— Сёння талеркі, а заўтра Купалаўскі. Калі не з’явіцца нічога неадкладнага.
— З’явіцца…
3.
Аднойчы мы, студэнты чацвёртага курса, сядзелі ва ўніверсітэцкай аўдыторыі з маленькай радыёстудыяй, апранутыя яшчэ не па-веснавому, але ўжо і не ў чатыры слоі. Спазняўся выкладчык, а мы захоплена гаманілі пра ўсё на свеце. У нейкі момант я змоўкла і раптам пабачыла ўсіх разам: траекторыі размоваў, нехта глядзіць у люстэрка, перадае асадку, цісне тэлефонныя кнопкі, перапыняе таго, хто гаворыць. Усё ў светла-шэрым пустым апошнім зімовым святле ― што робіць рэчы больш рэальнымі, пластычнымі і прымушае адчуваць строгую непазбежнасць развітання з імі. «Застацца?» ― спытала я тады кагосьці ўнутры сябе.
Увайшоў нейкі незнаёмы чалавек, следам наш выкладчык. Гэтым госцем ён інтрыгаваў нас на мінулым тыдні: «Прыйдзе і многаму вас навучыць…» Мы сабраліся амаль усёй групай. Ахвотна, хорам загрымелі крэслы ― вітаем.
— Дзякуй, добры дзень, ― сказаў ён па-руску, з паўзамі паміж словамі, і вельмі лёгка ўсміхнуўся.
Гэта быў яшчэ малады мужчына з прыемным голасам (пазней ён раскрыў нам, што для гэтага трэба прамаўляць на выдыху), ільснянымі валасамі і чыстым абуткам. Валасы былі па-мужчынску рэдкаватыя, але ахайна ўкладзеныя, дорага пашыты касцюм добра сядзеў. Замест недамоўленасці або дакладнасці, якіх я ад яго чакала, у яго выглядзе была перанасычанасць ― можа быць, з-за тканіны касцюма, можа быць, з-за таго, што ён прыйшоў у студэнцкую аўдыторыю так, як з’яўляюцца весці платны семінар. Госць стаяў некалькі секунд, усміхаючыся, і я пераставала аналізаваць яго, падкупленая ўсмешкай. Даляцеў пах парфумы, добрай, хіба што кропельку знарочыстай. Адкрытая, але дзіўная пластыка: як быццам выразныя, прыгожыя жэсты доўгіх рук былі крадзенымі.
Мы глядзелі на яго з бязлітаснай студэнцкай дапытлівасцю і чакалі, калі ён пацягнецца ўжо ў кішэню па насоўку, а выцягне бясконца доўгую стужку з рознакаляровых хустачак. Чалавек гэты (ці то Антон, ці то Вадзім, без імя па бацьку) спытаў нашыя імёны, пра што-небудзь пацікавіўшыся ў кожнага. Паважліва зазіраў у вочы і пытаўся:
― А адкуль вы родам?
― А якая ваша спецыялізацыя?
― Працуеце недзе ўжо?
― Што значыць гэты знак на ланцужку? ― і так далей.
Мы ўсталі ў кола і, смеючыся, у нешта гулялі. Потым, разняволеныя, расселіся па сваіх месцах.
― Давайце пагаворым пра маўленне, ― пачаў ён. ― Бо мова ж ― гэта інструмент журналіста?
Мы заківалі. За вокнамі свісталі птушкі, крыху далей шумела шаша, і вясна была блізка, ужо адчувальная скурай, нюхам, але яшчэ нябачная. Валасы госця злёгку раскудлаціліся. Задаволены выкладчык, перадаручыўшы госцю сваё месца, сядзеў за самай далёкай партай.
― І вы, вядома, ужо знаеце, што ад таго, як падасце адну і тую ж навіну, залежыць яе ўспрыманне?
― Вядома, ― задаволена адказвалі мы.
― Тады, нарэшце, апошняе пытанне: ці хочаце вы гаварыць так, каб уплываць на вашых суразмоўцаў? І каб вас ніколі ні ў чым не абвінавачвалі?
― Ну, так, так, ― інэрцыйна калыхалася аўдыторыя.
― Я зараз дам вам… фразу. Адну фразу. А вы групкамі, як сядзіце, пашырце яе. Пераможа той, у каго будзе самая доўгая. Дазваляецца ўсё, толькі не дадавайце новых сэнсаў. Вы можаце размыльваць сэнс колькі заўгодна. Рабіце яго недакладным, абцякальным. Скажыце як мага больш і даўжэй. Карыстайцеся штампамі, зацямняйце… «Двое рабочых сустрэліся, пагаварылі пра жыццё і разышліся» ― вось ваша зыходная інфармацыя. Двое рабочых сустрэліся, пагаварылі пра жыццё і разышліся.
Студэнты імгненна зразумелі, што трэба рабіць. Нехта захіхікаў, здзіўлены такой вольніцы, хтось пажартаваў наконт рэвалюцыі. З задавальненнем, якога я ніколі ў інстытуце не бачыла, усе ўзводзілі шмат’ярусны фантан штампаў. Хуліганскі беспакараны дух заваёўваў паветра. З розных бакоў гучала:
― Пра бягучае становішча асабістых спраў…
― Пэўная колькасць прадстаўнікоў…
― Працоўнага класа…
― Правялі сустрэчу… планавую сустрэчу… па пытаннях…
Гэта рабілася падобна да збору ў міністэрстве. Перад кожным узнікала нябачная, з жоўтага дрэва кафедра. Неўзабаве ўсе загаварылі на адной мове.
― Абмеркаванні надзённых жыццёвых пытанняў, задач і праблем, ― бюракратычна бубніў мой аднакурснік.
Словы паступова гублялі сэнс, замяняліся пластыкавымі падманкамі, а потым і зусім знікалі. Гэта здавалася вар’яцтвам. Я згадала, як аднойчы праязджала на машыне міма аварыі: доўгая фура ляжала, перавярнуўшыся, напалову ў кювеце, а груз яе быў рассыпаны па дарозе: памперсы, пракладкі… Шыкоўныя дзяўчаты ў прыталеным футры, якія спынілі джып за дзесяць метраў ад месца аварыі, сцярвятнікамі выдзёўбвалі бясплатны тавар. Адна нагнулася за сінім пачкам, іншая ішла з бярэмем да сваёй машыны. Я азірнулася: выкладчык сядзеў ля акна, у промні святла ззялі яго льняныя вусы. Ён быў задаволены тым, як жвавенька праходзіць урок. Энергічная, хлапечая постаць, здавалася, мацуецца да крэсла спружынкамі. Ён перазірнуўся са сваім госцем праз увесь пакой. Той стаяў манументам ля дошкі з выразам найвялікшай карыснасці.
― Скончыўшы гутарку… ― пачаў Толік.
― Працэс камунікацыі! ― выправіла наша выдатніца.