Ён неяк няпэўна павёў плячамі:
— Чэснасцю, друг, сыты не будзеш... Ад такой чэснасці ў вас здохла Аўтарэня, чыё малако і я піў. А бацька твой, между крочым, быў тады старшынёй калгаса!
— Яна не здохла! Бацька яе дарэзаў! — запярэчыў я.
— Скажы гэта каму іншаму! — сказаў ён, як адрэзаў.— Не было чым карміць, Аўтарэня ўжо не ўставала, вось бацька і дарэзаў.
Я ўскіпеў:
— А калі матку тваю ратаваў, таксама быў занадта чэсны?
Ён хмыкнуў, прыпадняўся, пацягнуўся рукою цераз стол да мяне:
— Ваня, друг, хіба я сварыцца прыйшоў? Ты ж усё панімаеш! Ну што ты? Калі на тое пайшло, дык матка мая таксама дурная была. Другія кралі паболей — і нічога, а яна... Эх, Ваня, ты думаеш, я Пятровіча, бацьку твайго, не паважаў? Ну што ты, друг...
Ён сеў, не забыўшыся падцягнуць, каб не вытыркнуліся на каленях, калашыны, зноў паклаў руку на руку. Павярнуўшыся пасля да Любы, спытаў:
— Закурыць дазволіце, Любоў Андрэеўна? Ну, то давай закурым, друг...— Ён дастаў цыгарэты і, прыкурыўшы, сказаў, як бы некага шкадуючы: — Ах, якія яны ўсе, інтэлігенты... Ім адно, а яны — пра другое...
Я таксама закурыў. Дурная, гарачлівая ў мяне натура. Як у бацькі. Тут Калюня праўду кажа. (Міколам зваць яго мне было ніякавата, а Мікалаем Паўлавічам — тым больш.) Не ўмею стрымлівацца. Вось Люба мая малайчына. Яна неяк адразу, як нюхам усё адно, распазнае чалавека і заўсёды знаходзіць з кожным адпаведны тон гаворкі. Яна і Калюню даўно раскусіла, аднак жа гаворыць з ім, быццам гэта ёй цікава і патрэбна, і мне дае знаць, каб не лез у бутэльку.
Я кашлянуў, зірнуў на Калюню, сказаў прымірэнча:
— Выбачай, брат, пагарачыўся. Успомніў тое, вось і...
Калюня ўжо глядзеў на мяне з ранейшай не то прыязнасцю, не то са шкадаваннем, загаварыў з перакананасцю:
— Я разумею, Ваня. А толькі ты — не ўспамінай! Забудзь, друг! Не было там нічога такога, каб памятаць.
— Памятаць трэба...
Люба не дала мне скончыць — закрыла рот сваёй даланёю, сказала:
— Помні, але — памаўчы.— І павярнулася да Калюні: — Дык што вы хацелі сказаць мне, Мікалай Паўлавіч?
Ён крутнуўся да яе:
— Я, Любоў Андрэеўна, па-сяброўску... Калі вы надумаецеся абзавесціся меблішкай, дык я магу...
— Вы можаце памагчы? — Люба спытала гэта так, быццам толькі і марыла пра тое, каб набыць новую мэблю.
— Калі трэба — магу, Любоў Андрэеўна. Дамовімся, што вам трэба, які гарнітурчык ці наборчык...
— А што ў вас?
Калюня адсунуўся ад стала, закінуў нагу на нагу:
— Бачыце, я з сабой у Мінск з абстаноўкі нічога не браў. Нічога, скажу вам, і браць не было. Усё маральна ўстарэла... Таму тут абстаўляў кварціру поўнасцю. У залу ўзяў балгарскі гасціны гарнітур за дзве трыста... Бачылі мо — чорнага дрэва, з бронзавай акантоўкай і інкрустацыяй?.. Спальню ўзяў арабскую, яны былі тады, кухню — польскую... Ну, яшчэ «Тэмп» каляровы, «Рыгонду» для дачкі... Яна ў мяне музыкай цікавіцца...
— А дзе ты на ўсё гэта грошы ўзяў? — спытаў я, блазнуючы.
Калюня зразумеў, таксама расплыўся ва ўсмешцы:
— А ў каго іх сёння няма? Хіба толькі ў касіраў!
Дружна пасмяяліся ўтраіх.
— Так што, Любоў Андрэеўна, калі маеце жаданне — магу памагчы, пасадзейнічаць. Не сам, канечне. У жонкі такія кліенткі, што — з-пад зямлі дастануць, калі трэба...