У педінстытуце арыштавалі студэнтаў – Раманава Аляксандра, Каленчанку Сяргея і іншых. Іх падлавілі, калі хлопцы на партрэце Леніна намалявалі сімвал «Пражскай вясны», і на допытах пастараліся, каб студэнты прызналіся, што ўсё рабілі пад уплывам выступленняў Карпюка і Быкава.
Цяпер кожны раз на вуліцы я пачаў заўважаць за сабой хвост. Заўсёды паспяваў адзначыць, што высочвалі нашы органы куды прымітыўней, чым рабілі гэта шпікі польскай дэфензівы, а ў часы нямецкай акупацыі – «гегаймсполіцай» (тайная паліцыя). Карцела спаткацца з начальнікам КДБ ды яму сказаць:
– Не так гэта робяць! Больш тонка трэба!.. Эх, за што вам грошы ладныя плоцяць?!.
Крадучыся, спаткалі мяне Валянцін Чэкін, затым Алег Малашанка і расказалі, як іх, гэтых пачаткоўцаў, работнікі КДБ завалаклі на патаемную кватэру горада і дамагаліся, каб абодва мужчыны дакладвалі пра кожны мой і Быкава крок. А Малашанку абавязалі яшчэ падпісаць заяву, што ў творчасці ён таму такі рэзкі, бо начытаўся майго выступлення на V з’ездзе пісьменнікаў БССР...
Адным словам, зажылі мы, бы тыя ізгоі. Часамі, як змоўшчыкі, спатыкаліся дзе-небудзь далей ад людзей ды меркавалі, што ж нам цяпер рабіць.
Нарэшце, ноччу выклікалі мяне на допыт у КДБ…
Следчы Фамін пацікавіўся, якая з маіх кніжак найбольш біяграфічная. І колькі сапраўды было ў бацькі кароў – 2 ці 3, зямлі 18 га ці 32.
Што ў маіх мастацкіх творах насіла характар аўтабіяграфічны, што не, я адразу не так лёгка мог адказаць – на маім месцы заблытаўся б, мабыць, і Шолахаў.
Не лепш было і з другім пытаннем.
У бацькі быў хутар. Сельская гаспадарка – жывы арганізм. Яна ніколі не стаіць на адным узроўні. Усё залежала ад наяўнасці корму, мажлівасці сям’і і кан’юнктуры на рынку. Таму, напрыклад, кароў бацька то прадаваў, то заводзіў больш, чым коней. А пры савецкай уладзе колькасць іх мела прынцыповае значэнне. Па гэтай прычыне, пішучы сваю аўтабіяграфію, я выбіраў наяўнасць кароў з такой лічбай, якая мне не зашкодзіла б, зусім нікога не ашукваючы, калі падыходзіць да справы па закону. Зрэшты, Божа мой, з пункту гледжання глабальнага гуманізму, якая розніца – 2 рагулі ў сям’іціна адну больш? Але ж толькіцяпер я з жахам уяві . сабе, як з такой драбязы, здабытай вось такім функцыянерам, розныя чыноўнікі раздуюць вялікую палітыку, каб мяне дабіць дарэшты.
Я козыр даў ім у рукі сам – трапіў, нічога не скажаш.
Зноў успомніліся часы падполля пры Польшчы ды нямецкай акупацыі. Следчы абудзіў якіясьці старыя душэўныя раны. Страх некуды без следу падзеўся, я нават адчуў асалоду вадзіць яго за нос.
Аднак хітрыкі мае, падобныя таму, што, маўляў, зямлі і праўда было толькі 18 гектараў з гакам, астатняе – балота, неўраджайнае тарфяніска, не дапамаглі. Пра тое, што прыдумаў апраўданне не я, што яшчэ ў 1947 годзе, прымаючы мяне ў партыю, падвучыў мяне ўпісаць зямлю без балота былы партызанскі камандзір і сакратар гаркама партыі Лазебны, я ўжо функцыянеру апавядаць не стаў.
Не абышлося і без подлых прыёмчыкаў.
У 1943 годзе, вясной, за сувязь з партызанамі я з братам трапіў у лагер смерці Штутгоф «бай Данцыг». Як іва ўсіх канцлагерах на тэрыторыі карэннай Германіі, так і ў Штутгофе кожнаму арыштанту можна было атрымліваць з дому пасылкі з харчамі і нават грошы. Маркі на рукі не выдавалі, запісвалі іх на асабовы рахунак арыштанта, а харчы мне і брату здорава дапамаглі: менавіта дзякуючы ім я і брат уцяклі.
Падпалкоўнік Фамін з КДБ заехаў у Штутгоф ды прывёз адтуль фотакопію ведамасці, згодна з якой у канцылярыі я атрымліваў тры разы па дваццаць марак.
– Карпюк у лагеры на службе быў! – зрабіў з гэтага заключэнне ды пачаў супроць мяне заводзіць крымінальную справу.
Як вядома, няўдачы на людзей валяцца цэлымі касякамі.
Менавіта ў той час – не раней і не пазней! – прыйшло пісьмо ў КДБ ад Марціна Грушэўскага.
Калісьці яго хутар быў побач з нашым. Бацька з Марцінам разам нават служылі ў царскім войску, але мой стары ім заўсёды абураўся за тое, што сусед любіў лёгкае жыццё. Палеткі яго былі зарослыя пырнікам, камяні з іх гаспадар збіраць і не думаў, на балоце ленаваўся касіць атаву. Яшчэ бацька яго крытыкаваў, бо Марцін быў з нямногіх страшаўцаў, якіх цягнула да выпіўкі. Сабутэльнікамі яго былі легіянер-ляснік, паліцыянты – тыя, у каго вадзіліся грошы. Тым не менш, бацька ўгаварыў суседа ўступіць у кампартыю, і той два гады з’яўляўся яе членам, пакуль сяброў не прадаў.
У 1933 годзе кампартыя ў нас арганізавала забастоўку лесарубаў і возчыкаў лесу. Бацьку і яшчэ аднаго страшаўца, Васіля Лебядзінскага, за арганізацыю забастоўкі пасадзілі на тры месяцы ў ваўкавыскую турму, але мужыкі былі цвёрдымі – вазіць з лесу сосны так і не ехалі.
Нарэшце, з усіх сялян, хто спакусіўся на панскія грошы (штрэйкбрэхеру плацілі ў дзесяць разоў болей!), стаў Марцін Грушэўскі. У той час, калі яго сусед сядзеў за гэта ў турме, дзядзька з пасынкам паехалі ў лес, кінуўшы гэтым выклік – вёсцы, падпольшчыкам, суседу.
Паўтараю, нормы маралі на вёсцы сталыя. Грушэўскі аўтаматычна перастаў быць членам падпольнай кампартыі.
Людзі пачалі яго ганьбаваць і надта баяцца. А я праз год, стаўшы членам падпольнага камсамола, ноччу з сябрамі падвартаваў яго ля вясковых могілак і некалькі разоў пабіў.
Адным словам, Марцін некалі ў нас атрымаў сталую клічку «штрэйкбрэхер», і я ўзненавідзеў яго з юнацкім максімалізмам. Яшчэ больш Марцін стаў непрыемны, калі з прыходам уз’яднання ў 1939-м стаў сваім чалавекам у энкэвэдоўцаў і дапамог з бацькі рабіць кулака; я ўжо гаварыў, што такія людзі тады неспадзявана зрабілі кар’еру.
З першых дзён акупацыі Марцін стаў старастам (солтысам) вёскі, што яшчэ больш абурыла некаторых людзей, і мяне ў тым ліку.
Адразу пасля 1942 года мяне немцы за сувязь з партызанамі раптам арыштавалі, завезлі ў беластоцкую турму, але ўзялі і Марціна Грушэўскага ды пасадзілі ў адной камеры. Тое, што яго праз пару дзён выпусцілі, мяне пераканала яшчэ больш, што ён цяпер стаў нямецкім паслугачом, фашысты арыштоўвалі яго для блізіру – у камеры быў нямецкай падсаднай качкай.
Калі потым быў партызанам, затым камандзірам атрада, я меў яшчэ клопат – берагчыся, каб не ўбачыў мяне, маіх хлопцаў сусед Грушэўскі, каб немцы за мяне не помсцілі бацькам – старыя яшчэ ў партызаны не ішлі, а жылі на хутары.
Вельмі абмяжоўваў Грушэўскі і маіх партызан, калі яны ішлі на сувязь да бацькі. Хлопцы нават палявалі на Марціна, але ён быў прадбачлівы – начаваць ездзіў з дому ў Гарадок, і гэты факт яшчэ больш нас пераконваў у слушнасці нашай падазронасці.
Летам 1944 года, у першы дзень прыходу ў нашу вёску Чырвонай Арміі, Марціна Грушэўскага, як старасту, арыштаваў СМЕРШ. Ноччу паднялі з ложка і мяне на допыт. Я, вядома, пад гарачую руку нічога добрага сказаць пра суседа не мог. Калі і было якое сумненне, то падумалася: Грушэўскага чакае суд, ён высветліць усё дакладна, калі я ў чым-кольвек памыляюся, скажу толькі, што ведаю. У выніку дзядзьку Марціну далі ўсяго 5 гадоў пасялення і выслалі ў Краснаярск.