Курортны Астэндэ прытуліўся да «...паршивейшего Гель-Голландского моря» (С. Ясенін). Па ўсім працягу набярэжнай тоўпяцца маленькія, амаль цацачныя рэстаранчыкі, з ружамі на століках і запаленымі свечкамі. У рэстаранчыках пуста, як у нашых вясковых клубах. У маўклівай чарзе рэстаранчыкі счакаліся, выглядваючы летнюю пару. Лета апраўдае зімняе і веснавое малалюдства. Дзеля яго, чаканага лета, варта запальваць кожнае раніцы свечкі і выстаўляць свежыя ружы. Ружы ў хмурны дзень заўсёды самотныя і нават змрочныя. Энсара яны не зацікавілі б. Ён любіў маляваць кветкі, асветленыя сонцам.
Гандляры і перакупшчыкі чакаюць на прыстані свежую рыбу. Лёгкі туман засцілае мора, у якое яшчэ да свету выйшлі на шхунах і лодках рыбакі. Бельгійцы выбіраюцца ў мора і на конях. Ламавікі, можа, нават і не адчуваючы на сабе рыбакоў-коннікаў, цягнуць па мелкай вадзе шчыльныя тралы. у якія набіваюцца паўночнаморскія крэветкі.
Пасля маўклівай бліскучасці камерцый-нага Астэндэ гарадок Дамэ ўявіцца Вам жывым, кірмашовым пляцам, дзе мае высокую цану і такая драбяза, як шчырае пачуццё. Царква Боскай маткі, заснаваная яшчэ ў XII стагоддзі. і 500-гадовая ратуша лепш за любога гіда раскажуць пра Ціля Уленшпігеля і пакажуць яго сімвалічную магілу. Прымацаваны да сцяны барэльеф выяўляе веселуна і нястомнага вандроўніка, героя Фландрыі Ціля. Тут, мусіць, самы час падумаць пра пэўную эгаістычнасць ягонага геройства. Толькі пагібель роднага бацькі абудзіла ва Уленшпігелю змагара. Магчыма, каб інквізітары не спалілі Клааса, Ціль так і застаўся б у палоне жартачак, гульняў і бяскрыўднага наіву. Змаганне вырасла з адчування не чыйго-небудзь, а ўласнага болю. I толькі пазней, пра што засведчыў Шарль дэ Кастэр на старонках сваёй цудоўнай кнігі, у высакароднасці змагання патанулі эгаістычныя памкненні Ціля.
У Дамэ над каналамі стаяць музейныя ветракі. Выгляд нерухомай крыжавіны крылаў быў скарыстаны Э. Верхарнам у зборніку «Прывідныя вёскі». як метафара смерці:
Аднак няхай Вас ратутоць колы аўтобуса ад самотнага выгляду старавечных млыноў, што ахвяруюць паэтам змрочныя метафары. Мажліва, пакідаючы Дамэ, Вы падумаеце, што каханне Ціля да Нэле не мела спагады і неабходнай чуласці. Таму ў Вашай душы заўсёды выспяваў да героя Кастэра справядлівы папрок. I Вы па-рыцарску скарыстаеце пачуццё сваёй незадаволенасці. У Турнэ, на дыскатэцы, незнарок штурхнуўшы сучасную Нэле, Вы пацалуеце яе — такім інтэрнацыянальным спосабам папросіце прабачэння за сваю недалікатнасць і адначасова адпомсціце ўсім неспагадным Цілям. Гэта будзе ў апошні вечар развітання з Бельгіяй.
А пакуль што Вас чакае Бруге — цэнтр правінцыі Заходняя Фландрыя, горад вядомых музеяў Грунінэн, Мемлінга і манастыра бягінак.
Вашаму засяроджанаму настрою ўсё яшчэ спадарожнічае дождж. Пераседжваючы яго ў рэстаране Sint Joris, што па-беларуску будзе значыць Святы Юр'я. у Вас надарыцца хвілінная магчымасць паслухаць гутарку Алега Груздзіловіча, супрацоўніка «Знамя юности» (ён таксама член Вашай турыстычнай групы) з афіцыянтам.
Афіцыянт паведаміць, што яму неўзабаве ісці ў войска і што ён яшчэ не выбраў дзе і колькі месяцаў служыць — восем у Заходняй Германіі альбо дзесяць у Бельгіі. У рэстаране працуе нядаўна, таму замест гальштука — сведчанні аб сталым афіцыянстве, носіць, як і належыць маладзёну, матылька. Але пасля службы (юнак усміхаецца) абавязкова памяняе матылька на гальштук. Ён размаўляе на добрай англійскай мове, якую старанна вывучыў у школе, маючы на мэце перш за ўсё сваю прафесію. Афіцыянту з веданнем замежнай мовы плацяць больш.
Хвіліна скончылася, працягваць гутарку ветлівы суразмоўнік не мае магчымасці. Ён адыходзіць, і Вы, натуючы ў блакнот пачутае, міжволі чытаеце таропкія ранішнія запісы пра сістэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Бельгіі...
У нейкі момант Вы можаце здзівіцца з уласнага блакнота. За некалькі дзён столькі лічбаў набегла на яго старонкі! Але не пра адны толькі лічбы Вы думалі, збіраючыся ў Бельгію. Вы марылі, напрыклад, пазнаёміцца з маладымі фламандскімі паэтамі, запісаць назвы найбольш цікавых кніг. На Вашае пытанне Марыета толькі разгублена паціспула плячыма — не, на вялікі жаль, яна не ведае сучасных бельгійскіх паэтаў... яна больш цікавіцца французскай літаратурай.
Дзеля ўвагі да Вас Марыета звярнулася да шафёра, ці не ведае ён якога-небудзь паэта? «Не»,— аскетычна прамовіў Элі.
У Генце пра тое ж Вы спыталіся ў Апатоля Клауса [6]. Анатоль скончыў Генцкі універсітэт, аддзяленне славістыкі, добра ведае рускую класічную літаратуру. Але ён таксама збянтэжыўся, пачуўшы пытанне пра сучасную фламандскую паэзію. Ён абяцаў пацікавіцца і заўтра некалькі імёнаў назваць. Магчыма, каб Хюга Клаус даводзіўся Анатолю не проста аднафамільцам, а сваяком, Анатоль назваў бы Вам імя гэтага паэта.
Але затое пра архітэктурную даўніну і колішні жывапіс, пра каралёў і герцагаў Вам раскажуць у Бельгіі з вялікім жаданнем. I той жа Анатоль Клаус хоць гадзіну, хоць дзве, цікава і захоплена, будзе апавядаць пра кожны вобраз, пра кожную біблейскую алюзію, пазначаную Янам Ван Эйкам на Генцкім алтары ў саборы святога Бавона, альбо на палатне 1436 года «Мадонна каноніка ван-дэр-Пале», што ў музеі Грунінэн.
У такія хвіліны ўзрушаны Анатоль быў падобны на герояў Уладзіміра Арлова з кнігі «Добры дзень, мая шыпшына», тых, пакуль яшчэ рэдкіх, беларускіх юнакоў з дакладна пазначаным гістарычным зрокам і нацыянальна свядомай душой.
На працягу ўсёй вандроўкі Вас будзе здзіўляць і захапляць моцная гістарычная памяць, што ўвасобілася амаль у кожным фламандцу альбо валонцу. І Вам таксама давядзецца здзіўляцца на відавочную размытасць іхняй «сучаснай» памяці.
На вечары дружбы ў адным з прыгарадаў Гента Вас будуць вітаць землякі. Гэта пераважна жанчыны, ужо сталага веку, якіх у маладосці вывезлі фашысты на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення Бельгія ім сталася другой радзімай. Яны знайшлі тут сваё жаночае і сямейнае шчасце. Яны размаўляюць на чыстай рускай мове, але з відавочным ужо халаднаватым акцэнтам. Яны хочуць зрабіць Вам хоць якую-небудзь ласку: ці то ў выглядзе падарунка, нейкага там сувеніра, ці проста абдымаюць Вас, як сваё печакана знойдзенае, ужо дарослае дзіця...
Жанчыны плачуць і не хаваюць слёз. А ўнукі не разумеюць сваіх яшчэ маладых бабуль і па-фламандску пытаюцца — чаго яны плачуць?
Гледзячы па малых, Вы, мусіць, згадаеце імправізаваны дзіцячы садзік, які ўбачылі ў адной генцкай кавярні. За шкляной сцяной рухалася электрычная горка, аздобленая каляровымі лямпачкамі, пасвіліся пластмасавыя конікі, а на падлозе стракацела розная цацачная драбяза. За дзецьмі сачыла часовая выхавацельніца, пэўна, адна з афіцыянтак. Пакуль бацькі бавілі час за кубкам кавы, іхнія дзеткі таксама мелі прыемны па ўзросце занятак.
Ці не паблізу ад той кавярні знаходзіўся дом Цільціля і Міціль, што з такой кранальніай непасрэднасцю чакалі свой калядны падарунак?
Дарэчы, у Генце ніхто з фламандцаў не згадаў імя Метэрлінка. Нібыта славуты драматург нарадзіўся ў Валоніі. Мусіць, Метэрлінк яшчэ не гісторыя, а сучаснасць, і яму рана атайбоўвацца на адной з палічак гістарычнай памяці бельгійцаў.
Апоўначы, вяртаючыся ў Брусель. Вас не столькі ўразіла, што на ўсім працягу ад Гента да сталіцы шаша асветлена мякка-жоўтым святлом, ад якога не стамляюцца вочы, а хутчэй за ўсё здзівіла абыякавасць таўстуна Элі да такой выгоды. Ён нават фары не выключыў, хоць мог не карыстацца імі.
Нікуды Вам не падзецца ад абавязковага параўнання Элі з Ламэ Гудзакам. Вы ж настроіліся ўспрымаць малавядомую Бельгію праз вобразы класічнай літаратуры. Элі не хто іншы, як зычлівы кастэраўскі таўстун. Чэрава яго неабдымнае, жарты, звернутыя да Вас, вядома праз перакладчыка, трапныя, і добры ён не па службовай волі, а праз сваю генетычную фламандскасць...
Развітаўшыся з савецкай групай, толькі ў гаражы ён выявіў, што нехта з нас пакінуў у аўтобусе плашч. Праз увесь Брусель на максімальнай хуткасці, каб паспець, гнаў ён сваю парожнюю машыну ў аэрапорт авіятаварыства «Сабена». I такі паспеў, і вярнуў адзежыну нядбайнаму турысту.
Зычлівасць у пераважнасці сваёй рыса інтэрнацыянальная. Няма незычлівых народаў, пра што сведчыць мастацтва і ў канкрэтнай сваёй выяве пачуццёва-манументальны жывапіс Рубенса. У Аптверпене, у доме-музеі Рубенса, з вострай незадаволенасцю падумаеце, што ўрэшце ж трэба навучыцца адрозніваць зычлівасць сапраўдную, роўную вялікаму мастацтву, ад зычлівасці гандлярскай.
Антверпен выклікае такія думкі, бо спалучае ў сабе росквіт мастацтва ў гістарычным вымярэнні з росквітам самага ходкага гандлярства ў яго цяперашнім існаванні. Гапдлярскае панаванне Антверпена пачалося ў XVI стагоддзі, з таго часу, калі мора «ўцякло» ад Бруге, і Бруге набыў статус «мёртвага горада». Антверпен ператварыўся ў сусветны порт. Ён дарэшты забрудзіў Шэльду, у якой ужо нельга купацца, замест мастоў праклаў падводныя тунелі і пабудаваў першую ў Еўропе біржу.
Калі паслухаць легенду, то некалі на месцы горада адбылася бойка: рымскі асілак Сільвіус Брабо перамог велікана-крывасмока Антыгона. Рымлянін адсек Антыгону руку і кінуў яе ў Шэльду. пасля чаго і ўзнік Антверпен, назва якога ў перакладзе значыць: той, хто кінуў руку.
Трапіўшы пад магічнае вока Гермеса, Антверпен з мінуўшчыны і па цяперашні дзень атуляе ўвагай вандроўных гандляроў. Прыняў ён і былых савецкіх грамадзян, яўрэяў, што імкнуліся да сіёнскіх схілаў, але апынуўшыся за межамі СССР, за лепшае палічылі застацца на берагах Шэльды. Вядома, не ўсе яны знайшлі прыперак у Антверпене, але частка іх укаранілася ў фламандскі грунт. Крамкі іхнія танныя, напханыя рознай таварнай драбязой і нагадваюць нашыя орсаўскія магазіны. Тут можна купіць усё — ад дзіцячых сосак да кішэнных ліхтарыкаў. На вітрынах маюцца надпісы па-руску: «Все для моряков». Маракоў нашых у Антверпене шмат. Кожныя суткі ў порт заходзіць па чатыры савецкія судны.
Месца, дзе размешчаны крамкі, не без адпаведнага эфекту пазвана Краснай плошчай. Маўляў, аддавайце свае трыццаць рублёў, размененых па 1800 франкаў, не дзе-небудзь, а на «роднай» Краснай плошчы і не каму-небудзь. а былым суайчыннікам. I Вас спецыяльна вязуць у Антверпен у гэтыя танныя крамкі, бо 1800 франкаў для брусельскіх магазінаў зусім не грошы.
За вокнамі пад шыльдай «Бадры» атайбавалася сямейка грузінскіх яўрэяў. Гандлюе адначасова ўся сям'я, нават васьмігадовы хлопчык і той каля паліц з таварамі. Гаспадар, ён і ёсць Бадры, з Кутаісі. Пытацца пра тое, як апынуўся ў Антверпене, не зусім далікатна. Бадры аднак сам засыпае пытаннямі. А пытанні проста дзіўныя. Вось ён, дыялог з Бадры:
- Ікру прывёз?
[6] Кіраўнік клуба «Younost». Гэты клуб уваходзіць у таварыства «СССР — Бельгія».