– Цудоўна, Максім Валяр’янавіч!
– Не можа быць!
– Уявіце сабе!
– А Напалеон?
– Толькі крыху падурыў мне галаву сваімі пражэктамі ды адстаў. Далей было спакойна, як ніколі. Я нават і падрамаць умудрылася.
– Злаўлю, Марыя, і быць табе без прэміі!
– Так вам і папалася!
– Пабачым, пабачым!
– Слабо? Злавіце раней!
Было відаць, паміж персаналам галоўны ўрач стварыў людскую атмасферу даверу і шчырасці.
Адзначыў я педагагічную здольнасць лекара, між іншым, бо ад спаткання, якое чакалася, мяне пачалі разбіраць ужо дрыжыкі. І не дзіўна: я ўбачу зараз чалавека, які столькі зрабіў людзям гора і цяпер перажывае!
Выдалі халат, і мы з галоўным пакрочылі ў палату.
У пакойчыку – тыповым для ўсіх бальніц – сядзеў на ложку замухрышкаваты лысы чалавек. Твар зморшчаны, вочы напалоханыя, а сам рухавы, як малпа.
Хворы адразу да ўрача:
– Добры дзень, таварыш доктар!
– Дзень добры!
– Нізкае вам ушанаванне!
– Кланяюся і я і вітаю.
– Дзякуй, доктар!
– Ну, як правялі ноч, Мікалай Іванавіч?
– Кашмар, доктар! I галава...
– А што такое?
Але хворы на пытанне далей не адказваў. Толькі пакасіўся на мяне ды як бы ўспомніў:
– Доктар, а сястрычка ноччу спала!
– Хто, Марыся?
– Яна!
– Не можа такога быць!
– Спала! Застукаў я яе!
Мы з доктарам пераглянуліся.
– Мікалай Іванавіч, штосьці вы блытаеце! Каб наша Марыся, якой я нядаўна прэмію выпісаў, выдатніца медыцынскай службы, чый партрэт вісіць на Дошцы гонару, – спала? Не паверу! Быць такога не магло – вам здалося!