— Ды, здаецца, твая праўда,— адказаў я.— Прынамсі, пра пуд жыта, які калісь звёў нас, ён не ўспомніў...
Люба, па-дзіцячы кульнуўшыся на паралонавыя падушкі тахты, зробленай у гарадку з дзіўнай назвай Масты, усё ж пазайздросціла:
— А нехта спіць пад аксамітавым балдахінам пругкага і мяккага арабскага ложка...
Калюня праз тры дні не пазваніў. Не пазваніў ёй і пазней.
ЗА РУЖОВЫМІ ФІРАНКАМІ
Гэтых людзей я ведаю і не ведаю. Я мог бы дакладна назваць іхні адрас: вуліцу, нумар дома... Вось толькі наконт кватэры магу памыліцца, бо я ніколі не пераступаў яе парога. Але гэта — дробязь. Захацеўшы, адшукаць яе лёгка. Дастаткова таго, што я ведаю: кватэра гэта на апошнім, пятым паверсе і акно з балконам выходзіць на вуліцу.
Мабыць, я троху летуценнік. Вечарамі, калі аціхае гарадскі тлум, я люблю паблукаць па нашай вуліцы. Жыву я ў мікрараёне, на самай ускраіне, і вуліца наша не зусім і вуліца — аднабокая. Па адзін бок дамы ёсць, а па другі — няма. Там — поле, а далей, за ім — лясок. Блізка, як рукой падаць. Дык вось. Прайдуся я вуліцаю ў канец, а там зварачаю на сцяжынку, што бяжыць праз жытнёвы палетак, і — у лясок. Сяду на ўскрайку і на горад пазіраю. Лясок на пагорку, адтуль далёка відаць. А што відаць? Вядома, што: агні горада нашага. Мноства агнёў — ад краю і да краю. А найбліжэй — разнаколерныя квадраты вячэрніх вокнаў нашай аднабокай вуліцы. І сярод іх — ружаватая плямка таго крайняга акна на пятым паверсе шэрага панельнага — нібы складзенага з кардонных кубікаў — дома. Гляджу я на вячэрнія — адны зыркія, другія цьмяныя, заштораныя — вокны, і як бы нейкая трывога ў душы падымаецца. Хутчэй, пэўна, не трывога, а непакой якісьці, трымценне ўнутранае: гэта ж за кожнай плямкай-агеньчыкам — людзі! Хто вячэрае, хто чытае, хто тэлевізар глядзіць, хто малое люляе, а хто і сумуе, сварыцца, плача, бядуе-трывожыцца...
І вось — хочаце верце, хочаце не — здаецца мне, што відно мне адсюль і тое, што робіцца вунь за тым акном, у кватэры, ярка асветленай лямпай дзённага святла, і за тым, што ледзь мігціць блакітнаватым ззяннем — пэўна, у пакоі толькі і святла таго, што з вока-экрана якога-небудзь «Гарызонта» ці «Электрона»... А тое крайняе акно на пятым паверсе — найбольш для мяне знаёмае і, нібы сваё, прыцягальнае. Чым яно мяне прывабіла, пэўна не скажу. Вось кінулася чымсьці ў вочы з першага разу, з таго вечара, калі ўпершыню прывяла мяне сцяжына на ўзлесак. Мо тым, што крайняе яно? А мо ружовасцю сваіх фіранак прывабіла?
Тады, у той першы вечар, я яшчэ нічога не ведаў пра яго, пра кватэру, у якую праз тое акно зазірае сонца, пра людзей, якія аблюбавалі ці, правільней будзе сказаць, усяліліся па ордэры ў тую кватэру. А зараз я зусім пэўна магу сказаць, што ведаю, хто там жыве, у той стандартнай двухпакаёвай кватэры, што яны за людзі, чым займаюцца, чым цікавяцца, што робяць удзень і ўвечары, калі на горад апускаецца змрок,— прынамсі, вось у сённяшні цёплы адвячорак пачатку ліпеня...
І калі хто-небудзь скажа, што я памыляюся, што ў той кватэры жывуць зусім іншыя людзі, я паверу толькі напалову. Значыць, тыя, мае знаёмыя, па нейкай прычыне памянялі месца жыхарства і цяпер жывуць недзе непадалёк, на іншай вуліцы нашага горада...
Бацька сядзіць у крэсле, уткнуўшыся ў газету.
Ён заўсёды, прыходзячы дадому, пераапранаецца і, у чаканні вячэры, бярэцца за газету. За доўгія гады і сам прызвычаіўся да такой завядзёнкі, і маці прывучыў, і яна без пільнай патрэбы не тузае яго ў гэтыя хвіліны. Чытае — хай чытае. Праўда, яна можа сяды-тады сказаць яму: «Жыў не будзеш, калі не паглядзіш сваёй «Правды»!», але скажа гэта ўжо без злосці, а проста так, быццам нагадае, што змірыўшыся, яна ўсё ж лічыць, што занятак ягоны непатрэбны і марны. А бацька не зверне на гэта ўвагі. Ён прывык да газеты, і калі каторы вечар штосьці перашкодзіць яму пачытаць «сваю «Правду», дык адчувае сябе назаўтра непамысна — як быццам ён не пагаліўся, ці што? Пачынае чытаць ён «Правду» з апошняй старонкі — там можна знайсці фельетон ці гумарыстычнае апавяданне, рэпартаж з касмічнай арбіты ці артыкул з цыкла «Мое Отечество». Потым пералазіць на пятую старонку — «замежную», якую прачытвае ад радка да радка. На чацвёртай таксама шукае што-небудзь «замежнае», на другой і трэцяй яго пагляд прывабліваюць матэрыялы пра народны кантроль і пісьмы чытачоў. Урэшце, згортваючы газету пад патрабавальны покрык маці з кухні, кідае вокам на першую старонку.
Сёння ж яму не чытаецца. Водзіць па радках вачамі, але раз-пораз ловіць сябе на тым, што не даходзіць да яго тое, што бачаць вочы. Нешта як замінае яму.
У кепскім настроі прыйшоў сёння бацька дадому. Хоць ты і праўда вер той дурной прыкмеце! Прачнуўся раніцай, пайшоў у ванну мыцца, як раптам — спяваць яму захацелася. Закарцела, і ўсё тут. Убіліся ў галаву словы: «Ой арол, мой арол, ты лятаеш высока...» Не так словы, як мелодыя, запеўка. Памыўся, пачаў шмараваць шчокі «Харкавам», а ў галаве ўсё тое ж: «Ты лятаеш высока, ты бываеш далёка». ...Ажно сарваліся з языка тыя словы. Ажно маці не стрывала: «Чаго гэта ты распеўся?» Ён не збянтэжыўся, але ўсё ж крутнуў галавой, праганяючы таго арла: жыло ў ім змалку, што ранішнія спевы — к вячэрнім непрыемнасцям. Смешна, вядома, але ж — дай веры: неяк так атрымлівалася, што яно як і спраўджвалася. Добра-добра ўсё, і раптам нешта благое ці непрыемнае знячэўку зваліцца, бы і праўда падсвядома было наклікана ранішнімі спевамі. І сёння — таксама. Пасля абеду запароў... шаблон для праверкі ходу рэйкі. Каб ужо што іншае, а то — шаблон! Быццам ніколі не рабіў яго! У яго ажно рукі задрыжалі. Доўга не мог супакоіцца. Трыццаць гадоў слясарнічае — і на табе! І адразу ранішні «арол» прыгадаўся. Няйначай праўду людзі кажыць: сам сабе і наспяваў... А пасля работы паклікалі ў партком, папрасілі выступіць у падшэфнай школе. Дык зноў жа: як хто за язык цягнуў! Пачаў зноў пра тое ж: што пара заняцца інструментальным цэхам, што аб культуры вытворчасці на машынабудаўнічым заводзе мяркуюць па культуры інструменталкі, што трэба неадкладна брацца за яго, за інструментальны цэх, хопіць яму туліцца ў цёмных і нізкіх, яшчэ ці не дарэвалюцыйных сценах. Ну, і пасварыўся...
З брыдкай, непрыемнай гарчэчай на душы прыйшоў дадому. І хутчэй схапіўся за газету, каб пазбыцца прыкрасці. Дык жа — дзе тут пачытаеш! Сын залёг пузам на тахту, ногі ўгору задзёр і магнітафон круціць. Надта ж яму весела! Дзе толькі і паназапісваў такіх енкаў і такога гвалту! І абавязкова на ўсю моц, каб вушы пазакладала!
Не вытрымлівае бацька, адрываецца ад газеты, паварочваецца да сына:
— Мацней нельга? Крутані, крутані, сынок, яшчэ троху! Ты ж не на ўсю шпульку крутануў? Вось і дакруці! Хай і суседзі паслухаюць! Такая музыка!..
Сын хуценька паварочвае рукаятку, выключае магнітафон, зіркае на бацьку.
— Дальбог, паламаю! Я табе гэтую штуковіну купіў, я яе і ўгроблю! Сцерпу няма! Вар'яцкі дом!.. Дык каб жа хоць што людскае круціў, а то ж... Пудзіла ты! Толькі і ўмееш лыткамі дрыгаць пад гэтыя енкі!
— А табе што — «Лявоніху» паставіць? Ці, можа, Русланаву? «Я на горку шла»?
— Эдзік, не выводзь з цярпення! Бо пакажу табе і «Лявоніху» і Русланаву!
— Ну вось, табе ўжо і Русланава не падабаецца... А я сур'ёзна, тата. Калі, думаю, майму дарагому татулю не даспадобы сіньёр Рафаэль, дык — будзь ласкавы: Русланава, кумір тваёй, татачка, маладосці.
Бацька падхопліваецца з крэсла, крычыць:
— Дальбог жа, панамаю! Абібок! Смаркач! Яшчэ здзекуешся?
Выходзіць з кухні маці і — накідваецца на бацьку:
— Ну чаго ты? Чаго ты да яго слепішся? Ну, абібок, ну, няўдаліца, яшчэ што? Лягчэй табе ад гэтага стала?
— Заступіся, заступіся! А як жа! Прыгалуб яшчэ, па галоўцы пагладзь, пашкадуй сыночка свайго!
— Такі ж твой, як і мой... А чаго крычаць? Чаго гвалт на ўвесь дом падымаць? Скажы па-чалавечы, калі што якое.
— Па-чалавечы? Хіба ж ён разумее па-чалавечы? Кол на галаве зачэсвай і то рады не дасі... Сказаў, каб енкі свае выключыў, дык — здзекуецца! Яму ўжо і бацька нішто! Во пустадомак, во ўдаўся сынок...
— Ты таксама добрая цаца! Як прыйшоў сёння ўзвінчаны, дык не супакоішся ніяк,— папікае маці. Потым кажа да сына: — А ты чаго разлёгся? Не абрыдла табе скрынка гэта? Штодня з ёю цацкаешся, ні хвіліны цішыні ў хаце! Купілі на сваю галаву! Схадзіў бы куды, калі рабіць няма чаго.