Ты не ведаеш, кожнаму шпіку даюць рэвальвер? — спытаўся я ў сябра, калі мы апынуліся на гары Гедыміна. Пытанне не вылазіла з галавы.
Кожнаму.
Дык чаму Станеўскі купіў сам наган?
Ён толькі практыкант у іх.— Яцкевіч добра разбіраўся ў гэтых справах і віленскіх сышчыкаў пазнаваў нават на вуліцы.
Генрых не можа дачакацца і купіў зброю за свае грошы. Ведаў жа я, каму прадаць! Устаў бы з магілы Сцяпан, што б ён мне сказаў?!.
10
Па дарозе дадому я хваляваўся за Данусю: была ўжо трэцяя гадзіна ночы. Паненка і не ведала, што ўратавала нас: патруль затрымаўся толькі з-за яе.
Я знайшоў Данусю ў альтанцы садка. Дадому яе правяла студэнтка.
Янэчку, мілы, ты жывы?.. Я за цябе так баялася! — кінулася дзяўчына мне на грудзі,— Вярнулася і прачакала тут да світання! Чамусьці здалося, што цябе больш ніколі не пабачу! Зрабілася страшна-страшна... Я ўжо і малілася: «Езу, коханы, вярні мне яго хоць бы жывым!..»
Удзячны і ўзрадаваны, я прыпаў да яе вуснаў.
Калісьці Дануся пацалавала мяне праз сетку: нясмела і лёгка, нібы ластаўка на ляту кранула грудзьмі паверхню вады. Цяпер яе падатлівыя вусны затуманілі маю галаву. Цалуючы дзяўчыну, я адчуваў, як яна ўся горнецца да мяне, а па шчоках яе цякуць слёзы. Няўжо я змагу яшчэ калі яе пакрыўдзіць?
Ты так за мяне хвалявалася?
— Ах... Ах...— давілася яна шчаслівым плачам і раз-пораз уздыхала.
Я адразу ж і паляцеў сюды, як толькі вырваўся!
Колькі з-за цябе перацярпела, перадрыжала! — скардзілася яна ціха ў мяне на грудзях.
А я цэлы і здаровы, бачыш? Станеўскі якраз бы налез на мяне, каб не вы з Вольгай, і сядзець бы мне цяпер у халоднай!
А ты яшчэ і браць мяне не хацеў!
Быў грэх, каюся!.. Ну і хітры Яцкевіч!.. Падчапіў гэтую жанчыну!..
Паліцыянт убачыў вас з ёю і кажа сябрам: «Мы, здаецца, памыліліся!..» I адразу перасталі вамі цікавіцца!.. Прызнайся, аднак, гэтая жанчына табе не была знаёмая?..
Адкуль?!.
А чаму ў цябе вочы сарамлівыя?!. Ты такі адважны, я цябе за гэта так кахаю...
Узышло сонца.
У Данусі твар быў бледны. Выпадак з лістоўкамі забраў у яе многа сілы. Напружанне цяпер у паненкі змянілася вяласцю і бяссіллем.
Ну, на сёння хопіць. Ідзі адпачывай! — зжаліўся я.— Пайду на работу!
Але ж я спаць не хачу! Праўда, праўда, не хачу! Вазьмі мяне з сабой разносіць малако! Раніцай мяне ніхто не пазнае, нашыя спяць, а з цёткай Антосяй я дагаваруся...
Яшчэ што: дачка генерала разносіць малако. Усе газеты напішуць пра гэта!
Вазьмі-і!
Пабачым!.. Ах як я прашляпіў Станеўскага!.. I не падумаў — адкуль у яго капелюшы, касцюмы... Я лічыў, Генрых — няшкодны, падхалім...
Ён цябе не выдасць. Беларус таксама!
З тых, што прыйшлі б сёння туркі, ён ужо служыў бы ім!