там цыганскія звычкі.
— Ды не, то — у румын.
Змарыліся.
Аляксей Іванавіч махнуў рукой.
— Вядзі ты яго, Андрэевіч.
Зморанага Каралёва лінгвістычнымі практыкаваннямі ўвагналі ў сон, ён моцна спаў, седзячы на падлозе. Ледзьве расштурхалі.
— Куды яго?
Сапраўды — куды?
Ман задумаўся.
— Няхай у нашай зямлянцы паспіць,— проста сказаў Каралёў.— Косцік павартуе, мы яго не бралі з сабой, выспаўся.
Золатаў зняважліва пасміхаўся і, працягнуўшы руку, сарваў з цвіка ватнік. Апрануў і тут жа, падняўшы крысо, дастаў з кабуры пісталет, сунуў яго ў кішэню фуфайкі.
— У акоп яго! Дайце ліхтар.
Ад нечаканасці ўсе аслупянелі. Першы сарваўся з месца Ігар — загарадзіў палоннага ад маёра.
— Вы што! Не! Не! Не маеце права!
— А што ты думаеш рабіць з ім? Цалавацца? Сапляк! — ніколі яшчэ Золатаў не гаварыў з камісарам так груба, хоць заўсёды даваў зразумець розніцу ва ўзросце і званнях.
— Расстраляць — не дам! — глуха прагудзеў Каралёў.— Не знаю, што рабіць, але не дам. Застрэліць яго трэба было, калі ён з аўтаматам быў. Дарэмна ўзялі...
— Вядзі, Андрэевіч,— зморана сказаў Ман і, устрапянуўшыся, строга: — Але глядзі... Будзеш мець справу з ім,— кіўнуў на Золатава.
— Вучоны,— буркнуў падрыўнік, узяўшы палоннага за каўнер і павярнуўшы да дзвярэй.— Ідзі, ваяка...
Калі яны выйшлі, Золатаў даў волю сваім пачуццям. Ніколі так не зрываўся, ніколі не быў у такім гневе. Выхапіў пісталет. Стрэліў у сцяну. Спалоханы Брагінскі адняў у яго пісталет, кінуў на тапчан. Хацеў па-добраму абняць.
— Якаў Міхайлавіч, Якаў Міхайлавіч...
Але Золатаў так піхнуў свайго хворага любімца, што той ледзьве не зваліўся на печку, мог бы апякчыся. Такіх слоў ад яго не чулі — самыя прасоленыя мацюкі.
— Гаўнюкі вы, а не партызаны! Бабы! Саплякі! Вам не ваяваць, а курэй мацаць! У бірулькі гуляць! Вам запішуць вашы подзвігі!
Малады гарачы Кіпень абурыўся.
— А што вам не падабаецца? І хто вы такі? Прыблуда!
— Я — прыблуда? Я? Шчанюк саплівы! Нос вытры!
Ман па-камандзірску злосна крыкнуў невядома каму:
— Спыніце, чорт вазьмі! Разышліся! — і да Ігара — памяркоўна, з грубым жартам: — Хадзем адальем. Мача ад галавы адхлыне. І каравулы праверым.
Але і на дварэ Ігар не адразу супакоіўся.