– Бо яна толькі што сказала мне сама. Сама прызналася, разумееш цяпер? Павінную галаву не сякуць!
– Прызна-алася?
– Вось і таварыш старонні нават чуў.
Зноў спіна ў яго забегала, як у малпы:
– А што я такое сказаў?.. Я, доктар, нічога такога і не кажу... Я толькі, доктар, думаў...
– Кепска вы думалі, Шылаў.
– Я стараўся...
– Не патрэбна мне такое старанне! А каб больш не сунулі нос не ў свае справы, з бальніцы заўтра вас выпісваю!
Чалавека бытта раптам укалолі:
– Як гэта – «выпісваю»?!
– Звычайна.
– Не маеце права! Я паскарджуся на вас, грамадзянін доктар. Я правы савецкага хворага ведаю выдатна.
– Давайце, грамадзянін Шылаў, скардзіцеся. Хоць зараз бяжыце. Вы – зможаце гэта зрабіць. Але ў мяне – усё! Так што на заўтра рыхтуйцеся.
Успомнілася, як доктар учора вечарам казаў: «варты Чэхава, Дастаеўскага». Няпраўда. І пры Сталіне катамі, мабыць, былі толькі нікчэмныя душы і ўбогія інтэлекты.
Цяпер зразумела, чаму Быкаў не пайшоў з намі. Гутарыць з такой гнідай ды адначасова сабе ўяўляць, якіх самародкаў вось гэтыя паганыя рукі адправілі на той свет, – толькі сэрца трывожыць.
Адным словам, з тыпам мне расхацелася ўжо не толькі гутарыць – на яго больш глядзець не мог.
І яшчэ.
На дзіва, сустрэча дала мне такі стрэс, што нават беды мае як бы паменшалі. Ужо хацелася бегчы на вакзал па білет, бо дома мяне чакалі пільныя справы.
Першая спроба абароны
Пасля выключэння мяне з партыі ў гаркаме я падаў апеляцыю ў абкам. З Масквы вярнуўся ў ваяўнічым настроі ды пачаў чакаць вынікаў заявы.
Прайшоў адпаведны тэрмін, і для разбору справы мяне выклікалі зноў на парткамісію абкама, дзе я яшчэ раз пераканаўся, што гэта ўстанова (парткамісія) – марыянетка сакратароў і нічога абсалютна самастойна не вырашае.
Тады паклікалі мяне на бюро абкама.
Перад тым як туды пайсці, каб чаго лішняга не нагаварыў, не зрабіў сабе горш, устрывожаная жонка амаль сілком сунула мне ў рот тры нейкія жоўценькія пілюлькі ды ўзяла абяцанне: праглыну пару штук яшчэ і перад тым, як браць слова. Да гэтага дня штосьці не заўважаў, каб хоць якія лекі мелі на мяне ўплыў, але сваёй кабеце падпарадкаваўся. Тым больш, што трывога яе была зразумелай. Сям’я вялікая. Колькі часу хаджу без працы якімсьці ізгоем. Нідзе мяне не друкуюць, друкаваць і не збіраюцца, як і не запрашаюць выступаць, праз гэта ад Бюро прапаганды мастацкай літаратуры перасталі ісці пераводы – абарвалася апошняя крыніца даходаў. Грошай цяпер не атрымліваю ніадкуль – усё трымаецца ў сям’і на жонцы. Добра, што ёй дырэктар трапіла людскі. Каб жонка мела лішнюю капейку, дырэктар Смольская ўсе прыдзіркі вышэйшых чыноўнікаў ад яе адмятала і выдзеліла жонцы аж дзве з паловай стаўкі – 39 гадзін на тыдзень. Настаўнікі ведаюць, што гэта за нагрузка.
Бюро вёў Мікуловіч. На станоўчы вынік у гэтай інстанцыі надзеі было мала, але ў запасе я меў яшчэ Бюро ЦК КПБ. На пасяджэнні Мікуловічу, Малочку ды Ульяновічу я збіраўся выказаць усё, што пра іх думаю. Даў сабе слова: я ж ім урэжу, яны мяне запомняць! Напэўна, прысутнічаць будуць многія карэспандэнты і так, старонняя публіка. Усе яны пабачаць, чаго я варты, і на гэтым скончацца ўсе мае мітрэнгі! Ды пілюлі, заразы, як на тое, менавіта на гэты раз зрабілі сваю чорную справу.
Калі старшыня парткамісіі Хамянюк размалёўваў усе мае злачынствы, у якія наўрад ці сам верыў, я слухаў яго надзіва абыякава, бытта гаварылі зусім-зусім пра іншага чалавека і мяне гэта не датычыла.
І вось далі мне слова. Узняўся я з крэсла ды раптам адчуў, што нібы знаходжуся ў якімсьці тумане. Мяне абсалютна нічога не цікавіць. Было ўсё роўна, што пра мяне гавораць і хто што пра мяне думае. Не хацелася ні абараняцца, ні наступаць, ні рэзаць «праўду матку», воля мая цалкам растварылася некуды без следу, а я страціў адчуванне, дзе знаходжуся.
Пастаяў я, пастаяў перад народам, выстаўлены, бы на расстрэл, у тым самым круглым зале абкама партыі, дзе дзвесце гадоў таму кароль з вяльможамі праводзіў пасяджэнні, ды сеў, не зусім нават упэўнены, што ўсё адбываецца не ў сне.
Прачнуўся я ад таго дурману назаўтра, ды было позна. А тут і на Васіля звалілася бяда ды выбіла з-пад мяне апошнюю апору.
Ужо выслалі за граніцу Салжаніцына. У газетах ішлі калектыўныя пісьмы ў падтрымку «своечасовага і правільнага» рашэння. Пад адным з іх быў і подпіс Быкава, што выклікала ў пэўных колах сенсацыю.
Васіль таго подлага пісьма не бачыў і ў вочы – сведчу перад судом вечнасці. Яго сфабрыкавалі якраз, калі Быкаў на доўгі час выехаў на Магілёўшчыну ў камандзіроўку з Генадзем Бураўкіным ды іншымі. Але ж цяпер мільёнам сваіх чытачоў Васіль гэта растлумачыць не мог, як і сказаць пра тое, што яго пратэст не надрукуе ў СССР ні адзін орган.