— Госпадзі, апусці свой караючы меч на яго!
— Апусціць, так і чака-ай!..
— Мы самі яго вырашым і бэбахі выпусцім!..
— Але хто нам верне ўсенько?
— А дзе ён? — непрытомная ад гора, расчахраная пракрычала нейкая баба ахрыплым голасам.
— Людзі, не стоймо, дальбо, не даваймо яму часу, каб куды знік!.. Не надзеймосо на таго бога!..
— Не багахульствуй?
— Усё роўно, горш ужэ не будзе!..
— Бяжэм!..
Разлютаваны натоўп рынуўся да хаты Альяша.
— Пустая! — са шкадаваннем заявілі тыя, хто даляцеў першы.
— Так ён нас тут і чакаў!
— Ніўжэ ўцёк?! А як жа мы-ы цяпер?!.— нейкая цётка прысела абяссілена да фігурных габляваных штыкецін Альяшовага плота і зараўла.
— Павесіла б, каб злавіла!
— Разадраць яго мала!..
— Нікуды ён не падзенецца, калі дружно возьмемса шукаць, ён недзе шчэ блізко! — крычалі заднія на тых, хто ніяк не мог прымірыцца, што хата пустая.
Людзі заглядвалі нават у хлеўчык, у сабачую будку, зганялі злосць на адкормленым Тэкліным Мурзе...
— Усім толькі трэбо дружно ўзяцца, і — зловім, нас столькі кагалу тут!..
— Мо і грошы ў Саколку шчэ не паспеў адправіць!
— Кажуць, з апосталамі на выган падаўсо!
— Ах, нягоднікі!.. Піня — яго сябар — папрысылаў на выручку іх!..
— Бяжымо грамадой!..
Усе адвалілі ад пустой хаты, з дзікім крыкам і лямантам, ад якога ў грыбоўшчынцаў валасы на галаве паўставалі дыбам, яны хлынулі праз вёску. Гэты крык і лямант было ўсё, што ў іх засталося ад вялікай той надзеі.
...Тэкля і Хімка к таму часу паспелі зацягнуць прарока ў хвойнік, а ў змардаваных да рэшты людзей сілы, каб шукаць яго далей, не хапіла.
1
Раптам пранеслася па Гродзеншчыне чутка, што прарок з Грыбоўшчыны — ніякі не прарок, а — белагвардзейскі афіцэр з арміі Булак-Балаховіча!
Аўтарытэтныя людзі знайшлі дакладныя дакументы, з якой ён часці, у якім чыне служыў у рэвалюцыю, колькі расстраляў людзей, а колькі — засек нагайкамі, дзе потым яго часць бальшавікі разграмілі і як гэты прайдзісвет пазней трапіў у вёску пад Крынкі, як у ёй маскіраваўся, каб толькі паказацца мужыком.
— Гэты ваша благароддзе, каб пажывідца на бедным і цёмным мужыку, купіў сабе ў Грыбоўшчыне чужое прозвішча — Клімовіча,— прыкінуўся святым!
—— Ну! Такі праведнік, багамол, а ў той жа час у самога было аж чатыры маладыя жонкі ды цэлыя мяшкі золата з брыльянтамі і даларамі, закапаныя ў агародчыку!
— Падумайце, столькі гадоў прыкідваўся непітушчым, а самаму, мярзотніку, аж з Парыжа ды з Варшавы прывозілі розныя віны ды лікёры, шынкі і каўбасы!..