Усё гэта не тычылася яго, ён, Мацвей Роўда, не быў нават і пасажырам, хоць і прыйшоў на вакзал. А калі і быў, то пасажырам поезда, які яшчэ не сфарміравалі, поезда без раскладу, поезда аднаго пасажыра, Мацвея Роўды. I ніхто, уключаючы і яго, не мог дакладна адказаць, калі і куды пойдзе гэты поезд, ці не прыбыў ён ужо да сваёй канечнай станцыі, ці наогул ёсць у яго станцыя прызначэння, станцыя адпраўлення. Не, пэўна, няма горшай адзіноты, чымсьці адзінота сярод людзей, на вакзале, калі ты прыйшоў туды, каб выправіцца ў дарогу, і дарог мноства, але ніводнай тваёй. Твая разабрана, ён сам разабраў яе сваімі рукамі. Лічыў, што будуе, а на паверку
атрымалася — разбурае, і, разбураючы, не спыняўся, гнаў
свой поезд па ўсіх парах.
Ведаў ён ці не, куды ідзе, куды кіруецца, мо ногі самі прывялі яго. Мацвей узняў галаву і прачытаў ружовыя літаркі: «Рэстаран». I ён пайшоў бы ў рэстаран, мо і напіўся б, але тут прайшлі трое п'янаватых падлеткаў, занялі амаль палавіну тратуара, каля дзвярэй, побач з Мацвеем, стаяў міліцыянер.
— Дзеці ж п'яныя,— сказаў Мацвей.
Міліцыянер сцепануў гілячыма:
— Мо п'яныя, а мо і не,— і паднёс да вачэй Мацвея гадзіннік.— Мой час выйшаў.
Падлеткі ўзнялі валтузню, таўханіну, Мацвей заспяшаўся да іх. Але ён спазніўся, крышачку, на імгненне нейкае. Аднаму з падлеткаў, што ішоў пасярэдзіне, зрабілі падножку, піхнулі ў грудзі. Ён пачаў марудна, а мо і не марудна, мо ўсё гэта толькі выглядала як на замаруджанай кінастужцы, завальвацца на спіну. Мацвею не хапіла кроку, каб падтрымаць яго. Падлетак упаў галавою на запалены, барвова-сіні ад няроўнага святла ліхтароў асфальт. I Мацвей ні на сантыметр не здолеў больш наблізіцца да яго. Ён пачуў... Лепей гэтага не чуць ніколі, ніколі не чуць, як трашчаць на моцных зубах лясныя арэхі. Гэты гук дапаў не толькі да яго вушэй. Каля падлетка ўжо тоўпіліся людзі, яго падымалі.
Падлеткі стаялі, звесіўшы рукі, і твары іх былі падобныя на асфальт, барвова-сіняга адцення. Той, якому яны зрабілі падножку, на здзіўленне Мацвею, распраміўся, хіснуў галавой і тут жа зморшчыўся, зноў асеў. Мацвей заплюшчыў вочы — ён адчуў боль у патыліцы, нібы хтосьці там свярдзельцам вярцеў, поезд, паравозны гудок, роў у галаве яго. Роў, пэўна, даўно, але толькі цяпер прарваўся, дайшоў да яго гук. Ён адплюшчыў вочы. Падлетак ужо зноў быў на нагах, стаяў, здаецца, цвёрда, двое другіх ухапілі яго за рукі, падобна на тое, што хмель з іх выветрыла. Міліцыянер быў збоку, людзей паменела, яны больш не ўмешваліся, наглядалі.
— Я пайду, мы пойдзем,— сказаў той, што толькі што быў на зямлі.
«Ды як жа, як жа ён пойдзе,— падумаў Мацвей, мо ён вымавіў гэта і ўслых, таму што на яго азірнуліся.— Я ўк сам чуў, я ж сам трушчыў некалі арэхі».
Але падлеткі абняліся і пайшлі, пачалі разыходзіцца і людзі, знік і міліцыянер, як не было яго. I толькі нейкая пляма цьмяна блішчала на тым самым месцы, дзе хвілінку да гэтага стаялі падлеткі. Мацвей наблізіўся да яе і з жахам і агідай схіліўся, тыцнуў у гэтую пляміну пальцам, панюхаў. Пахла віном. Падлеткі ўжо былі каля пераходу. Мацвей закружыў на месцы, пільна ўглядаючыся ў твары людзей, што ішлі міма яго, абцякалі яго. Ён шукаў у іх тварах... Ён і сам не ведае, чаго ён шукаў у іх тварах. Недаўмення, здзіўлення, спагады, страху. Але дарэмна, усё гэта было толькі ў ім, і, пэўна, таксама не на твары, а ў сэрцы хутчэй: страх і жах. Як жа ўсё проста. Як проста памерці і зрабіцца калекам. А ён не сумняваўся, што той, у якога толькі што галава шчоўкнула, як арэх, ужо калека. I праз гадзіну-другую ці, самае большае, праз дзесяць- дванаццаць гадзін, раніцой, аб гэтым дазнаюцца і яго бацькі. I ён бачыў іх бездапаможны жах, пакутаваў, што ўжо нічога нельга перамяніць, што ён нічым не зможа дапамагчы ім.
Яму карцела кінуцца куды-небудзь, куды-небудзь бегчы, толькі не бяздзейнічаць. Гэтае жаданне куды-небудзь кінуцца жыло ў ім імгненне, імгненне моцы і бездапаможнасці, і за гэтае імгненне ён перажыў амаль усё ад свайго прыезду разам з Шахраем у Княжбор і па сённяшні дзень.
А падлеткі ўсё яшчэ стаялі перад пераходам, чакалі, калі праедуць таксі і машыны і можна будзе рухацца далей і ім. Таксі праехалі, вуліца была пустая, на хвіліну-другую яе захапілі пешаходы. А падлеткі нешта марудзілі, яны толькі трошкі збочылі ўправа, да жалезных поручняў агароджы, прыхілілі да гэтых поручняў абвіслае і, здаецца, пры зменлівым святле ліхтароў нежывое цела свайго таварыша, як куль з бульбай прыхілілі, і ён стаяў, як куль, звесіўшы ўніз саламяную чупрыну. I людзі праходзілі каля яго, у звыклым, зададзеным горадам рытме, крочылі жанчыны і мужчыны, дзеці і бацькі, пустапарожнія, безаблічныя, яны не ведалі і не хацелі ведаць, што здарылася з гэтымі хлапчукамі. Мацвей кінуўся да іх, не разумеючы, навошта гэта ён робіць, ці здатны ён дапамагчы ім, ці прымуць яшчэ яны яго дапамогу. Падбег, пільна і прагна ўгледзеўся ў іх твары.
— Я дапамагу вам, хлопцы, я зараз вазьму таксі.— Яго ўтрымалі, схапілі за рукавы ў чатыры рукі. Трэці, той самы, што, як куль, прыхілены стаяў каля агароджы, павярнуўся да яго і, тыцнуўшы ў яго пальцам, спытаў:
— Калян, ён што, смурны, бухі? Мацвей бачыў, што гаварыць яму цяжка, бачыў, як выспявае ў яго светлых вачах і трывога, і прадчуванне бяды. Але гэта толькі ў вачах, ледзь-ледзь прыкметнае яшчэ, абуджанае фізічным болем, асэнсаванне таго, што адбылося.
— Смурны ці крануты па фазе, — адказаў пэўна Калян, адпускаючы руку Мацвея.— Не мільгаці, дзядзя, адскоч на паўаглоблі ўбок,— і яшчэ дзве рукі адпалі ад яго рукава.
— Што вы, хлопцы! Навошта ж так? Я ж ад усяго сэрца. Мне шкада вас. Як жа вы гэтак, хлопчыкі? — Мацвею падалося, што ён крычыць, і ён хацеў крыкам крычаць, крыкам прабіцца да іх душы, але не хапала голасу, ён гаварыў амаль што шэптам: — Вам жа жыць яшчэ, вы ж ладныя, добрыя, добрыя...
— Вось і чашы, пакуль мы добрыя, пакуль трамваі ходзяць, чашы, хіляй міма.
— Вы не разумееце, хлопцы...
— Мы ўсё разумеем. I табе мазгі ўправіць можам. Зробімся нядобрымі, зробім добраму дзядзечку балюча.
Мацвей пакрыўдзіўся і адчуў, што стаміўся. Але гэтыя стомленасць і крыўда дапамаглі яму паглядзець на ўсё тое, чым ён займаўся да гэтага, пры інакшым святле, пры ліхаманкавым святле вакзальнага неба, запаленага хваравітага асфальту. Дзеля хлеба надзённага, дзеля шчасця і нават жыцця ўсіх гэтых вакзальных і не толькі вакзальных людзей, дзеля хлеба, шчасця і жыцця гэтых трох падлеткаў ён жыў усе апошнія гады. Ён быў заведзены па гэтыя тры словы: хлеб — шчасце — жыццё. I бурыў, ламаў у сабе і вакол сябе ўсё, што перашкаджала ці, здавалася яму, перашкаджае здзейсніць тое, вышэйшае, на што ён быў заведзены і скіраваны. А толькі ці хлеб патрэбен падлеткам і ўсім іншым людзям, што прайшлі каля яго, хлеб у іх ёсць, і ў дастатку. I яны ж, п'яна выкрочваючы па асфальце, былі шчаслівымі, хмяльнымі, і не толькі ад віна, але і ад паўнаты жыцця, напружанасці яго і насычанасці, няхай і падманлівай, яны ж не адчуваюць гэтага падману, яны ж і не прыкмецілі нават і наўрад ці прыкмецяць, што яны згубілі, падмянілі, тое, што яны лічаць сапраўдным, натуральным,— гэта толькі хмель і дрожджы, і нічога болей, што самі яны толькі брага... I ён, Мацвей Роўда, толькі брага, цеста, што ўзышло на чужых дражджах і чужым хмелю. I ад гэтага чужога хмелю шчасце, падаецца, побач, толькі руку працягнуць, а жыццё і смерць наогул нічога не вартыя; больш танныя, чымсьці лясны арэх. Значыць, акрамя хлеба, шчасця і няшчасця і нават жыцця, ёсць нешта іншае, што ён праглядзеў, што прамінуў, не прыкмеціў у сваім вясковым жыцці, як, захоплены натоўпам тут, на вакзале вялікага горада, не разглядзеў, не прыкмеціў у гэтым натоўпе аніводнага твару. I падлеткі не паверылі яму, не пажадалі нават спагады прыняць ад яго. Нібыта ў гэтай спагадзе было нешта агіднае, брыдкае, што замахвалася на іх самастойнасць і волю. Яны жылі ў сваім, ад'яднаным ад іншых свеце і нікога не хацелі пускаць у свой свет. I калі толькі з'явіўся гэты свет ад'яднанасці, раскладзенасці, раз'емнасці па такія часткі, якіх ужо не скласці, з якіх ужо наўрад ці атрымаецца што цэлае, таму што яны толькі процістаяць адно другому, і, аднойчы падрабыіўшыся, такімі ўжо і застануцца, несумяшчальнымі. Несумяшчальнымі... Ці можа быць так? ІДі можа быць так, што нічога, акрамя адзіноты, няма ў яго наперадзе?
Мацвей спытаў сябе аб гэтым, задумаўся і адчуў, што нарэшце і ён наблізіўся да нейкага рашэння, яшчэ не прыняў яго, але ўжо стаіць па парозе, на парозе «так» і «не так». I, захоплены зноў, цяпер ужо гэтымі «так» і «не так», но паддаючыся больш ні сустрэчным, ні спадарожным плыням пасажыраў, ён памкнуўся ў вакзал, да білетных кас. Да кас, хаця і не было пэўнасці, што менавіта яны патрэбныя яму, нават наадварот, недзе адчуваючы, што і атрымаўшы з ягоных рук той білет, кардонку, на якой выразна пазначаны вагон, месца, час адпраўлення поезда, ён зробіць па-свойму, мо й выкіне яго. Але гэтая кардонка была вельмі неабходная яму на тую хвіліну, гэта было ўжо нешта акрэсленае, вызначанае, амаль выратавальны круг, за які можна ўчапіцца і які можна адпіхнуць.
Ён прабіўся да касы. Ён узяў білет. Аж забыўся спытаць, калі ж адыходзіць яго поезд. Аб гэтым можна было даведацца і на білеце, які ён трымаў у спатнелай руцэ, акрамя таго, насупраць на сцяне вісеў расклад. Але ён не зірнуў ні на білет, ні на расклад. Яму патрэбен быў голас, звернуты да яго, жывы, жаночы, які б словамі адказаў яму, назваў бы яму час, і хай бы ў голасе тым была якая-небудзь загана, шапялявінка. Ён кінуўся да вакзальнае даведкі, палез без чаргі, народу стаяла процьма, і нейкія бабкі-бабулькі амаль што на кулачках паперлі яго прэч ад акенца. Але й пасля гэтага ён не пайшоў у хвост чаргі, ён ніколі не мог стаяць у чарзе, а сёння тым болей. Побач з «жывой» даведкай ён убачыў яшчэ адну, і вольную, без чаргі. У сцяне быў замацаваны чорны мікрафон ці прыёмнік, а над ім чатыры словы: націсніце кнопку і чакайце адказу. Усё было да роспачы проста, прасцей нават, чымсьці галавой аб асфальт,— толькі націснуць кнопку. I ён падышоў і націснуў. I здрыгануўся. З чорнай пашчы, з чэрава чорнага на яго абрынулася ні жаночае, ні мужчынскае, утробнае, цьмянае: «Чакайце, вам адкажуць». I так бясконца, невыразна, цьмяна: «Чакайце, вам адкажуць...»
ПАЧАТАК
1.
Васька Барздыка, па мянушцы Брытан, яго сабака Дружок, Надзька Махахей і Ненене шукалі гусей, каб сярод лета гнаць іх дамоў, заганяць у хлеў. I птушкам, і людзям такое было дзіўна. У Княжборы раней такое і ў галаву нікому б не цюкнула. Раней княжборцы выпускалі вясной сваіх гусак і качак, як толькі сыходзіў снег, раставаў лёд, перлі дубцамі ад хлева, заганялі ў ваду і думаць аб іх забываліся да замаразкаў, да той пары, калі не абуджаліся ў птушцы сум і жаданне пайсці за клінам сваіх сабратоў, адарвацца ад княжборскай зямлі і ляцець-ляцець у прывабныя цёплыя краіны, у сваю зямлю запаветную, абяцаную. Вось тады толькі згадвалі аб сваёй жыўнасці гаспадыні. Але ў гэтым годзе ўсё перайначылася. Барздычыха замкнула пад замок у хлеў сваіх качак і гусей, як толькі з'явіліся ў сяло меліяратары. Махахеіха і Ненене хапіліся куды пазней. Хапілася спачатку адна Ненене, пабегала берагам рэчкі, пагаласіла.
— Гулі-гулі, вуці-вуці, га-га,— і колькі ні крычала, пі галасіла, не пачула ў адказ ні га-га, ні кра-кра-кра. Прыбегла да Махахеіхі.
— Баба Ганна, гусак не чутно.
— Куды яны дзенуцца, твае гускі.