Акурат ў той момант, калі вырашалася мая справа ў Гародні, з Краснаярска ў КДБ прыйшло пісьмо. У ім дзядзька Марцін абліваў мяне граззю і патрабаваў сабе рэабілітацыі на той падставе, што ён некалі быў таксама членам КПЗБ. З яго пункту гледжання, крок такі лагічны: тое, што быў пры немцах старастам, даўно ўжо не каралася, заставаліся толькі мае абвінавачанні і яшчэ двух страшаўцаў, якіх у КДБ не бралі пад увагу. Я ж праз 25 гадоў на тыя падзеі глядзеў цяпер зусім інакш.
Мацёрым шкоднікам тае справы, за якую змагаўся, назваць Грушэўскага цяпер не мог аніяк. Ну, выпіваў з легіянерамі, паліцыянтамі – пасля ўз’яднання ў 1939 годзе ды ў часы застою пілі яшчэ і не так. Аднойчы здурэў, паквапіўся на добры заробак, паехаў з пасынкам у лес штрэйкбрэхерам. Баляваў і з немцамі, як і многія іншыя. Але ж фактаў, каб гаварыць пра яго як злачынца і прадажніка, я не меў. За гэты час дасканала даведаўся: у турму, затым у канцлагер да немцаў пасадзіў мяне за сувязь з партызанамі не Марцін, пра што я паспеў ужо надрукаваць не ў адным сваім творы.
Да такой я прыходзіў высновы на допыце ў Фаміна. Але ж скажы гэтак следчаму, і справу сваю з-за Марціна ўскладню яшчэ больш. Фамін прамаўчыць, што дзядзька быў штрэйкбрэхерам, што яго падпольшчыкі, у тым ліку і я, за гэта білі, што потым за немцамі стаў старастам (солтысам), што на гэтым грунце паміж намі ўзнік антаганізм, і з майго боку небеспадстаўны. І атрымаецца: ён сумленны чалавек, няшчасная ахвяра Карпюка-кар’ерыста, які цяпер валіць на сталіністаў, а сам унь як паддаваў людзей!
Што мне рабіць? Ці не пацвердзіць лепш сваё ранейшае сведчанне, каб ліквідаваць яшчэ адну небяспеку для сябе – для гэтага трэба так мала!
А пацвердзіць – узяць на душу грэх.
Адным словам, дзеля часовай выгоды я не мог зрабіць адной і той жа памылкі двойчы. Што ўжо будзе. Выдатна ведаючы, што гэтага мне ніколі не даруюць10, свае паказанні летняй ноччу 1944 года для СМЕРШа я ўзяў назад, чым вельмі ўзрадаваў свайго ворага-следчага. Ад здавальнення ён, не тоячыся перада мной, аж рукі пацёр.
У яго яшчэ быў галоўны козыр – штутгофская грашовая ведамасць.
Тым часам завесці крымінальную справу з-за тае ведамасці следчаму, як ён ні стараўся, не ўдалося. Задума ў яго не атрымалася! З-за міжнароднай салідарнасці літаратараў. Даведаўся пра ўсе мае мітрэнгі даўні друг з ПНР, былы савецкі разведчык і аўтар шматлікіх кніжак Аляксандр Амільяновіч. Ён тэрмінова з’ездзіў у той самы Штутгоф на сваёй машыне (з Беластока гэта – 500 кіламетраў). У лагерным музеі раздабыў тлумачэнне, што ў лагер можна было грошы прысылаць па пошце. Праз іншых польскіх пісьменнікаў, захоўваючы ўсе прыёмы канспірацыі, паперку зараз жа пераправіў мне праз граніцу, і Фамін застаўся з носам: галоўны козыр з яго рук выбілі.
Нічога ў іх не атрымалася і з арыштаванымі студэнтамі, якія на партрэце Леніна намалявалі сімвалы «Пражскай вясны». Ні Раманаў, ні Каленчанка, ні іншыя хлопцы сувязі са мной не пацвердзілі. Першы з іх атрымаў 4 гады, другі – 3, на гэтым справу іхнюю закрылі.
Такім чынам, на мяне крымінальная справа адпала.
Але з партыі мяне з трэскам выперлі. Пры разборы асабовай справы члены бюро дазволілі сабе паздзекавацца з ахвяры. З усяго перажытага, я лічу, найбольш ад мяне патрабавалі сілы, адвагі, рашучасці, умення ўцёкі з канцлагера Штутгоф (я ж там пакінуў роднага брата, каб фашысты за мяне яму помсцілі!). I ўвогуле, як свет светам, тыя, каму пашэнціла ўцячы з палону, каб зноў удзельнічаць у барацьбе з ворагам, былі заўсёды ў пашане. Такім давалі тытулы шляхціца, графа. Такім выдзялялі зямельныя ўчасткі, выдавалі ім ордэны. На мяне ж прысутныя на бюро дружна наваліліся:
– Як гэта ўцёк адтуль? З лагера нікому ўцячы не ўдалося, а толькі аднаму Карпюку? Хіба такое бывае? Тут штосьці не тое!
– Ясна…
– Немцы выпусцілі з заданнем!
Калі дакладчык ўпамянуў мой ордэн Чырвонага Сцяга Айчыннай вайны ды самую высокую ўзнагароду ПНР – залаты крыж Vігtuti Міlіtагі, заявілі:
–Во, во! Яшчэ і такія ўзнагароды! Хто яму паверыць?!
–Купіў сабе на чорным рынку!
–Пасля вайны гэта зрабіць было проста!
Той самы «Генка», а цяпер ужо мэр горада і вядомы ўсім хабарнік, лавелас ды п’янчуга, разглядаючы мае дакументы на інваліднасць (ім я быў з 1945 года, а старое пасведчанне інваліда прывалок на бюро ў наіўнай веры, што мне дапаможа), франтавыя даведкі аб лёгкім і цяжкім раненні, гідліва кінуў:
– Сфабрыкаваныя!
Фраза гэтая мне здалася найбольш абуральнай. Ох, як хацелася ўляпіць па маладой фізіяноміі хударлявага, са старанна залізанымі назад валасамі і напамаджанага франта ў фінскім гарнітуры – цёмным з белай палосачкай.
У Маскве
Аднойчы выклікаў мяне Быкаў і шапнуў:
– Аляксей, у «Новом мире» чакаюць, каб ты забраў свае рукапісы! Пошце не давяраюць!
–А мне яны навошта?
–Забяры, яшчэ могуць калі-небудзь прыдацца!
Васіль прапанаваў дабірацца туды разам, бо меў таксама справу, і папрасіў дапамагчы яму з начлегам. Я два гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, ведаў у Маскве ўсе хады і выхады.
Вось мы і ў сталіцы. У інтэрнаце на Дабралюбава без клопатаў атрымалі на двух пакойчык. Патэлефанавалі адразу Барысу Мажаеву, які калісьці вучыўся на курсах сцэнарыстаў ды жыў са мной у гэтым будынку таксама, а прыязджаючы ў Гародню з-за свайго нарыса аб вытворчых брыгадах у калгасах Сібіры, надрукаваным у «Октябре», пазнаёміўся і з Быкавым.
Мажаева я даўно не бачыў. Барыс з’явіўся ўжо з раскошнай рыжай барадой ды аж свяціўся бадзёрасцю і аптымізмам. На маю бяду, прывалок каньяк. Югаслаўскі п’янлівы прадукт са стракатымі наклейкамі быў у такім адмысловым і элегантным упакаванні, што аж дзіва брала, – кніжкі б так выдавалі! Сябры адразу ажывіліся. Адкаркавалі бутэльку ды сабраліся правесці цікава рэшту часу, а мне, абсалютна непітушчаму, стала з імі сумна.
Я крыху яшчэ пасядзеў. Калі ж абодва пачалі паўтарацца ды казаць тое, што дыктавала ім віно, павалокся ў калідор. Там адразу наляцеў на Валодзю Сапожнікава – былога курсанта. Адно ў эпоху галоснасці з «Литературки» я даведаўся, што за кулацтва ён перажыў усе стадыі ізгоя і сям’я яго адведала поўны набор сталінскіх жахаў, якія нам, выхадцам з Заходняй Беларусі, і не сніліся. Але ў канцы шасцідзесятых пра гэта яшчэ я не ведаў, бо нашыя курсанты біяграфіі свае тады старанна ўтойвалі.