– Сам бачыў, слова гонару! Некалькі разоў падыходзіў нават правяраць. Схавалася ў куток за вазоны, звалакла туды крэслы і сабе дрыхла.
– Не можа быць!
– Та-ак!
– Зрэшты, ноччу спаць усім хочацца, асабліва маладыя гэта любяць.
– Спала яна, на ўласныя вочы бачыў, законна кажу!
– Гм! Ну, я ж ёй!..
– Коўдрай нават накрылася! Бальнічнай, прапаленай у адным месцы жалязкам!
– Гм!.. Гм!.. Мо яшчэ ў яе хто і пад коўдрай быў, вы не паглядзелі?
– Праверыў дакладна. Адна спала, законна кажу.
– Памыліцца не маглі?
– Ні ў якім выпадку!
– Гм, а ты, выяўляецца, яшчэ і «сексот»?
Шылаў, не задумваючыся:
– Так точна! Падпісаў абавязацельства сакрэтнага супрацоўніка яшчэ ў 1937 годзе!
– Яно і відаць.
– Я вас не разумею.
– Затое я цябе – добра!
– Зноў вас не разумею.
– Слухай, Шылаў, а табе якая бяда?
У вачах чалавека перапалох ад таго, што нечым начальству не дагадзіў:
– Мне-е?!
– Табе, табе!
– Я – нічога... Я сам разумею, што ноччу спаць усім хочацца...
Але падумаў: вам карысна пра гэта будзе даведацца...
– Чаму?
– Бо дысцыпліна ў бальніцы патрэбна! Як кожны пачне спаць, калі ўздумаецца...
– Наконт дысцыпліны – маеш рацыю. Але пачуць пра гэта ад цябе мне зараз непрыемна.
– Я вас не зразумеў.
– Паўтараю – непрыемна!
– Чаму?