Перш за усё, Вы павінны любіць паэзію, гэта значыць — верыць, што жыццё сапраўды вечнае.
Вы павінны па кропельцы сабраць некалі згубленую наіўнасць, дзякуючы якой шчымліва нерухомелі губы пасля першага пацалунка.
Але галоўнае — Вы павінны пераканацца, што ўсе клопаты — драбяза, у параўнанні з марай — пакахаць Ружу.
У той мары ісціна, роўная мудрасці, якую выпадкова пачулі Вы на Камароўскім рынку ад старога калгасніка — што ні робіцца, а на сцябліне вырастае толькі адзін колас.
* * *
Я ўбачыў натоўп юнакоў у магнітафонных навушніках.
Цалкам занятыя кішэннай музыкай, юнакі не чулі ні пошуму дрэў,
ні трамвайных званкоў, ніякага іншага вулічнага гоману.
Але яны ўсё ж бачылі вуліцу і, пэўна, своечасова заўважылі б на ёй усё для сябе небяспечнае.
Я ведаю, што хутка з'явяцца тэлевізары ў выглядзе масак.
Юнакі надзенуць гэтыя маскі і, магчыма, па першым часе не будуць бачыць ні дрэў, ні трамваяў, ні самой вуліцы.
Грамадству трэба пакланаціцца, каб яны, захопленыя тэлевідовішчам, не трапілі пад колы трапспарту, ці ў каналізацыйныя люкі.
Для бяспекі неабходна зрабіць спецыяльныя тратуары, па якіх можна было б ісці, не скідаючы тэлемасак.
* * *
З Богам не пасварышся, нават не паспрачаешся.
Бог — ты сам.
Дык ці магчыма такое — каб з сабою сварыцца? каб з сабою спрачацца?
З Д'яблам — магчыма, бо Д'ябал, вядома ж, не ты, а хто заўгодна.
Ну хоць бы гэты юнак у незашпіленым паліце, у стаптаных чаравіках.
Вось ён ідзе, небарака, адзін, без дзяўчыны.
I ўсё яму не падабаецца, і ўсё ён крытыкуе.
Усё, усё.
А найбольш дык тое, што ў ягоным горадзе раней адчыняюцца кіёскі з газетамі, а не кіёскі з кветкамі.
МЯСА I СКРЫПКА
Раніцай у двары разгружаюць фургон з мясам.
Раніцай марознай і цёмнай.
Грузчыкі пад наглядам загадчыцы кладуць на вагу ўледзянелыя тулавы,
пасля спускаюць іх па бляшаным жолабе ў падвал гастранома.
Працуюць яны без крыку, без лаянкі —
адно раз-пораз хукаюць сабе на рукі.