Разгублены, я стаў па чарзе падносіць ім кубак. Дануся ўсё чакала.
Суткус над ёй зжаліўся:
Зараз. Толькі нап'ёмся!
Пойдзем пагутарым! — падтрымаў Яцкевіч, выціраючыся.
Шыманскі піў проста з вядра.
Нарэшце ён адарваўся ад вады, перавёў, нібы паравоз, дых, прыляпіў сабе на макаўку аксамітную кепку і аб'явіў:
Цяпер можам і пайсці!
Я занёс вядро і кінуўся даганяць сяброў. Вольга накіравалася ў горад.
Куды ты? — спытаўся я.
Галантнічаць перад класавым ворагам не стану! — кінула яна мне раззлаваная.— Хопіць, вечар цэлы правазілася з той паненкай!..
2
Дануся падводзіла нас па чарзе да мачахі пад квяцістым пара-сонам і знаёміла. Не кранаючыся з месца, дама кожнаму падала руку, затым зноў паглыбілася ў кніжку. Настаў чарод вітацца з князем.
Але і хлопы! — кінуў ён.
I ўсё беларусы! — з гордасцю пахвалілася Дануся.
О, выдатна! — ускрыкнуў Браніслаў.— У нас з беларусамі ніколі не было канфліктаў!
Так? — разгубіўся я.
Пан упэўнены? — кінуў Шыманскі з двухметровай вышыні.
Сядайце, панове!— замітусілася Дануся, адчуўшы няладнае.— Сюды можна і сюды...
Паненка вельмі клапатлівая.— Шыманскі апусціўся на лаву, ляпнуў далонню па афарбаваных у зялёны колер планках.— I на самай справе, сядайце, калегі!
Ты не злуеш? — шапнула мне Дануся.—Янку, глядзі, у мяне тут левыя і правыя — нібы ў салоне Марылі Верашчакі ў Туганавічах: філарэты і філаматы...
Аднак не ўсе былі такія стрыманыя, як украінец. Князь закрануў нас за жывое. Хацелася спрачацца, біцца, а чалавек дужэйшы, калі стаіць на нагах.
Тым часам Браніслаў працягваў:
Я ўпэўнены — у нас тры закаранелыя ворагі: украінец, яўрэй і літовец. З беларусамі ў нас мір.
Чатыры пары нашых вачэй спаткаліся. Першым пайшоў у паступленне Шыманскі:
—А чым, напрыклад, украінцы праштрафіліся?
Але,— падхапіў Яцкевіч.— Чым ты, хахол, дапёк ім гэтак, што яны цябе лічаць ворагам нумар адзін?
То пан украінец? — жахнулася Дануся.
Самы сапраўдны.— Шыманскі зухавата расклаў на спінку лавы мясістыя рукі.
Любецкі не ведаў, што казаць.
У генеральшы выпала кніжка. Дама павярнулася і кінула зводдаль: