Дык бярэш мяне з сабой!
Выдумала! Слухай, што табе гавораць старэйшыя! Праваліш з-за мяне экзамены!
Не правалю, любы! — Твар і вочы яе запрамянелі ласкай.— Адно скажы, што мяне кахаеш!.. О-ей, які ты ў мяне цудоўны!.. Спачатку ты мяне проста зацікавіў. Цяпер — жыць без цябе не змагла б!.. Кажы!
Ну!
Не «ну», а «ка-хаю»!
Я саромеўся гэтага слова, яно аніяк не праходзіла скрозь горла.
Сама сказала за мяне.
Ай! Хачу пачуць ад цябе! Кажы, хутчэй, чакаю!
Ну, на табе. Кахаю...
О! «Ка-хаю»! —перадражніла паненка.— Не так, а з пачуццём!
Ведаю цябе, гэтаму і канца не будзе! Марш спаць!
Ш-ш-ш! — закрыла яна мне вусны.
На панадворку з'явілася Антося з талеркай аб'едкаў. Служанка наблізілася да сеткі, за якой лазілі куры маёй прачкі, і паклікала:
Ціп-ціп-ціп!..
З усіх канцоў панадворка кінуліся куры.
Бяжыце прэндзэй, куркі, прэндзэй!.. Згаладаліся? Наце, даражэнькія, паснедайце!..— Антося пачала крышыць булку і кідаць праз сетку.
Куры дружна застукалі па вытаптаным і вільготным ад расы панадворку.
Во, во, курачкі, будзіце зямельку, будзіце,— прыгаварвала над імі цётка.— Тук-тук-тук, зямелька, уставай прэндзэй, хопіць табе спаць! Тук-тук-тук!..
Жанчына паводзіла сябе так, бытта, акрамя гэтых курэй і яе, на вуліцы нікога не было. Мы пераглянуліся і шчасліва ўсміхнуліся.
Калі Антося пайшла дадому, паненка папрасіла:
— А цяпер вазьмі мяне на рукі і пакалышы!
Я выканаў яе просьбу. Дануся ціха ўздыхнула:
Як мне добра!.. Кажы за мной: сонца, не свяці ў пакой маёй прыгажуні, каб шум тваіх промняў не разбудзіў яе!.. Ну, кажы!.. Кошка, не хадзі па падлозе, каб твае крокі не абудзілі яе! Кажы!.. Кветка, пачакай, не распускай свой бутон, абудзіш маю каханую!.. Паўтарай!..
11
Раней, бывала, ад ранішняй сырасці асіпну, як п'яніца, у галаве — гудзе ад недасыпання, увесь свет ненавісны. Ідуць па мармуровых сходках булачніцы, разносчыкі газет, і ў іх такі самы настрой, ім таксама хочацца спаць. Адзін аднаго мы бачым нібы праз сон або павуцінне, размінаемся, як прывіды, сапучы насамі. Няма настрою нават гаварыць да сяброў, а спытае што ў цябе ў гэты момант нехта, і ты гыркнеш штосьці злое, невыразнае.
А сёння, ідучы з Данусінага садка разносіць малако, упершыню адчуў я прыгажосць ранку. Дыхалася лёгка, думкі былі жывя, а сам я — бадзёры. Эх, з якім задавальненнем на вуліцы Міцкевіча падміргваў я служанкам і шматзначна гаварыў:
— Штосьці ў вашым доме сёння ва ўсе кватэры — пісьмы аднолькавага зместу?!
На жаль, служанкі — забітыя і непісьменныя вясковыя дзеўкі,— акрамя танцаў і салдат, нічога не ведалі. У адказ яны адно дурнавата ўсміхаліся.
Толькі адна, да якой я быў нераўнадушны, мяне зразумела. Калі я падышоў, дзяўчына стаяла ў калідоры на табурэтцы і здымала з цвікоў мае паперкі.
Сёння свята такое! — адказала яна мне ў тон.