Усё гэтак жа шапталі людзі:
— Госпадзі, памілуй!.. Госпадзі, памілуй!.. Госпадзі, памілуй!..
Паступова паміж званамі ды народам устанавілася зла-джанасць — музыкальны рытм. Як толькі наверсе прагучала, ашалелы Давідзюк к небу ўскідваў рукі ды грамавым голасам крычаў:
— Госпадзі, сыдзі!
Агорнутыя такой жа раз'юшанасцю і адчайна, нібы жадаючы прымусіць не вельмі скорага да дзеяння, надта ж занятога ўсяленскімі клопатамі бога на хвіліну адлучыцца ад сваіх нябесных спраў ды зрабіць тое, што рабіць абавязаны, поўныя страху людзі паўтаралі:
— Госпадзі, сыдзі!
— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..— бронзавыя волаты пацвер-дзілі, прыпячаталі катэгарычнае патрабаванне людзей і панеслі, панеслі яго ў бяздонную высь.
— Сыдзі да нас, госпадзі! — яшчэ мацней выгукнуў азвярэлы апостал.
— Сыдзі да нас, госпадзі! — ужо, як рыданне, вырваўся лямант з соцень грудзей.
— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..
— Хадзі да нас, госпадзі!..
— Хадзі да нас, госпадзі!..
— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..
То былі рытмічныя і магутныя, як гром, выбухі калектыўнага шаленства і адчаю даведзеных да самай высокай экзальтацыі людзей — агорнутых адзіным парывам веры і жаданняў.
У такім напружанні надышоў час снядання.
Папрачыналіся галодныя дзеці і пачалі шукаць сваіх бацькоў. Усе былі вельмі занятыя, малых білі, адганялі, але нічога не дапамагала — дзеці ўзнялі лямант.
Нехта запрапанаваў сабраць іх разам ды пад назіраннем мацярок з груднымі малымі і з цяжарнымі маладзіцамі ды з торбамі ежы «выправадзіць дзіцячы сад» на балота збіраць кветкі.
Чакаць запаветнага часу яшчэ трэба было, мажліва, і некалькі гадзін, таму ўсе згадзіліся, і бабы пачалі даваць сваім малым апошнія наказы.
— Манечка, калі загрыміць і забліскае, адразу бя-жы сюды, мілая! А калі згубішса — не плач! Падыдзі да анёла і скажы яму — хачу да свае мамкі!.. Ён цябе і давядзе! Толькі ветлівенько прасі, дачушка!..
— I ты, Міколка, глядзі, будзь ветлівым!.. А мо вас сам гасподзь бог будзе пра што пытацца, то скажы яму, чый ты сынок, пакланіса ў ногі ды руку пацалуй яму!.. Ён будзе такі стары, барадаты, бы наш дзед Мікодым!.. Толькі не бойса, ён — добры!.. Адно з чортам не гавары ні пра што!.. Чорта таксамо адразу пазнаеш, ён з рагамі, з хвастом, на нагах будзе мець конскія капыты!.. Не бойса яго, твой архангел у крыўду цябе не дасць!
— А як захочуць вас, дзеткі, у ангелы браць, то вы адно не супраціўляйцеса! — умяшалася ў сямейную гутарку цётка Піліпіха.— Будзе вам тады надто добро, яшчэ і свайму татку з мамкай файно дапаможаце!
— Гэ, і крыльцы нам дадуць, цёцю? — дапытваліся дасціпныя малыя.
— А !.. Святы Пятрук падрыхтаваў вам і белыя, і жоўтыя, і рабенькія!..
— Назусім?
— Назусім.
— I з пёркамі?
— Вядомо.
— I можно будзе лётаць імі і зоркі збіраць?
— Вядомо!
— Эх, як добро!..