Што гэта была за эпоха і якая падзея найбольш паўплывала на фармаванне сацыяльнага аблічча таго часу?
Рэжысёр Р. М. Козінцаў пісаў: «У... 60-х гадах яшчэ чутно водгулле гармат Севастопаля».
Праявы гэтага трагічнага водгулля няўдалай для Расійскай імперыі Крымскай вайны, цягліся і ў наступныя дзесяцігоддзі. Паэт, захоўваючы метафарычную адпаведнасць гісторыі, стварае ў паэме «Вецер з Волгі» экспрэсіўны малюнак: «Мядзяных сонцаў кроплі зграбае ў шапку з пліт аслеплы ў Севастопалі хрыпаты інвалід».
Несумненна, гэта выдатнае вобразнае выяўленне часу. На паверхні — думка пра дзяржаву. якая ператварыла свайго абаронцу ў жабрака; у глыбіні ж — кропка сутыкнення «анёлавага» падзення з «д'яблавым» узлётам. I на вандроўнай сцэне павінны ўвасобіцца вобразы той паэтычнай глыбіні. Наіўныя вандроўцы мусяць развітацца з адцягненай сімволікай, што месціцца на сценах іхняй буды, і ў сваёй творчасці выявіць паглыбленыя псіхалагічныя сувязі паміж супрацьлеглымі асновамі жыцця. Да гэтага заклікае паэт, ягоная метафарычная адпаведнасць гісторыі.
Мы наўмысна больш не бярэмся цытаваць, пакідаем вандроўным акцёрам магчымасць самастойнага пошуку іншых цытат, патрэбных іхняй стваральнай волі. Але мы ўпэўнены, што нагадалі пра асноўнае.
Яно, асноўнае, выказвае сябе ў празе заўсёднай нечаканасці.
I пакуль яшчэ вандроўная буда не знікла з вачэй, пакуль яшчэ ў нашай памяці не спынена спрэчка дзвюх супрацькутніх істот — «анёла» і «д'ябла», падумаем пра паэзію як пра памяць і пра тое, што ў паэзіі час існуе адразу ў трох метафізічных кірунках, ствараючы новыя прасторавыя каардынаты — памяць мінулага, памяць сённяшняга і памяць будучага. Мусіць, адсюль і вынікае, што паэзія — рэч універсаль-ная і вечная, бо не менш за мінулае дбае і пра будучае.
Прыгадваючы нешта цікавае са свайго мінулага жыцця, нельга ўлічыць усе дэталі той ці іншай падзеі. Памяць не ўсё захоўвае, а то й свядома прыхоўвае непажаданыя з'явы, бо ад іх нам сёння сорам і неспакой. Тады пачынае сваю неахопную працу фантазія. Мэтаімкнёны стасунак фантазіі да ўласнага на паперы слова і ёсць мастацкае мысленне.
Сталеючы, пра тое дбае юнае наіўнае мастацтва, пакалыхваючыся на дрогкіх колах вандроўнага тэатра.
ВЕРШЫ-ЗОНГІ СА СПЕКТАКЛЯ «ДРАКОН»
ПАВОДЛЕ АДНАЙМЕННАЙ П'ЕСЫ Я. ШВАРЦА
НА РАДЗІМЕ ЦІЛЯ УЛЕНШПІГЕЛЯ
Наведаўшы Бельгію, Вы зразумелі — гэта краіна, якая не экзатычна здзіўляе, а проста запамінаецца. Так запамінаецца турысту невядомае, што раней было вядома з чужых, а цяпер ужо і са сваіх уражанняў. Так запамінаецца паэту апошні сапраўды святочны момант перад з'яўленнем адзіна патрэбнай метафары. І, пэўна ж, так запамінаецца дзіцяці казка пра добрых, таемных чараўнікоў.
Зрок болей за пачуцці наталяецца паэзіяй чужых вуліц, дамоў, краявідаў. Пачуцці на чужыне спяць, сцвярджаеце Вы, а вочы стамляюцца. Іх стамляе архітэктурная панарама, што ўвесь час мяняецца. I такім, штокроку зменлівым, Вам убачыўся Брусель.
Здаецца, што бельгійская сталіца не мае аднолькавых будынкаў. Нібыта яна пазбаўлена хваробы стандартнага дойлідства і хаатычнай планіроўкі. Горад занадта эканомны і. быццам спружына, падціснуўся да апошняй магчымай рыскі, каб вызваліць месца вітрынам, рэкламам і аўтамабілям. Нават вадасцёкавыя трубы схаваліся ў сцепы, а Каралеўскі пляц такі маленькі, што аўтамабілям дазволена ездзіць па трамвайных пуцях.
Будаўнічыя альбо рэстаўрацыйныя пляцоўкі зусім мініяцюрныя. За невысокім драцяным плоцікам, што абвешаны папераджальнымі чырвонымі лямпачкамі, убачыце двух-трох рабочых у жоўтых каскетках, адзін экскаватар і чырвоную цэглу, складзеную ў грацыёзныя стаўбункі і загорнутую ад дажджу ў цэлафан.
Зрэшты, больш чым мільённы Брусель не такі ўжо й мініяцюрны і шмат у чым аднолькавы. Але ён так густа аздоблены рэкламнымі шчытамі, што вельмі лёгка падмануцца на «архітэктурнай» арыгінальнасці амаль кожнага дома.
Дзіўнае тое, што брусельская «арыгіналь-насць» ствараецца даволі неарыгінальнай у сваім шматлікім тыражыраванні рэкламай.
Мяркуйце самі.
Фірма Jupiter, шануючы дух камерцыі і свайго руплівага караля Гамбрынуса [5], паразвешвала па ўсім Бруселі і па ўсёй краіне шыльды са сваёй назвай. I дзе б Вы ні апынуліся, на які мур альбо дах ні зірнулі б, абавязкова прачытаеце — Jupiter. На вялізных блакітных шчытах убачыце ўзбуйнена прыгожага юнака, які з асалодай п'е піва з доўгай шклянкі, на якой таксама месціцца надакучлівая назва фірмы...
Без аніякага перабольшвання можна прыйсці да звышэмацыянальнай высновы, што рэклама — самая нахабная істота ў свеце. Рэклама баіцца застацца без увагі нават на адно імгненне, таму імкнецца захінуць сабой неба, зямлю і Ваш добры настрой. Яна кідаецца ў вочы і тады, калі яе не хочаш бачыць. Рэклама не любіць стандартных фарбаў, памераў, шрыфтоў, кампазіцыі. Яна заўсёды хоча быць незвычайнай, хоць мэту мае самую будзённую: знянацку захапіць пакупніка і завалодаць ягонымі грашыма. Рэклама ведае, што яна патрэбпа кожнай рэчы — ад парнаграфічнага альбомчыка да шкарпэтак, таму ўлада яе над чалавекам бязмежная. Яна падпарадкавала сабе свядомасць гандляроў і набыла характар татальнасці. Татальная рэклама самазадаволена выгульваецца па нязводнай пашы радыё і тэлебачання, часопісаў і газет, па ўсіх мурах і падмурках. Яе ласкава-драпежлівае аблічча вытыркаецца з-пад кожнага даху, памахвае сваім ліслівым хвастом з кожнай шыльды і вітрыны. Гэтая істота ўвасобіла ў сабе найвышэйшую ступень эгаізму, бо карыстаецца ў гутарцы з Вамі толькі займеннікам «я». Для маленькай Бельгіі і для Бруселя, што — памятаеце — нагадвае сціснутую спружыну, такая лексічная эканомнасць прымальная.
Татальная рэклама не мае і кроплі падабенства з рэкламай спакойнай, гутарковай. Той рэкламай, якой часам карыстаемся мы, калі даведваемся пра нейкую рэч, нібыта паміж іншым, за той жа ранішняй шклянкай чаю...
Не, ніякага спакою, ніякай гутарковасці, адзін толькі крык: «Я!»
Што Вас, наіўнага турыста, можа выратаваць ад гэтага крыку?
Перш за ўсё само брусельскае надвор'е — з пяці дзён тры абавязкова будзе ліць дождж. Тады адпначывайце сабе ў гатэлі альбо пе вылазьце на слоту з аўтобуса, і рэкламныя фарбы страцяць палову сваёй нахабнасці.
Дождж звычайна прыпадае на раніцы, а вечары у Бруселі надзіва цёплыя, спрыяльныя для шпацыру. Дык вось, калі Вы дазволілі сабе вячэрнюю праходку, тады пільнуйце свой абутак. Пад ногі будуць трапляцца чорныя цэлафанавыя мяшкі, пад самую гічку напакаваныя смеццем. Смецце і скрынкі з пабітым шклом (паколатае шкло бельгійцы не выкідваюць на агульны сметнік, складаюць асобна) з Бруселя вывозяць толькі тры разы на тыдзень. Таму па некалькі дзён чорныя мяхі ляжаць на вузенькіх тратуарах, замінаюць хадзе.
I яшчэ адна перашкода чакае Вас на брусельскіх тратуарах. Як і ў кожнай сталіцы, тут таксама шмат сабакароў. Вечарам яны выгульваюць сваіх хвастатых пестуноў, і тыя, ачмурэлыя ад гаспадарскай увагі і бензінавых пахаў, шчодра ўгнойваюць брук. Добра трэба глядзець на дол, каб, крый божа, не ўсунуцца ў «духмяную» пастку...
Нават самаму рамантычнаму паэту сучасны Брусель не ўявіцца рамантычным горадам.
Некалі ў паветры не таўкліся бензінавыя хмары, і можна ўявіць, як у тыя неаўтамабільныя часы Брусель уздымаўся ў неба. Чыстая сінява песціла царкву святога Аўгусціна і святую Капэлу, дзе пахаваны Брэйгель-Сялянскі, гатычны храм пад дзіўнай назвай Маленькі пясок і сабор святога Агудулы, на цяперашнім уваходзе якога маецца шыльдачка з сабакай, перакрэсленым чырвонай рыскай. Горад імкнуўся ў палёце-сненні да сваёй абсалютнай незалежнасці ад цяжару і бруду.
Сёння таго палёту не ўбачыце, бо старавечныя вуліцы і вулкі Бруселя невымерна пацяжэлі. Мільённатонны аўтамабільны баласт навекі прыціснуў бельгійскую сталіцу да асфальтавага долу. Кіламетровыя аўтамабільныя чэргі аблыталі горад карункамі гумавых колаў. Гэтыя «карункі» карыстаюцца большым попытам, чым сапраўдныя. Дарэчы, славутыя брусельскія карункі, нягледзячы на страту шы-рокага пакупніка, усё яшчэ дорага каштуюць. На маленькую кішэнную хустачку, аздобленую імі, трэба выдаткаваць каля 600 франкаў...
Уздоўж тратуараў цягнуцца суцэльныя аўтамабільныя платы. У любой частцы горада, на любой плошчы Вы пераадольваеце іх, як некалі ў дзяцінстве, праз выратавальныя шчыліны. У платах павінны быць шчыліны.
[5] Казачны фламандскі кароль, вынаходнік піва.