Салдат звярнуў у скверык, распрануўся ды прысеў на лаўцы пад грыбком. Па жвіровай дарожцы за ім пахаджвала прыемная з выгляду немачка з дзяўчынкай. Пасля бальнічнага ложка батарэец і секунды не мог вытрываць, калі ў яго знаходзіўся хто за спіной — ён зараз жа паварочваўся плячыма да сцяны ці плота або закладваў руку за спіну, прыкрываў месца, дзе пад гімнасцёркай ля лапаткі быў правал.
Цэлулоідны падкаўнерык змакрэў і ліпнуў да шыі; салдат расшпіліў аплічкі пад барадой, гузікі гімнасцёркі і паганяў за пазухай каўняром паветра. За чатыры месяцы лячэння ён зусім адвык ад ботаў. Салдату надта карцела зняць яшчэ кірзачы і даць адпачынак нагам, аднак з-за немкі рабіць гэтага не стаў.
«Перакусіць, ці што?» — падумаў салдат, развязваючы рэчавы мяшок, дзе на пакункі ў яго накладзены быў сухі паёк на пяць сутак: кансервы, хлеб ды загорнутае ў марлечку сала.
Адрэзаўшы кавалак хлеба і крылец старога сала, салдат пачаў жаваць, незычліва азіраючы клумбы з чырвонымі кветкамі ды такую чысціню на дарожках, што не знайсці было там і смяцінкі. Нагадаліся яму беларускія хаты, ад якіх засталіся адно абсмаленыя каміны і дрэвы з абгарэлым лісцем; батарэйцу пад горла падступіў камяк, расхацелася есці. Калі ў партызаны пайшлі і бацькі, яго хату немцы чамусьці не спалілі. Але ж можна сабе ўявіць, што засталося ад сялібы, пакінутай гаспадарамі. Знайдзі тут вінаватага цяпер...
Да ног яго падкаціўся стракаты мячык, і батарэец павярнуў галаву. Зводдаль застыла перапалоханая дзяўчынка з банцікам, не ведаючы, што рабіць.
Мам-мі-і!..— закрычала яна з трывогай.
Ён падняў мячык, кінуў малой, сказаўшы па-нямецку:
Лаві!
Данкэ, пан салдат! — азвалася з лаўкі яе маці. У голасе жанчыны прагучала ўдзячнасць незнаёмаму за ўвагу да дачкі.-— Грэта, падзякуй і ты пану рускаму!
Малая зрабіла кніксен.
Апанаваны сваімі думкамі, батарэец праз сілу ўсміхнуўся дзяўчынцы.
Тым часам немка не супакойвалася.
О-оў, якая цудоўная пачынаецца восень, пан салдат, ці не праўда? — зашчабятала яна, заклікаючы да размовы.— Сонца і сонца, кожны дзень сонца, як на заказ, wunderbar!
Батарэец паходзіў з мясцовасці, дзе многія людзі добра гаварылі па-нямецку, умеў гэта і дэмабілізаваны салдат; заклік незнаёмай ён вымушаны быў прыняць.
З дзесяціметровай адлегласці немачка паспяшыла расказаць пра сябе. Робячы няшчасны выраз на пульхненькім тварыку з ямачкамі на шчоках, страляючы вільготнымі вачыма, на французскі манер картавячы «р'», меладычным голасам яна паскардзілася яму на лёс. Муж яе служыў у афрыканскім корпусе Ромеля, але яшчэ ў 1942-м трапіў да англічан у палон. Праз Чырвоны Крыж яна мала атрымлівала ад яго вестак — падумаць толькі, усяго па дзве паштоўкі ў месяц; цяпер пра яго і ўвогуле нічога не ведае. Работы па спецыяльнасці камендант ёй не дае, а тут яшчэ і малая на ўтрыманні. Што ёй рабіць, уяўлення не мае. Можна было б пайсці ў швачкі, ды яна ж — картограф, хіба для гэтага вучылася пяць гадоў у «гохшуле»?!
Жанчына ўсё гэта расказала міла, а далікатная скура на яе пульхненькім тварыку тонка паружавела. Батарэец з распешчанай немачкай раней не стаў бы нават і гаварыць, але, як і ўсе цяжка параненыя, пасля шпіталя ён узмужнеў, стаў мудрэйшы, больш разважлівы, яшчэ нават падараваў ёй банку тушонкі, мяркуючы ў гэты час сваё.
Як толькі батарэя ўвайшла ў Германію, іх артылерысты як адзін сказалі сабе: ну, гітлераўцы ў нас гвалцілі, рабавалі ды палілі, затое мы не такія! Калі хто-небудзь дазваляў сабе выхадку, навальваліся на таго ўсёй кампаніяй. Дэмабілізаваны захацеў пачуць пахвалу сябрам і таму спытаўся пра гэта ў немкі.
Пра што пан салдат гаворыць?! — здзівілася маладзічка.— Гэта нашы мужчыны не мелі права крыўдзіць рускіх жанчын — немцы кожнага паўгода з фронту дамоў на пабыўку ездзілі! Вас жа ўсю вайну не адпускалі, і калі дзе што і здарылася, то гэта ж натуральна — мужчына інакш не можа!
Салдату расхацелася больш гаварыць з немкай.
Пан рускі, у тым доме зноў жыве нацы! [19] — звярнуўся да яго раптам нейкі падлетак у шортах.— Уцякаў з усімі да Рэйна, аднак, шэльма, вярнуўся!
Мэклембург?! — з перабольшаным абурэннем спыталася жанчына.
Так точна! — павярнуўся да яе падлетак і паказаў батарэйцу валасатыя лынды.
Толькі цяпер салдат убачыў: перад ім сталы мужчына, а маладзіць яго так вопратка.
Разбірайцеся тут самі! — махнуў ён рукой.— Або заяві пра гэта каменданту!
Так точна, пан салдат!
Адчуўшы незычлівасць салдата, мужчына ў скураных шортах, бы скаўт, лёгка пакрочыў далей. Немка прымусіла малую зрабіць яму кніксен і панесла дамоў падараваную ёй банку кансерваў.
2
Батарэец сабраўся хаваць сняданак. Побач на лаўцы ўжо размясціліся двое старых: таўсцяк у ялавых ботах, зашмальцаваным капелюшы і грубай куртцы — тыповы баўэр, а другі — невялічкі, шчупленькі паўінтэлігент. Раззлаваны немкай і «скаўтам», батарэец скрывіўся ад сала: ехаць яму недалёка, цяпер не зіма, на д'ябла яно яму здалося?! I тут салдат злавіў прагны позірк старога ды ўспомніў, як вясной вось такія, над свіст куль, абступалі ў кювеце артылерыйскага каня з застылай ружовай пенай па зубах, адразалі кавалкі мяса ды клалі сабе ў торбы. Што зробіш, і ў іх быў тут не мёд, згаладаліся.
Будзеш есці, фатэр? — злуючы на сваю дабрату, спытаўся батарэец па-руску.
О-о, я-а!
[19] Так некаторыя немцы называлі гітлераўцаў.