З таго моманту тыдні на два ён нібы праваліўся ў нейкую яму. Як праз сон, заўважаў бледныя твары ў белых халатах і заклапо-чаныя, уважлівыя вочы. Яго перадавалі з рук у рукі, бы нейкую эстафету,— раздзявалі, адзявалі, некуды валаклі, перавозілі, мылі, перакладалі з бока на бок, прыўзнімалі ды апускалі. Часамі яму надта балела — калі пілавалі рэбры; ён добра запамятаў, з якім бразгатам падалі ў таз косткі...
Потым было яшчэ горш.
Батарэец адчуў, як гасне ў ім жыццё. Яно пакідала яго цела памалу, а разам з ім знікаў боль, наступаў прыемны пакой. За ўсім гэтым адчувалася пустата. Мудрая прырода, відаць, у апошнія хвіліны існавання чалавека дае яму, як узнагароду, адчуць не мучэнне і роспач, а — здавальненне.
Паранены пачаў прыходзіць да памяці ад прыкрасці да агіднага ды надакучлівага тыпа, што хліпаў каля яго вуха, а батарэец усё яго супакойваў. Супакойваў чамусьці чужым голасам, гаварыў доўга, і так яму гэта было цяжка, што аж узмакрэў, а маладушны тып усё ныў. Не могучы даць яму рады, ён нарэшце зазлаваў. Поўны абурэння на мамінага сынка, ён раптам расплюшчыў вочы і азірнуўся.
Выяўляецца, што хліпаў ён сам. Батарэец ляжаў на бальнічным ложку з заплаканым тварам. Фактычна ляжаў не ён. Па нейкіх прыкметах батарэец адчуў, што ў яго цяпер вельмі тонкая шыя, ды ўбачыў свае тонкія, чамусьці без загару, пальцы. Батарэец быў нібы падменены — здзяцінелы, кволы і слабы. Захутаная ў бінты галава, што тырчала над ім, называла салдата па імені і супакойвала ўжо знаёмым голасам.
«Адкуль ён ведае, як мяне зваць?!» — падумаў батарэец, падаў голас, і чалавек узрадаваўся. Гэта быў старшына самаходкі, ён чакаў самалёта, які забіраў «чарапнікоў». Абодва яны ляжалі ў шпіталі. I вайна ўжо скончылася. Батарэйцу раптам захацелася спаць: не даслухаўшы старшыну, ён адразу заснуў.
Спаў салдат доўга і прачнуўся ноччу. Праз зашклёныя дзверы ў белую палату прасвечвала святло. Стаялі чатыры ложкі. На дальніх двух дыхалі ў глыбокім сне параненыя, а на суседнім панавала мёртвая цішыня. Батарэец з прыемнасцю заўважыў, як сон уліў сілы ў яго патанчэлае і слабое цела. Хацелася з асалодай пацягнуцца ўсімі мускуламі, як бывала толькі ў дзяцінстве, калі хварэў запаленнем. Ён так і зрабіў бы, ды раптам заўважыў, што ляжыць на левым баку, а яго правы — бытта адзеравянелы і да нечага прывязаны. Ён узяўся за яго рукой — туды быў устаўлены гумовы шланг. Аднак гэта яго не спалохала — ім валодалі спакой і ўпэўненасць.
«А дзе ж старшына самаходкі?!» — спахапіўся батарэец ды азірнуўся яшчэ раз на суседні ложак.
На адлегласць выцягнутай рукі ад яго ляжаў нябожчык. З белага скафандра бінтоў выставаў толькі востры нос і кадык.
6
Поезд цягнуўся гадзін з шэсць, але час салдату здаўся імгненнем. У яго на душы панавала здавальненне, што канчалася важная старонка яго жыцця, ім было зроблена ўсё, што можна, толькі ён ведаў — яму будзе нялёгка. Выпісалі салдата толькі таму, што ён надта прыставаў да начальніка шпіталя з аргументам: пачынаецца навучальны год у інстытутах, ён хоча яго не страціць, лячыцца будзе дома. Але як будзе на самай справе?!
Адарвала яго ад думак Варшава — поезд далей не ішоў. Былы наводчык забраў свае рэчы і павалокся ў тое, што засталося ад польскай сталіцы. Седзячы на нейкім фундаменце над берагам Віслы, ёп раптам успомніў, што ў сярэдзіне студзеня ўжо тут быў. Батарэя ішла тады ў трэцім эшалоне. Пакуль коні на слізкім пад'ёме ўзвалаквалі ад пераправы гарматы, па вытаптанай у глыбокім снезе сцежачцы наўпрасткі ён пайшоў сюды ды прысеў на гэты самы мур, каб паправіць абмотку. Наш лётчык вось там трымаў за руку зарумзаную полькуды казаў:
«Паплач, Ганка, я цябе разумею! У мінулым годзе таксама вярнуўся я ў Мінск, а там — ні аднаго цэлага дома! Паплакаў, і палегчала адразу!..»
Праз хвіліну яны пайшлі ўздоўж Віслы, і батарэец яшчэ чуў, як лётчык даваў польцы настаўленне:
«Ступай толькі туды, дзе ўжо станавілася нага чалавека — след у след, бо ахне міна — і не будзе каму вяртацца да нашага «кукурузніка»!..»
Толькі цяпер батарэец разабраўся: фундамент гэты — усё, што засталося ад Каралеўскага замка, якім так ганарыліся да вайны палякі. На плошчы перад сабой ён убачыў рынак. Батарэйцу кінуўся ў вочы малады паляк-прыгажун, які расклаў тавар на брызенце і гандляваў гузікамі. Палякам батарэец нават сімпатызаваў. Быў з імі ў партызанах. Каля Шнайдэмюле яго батарэя ратавала польскі батальён ад разгрому, дзе наводчыка першы раз параніла. Палякі тады рухаліся па шашы, і на іх напала унтэр-афіцэрская школа, якая прабівалася з акружэння на поўнач. Батарэец запомніў маладых дзяўчат у «рагатыўках», якіх пакасілі з аўтаматаў немцы: у амерыканскіх шынеліках і англійскіх чаравічках валяліся яны ўздоўж і папярок на мокрым асфальце нейкай аўтастрады. Успомніўшы ўсё тое, батарэец не змог доўга глядзець на прыгажуна з гузікамі і адправіўся на станцыю.
У машыніста ён даведаўся, які з таварнякоў неўзабаве адправіцца на Усход, і палез на дах бліжэйшага вагона. Там было ўжо жанчын з мяшкамі і рукзакамі, якія вярталіся з гандлю. Выбраўшы месца, дзе вальней, ён апусціўся на пакатую бляху. Дарогі хапала на цэлую ноч, можна было добра выспацца, і салдат пачаў меркаваць, як лепш уладкавацца, каб у сне не паляцець пад адхон.
Уздоўж вагона дах па цэнтры ўзвышаўся сантыметраў на трыццаць. Салдат падоўжыў лямкі і, не здымаючы мяшка з плячэй, закінуў яго на другі бок хрыбта, выцягнуў ногі ды паклаў на край мяшка галаву. Такім чынам прымацаваны на доўгіх лямках да плячэй, цяжкі мяшок зараз служыў у яго як бы падушкай-якарам: калі цяпер вагоны ляснуць буферамі, салдат не рызыкаваў паляцець уніз. Расшпіліўшы на сабе гузікі, адпусціўшы папругу, батарэец параненым бокам улёгся так, каб не муляла і паравоз быў ззаду, бо інакш у вочы заносіла б з коміна вугельчыкі.
Гэтак грунтоўна ўладкаваўшыся, змардаваны за цэлы дзень салдат стаў чакаць, калі зморыць яго сон. Ён нагадаў сержанта з коўдрай і падумаў — як добра, што цябе ніхто ноччу не абудзіць на варту. Перад вачыма была густая цемра, а навокал чулася гутарка гандлярак. Галасы жанчын нагадалі шпіталь, і ён пачаў успамінаць пра яго.
7
Батарэец быў пэўны, што выжыў толькі дзякуючы медсёстрам. Металёвыя асколькі загналі ў лёгкае яшчэ і некалькі кавалачкаў дрэва з прыклада: ён лічыўся «грудніком» — трэцяй, самай цяжкай, групы: з адкрытым пнеўматораксам, з гумовым шлангам у баку, з прымацаваным да шланга посудам.
Пасля таго як у шпіталі ён прыйшоў да памяці, аслабелы яго арганізм распачаў марудную барацьбу за існаванне. «Груднікі» надта капрызныя, бо адзін выгляд дрэнажнай трубкі, па якой дпём і ноччу сцякае ў бутэльку гной ды праходзіць у лёгкае паветра, давядзе ледзь не да вар'яцтва і самага здаровага чалавека, зробіць яго згрызлівым, бы схварэлае дзіця.
У шпіталі салдат высах да таго, што важыў трыццаць восем кілаграмаў. Ленінградка Нюра лёгка брала яго на рукі, выносіла ў садок ды клала пад вішні ў гамак. Бывалі дні, што не хапала ў яго сілы, каб узняць да рота руку, і сястра тады карміла яго з лыжачкі. Ленінградка пісала яму дамоў пісьмы, аднекуль прыносіла апельсіны, якія батарэец першы раз у жыцці бачыў, заглядвала ў раны.
«Ну, як мы зажываем? — з мацярынскай заклапочанасцю пыталася яна.— О-о, якія ружовыя рубчыкі!.. Ну-у, цяпер мы будзем мы-ыц-ца!..»
Халат у яе часамі быў прыадхілены; калі яна дакраналася да параненага незнарок грудзямі, месца тое ў яго потым гарэла. Нюра прылятала да салдата і са сваімі радасцямі ды бедамі. То знайшлася яе маці! То аб'явілася сястра! То прыйшла вестка, што бацька загінуў яшчэ ў сорак першым.
Што яна цяпер робіць? Далечвае астатніх. Абяцала пісаць на бацькаў адрас...
На гэты раз Нюра прыбегла да яго без халата ды спрытна падсунула пад яго гумовае кола ад пролежняў. Затым дзяўчына лягла побач, ад чаго панцырная сетка моцна ўвагнулася і Нюра ўся аж навалілася на яго. Ён адразу адчуў, як далікатная цяплынь памалу пачала ахінаць яго з галавы да ног. Шчаслівы, ён баяўся нават па-вярнуцца, каб не вылез дрэнажны шланг з раны, у той жа час яму было весела. Доўга яны гэтак ляжалі і нават дурэлі, а батарэец усё думаў — абняць яе ці не?..
А калі накрыўдзіцца і ўцячэ?..
Раптам нешта стукнула, заляскаталі буферы, і ён прахапіўся.
Выяўляецца, батарэец ляжаў не ў шпіталі, а на вагоне. Ніякага дрэнажу не было. Ды і рана, куды ўстаўляўся шланг, зарасла ўжо даўно — два месяцы назад. Паварушыцца баяўся ён не з-за яе, а каб не зляцець з пакатага даху. Стаяла глыбокая перадасенняя ноч. З паравоза агністай грыўкай праляталі над ім іскры. Паабапал пуці рухаліся назад даўзёрныя контуры будынкаў.