Альяш прынёс Іаану ў ахвяру некалькі рублёў. У канцылярыі протаіерэя грошы прынялі і выдалі Альяшу па ўсёй форме квіток — на гербавай паперы з царкоўнымі знакамі, з каляровым малюнкам Андрэеўскага сабора.
З гэтым бласлаўленнем і квітком дзядзька і адправіўся дадому.
1
А ў Грыбоўшчыне за гэты час адбылася драма.
У вёсцы жылі тры браты Аўхімюкі. Тыя самыя, якіх яшчэ пастушкамі цягаў на спіне Паўтарак, каб паказаць сваю сілу. Старэйшы з іх, Іван, служыў у войску, але захварэў на сухоты, і яго датэрмінова адправілі дамоў. Базыль і Валодзька заставаліся на гаспадарцы.
Сядзеў сабе аднойчы Іван на лавачцы перад хатай ды грэўся на сонцы, а яго браты пад акапам пілавалі на зіму дровы. Аднекуль узяўся п'яны Паўтарак. Бандыт хапіў хворага за галаву, пачаў гнуць Івану курну і бубніць:
— Ага... тваю маць, ездзіў па мне калісь на выгане, прызнавайса?!
Падскочыў на падмогу самы малодшы брат, Валодзька. Бандыт піхнуў яго локцем, I Валодзыса апыніўся аж у крапіве пад плотам.
— Прызнавайса, ездзіў?!.
Іван пачаў вырывацца, потым прасіць:
— Не збыткуй, мы ж дзяцьмі тады былі, што ты ўздумаў!
Паўтарак разлютаваў.
— Не падабаецца?.. Цурык!.. Зара шчэ не так зраблю! Я табе голаў у с... запіхну!
Валодзька зноў наляцеў на яго пеўнем, але зрабіць нічога так і не змог.
З жахам убачыўшы, што Іван ужо пасінеў і з рота ў яго пацякла кроў, Базыль шмыгнуў у хату, выхапіў з шафы дубальтоўку і праткнуў ствалом шыбіну.
— Ну, нягоднік, маліса! Амба табе!
Паўтарак павярнуў галаву, папярэдзіў:
— Кінь забаўляцца гэтым!
— Даўно-о я чакаў такого моманту!— узвёў Базыль куркі. — Бэбахі зара вы-ыпушчу!
Паўтарак схапіў паўпол Івана з Валодзькам:
— Страляй цяпер, ну!
— А-а, маладзец супроць авец, хаваешса за іх, збаяўсо, падло?!
— Хто, я-а?!
Бандыт братоў адпусціў.
Хлопцы разбегліся, а Паўтарак усім сваім анамалічным корпусам павярнуўся да акна, яшчэ нават узяўся ў бокі.
— Ну, паглядзім, які ты адважны! — прабубніў скрозь нерухомыя вусны.
Базыль і бабахнуў бандыту ў жывот адразу двума зарадамі.
Ахутаны белым дымком, Паўтарак прастагнаў:
— М-м, ты гэ-этак?..
Задыхаючыся ад болю падтрымліваючы акрываўленымі пальцамі вантробу, бандыт палез у хату.