Шабовіч скінуў кажух і дастаў з кішэні пісталет, правяраючы, у якой ён гатоўнасці.
— А я думаў — ты чалавек, а ты... гаўно фашысцкае.
— Мала я для цябе зрабіў? Мала?
— Ладна. Чорт з табой. Пасля палічымся. Але не забывайся пра той рахунак, які будзе падбіты. Не забывайся. Як чалавеку кажу.
На парозе спыніўся, хацеў павярнуцца, паглядзець, якімі вачамі яны, трое, праводзяць яго. Але не спыніўся. Дзвярамі ў хату ляпнуў. У цёмных сенцах апрануў паліто, цеснаватае ў плячах. Дзверы ў сенцы адчыніў і зачыніў за сабой ціха. Пастаяў на ганку.
Распагодзілася. Бралася на мароз. Высыпалі зоркі. Далёка на станцыі трывожна крычалі паравозы.
4...
Золатаў не палюбіў Дзядзюлю з першай сустрэчы: скамарох. Асабліва не спадабаўся камандзір базавага атрада, калі прыязджаў сюды да Мана. Блазнаваў, што прыехаў па цэбры, таргаваўся за кожную лыжку, надзялялі адзін аднаго, ён і Ман, адменнымі эпітэтамі: «кулак», «лейба», «скупярдзяй». А пасля гадзіны дзве хадзілі па лесе і, здалёк відаць было, вельмі дружалюбна шапталіся. Пра што? Што за сакрэты ў іх ад яго, прадстаўніка дзяржбяспекі, ад камісара, нарэшце? Падазрона. Але яшчэ больш непрыемна зачапіла за жывое, як Дзядзюля гаварыў з ім: неяк як бы несур'ёзна, як з малым. Абуральна. Хто ён такі? Радавы. Інжынер-тарфянік. А ніякай павагі да прадстаўніка органаў. Партызаншчыны ў іх многа ў абодвух — і ў Дзядзюлі і ў Мана. Хто з іх толькі больш складаны? Хто ка каго ўплывае?
«Але пачакайце, разбяруся і дам зразумець, хто я, а хто вы».
У руках Золатава была зброя, на якую ён занадта спадзяваўся,— рацыя і свой радыст. Толькі б мець факты. А там ён дасць такую інфармацыю, якая дойдзе да самога Лаўрэнція Паўлавіча, а ў таго даволі ўлады, каб прымусіць Папамарэнку навесці ў атрадах парадак і лічыцца з прадстаўнікамі НКУС.
Але бяда ў тым, што ніякіх асаблівых фактаў не было і прыдумаць іх тут нялёгка. Ды і не пра дзеянні атрадаў, іх камандзіраў патрабаваў інфармацыі Цэнтр. Настойліва патрабавалі звестак пра становішча ў Мінску. Выказвалі незадавальненне, што ён сядзіць у лесе, а не ідзе ў Мінск. А як пойдзеш? На верную смерць? Сваю «камандзіроўку» сюды лічыў прошукамі ворагаў. Абскакалі яго дружкі, нікому з іх не хацелася ляцець у нямецкі тыл, хоць усе гаварылі высокія словы. Ёсць у наркамаце цэлае вялізнае ўпраўленне, якое спецыяльна рыхтуе людзей для працы ў лагеры ворага, мову вывучаюць. Чым яны займаюцца? Такі горад, як Мінск, з усімі цэнтральнымі акупацыйнымі органамі яўна іх аб'ект. Дык не ж, паслалі яго, работніка, які ўвесь час займаўся ўнутранымі справамі, контрразведкай, паслалі толькі таму, што ён мінчанін. Дык гэта ж толькі ўскладняе яго задачу, бо нехта можа пазнаць яго, чаго добрага, з тых, чые справы ён вёў, многіх з іх вызвалілі пад націскам таго ж Панамарэнка а іншыя маглі вызваліцца самі ў першыя дні вайны, калі іх эвакуіравалі з Мінска. Мінкіна расстралялі за тое, што група, якую ён вёў на Магілёў, узбунтавалася на начлезе, абяззброіла канваіраў і рассеялася ў лесе ля Бярэзіны. Мінкін прасіў вайскоўцаў наладзіць аблаву, але тыя адмахнуліся: знайшоў чым займацца.
Вайскоўцы ніколі не разумелі іх, вартавых дзяржаўнай бяспекі, больш таго, не любілі. Ён сам чуў пры адступленні з Магілёва, як крычаў збіты наш лётчык-капітан: «Сволачы! Знішчылі камандаванне... Блюхера, Тухачэўскага, Рычагова. А цяпер хто намі камандуе? Які я да д'ябла камандзір палка?»
Хто камандуе? Таварыш Сталін камандуе. Так ён, Золатаў, і адказаў таму лётчыку і спытаў яго прозвішча. Але прозвішча яму не сказалі, а капітана таго схавалі. І не якія-небудзь радавыя. Камандзіры штаба дывізіі. Ён у рапарце далажыў пра гэты факт, назваў прозвішча начальніка штаба, які пры гэтай сутычцы прысутнічаў.
Але чыста папрацавалі яго ворагі. Адабраных камандзіраў разведвальна-дыверсійных груп прыняў сам Берыя. Паспрабаваў бы ён сказаць наркому, што ляцець у Мінск не можа — «паляцеў» бы ў лепшым выпадку радавым на фронт.
А цяпер вымагаюць разведдадзеных. Другое ўпраўленне, другое начальства, а тактыка тая ж: кінуць яго, як сухое палена, у паравозную топку. Прыходзіцца сачыняць дадзеныя. Але ж гэта не менш рызыкоўна. Аднойчы ён адвярнуўся ад шыфравальшчыка, і радыёграму прачытаў Кіпень і — што падазрона — змаўчаў, ні слова не сказаў, а Ману, безумоўна, перадаў, таму той уедліва пасміхаецца. А Кіпень ходзіць у яго па пятах. Выказвае дружбу, захапленне, а што ў думках — хутчэй за ўсё аднаму Ману вядома. Дзікая сітуацыя: сярод сваіх адчуваеш сябе, як сярод ворагаў. А яго людзі, якіх ён накіроўвае ў Мінск, не вяртаюцца. Трэці не вярнуўся. Як у прорву. А яшчэ хочуць, каб ён сам пайшоў.
Прымусіў сябе звярнуцца за дапамогай да Мана: трэба інфармацыя Цэнтру пра становішча ў Мінску, а яму няма ўжо каго пасылаць (пакінуў ён пры сабе самых верных — для ўласнай аховы, і засталося іх усяго двое, калі не лічыць радыста, якому ён не вельмі верыў — чужы чалавек, з таго ўпраўлення, якое цяпер камандуе ім, Золатавым, чорт ведае што ён там шыфруе, можа, адсябяціну). Ці не можа ён, Ман, паслаць сваіх людзей, яны лепш ведаюць хады і выхады?
— О, не! Мае не спецыялісты па Мінску. Гэта ў Дзядзюлі ёсць спецыялісты. Давай з'ездзім да яго.
Нібыта сварацца, падумаў Золатаў, а жыць адзін без аднаго не могуць. Абы зачэпка, каб з'ездзіць да Дзядзюлі. Але чорт з ім! Дзядзюля дык Дзядзюля. Калі іншай крыніцы няма, да чорта ў балота палезеш, не толькі да паяца і нахабніка Дзядзюлі.
...На гэты раз Дзядзюля яму спадабаўся. Калі размова пайшла пра справы ў Мінску — пераўтварыўся чалавек: зрабіўся сур'ёзны як ніколі, засмучаны — калі пачаў расказваць пра падзеі апошніх двух месяцаў, ажно голас задрыжэў.
— Трагедыя там у іх. У канцы верасня арыштавалі па сутнасці ўсё падпольнае кіраўніцтва,—і пачаў пералічваць прозвішчы людзей, і пра кожнага гаварыў так, быццам ведаў асабіста. Але не мог жа ведаць усіх. З болем гаварыў, назваў больш дзесяці чалавек.— Геройскія людзі!
— Вы ведалі каго-небудзь з кіраўнікоў?
— Аднаго ведаў, пра іншых даведаўся пасля іх арышту, на шчасце, група, з якой я звязаны, уцалела, і людзі з гэтай групы паведамляюць мне час ад часу аб тым, што там творыцца. Дваццаць восем чалавек павешаны. А колькі расстралялі — ніхто не ведае.
— А хто кіруе вашай групай?
Дзядзюля прыжмурыўся і да крыўднага скептычна агледзеў маёра.
— Наіўнае пытанне для чэкіста.
— Чаму наіўнае? — зусім шчыра пакрыўдзіўся Золатаў.— Вы не давяраеце мне?
— Чаму не? Веру. Такому чалавеку не верыць? — гэта было сказана са здзекам, тым, дзядзюлеўскім, блазнаватым.
Золатаў не толькі адчуў гэта па яго тоне, але і ўбачыў хітрую ўсмешку маўклівага Мана-Манюка.
Але Дзядзюля, угледзеўшы крыўду Золатава, раптам пасур'ёзнеў:
— Можаш паверыць, таварыш маёр, што сам не ведаю яго сапраўднага прозвішча, такі закон канспірацыі. А падпольная клічка яго — для мяне і маіх людзей — Жук. Жук — сорак ножак — сорак рук. Вось такі гэта Жук,— і Дзядзюля засмяяўся не то задаволены жартам, не то чалавекам, які выконвае небяспечнае заданне.