Я гукнуў Аляксея і Сяргея.
Ён падаў ім руку, потым разгарнуў пакунак, які трымаў, пад пахай,— у ім аказаліся два тамы «Графа Мантэ-Крыста», уручыў іх малодшаму, Сяргею, сказаўшы:
— Цукеркамі баяўся вас пакрыўдзіць, вы ўжо мужчыны. Мо гэта салідней будзе, га?
Распрануўшыся, скінуўшы чаравікі, ад чаго ён раптоўна зрабіўся меншы ростам і ўвогуле нейкім мізэрнейшым, бы: падлетак (гэтаму спрыяла, пэўна, і кароткая, да пояса, замшавая, на маланцы, куртачка-пінжачок), ён сцепануў плячамі — як падбадзёрыў сябе ўсё адно:
— Ну, паказвай, Ваня, як жывеш, да якой кварціры на пятым дзесятку дажыўся!
Ён сам, быццам прыйшоў з канторы па абмене жылплошчай, зазірнуў у адзін пакой, у другі, трэці, прайшоў на кухню. Абход гэты зрабіў моўчкі. А калі мы ўрэшце апусціліся ў крэслы абапал шахматнага століка, ён сказаў:
— Ну што ж, кварцірка што нада. Каб яшчэ паркет... У мяне, Ваня, паркет. Сам паклаў... Куханька таксама малаватая, халадзільнік як слуп пасярод дарогі... Добра, што шафак і антрэсоляў шмат... У мяне, як абмяняліся, не было, сам парабіў... Ну, дык як, Ваня, чырыкаем-прыгаем?
— Бачыш жа,— развёў я рукамі.
— Бачу, бачу,— ён пабарабаніў пальцамі па падлакотніках крэсла.— Дык, значыць, настаўнічаеш? А жонка?
— Таксама.
— І колькі ўдваіх маеце?
— Як усе настаўнікі.
— А ўсё ж?
— Рублёў трыста.
— Усяго? — ён хмыкнуў, як учора хмыкаў у трубку.— Ярунда! Яно і відаць...
— Што відаць? — не зразумеў я.
Ён памуляўся, потым усміхнуўся:
— Ты, друг, выбачай, я чалавек просты, як разумею, так і кажу... Меблішка ў цябе, Ваня, прама скажў, замены просіць. Цяпер трэба, каб — шык, бляск быў. Каб адразу відаць, хто жыве...
Я таксама ўсміхнуўся:
— Усё гэта не так важна...
Але ён рашуча закруціў галавой:
— Не, не кажы, друг!
Я прамаўчаў. Не ведаю, якой яна павінна была б быць, гэтая сустрэча з Калюнем, аднак жа адчуваў, што нейкай іншай, не такой. З абдымкамі ці без абдымкаў, з колішнімі жартамі і кпінамі ці без іх, але нейкай усё ж інакшай. Хай сабе і ён даўно ўжо не Калюня, і я не колішні Яська, але ўсё ж, усё ж... Пры чым тут паркет, мае і жончыны заробкі?.. Ад усяго гэтага было мне неяк непамысна.
— Кніг, друг, у цябе шмат,— парушыў ён маўчанне.— Але, бачу, нейкія зборныя. Па адной купляў?
— Купляў. З гадоў студэнцтва,— адказаў я машынальна.
— Мне раней было не да кніг. Ды і не надта любіў я іх... Затое цяпер — разарыўся! Ніводнай падпіскі пе прапускаю. Б'юць з паліц цэлымі батарэямі ў вочы!
Я, мусіць, ухмыльнуўся, і ён заўважыў тое, бо нечакана іншым крыху тонам дадаў:
— Студэнтка не у мяне, Ілона, дачка. Для яе стараюся.
— Дачка студэнтка ўжо?
— Нявеста, друг!