— А якія балі закатваў!.. У Жоржа Дэлясі шлюху, Тэклю, адкупіў за золата!..
Усе гэтыя падрабязнасці цяпер, як незвычайная сенсацыя, па той жа самай сістэме бяздротавага тэлеграфа, зноў «псіхалагічным рэхам» памчалі з вёскі да вёскі і бударажылі, прыводзілі ў жах легкаверных сялян.
— Ашукаў і гэты!
— Як лоўка нас ён абдуры-ыў!..
— Завё-оў, завё-оў усіх пад дурнога хату!
— Дзіво! Зноў буржуі цёмнага мужыка абвялі! Хібо першы раз нам гэто бачыць?
— Так нам і трэ, дальбог!.. Бо мы ні разу не правучылі іх як след! Дакуль будуць паны здзекавапца з нас?
— I то праўда! Няўжэ мы такія слабакі, не можам катораго прыціснуць, каб другім было непавадно?
Учарашняга куміра людзі гатовы былі задушыць.
Якраз у гэты момант канчаткова праваліўся і Мурашка. Калі яго «сіяністы», не дачакаўшыся канца свету, таксама ўзнялі бунт, прайдзісвет Мурашка прыхапіў абшчынныя грошы, Вольгу Кавальчук і даў драла ў Аргенціну. Вольга мела ад першага мужа шасцёра дзяцей! Практычная маці адразу кожнаму з іх купіла за акіянам па мураванцы...
Дзядзька Альяш не быў здольны на тое, каб з Сакольскай ашчаднай касы забраць свае скарбы ды з Тэкляй уцячы таксама за акіян і жыць прыпяваючы. Упарты мужык па-за Грыбоўшчынай жыцця сабе не ўяўляў. Не могучы і мінуты пасядзець без работы, ён асцярожна пачаў выязджаць на поле з плугам ці бараной, а на дзень адпраўляўся спаць да суседзяў, куды Тэкля прыносіла яму кожны раз гаршчочак з кашай.
Прайшоў дзень, прайшоў другі.
Мінуў цэлы тыдзень...
Альяш ужо падумаў, што небяспека мінула. А ў гэты час пад Бельскам самыя заядлыя ў мінулым Альяшовы паклокнікі свайму былому ідалу рыхтавалі пакутніцкую смерць.
На скрыжаванні дарог Бельск — Гайнаўка — Заблудаў з адпаведнымі малітвамі і заклёнамі бяльчане спілавалі ноччу стогадовы дуб. Цеслі змайстравалі са свежага камля здаровы крыж з адной перакладзінай, а бабы павязалі пад перакладзіну льняны фартушок. Тады мужыкі ўзвалілі крыж сабе на плечы і, ні мінуты не спыняючыся, пакрочылі на поўнач — у бок Крынак.
Бяльчане ішлі праз Заблудаў, Міхалова, Гарадок, станцыю Валілы, Случанку...
Па вёсках мужчын пыталіся, куды яны валакуць такую ношу, але бяльчане маўчалі. Прызналіся аднаму Салвесю, і то ледзьве ён ад іх прызнанне такое выцягнуў.
Страшавец якраз вазіў свінню да пародзістага кныра ў Пілатоўшчыну і на случанскай грэблі дзіўную працэсію спаткаў.
— Што здарыласо, мужчынкі?! — пацікавіўся дзядзька.
Яму не адказалі.
— Бо так трэбо! — кінуў нарэшце Салвесю згорблены ад цяжару знаёмы мужык, калі страшавец пытанне паўтарыў.
Салвесь тут пазнаў яшчэ пару сялян з Масева, з якімі да першай сусветнай вайны, па царскаму ўказу, вазіў раскідваць па пушчанскім дзялянкам зубрам бульбу і бручку. Заінтрыгаваны дзядзька звярнуўся ўжо да іх:
— Масеўцы, куды вы, пад халеру, з такім грузам прэце, цяжко вам адказаць? Коней у вас не стало ці якой халеры?.. Скажэце ўрэшце, ну?!.
Але і знаёмыя адварочвалі галовы. Толькі адзін з іх буркнуў:
— Пачакай, хутко пачуеш!..
Тады меншы хлапец не вытрываў, пахваліўся:
— У Грыбаво ідзём, дзядзьку!..
— А чаму такім вяселлем?..
— Альяша будзем правяраць!..
Сусед маладога нядобра бліснуў вачыма ды паспяшыў Салвеся запэўніць: